ЛА́ЎТЭР ((Lauter) Антс) (5.7.1894, с. Валга Рапласкага р-на, Эстонія — 30.10.1973),

эстонскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1948). Дэбютаваў у 1913 у т-ры «Эстонія» (Талін). З 1917 у рус. т-ры ў Ноўгарадзе, у т-рах «Эстонія» (1918—41, у 1944—49 гал. рэжысёр), «Ванемуйне» (Тарту; 1951—58, у 1953—55 гал. рэжысёр). Выкладаў у Эст. кансерваторыі (1938—41) і тэатр. ін-це (1945—50, з 1947 праф.). Акцёрскаму мастацтву ўласціва тонкая інтэлектуальнасць, дакладнасць выяўл. сродкаў. Сярод роляў: Хлестакоў, Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Гамлет, Атэла, Шэйлак («Гамлет», «Атэла», «Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Ільвес, Хайнман («Сувязь», «Няўлоўны цуд» Э.Вільдэ). Паставіў спектаклі: «Дамавік» Вільдэ (1924, 1938), «Ворагі» М.Горкага (1946), «Два лагеры» А.Якабсана, «Тры сястры» А.Чэхава (абедзве 1948). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)