Гло́тка ’глотка’ (БРС., Касп., Бяльк.). Рус. гло́тка, укр. гло́тка ’тс’. Параўн. балг. глъ́тка ’глотка; глыток’, макед. голтка ’тс’. Фасмер (1, 415) адносіў да глото́к і параўноўваў з лац. glūtus ’глыток’, улічваючы магчымасць гукапераймання. Трубачоў (Эт. сл., 6, 159) лічыць вытворным ад асновы дзеяслова glъtati ’глытаць’. З пункту гледжання лінгвістычнай геаграфіі цікавым з’яўляецца той факт, што гэта лексема вядома толькі на абмежаванай тэрыторыі (няма ў зах.-слав. мовах) і яе можна аднесці да ліку праславянскіх дыялектызмаў. Гэта тым больш цікава, што дзеяслоў, ад якога ўтворана данае слова, вядомы на больш шырокай тэрыторыі (уключаючы і зах.-слав. мовы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашто́ўны ’які дорага каштуе, мае вялікую цану’, ’які мае важнае, істотнае значэнне; вельмі патрэбны’ (ТСБМ), кашто́ўнасць ’важнасць, значнасць чаго-н.’; ’каштоўная рэч’, ’з’ява, прадмет, якія маюць вялікае грамадскае значэнне’ (ТСБМ). Асноўным словам, ад якога ўтвораны шматлікія дэрываты, з’яўляецца кошт, вядомае ўжо ў ст.-бел. мове з XVI ст. Таксама з XVI ст. засведчаны (гл. Булыка, Запазыч., 174) і вытворныя каштовный, коштовность. Хоць гэтыя дэрываты чыста тэарэтычна маглі ўтварыцца ў ст.-бел. мове ад асноўнага слова кошт, верагодна лічыць, што і яны з’яўляюцца непасрэднымі паланізмамі (тым больш, што для іх ёсць дакладныя прататыпы ў польск. мове; параўн. польск. kosztowny, kosztowność).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бага́ч, бога́ч ’агонь’ (палес., Маш.), ’агонь, вогнішча, касцёр (палес., вусн. паведамл. Краўчука: разложы́ багачу́ погріцца), агонь, што дабываеце крэсівам’ (палес., вусн. паведамл. Краўчука). Слова амаль што знікла. Укр. бага́ч, бога́ч ’агонь, вогнішча, касцёр’. Бясспрэчна, звязана з укр. бага́ття ’агонь’ (гл. Маш., 159). Народная этымалогія тлумачыць назву багач тым, што агонь можа зрабіць багата шкоды, унясе багата маёмасці (гл. Маш., там жа; таксама ўласныя запісы. — Р. К.). Патабня (ЖСт, 1891, 111, 117) лічыць, што ў аснове назвы ляжыць міфалагічнае ўяўленне агню багацеем, і параўноўвае з гэтым уяўленне ў Рыгведзе Агні-домаўладыкі валадаром багаццяў. Сюды ж бага́ч, бага́тнік ’свята 8.IX’ (Шат., Інстр. II).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Басэ́тля 1 ’кантрабас, віяланчэль’ (Нас., Касп., Шат., БРС, Бяльк., Арх. Бяльк., слонім., Яруш., Гарэц., Мядзв.). Запазычанне з польск. basetla ’тс’ (< ням. Basset(t)el). Гл. Брукнер, 17; Кюнэ, Poln., 44.

Басэ́тля 2 жарт. ’вялікая бочка’ (Сцяц.). Пераноснае ўжыванне слова басэ́тля ’кантрабас’ (адсюль, магчыма, скарачэннем ба́са ’бочка’, гл.).

Басэ́тля 3 жарт., ’мажная жанчына’ (Сцяц.). Метафарычнае ўжыванне слова басэ́тля ’кантрабас’ (пераносна таксама ’вялікая бочка’).

Басэ́тля 4 ’басота, басяк’ (Бяльк.). Магчыма, пераноснае ўжыванне слова басэ́тля ’кантрабас, віяланчэль’, якое метафарычна ўжываецца і як ’вялікая бочка’, і як ’мажная жанчына’. Такі перанос тым больш верагодны, што фанетычна пачатак слова вельмі блізкі да басо́та ’басякі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бо́бер ’божая кароўка’ (Інстр. лекс.). Параўн. укр. назвы: бабру́н, бабру́на, бабару́нка, бабри́ська, бобру́нка, бобору́нка, бобруни́ця і г. д., якія звычайна звязваюць з укр. дзеясловам ба́брати(ся) ’пэцкаць; вазіцца’ (Рудніцкі, 46; перад тым як паляцець, божая кароўка нібы доўга возіцца). Фанетычна немагчымая сувязь з бедр‑ ’божая кароўка’ (насуперак Махэк₂, 50, і Каламіец, Мовознавство, 1967 (3), 50–51). Паколькі сувязь з дзеясловам бабрати(ся) няпэўная (гл. Краўчук, ВЯ, 1968 (4), 124), то, магчыма, трэба зыходзіць з шырока вядомай асновы babr‑, bobr‑ і да т. п. (параўн. нават рум. buburúză ’божая кароўка’; падрабязней Краўчук, там жа). Параўн. яшчэ барбуха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Або́е (БРС), абоі ’абодва’ (Шат., Касп., КЭС). Параўн. абодва. Адна з дзвюх праславянскіх форм з і.-е. паралелямі: рус. обое, ст.-рус. обои, ст.-слав. обо, ст.-чэш. oboj, літ. abeji, лат. abejì, ст.-прус. abbai, abbaien, гоц. bai, ст.-інд. ubháyam, Фасмер, 3, 104. Форма, якая адпавядае бел. абодва, на славянскім грунце больш пашырана, але мае балта-славянскі інавацыйны характар (гл. абодва). Абоі — гэта індаеўрапейскі архаізм, які захаваўся толькі ў некаторых славянскіх мовах, у тым ліку старажытнапісьмовых (стараславянскай, старажытнарускай і старажытначэшскай). Той факт, што гэта слова сустракаецца ў гаворках цэнтральнай часткі Беларусі, сведчыць, што яно спрадвечнабеларускае, а не запазычанне з рускай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апара́т, апара́ты ’царкоўныя рэчы, у тым ліку адзенне свяшчэнніка’ (Нас.); аднак ужо ў аповесцях XVI–XVII стст. апаратъ военныи (Шакун, Гісторыя, 106). У старабеларускай мове як царкоўны, так і ваенны апарат з XVI–XVII стст. з лац. apparatus (Курс суч., 172; Гіст. лекс., 111), магчыма (але не абавязкова), праз польскую. Наўрад ці трэба лічыць, што на пачатку XX ст. слова апарат было другі раз запазычана ў беларускую мову з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 83; Гіст. мовы, 2, 147; Гіст. лекс., 245), хутчэй за ўсё тут можна гаварыць толькі аб пашырэнні значэння ўжо ўжыванага слова; апарат ’ваенны парад’ (Нас.) кантамінацыя парад і апарат.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Драсён ’расліна драсён’ (БРС, Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), дро́сень (Шат.), дро́сель, дро́сінь ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Назва гэта азначае расліну Polygonum L. і мае дакладныя адпаведнасці ва ўкр. дря́сен ’тс’ і серб.-харв. дресан. У іншых слав. мовах назвы фармальна адрозніваюцца: славац. rdesno, славен. rdésen і да т. п. Трубачоў (Эт. сл., 5, 110–111) выстаўляе прасл. зыходную праформу *drěstьnъ і лічыць, што гэта ад’ектыўнае вытворнае ад іншай назвы — прасл. *drěstъ (параўн. Мяркулава, Очерки, 41–42). Шматлікасць бел. форм у дыялектах тлумачыцца тым, што тут адбыліся фанетычныя змены, у прыватнасці дысіміляцыі (ці асіміляцыі?) плаўных: р — н > р — л.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зы́баць ’гушкаць’. Рус. зы́бить, дыял. зы́бать ’тс’, палаб. zåibi‑sǎ ’гушкаецца’ (3 ас.), славен. zíbati ’гушкаць’ (у тым ліку ў калысцы), серб.-харв. зи́бати ’гушкаць’. Ст.-слав., ст.-рус. зыбати. Прасл. zybati, верагодна, суадносіцца з арм. cup, cupʼ ’зыб’ (Сараджава, Этимология, 1976, 64–66); да і.-е. асновы *gʼūb‑ (да якой можна ўзвесці зыбаць), магчыма, адносіцца нарв. дыял. gǒp ’бездань’. Больш надзейных і.-е. паралелей яшчэ не выяўлена. Фасмер, 2, 109; Шанскі, 2, З, 114; Куркіна, Этымалогія, 1967, 140, 143; Макіенка, Вопр. географии, № 81, 75; Скок, 3, 653, дзе іншая літ-ра. Спробы этымалогіі арм. слоў: Ачаран, 3, 474–475.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пралета́рый, пралета́р ’наёмны рабочы’, ’незаможны грамадзянін у Старажытным Рыме’ (ТСБМ). Для гэтых дзвюх форм магчымы дзве крыніцы запазычання. Пралетарый, відаць, праз рус. пролетарий ’тс’, якое праз ням. Proletarier узыходзіць да лац. prōlētārius ’грамадзянін, які служыць дзяржаве толькі тым, што мае дзяцей’ < prōlēs ’патомства, нашчадкі’ (гл. Фасмер, 3, 375). Форма пралета́р магла ўзнікнуць з польск. proletariusz у выніку адпадзення нязвыклага канчатка ‑usz, аднак, параўн. франц. prolétaire, з якога, відаць, чэш. proletář, польск. proletarz (Банькоўскі, 2, 782) і ўкр. пролета́р (ЕСУМ, 4, 596). Не выключана, аднак, што яна паходзіць ад пралетарый з усячэннем ‑ый. Пралетарыят з рус. пролетариат (Крукоўскі, Уплыў, 81).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)