Вы́жар ’месца, дзе калісьці выгарала балота, трава, лес; яма з вадой на месцы выгаралага торфу’ (Маш., Сержп., 1, Некр., Талстой, Георг., 197); ’багністае балота’ (ДАБМ, 993); ’малая яма, запоўненая вадой’ (Талстой, Геогр., 197); выжа́ры ’балота’ (Сцяшк.), вы́жары ’балота, на якім выгараў, торф’ (Шатал.). Укр. палес. ви́жар ’невялікая лагчынка’ (Марусенка, Полесье, 220), польск. wyżar ’выгараўшае месца на балоцістай ці тарфяністай глебе, дзе ў вільготную пагоду збіраецца вада’ (Нітшэ, 209). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вы́жарыць: Але арэал распаўсюджання і незвычайная для ўсходнеславянскіх моў семантыка дзеяслова наводзяць на думку аб магчымасці калькіравання літ. išdaga ’выгар, выжар’ (< dagà ’гарачыня, спёка’) (Чэкман, вусн. паведамл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напава́ць ’напаіць’ (Рам.), укр. напувити ’тс’, н.-луж. napouaś ’тс’ разглядаецца як беларуска-ўкраінска-лужыцкая сепаратная ізаглоса, што, на думку Трубачова, дае падставы рэканструяваць праславянскі дыялектызм *ndpovati, гл. Трубачоў, Серболуж. сб.; Слав’, языкозн., V, 181. Параўн. яшчэ ст.-польск. nopauać ’тс’, якое Брукнер прыводзіць з польскай Бібліі, адзначаючы яго выключны характар, паколькі іншых дэрыватаў ітэратыўнага *‑райаіі ў польскай мове няма (Брукнер, 355, 426). У беларускіх формах тыпу наповаці, паповае, суадносных са ст.-слав. напаити. Карскі (1, 339) бачыў ’устаўку в на месцы і, што адзначалася таксама ў старабеларускіх помніках: наЛованого (XV ст.). Ітэратыў да напаіць, гл. напой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́цыя ’нацыя, нацыянальнасць, народ’ (Яруш., Некр. і Байк., БРС, ТСБМ), на́цыя ’парода’ (Растарг.), нацая ’нацыя; мова; вёска’ (Ян.). Ст.-бел. нацыя (нацея, нация) ’народ, народнасць’ (1589 г.) са ст.-польск. nacyja, што ў сваю чаргу з лац. natio (Булыка, Лекс. запазыч., 32); магчыма, паўторнае запазычанне ў сучасную беларускую літаратурную мову з рус. нация (Крукоўскі, Уплыў, 81), адкуль трапіла і ў гаворкі; падобным шляхам праніклі таксама нацыянальны, нацыяналіст, нацыяналізм і інш. з адпаведнай адаптацыяй да норм новай беларускай літаратурнай мовы (‑ыя‑ на месцы рус. ‑ио‑ і інш.). Цікава, што ў выніку самастойнага развіцця ў народнай мове ўзноўлена адно з першасных значэнняў лац. natio — ’парода’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́піна 1 ’кучка зацвярдзелай зямлі на нізкім або балоцістым месцы, аброслая травой, мохам’ (ТСБМ, Касп., ТС, Нік. Очерки, З нар. сл., Федар., Яруш., Сержп. Ск., Яшк., Кліх, Сл. паўн.-зах.). Укр. купина ’рачная выспачка’, рус. купина ’тс’, польск. kępina, в.-луж. kupa, н.-луж. kupa ’выспачка’. Параўн. літ. kam̃pas ’мясцовасць’, лац. campus ’поле’ (Бернекер, 1, 600; Фасмер, 2, 420).

Ку́піна 2 ’цярновы куст’ (Булг.). Запазычанне са ст.-слав. кѫпина ’тс’ у біблейскім тэксце.

Ку́піна 3 ’скабіёза жоўтая, Scabiosa ochroleuca L.’ (Кіс.). Да купа 1 (гл.). Пра семантычную сувязь гэтых слоў сведчаць такія сінанімічныя назвы, як каўтуннік і гузікі. Параўн. купена (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́йдуб 1, кайдоб ’бочка’ (Мат. Гом.), кайдуб, кайдуп, кайдоб, кайдупчык, кайдопчык (палес., З нар. сл., Нар. сл.), кайдуб ’драўляны корпус ручнога млына’ (кобр., Выг.). Усе формы да kadьlbъ, гл. аб этымалогіі кадоўба. Што датычыцца фанетыкі, можна меркаваць, што тут ‑й‑ на месцы ‑ў‑, параўн. форму каўдуб; ў у выніку метатэзы з другой часткі слова. Менш верагодна думаць пра з’яўленне ўстаўнога ‑й‑ у кайстра 1 ’кастра’.

Ка́йдуб 2 ’вельмі гразкае месца’ (Клім.), ’вытаптанае месца на лузе’ (Яшк.), лексема дэманструе пераход: назва посуду > назва рэаліі геаграфічнага рэльефу. Падрабязней гл. кадоўба, з літаратуры параўн. Талстой, Геогр., 219, дзе разглядаецца такі тып семантычнага пераходу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыто́мны ’які знаходзіцца ў прытомнасці, пры памяці’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп.), ’які прысутнічаў пры пэўнай падзеі; сведка’ (Нас., Ласт., Яруш., Касп.), ’які мае прыстанішча, прытулак; які супакоіўся на месцы’ (Нік. Очерки), ст.-бел. притомный ’свядомы, прысутны’ (Ст.-бел. лексікон); притомные часы ’ў тыя часы’ (там жа). Укр. прито́мний ’свядомы, прысутны’, польск. przytomny ’тс’, чэш. přítomný ’прысутны’, славац. prítomný ’прысутны, наяўны’, в.-луж. přitomny, н.-луж. pśitomny ’тс’. Слова ўтворана на базе словазлучэння пры том ’той, які быў пры тым, сведка’ (Брукнер, 682; Махэк₂, 495; ЕСУМ, 4, 581). Ва ўсходнеславянскіх мовах — праз польскую з чэшскай (Банькоўскі, 2, 953), параўн., аднак, пато́мны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пыні́ць ’хутка нешта рабіць, чыніць’: жнеі пы́няць жыта (ашм., Стан.), ’рабіць усё неабходнае па гаспадарцы, даглядаць’ (ТСБМ, Жд. 1, Сцяшк. Сл.), ’знаходзіцца, праводзіць час’ (Сцяшк.), ’затрымліваць, перашкаджаць’ (Яруш.), ’збіраць ягады, грыбы’ (Яўс.), пыні́цца ’ўпраўляцца па гаспадарцы’ (ТСБМ), ’знаходзіцца’ (карэл., Сцяшк. Сл.). Параўн. спыні́ць ’хутка нешта зрабіць, скончыць’ (ашм., Стан.), укр. пини́ти ’замаруджваць, перашкаджаць’. Да пяць, пну (*pęti, *pьnǫ), варыянт кораня (з падаўжэннем) *pin‑, параўн. апыніцца, апынуцца ’знайсціся ў пэўным месцы або становішчы’ (гл.), фармальна і семантычна суадносіцца з літ. pìnti ’плясці’, лат. pît, pinu ’тс’, грэч. πένομαι ’працую’, нова-в.-ням. spinnen ’прасці’, spannen ’напружваць, нацягваць’. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 370–371.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разгламаздзі́ць ’разабраць, расплесці’ (Юрч. СНЛ), разгламазда́чыць, разгламаздзя́чыць ’разгрувасціць’ (Юрч. СНЛ), разгломоздзи́ць ’раструшчыць’ (Нас.), гламза́ ’неакуратная асоба’, гламжэ́нне ’псаванне, неакуратная работа’ (Юрч. СНЛ). Здзіўляе фармальнае падабенства з гламазда́ ’расцяпа, нехлемяжы і пад.’ (гл.), але ў такім выпадку застаюцца незразумелымі семантычныя сувязі. Апошнія формы можна параўнаць з літ. glamužỹs ’кіпа’, ’стос’, glámžymas ’камячанне’, glámžyti ’камячыць’. Фармальнае падабенства прымушае меркаваць і пра сувязь з гро́мазд (гро́мызд, гро́мыст) ’вялікія непатрэбныя рэчы, хлам’ (Юрч.; мсцісл., Нар. сл.), рус. гро́мо́зд ’куча непатрэбных рэчаў, хлам’, громозди́ть ’бязладна класці’, польск. gromaździć ’нагрувашчваць’, якія звязаны з грамада́ (гл.), а ‑л‑ на месцы ‑р‑ узнікла пад уплывам слова гламазда.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ла-се́ла! — выклічнік, зварот да курыцы, якую хочуць злавіць (ашм., Стан., Бяльк., Федар. 4): sieła, cipaczka, sieła (Пятк. 1); се́ла‑се́ла, се́лка‑се́лка, се́лачка‑се́лачка ‘тс’ (Юрч. Вытв.), села‑пала́ ‘тс’ (Нік. Очерки). Паводле Карскага (2–3, 378), форма прошлага часу ад сесці (гл.), што выкарыстоўваецца для выражэння жадання, якое абавязкова павінна здзейсніцца: села, курачка, села! аналагічна да пашлі вон! Меркаванне пра няяснасць паходжання гл. у ESSJ SG, 2, 597. Магчыма, замацавалася пад уплывам мовы ідыш, параўн. бібл.-гебр. selā ‘гатова! вырашана! застаецца на месцы’ (выкарыстоўваецца ў якасці заканчэння пры чытанні псалмаў, гл. Штэрн, Wörterbuch, 206). Гл. таксама Сафарэвіч у Зб. Ісачанку, 348.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тулу́н ‘мяшок без разрэзу з садранай з якой-небудзь жывёліны шкуры’ (навагр., Дзмітр.). Укр. тулу́н ‘шкура казы, знятая суцэльна, якая служыць у якасці мяшка для мукі, солі і інш.’, рус. сіб. тулу́н ‘шкура, знятая дудкай, не распоратая ўдоўж’. Запазычана з цюркскіх моў: тур. tuluk, tulum, узб., туркм. тулум ‘бурдзюк’, — усе з манг. tulum ‘тс’ (Фасмер, 4, 118; ЕСУМ, 5, 673). Паводле Анікіна (563), н на месцы м у рускай мове — у выніку асіміляцыі або запазычання з Каўказа, дзе тулун ‘мяшок са шкуры’. У Беларусь лексема магла пранікнуць з мовы “літоўскіх татар” (Супрун, «Весці», сер. IV, 1969, 3, 69–70).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)