На́цыя ’нацыя, нацыянальнасць, народ’ (Яруш., Некр. і Байк., БРС, ТСБМ), на́цыя ’парода’ (Растарг.), нацая ’нацыя; мова; вёска’ (Ян.). Ст.-бел. нацыя (нацея, нация) ’народ, народнасць’ (1589 г.) са ст.-польск. nacyja, што ў сваю чаргу з лац. natio (Булыка, Лекс. запазыч., 32); магчыма, паўторнае запазычанне ў сучасную беларускую літаратурную мову з рус. нация (Крукоўскі, Уплыў, 81), адкуль трапіла і ў гаворкі; падобным шляхам праніклі таксама нацыянальны, нацыяналіст, нацыяналізм і інш. з адпаведнай адаптацыяй да норм новай беларускай літаратурнай мовы (‑ыя‑ на месцы рус. ‑ио‑ і інш.). Цікава, што ў выніку самастойнага развіцця ў народнай мове ўзноўлена адно з першасных значэнняў лац. natio — ’парода’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)