ГРЭ́КА-РЫ́МСКАЯ БАРАЦЬБА́,

від спартыўнай барацьбы, у якім выкарыстоўваюцца кідкі, пераводы, перавароты і інш. прыёмы, але забараняюцца захваты праціўніка ніжэй пояса, прыёмы з дапамогай ног, падножкі і інш. Спаборніцтвы праводзяцца на спец. дыване памерам 8×8 м. Спартсмены падзяляюцца на вагавыя катэгорыі. Схватка складаецца з 3 перыядаў па 3 мін кожны, з мінутнымі перапынкамі для адпачынку. Паядынак праходзіць у «стойцы» або «партэры» (калі адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях, на баку, у «мосце»).

Сучасная грэка-рымская барацьба зарадзілася ў Францыі, дзе ў 1880 сфармуляваны першыя афіц. правілы. З канца 19 ст. пашырылася ў многіх краінах свету. З 1896 (за выключэннем 1900 і 1904) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1950 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).

На Беларусі барацьба, падобная да грэка-рымскай барацьбы, вядома з даўніх часоў як барацьба «на крыжы». У 1914 у Мінску праведзены 1-ы чэмпіянат гораду сярод барцоў-аматараў. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.​Караваеў (чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1960, свету 1958, 1961), У.​Зубкоў (чэмпіён свету 1971, 1973—75), І.​Каныгін (чэмпіён свету 1981, 1983, Еўропы 1980, 1982—83, 1985), С.​Дземяшкевіч (уладальнік Кубка свету 1988, чэмпіён свету 1991, 1993).

т. 5, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЕ КНЯ́СТВА (да канца 15 ст. — Гарадзецкае княства),

феадальная адм.-тэр. адзінка ў 14—16 ст. у ВКЛ у нізоўях р. Гарынь. Цэнтр — Давыд-Гарадок (Гарадок). Вядома з 1382, калі дачка вял. кн. літ. Альгерда Марыя выйшла замуж за князя Давыда Дзмітрыевіча Гарадзецкага. Каля 1390 у дакументах згадваюцца кн. Іван і Юрый Гарадзецкія, верагодна, мясц. Рурыкавічы, нашчадкі Ізяславічаў. Да 1440 княствам валодаў кн. Мітка Давыдавіч, сын Давыда Дзмітрыевіча. Потым вял. кн. Казімір аддаў яго кн. Свідрыгайлу, а пасля яго смерці ў 1452 — ўдаве Ганне Іванаўне з роду цвярскіх князёў (памерла да 1486). Каля 1492 Казімір падараваў Давыд-Гарадоцкае княства выхадцу з Расіі кн. Івану Васілевічу Яраславічу, а пасля яго смерці (1507) яно адышло да сына Фёдара (памёр у 1521 або 1522). Як вымарачнае ўладанне належала вял. кн. Жыгімонту Старому, які ў 1522 перадаў яго сваёй жонцы Боне Сфорцы. З таго часу Давыд-Гарадоцкае княства — састаўная частка Пінскага княства. У 1554 у Давыд-Гарадоцкім княстве праведзена валочная памера. З 1556 яно пад кіраваннем велікакняжацкай адміністрацыі. У 1558 вял. кн. Жыгімонт Аўгуст перадаў яго кн. Радзівілам (адпаведная грамата выдадзена ў 1551), якія замест Давыд-Гарадоцкага княства і Клецкага княства ўтварылі ў 1586 Клецкую ардынацыю.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 5, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭГА́ ((Degas) Ілер Жэрмэн Эдгар) (19.7.1834, Парыж — 27.9.1917),

французскі мастак. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1855—56). У Італіі вывучаў мастацтва ранняга Адраджэння (1854—59). Зазнаў уплыў Ж.А.Д.Энгра. Пачаў са строгіх па кампазіцыі гіст. карцін і партрэтаў («Сям’я Белелі», каля 1858—60). У 1870-я г. наблізіўся да імпрэсіянізму. Захоплены шматвобразнасцю і рухомасцю гар. жыцця, маляваў сучасны яму Парыж (вуліцы, тэатр, кавярні, скачкі) у непарыўна-зменлівых аспектах («Плошча Згоды», каля 1875, «Абсент», 1876, і інш.); адлюстроўваў бытавыя сцэны («Жанчыны на тэрасе кавярні», 1877, «Жанчына расчэсвае валасы», каля 1883, «Прасавальшчыцы», каля 1884, і інш.), у іх выяўляў пластычную прыгажосць чалавека. Маляўнічасцю вылучаюцца пастэльныя творы са сцэнамі балета («Танцоўшчыца ў фатографа», каля 1877—78, «Зорка», 1878, «Экзамен танца», 1880, і інш.). Напружаны характар набываюць творы Д. 1880—90-х г. (выкананы гал. чынам пастэллю), больш інтэнсіўныя і багатыя па колеры з павялічанымі і амаль плоскаснымі формамі, цеснай прасторай («Блакітныя танцоўшчыцы», каля 1879, і інш.). З канца 1880-х г. шмат займаўся скульптурай. У фігурках балерын, купальшчыц, коней (часта эцюдных па лепцы) дамагаўся пластычна-выразнай перадачы імгненнага руху, вастрыні і нечаканасці позы, захоўваючы цэласнасць і канструктыўнасць фігуры.

Літ.:

Русакова Р. Дега. М., 1968.

Э.Дэга. Танцоўшчыца ў фатографа. Каля 1877—78.

т. 6, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААТЭ́ХНІЯ (ад заа... + грэч. technē майстэрства, уменне),

навука пра развядзенне, кармленне, утрыманне, догляд і гасп. выкарыстанне с.-г. жывёл; тэарэт. асновы жывёлагадоўлі. Тэрмін «З.» прапанаваў франц. вучоны Ж.​Бадэман (1848). Падзяляюць на агульную (вывучае агульныя прынцыпы З.) і прыватную (распрацоўвае сістэму вядзення галін малочнай і мясцовай жывёлагадоўлі, свіна-, авечка-, коне-, птушкагадоўлі, пчалярства, зверагадоўлі і інш., пытанні тэхналогіі вытв-сці асобных відаў прадукцыі: малака, ялавічыны, свініны, прадуктаў птушка- і авечкагадоўлі).

Рэкамендацыі па доглядзе жывёл сустракаюцца ў антычных вучоных. Навукова абгрунтаваныя формы кармлення с.-г. жывёл пачалі распрацоўваць з 17 ст., з канца 18 ст. ствараюцца розныя пароды с.-г. жывёл.

У Беларусі даследаванні па З. вядуцца з 1919 (І.​І.​Калугін, М.​М.​Кулагін, М.​В.​Найдзёнаў і інш.). Яе развіццю спрыялі працы В.​С.​Антанюка, К.​Ф.​Барысаўца, А.​А.​Гайко, З.​Д.​Гільмана, В.​Ц.​Горына, М.​П.​Грыня, В.​А.​Івановай, У.​П.​Лемеша, І.​М.​Нікітчанкі, С.​І.​Пляшчанкі, К.​М.​Сонцава, У.​І.​Шляхтунова, М.​А.​Янко і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Бел. НДІ жывёлагадоўлі, БСГА, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, шэрагу ВНУ. Вырашаюцца праблемы павышэння ўстойлівасці жывёлы да хвароб і стрэсаў, прафілактыкі распаўсюджвання спадчынных анамалій, працягласці гасп. выкарыстання і інш.

А.​Ф.​Трафімаў.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗМІ́Р (Izmir),

горад на З Турцыі, адм. цэнтр іля Ізмір, на ўзбярэжжы Эгейскага м. 1757 тыс. ж. (1990). Гал. па экспарце і другі (пасля Стамбула) па імпарце порт краіны. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл. і гандл. цэнтр с.-г. раёна (тытунь, бавоўна, вінаград, алівы, збожжавыя). Прам-сць: харч., тэкст., дывановая, хім. (суперфасфат), металургічная, маш.-буд., у т. л. суднабуд. і інш. Ун-т. Акадэмія эканомікі і гандлю. Музей. Цэнтр турызму.

Засн. як стараж.-грэч. калонія ў 2-м тыс. да н.э. пад назвай Смірна. У 575 да н.э. зруйнаваны царом Лідыі Аліятам, у 4 ст. да н.э. адбудаваны. У 27 да н.э. — 324 н.э. пад уладай рымлян, пазней — Візантыі. У канцы 11 ст. захоплены сельджукамі. У 13 ст. генуэзскі порт. У 1402—03 разрабаваны Цімурам. З 1425 у складзе Асманскай імперыі, наз. І. Моцна разбураны землетрасеннямі 1688 і 1778. З канца 18 ст. адзін з эканам. і культ. цэнтраў Турцыі. У час грэка-тур. вайны 1919—22 акупіраваны грэч. войскамі. Пасля 2-й сусв. вайны порт І. — ваен.-марская база, у горадзе размешчаны штаб камандавання сухап. сіламі НАТО у Паўд.-Усх. Еўропе. Захаваліся руіны храма 7 ст. да н.э., эліністычных тэатра і стадыёна, паблізу І. рэшткі 3 акведукаў рым. часоў.

т. 7, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮКО́ВІЧЫ,

горад, цэнтр Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Жадунька. За 160 км на ПдУ ад Магілёва. Чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча, вузел аўтадарог на Клімавічы, Хоцімск, Сураж, Краснаполле. 17,4 тыс. ж. (1998).

Паводле пісьмовых крыніц вядомы з канца 16 ст. як дзярж. ўладанне ў Крычаўскім старостве ВКЛ. З 1772 у складзе Рас. імперыі, мястэчка ў Клімавіцкім пав. Беларускай, з 1796 — Магілёўскай губ. Маёнтак К. належаў У.​Цеханавецкаму. У 1886 цэнтр воласці, 620 ж., 122 двары, вінакурны завод, царк.-прыходскае вучылішча, 2 царквы, сінагога, бальніца, аптэка, 8 гарбарняў, млын, 94 крамы, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1897—700 ж., каля 340 двароў. У 1924 перададзены з РСФСР у БССР, цэнтр Касцюковіцкага раёна. У 1933—3,1 тыс. ж., працавалі гантарэзня, пеньказавод, маслазавод і цагельны з-д. З 27.9.1938 горад. У 1939—6,1 тыс. ж., лесапільны з-д, электрастанцыя, прадпрыемства па вырабе шпал і брусоў. З 14.8.1941 да 28.9.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў К. і раёне загубілі 846 чал. У 1959 у К. 8,1 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў (Касцюковіцкі цэментны завод), харч. прам-сці. Ільнозавод. Касцюковіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.

Горад Касцюковічы. Забудова вуліцы Ленінскай.

т. 8, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ТАРГА (ад познагрэч. katergon галера),

асобы від пакарання за крымін. і паліт. злачынствы, што спалучаў пазбаўленне волі з асоба строгім рэжымам, у т. л. закоўванне ў кайданы і цялесныя пакаранні, і прыцягненнем зняволеных да цяжкай фіз. працы. Узнікла ў сярэднія вякі ў шэрагу еўрап. краін спачатку як адпраўка засуджаных грабцамі на галеры (адсюль назва), потым з’явіліся спец. катаржныя турмы. У Расіі вядома з пач. 18 ст.; з канца 18 ст. пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на К. пачалі ссылаць дзярж. злачынцаў і з Беларусі. Праца катаржан у Расіі выкарыстоўвалася пры буд-ве крэпасцей, марскіх партоў, караблёў, дарог і на рудніках; гал. месцамі адбыцця К. былі Нерчынскія руднікі і в-аў Сахалін. На тэр. Беларусі з 1820-х г. існавала катаржная турма ў Бабруйскай крэпасці. У 18 ст. сярод катаржан былі ўдзельнікі Пугачоўскага паўстання, у 19 ст. — дзекабрысты, петрашэўцы, удзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, пазней удзельнікі народніцкага руху. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Расіі ўзнікла сістэма цэнтр. катаржных турмаў, сярод якіх найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных вызначаліся Арлоўскі і Аляксандраўскі «цэнтралы», Акатуйская турма; значную колькасць катаржан разам з рэвалюцыйна настроенымі інтэлігентамі складалі рабочыя, сяляне і салдаты — удзельнікі масавых рэв. выступленняў, у т. л. рэвалюцыі 1905—07. Ліквідавана у Расіі ў сак. 1917.

т. 8, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАРТЭ́Т (італьян. quartetto ад лац. quartus чацвёрты),

1) ансамбль з 4 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Можа быць аднароднага складу (струнны смыковы, драўляных духавых інструментаў, вак. мужчынскі або жаночы) і мяшанага (т. зв. фартэпіянны К. — фп., скрыпка, альт, віяланчэль). З інстр. К. найб. пашыраны струнны смыковы (2 скрыпкі, альт, віяланчэль). Як самаст. тып выканальніцкага калектыву сфарміраваўся ў 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы Гарадзецкі прыгонны квартэт У.​Г.​Кастрыёта-Скандэрбека, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, Квартэт Саюза кампазітараў БССР, вакальныя Беларускі вакальны квартэт, «Купалінка» і інш. 2) Муз. твор для ансамбля з 4 інструментаў або пеўчых галасоў. Струнны смыковы К. з канца 18 ст. — адзін з асн. жанраў камернай музыкі. Яго вызначаюць індывідуалізацыя партый, поліфанічная фактура, санатная цыклічная форма. Класічныя ўзоры К. стварылі І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт, Л.​Бетховен, Ф.​Шуберт, П.​Чайкоўскі, А.​Барадзін, Б.​Бартак, П.​Хіндэміт, Дз.​Шастаковіч і інш. У бел. музыцы да К. звярталіся М.​Аладаў, У.​Алоўнікаў, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, С.​Картэс, П.​Падкавыраў, А.​Туранкоў, К.​Цесакоў, М.​Чуркін, Л.​Шлег, В.​Яфімаў. Менш пашыраны ў сусв. музыцы фп. К. Вакальныя К. часта ўваходзяць у оперы, кантаты, араторыі. Шэраг нар. песень апрацавалі для вак. К. бел. кампазітары.

Р.​М.​Аладава.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўныя вырабы канца 15 — пач. 20 ст. з мясц. гліны ў г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Выраблялі пліткі, вуглы, часткі карніза. У канцы 15—17 ст. была пашырана тэракотавая кафля з рэльефным геам. арнаментам, тэракотавая і зялёная паліваная з рэльефным раслінным і геральдычным (выявы конніка, арла з гербам Радзівілаў) арнаментамі. Аналагічная арнаментыка сустракаецца ў польскай, літоўскай (геральдычнай выявы) і мінскай (раслінныя матывы) кафлі. У 2-й пал. 17 ст. выхадцы з Копысі Я.​Андрэеў, С.​Аляксееў, П.​Будкееў, С.​Грыгор’еў, В.​Дарафееў, І.​Максімаў, П.​Фёдараў выраблялі шматколерную паліваную кафлю і аздаблялі ёй палацы і храмы ў Рус. дзяржаве. Найб. пашырыўся выраб кафлі ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў Копысі працавала каля 20 заводаў. Тагачасная кафля вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў), якімі абліцоўвалі печы; пераважала ружова-бэзавая, зялёна-блакітная, белая з золатам расфарбоўка; узор — найчасцей кветкі рамонка, сланечніку, паслёну (многія ўзоры выконваліся па малюнках замежных каталогаў). К.к. вывозілі за межы Беларусі. З пач. 1980-х г. К.к., упрыгожаную традыц. бел. арнаментам, вырабляе Копыскі кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў.

Да арт. Копыская кафля. Фрагмент печы з кафлі, маляванай каляровымі палівамі. Канец 19 — пач. 20 ст.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЧКО́ЎСКІ (Юльян Фаміч) (25.7.1840, в. Азяты Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 25.7.1903),

бел. фалькларыст, этнограф, гісторык і педагог. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1861). Працаваў настаўнікам у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, інспектарам нар. вучылішчаў Віленскай навуч. акругі, дырэктарам Полацкай і Туркестанскай настаўніцкіх семінарый і Віленскага настаўніцкага ін-та. У 1888—1902 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі. Складальнік 16-га і 20-га тамоў, аўтар прадмоў да іх і да 25-га т. Актаў Віленскай камісіі. Пад рэдакцыяй К. і з яго прадмовамі выйшлі 12-ы і 13-ы т. Археаграфічнага зборніка дакументаў (1900—02). Апублікаваў нарыс «Старая Вільна да канца XVII ст.» (1893) і зб. дакументаў «Гістарычны агляд дзейнасці Віленскай навучальнай акругі за першы перыяд яе існавання, 1803—1832» (1903). Аўтар першага грунтоўнага даследавання пра радзінны абрад беларусаў і выхаванне дзіцяці «Нарысы быту заходнярускага селяніна» (1869) і фалькл.-этнагр. зб. «Быт заходнярускага селяніна» (1874), прысвечанага сямейным (пераважна вясельным) і каляндарна-агр. абрадам беларусаў, у якім выкарыстаў больш за 300 фалькл. твораў. Распрацоўваў методыкі пед. выхавання ў навуч. установах.

Літ.:

Голуб В. Ю.Ф. Крачковский. Вильна, 1904;

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964;

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.

І.​К.​Цішчанка.

т. 8, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)