АБРА́З,

ікона, 1) у хрысціянскай рэлігіі (праваслаўе і каталіцызм) выявы Ісуса Хрыста, Маці Божай, святых на драўлянай дошцы, палатне, камені; сімвал, які з’яўляецца аб’ектам рэліг. ўшанавання.

2) Твор сярэдневяковага мастацтва (гл. Іканапіс), які мае культавае прызначэнне.

Першыя абразы вядомы з 2 ст. н.э. Найб. стараж. абразы, што захаваліся, паходзяць з Пярэдняй Азіі. Культ абраза як абавязковага элемента храма быў афіцыйна прыняты на 7-м Усяленскім саборы (786—787, Канстанцінопаль). Паводле хрысціянскага падання першаўзорам вобраза Хрыста з’явіўся адбітак яго твару на ўбрусе, а першыя выявы Маці Божай выкананы евангелістам Лукою. Асабліва шырока быў распаўсюджаны ў Візантыі, Егіпце, Эфіопіі, паўд.-слав. краінах, Грузіі. Для абраза характэрны іканаграфічны канон, які вытрымліваецца стагоддзямі. Пад уплывам Візантыі ўзнік старажытнарускі абраз, класічныя ўзоры якога адносяць да канца 14—15 ст. (А.Рублёў, Феафан Грэк).

На Беларусі абраз з’явіўся, верагодна, у канцы 10 ст. ў Полацку і Тураве. Першыя абразы прывозілі з Візантыі, напр., Ефрасіння Полацкая падаравала мужчынскаму манастыру ў Полацку абраз «Маці Божая Адзігітрыя Эфеская», які яна атрымала ад імператара Мануіла Камніна. Бел. абразы 11—15 ст. ствараліся ў сферы правасл. візантыйска-балканскага ўплыву («Маці Божая Замілаванне» з-пад Брэста, «Успенне» з Мінска, 15 ст.). Фарміраванне самабытнай беларускай іканапіснай школы адбылося ў 16 ст. Найб. яркія творы належаць да 1-й пал. 17 ст. (група маларыцкіх абразоў 1648; «Нараджэнне Марыі» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне» з Олтуша, 1650 і інш.). Для іх характэрна спалучэнне сімвалізму і кананічнасці сярэдневяковага мастацтва з натуральнасцю персанажаў і асяроддзя, характарнасцю вобразаў, элементамі навакольнай рэчаіснасці, засвоенымі з еўрап. Адраджэння. У 17—18 ст. выяўляюцца рэгіянальныя асаблівасці ў абразах Зах. Палесся, Падняпроўя, Падзвіння, Міншчыны, звязаныя з цэнтрамі іканапісу (Брэст, Вільня, Віцебск, Пінск, Магілёў, Мінск, Полацк). Абразы маляваліся на дошках (да 16 ст. ўключна з каўчэгам) па клеемелавым грунце (ляўкасе) яечнай тэмперай, пазней у спалучэнні з алейнымі фарбамі. Фон гладкі, пазалочаны, з канца 16 ст. аздабляўся рэльефным раслінным арнаментам. З сярэдзіны 18 ст. пашыраецца абраз на палатне. Асаблівую галіну бел. іканапісу ўтвараюць алтарныя абразы з рысамі готыкі, рэнесансу, барока. Характэрнай аздобай абразоў былі абклады, накладныя чаканеныя метал. рызы («сукенкі»). Самастойны бел. абраз знікае ў сярэдзіне 19 ст. з ліквідацыяй у 1839 уніяцтва.

Літ.:

Гл. пры арт. Іканапіс.

А.А.Ярашэвіч.

т. 1, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)