зацьмі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго-што.

1. Засланіўшы сабою, зрабіць нябачным, непрыметным. Хмары зацьмілі сонца. □ Здаецца, свет звузіўся вакол цябе, шэрань зацьміла далягляд, і паветра насыпана пераднавальнічнымі подыхамі. Хадкевіч. // Пазбавіць магчымасці бачыць. Густы туман зацьміў вочы, і нейкі час Лагуцька ступаў наўгад, вобмацкам. Сіняўскі.

2. перан. Перавысіць каго‑н. сваімі якасцямі, заслугамі, адсунуць на задні план. Фельдфебель не мог адразу ачуняць ад такога геройства бацькі і зацьміць яго прыкладам яшчэ большай мужнасці. Брыль.

3. перан. Пазбавіць яснасці, зацямніць. Зацьміць розум.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́цькаўскі, ‑ая, ‑ае, н.

1. Які належыць бацьку. Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца, Як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца. Купала. // Уласцівы бацьку. Паглядзіць на свайго сына Сцяпан, і напоўняцца яго вочы вялікай бацькаўскай радасцю. Кулакоўскі. // Набыты, спраўлены бацькам. [Ганцы] было вельмі прыемна выводзіць з аглабель за повад уласнага бацькаўскага каня. Чорны.

2. Звязаны з бацькаўшчынай, радзімай. Клічуць дарогі ў бясконцыя далі... Самы ты вольны, край бацькаўскі наш! Кірэенка. На ім [гербе] — каронай залатой — Спляліся спелыя калоссі Бязмежных бацькаўскіх раўнін. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акуля́ры, ‑аў; адз. няма.

1. Аптычная прылада з двух шкельцаў з аглабелькамі. Служыць для выпраўлення недахопаў зроку або засцярогі вачэй ад пашкоджанняў. Ад шкельцаў акуляраў, як ад люстэрак, па траве скакалі сонечныя зайчыкі. Хомчанка. У пісара былі чорныя вусы, праўда, кароткія, і рэзка азначанае месца барады, заросшае кароткаю густою шэрсцю, невялікі задзёрты нос і прыплюшчаныя блізарукія вочы, прыкрытыя цёмнымі акулярамі. Колас.

2. Кружок больш светлай або цёмнай афарбоўкі вакол вачэй у жывёл.

•••

Акуляры наставіць гл. наставіць.

Глядзець праз ружовыя акуляры гл. глядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́тчын, ‑а.

1. Які належыць матцы (у 1 знач.). Матчына хата. Матчын голас. □ Аленка і Юрка садзяцца на зямлі каля матчынага ложка. Купала. // Які мае адносіны да маткі (у 1, 2 знач.), уласцівы ёй. Матчына ўцеха. Матчына ласка. □ Паўгода я быў матчынай нядоляй: кашляў, кашляў і кашляў. Бядуля. Наталля з матчыным пачуцц[ё]м глядзела на Клаву. Чорны. // Такі, як у маткі (у 1, 2 знач.). Вочы ў Святланы карыя і хітраватыя, матчыны, а валасы светлыя, бацькавы. Мехаў.

2. Родны; народны. Матчына мова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падбаро́дак, ‑дна, м.

1. Месца паміж барадой і шыяй; падбароддзе. Галаву [Лізавета Назараўна] прыкрыла танюткай квяцістай хусцінкай, завязанай пад падбародак. Корбан. Яна падцягнула да сябе сваю чарку, прыкусіла дрыжачую губу, нервова развязваючы пад сухім падбародкам вузел святочнай хусцінкі. Дуброўскі.

2. Тое, што і барада (у 1 знач.). Свірын злёгку падняў за падбародак Грышаву галаву і зірнуў у яго вільготныя вочы. Пальчэўскі. Як раней, так і цяпер, быў пажылы мужчына з шырокім зухаватым тварам, з глыбока запалымі вачамі, з выступаючым уперад вострым падбародкам. Радкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазаплыва́ць 1, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Заплысці куды‑н. — пра ўсіх, многіх. Пазаплываць далёка ў мора. □ Рыба не вельмі бралася. Відаць, яна пазаплывала ў ціну, каб перадрамаць у зацішку нядоўгую ноч. Сіняўскі.

пазаплыва́ць 2, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.); чым і без дап. Заплысці, пакрыцца або напоўніцца чым‑н. — пра ўсё, многае. Дзе-нідзе кідаюцца ў вочы пакалечаныя асколкамі камлі. Раны пазаплывалі смалою і гояцца... Сачанка.

2. Разм. Распаўнець — пра ўсіх, многіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

люстэ́рка, ‑а; Р мн. ‑рак; н.

1. Тое, што і люстра ​1 (у 1, 2 знач.). Стаіць люстэрка аж да столі, На сценах граюць дываны. Бялевіч. Аер канчаўся, люстэрка затокі было зусім блізка. Хадкевіч. [Іра:] — Колер тваіх вачэй падобен на Балтыйскае мора: ніколі не ўловіш адцення яго колеру. А вочы — люстэрка душы. Гарбук.

2. Невялічнае люстра. У таксі, як і ў кожнай аўтамашыне, ёсць над рулём люстэрка. Брыль. Максім паставіў на скрыню чамадан, у века якога знутры было прыладжана люстэрка, і пачаў галіцца. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасярэ́браны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пасерабрыць.

2. у знач. прым. Пакрыты тонкім слоем серабра. Моўчкі [Віцінг] прайшоў у куток да шафы, адчыніў дзверцы, дастаў чорную пляшку і дзве пасярэбраныя чаркі. Асіпенка.

3. перан.; у знач. прым. Серабрысты, сівы. Твар худы, а густая кароткая пасярэбраная барада і глыбока схаваныя вочы робяць [бацьку] яшчэ худзейшым. Галавач. Галава [гаспадара] з шырокім ілбом акаймавана з бакоў і ззаду кучаравымі пасярэбранымі валасамі. В. Вольскі. Увайшоў Готфрыд Габер, з пасярэбранымі скронямі, прыгожы, з пранізлівымі вачыма. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карэ́нне, ‑я, н., зб.

1. Карані (у 1–3 знач.). Улетку [людзі] збіралі грыбы і ягады, капалі карэнне і запасілі на зіму. Якімовіч. [У Альбіны] тут няма ні роду ні заводу, яе ўсё карэнне там, па той бок мяжы з паласатымі слупамі. Сабаленка.

2. Падземныя часткі некаторых раслін (пятрушкі, сельдэрэю і інш.), якія ідуць у ежу як прыправа.

3. Курыва, прыгатаванае са сцяблоў тытуню. — Насадзіць [бацька] тытуню, гарод увесь. .. А тады .. таўчы яму тое карэнне, пыл есць вочы і горла забівае. Ермаловіч.

•••

Пусціць карэнне гл. пусціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каўзану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм.

1. Аднакр. да коўзацца.

2. Рухаючыся, злёгку дакрануцца, датыкнуцца да каго‑, чаго‑н.; слізгануць. Рука каўзанулася па мокрым, слізкім каўняры... Галавач.

3. Хутка з’ехаць, саслізнуць куды‑н. Разам з лавінай абломкаў скалы Сяргей каўзануўся некуды ўніз, ледзь паспеўшы скурчыцца і ўтуліць галаву між каленяў. Шыцік.

4. Прабегчы, праслізнуць, не затрымліваючыся на паверхні чаго‑н. (пра святло, позірк і пад.). Па столі зноў каўзанулася жоўта-белае святло, і вочы ў Ледзі палыхнулі зеленаватым агнём. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)