смуга́, ‑і, ДМ смузе, ж.

1. Лёгкая, падобная на дым атмасферная пялёнка, дымка, туман. Агорнутыя сіняватаю смугою, журботна пазіралі далечы і ніклі ў святле жнівеньскага сонца. Колас. Неба тым часам усё хмурнела. Смуга зрабілася хмарай і схавала сонца. Чарнышэвіч. Ранішняя смуга памалу рассейваецца. С. Александровіч. Дарогі знікалі недзе за Мінскам у летняй смузе, недзе вельмі далёка. Мележ. // Непразрыстае воблака, пялёнка з пылу, дыму, снегу і пад. Залацістая пыльная смуга шугала ад саламатрэса. Паслядовіч. // Покрыва чаго‑н., сляды ад чаго‑н. Напярэдадні прайшоў спорны веснавы дождж, першы ў гэтым годзе. Ён абмыў з зямлі ўсю смугу, што засталася ад зімы. Шахавец. На кожнай яблыні, на ліпе Смуга пажоўклая вісела. Бялевіч. Пасля на вуголлі пачала ўвачавідкі расці тоненькая смуга попелу. Быкаў.

2. перан. Тое, што перашкаджае ясна бачыць, затуманьвае. Вочы.. [Марынкі] ахутваліся смугой, калі яна задумвалася і глядзела перад сабой. Хадкевіч. // Тое, што перашкаджае разумець што‑н. І страх у панскіх мыслях блудзіць, Смуга ў свядомасць забрыла. Колас. // Выраз, праяўленне на твары якога‑н. настрою. Смуга на твары, нібы скруха... Кусянкоў.

3. перан. У некаторых выразах выкарыстоўваецца для абазначэння няяснасці, няпэўнасці. У смузе гадоў. Скрозь смугу стагоддзяў. // Загадкавасць, тайна. Толькі час над сном маленства ўявіўся, Разагнаў рамантыкі смугу. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суцэ́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які цягнецца без прамежкаў, перапынкаў; цалкам займае сабой якую‑н. прастору. Ад сяла да лесу, што суцэльнай сцяной сінее наперадзе, вярсты тры. Навуменка. І неба і зямля зліліся ў суцэльным віхры снежнага пылу і цемрадзі. Колас. // Які распаўсюджваецца на ўсіх ці ўсё; ахоплівае ўсіх без выключэння; паўсюдны, усеагульны. Суцэльная электрыфікацыя. Суцэльная калектывізацыя. Суцэльная пісьменнасць. □ Прынцып суцэльнага запісу слоў быў прынят Камісіяй у якасці рабочага метаду і для складальнікаў краёвых слоўнікаў. Гіст. бел. літ. мовы. // Спец. Які не надзяляецца на пласты па сваёй структуры (пра рэчыва). Суцэльны граніт. Суцэльная парода.

2. Які не мае ў сабе нічога іншага, без дабаўлення чаго‑н.; які цалкам складаецца з чаго‑н. [Бацька:] — Я ж, дарагі Цярэшка, прафесійны злачын[е]ц, як кажуць прыстойныя людзі, і ўсё маё жыццё — суцэльная рызыка. Мікуліч. Змаганне .. [чалавека] з засухай ператвараецца ў суцэльную, бясконцую пакуту. Сачанка.

3. Зроблены з аднаго кавалка; не састаўны. Ёсць храмы, высечаныя з суцэльнай скалы. «Полымя». Насціл на мосце быў зроблены не з суцэльных дошак, а з палавінак. Сабаленка.

4. перан. Адзіны, непадзельны. Сотню коннікаў, сотню пяхоты, абоз і фурманкі з параненымі... — усё гэта, як суцэльную баявую адзінку, трэба было зберагчы ад разгрому. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счуць, счую, счуеш, счуе; зак.

Разм.

1. каго-што і з дадан. сказам. Улавіць на слых якія‑н. гукі, размову. Калі Ніна, счуўшы шагі ля сябе, узняла вочы ад акна, яна ўбачыла перад сабой Лявона. Галавач. Жур счуў, што гутарку трымаюць пра яго, і тапор свой уткнуў у бервяно. Баранавых. // Пачуць, прыслухацца. Як не счуюць мяне, я мацней загуду, Дам гучнейшы акорд песні новай... Чарот.

2. што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца (з размоў, чутак і пад.). Хто зманіў, хто звёў дзяўчыну? Счуў жаніх праз дзень прычыну, — Зганьбавала яго люба: Быў ён з ёй нібыта грубы. Ставер.

3. каго. Учуць (пра жывёл). На суседнім двары (мусіць, толькі прачнуўся), счуўшы чужых людзей, забрахаў сабака. Крапіва. Але дзе так схавацца, каб і пазіраць было зручна, і каб .. [казуля] не заўважыла або нюхам не счула? Ляўданскі.

4. што. Адчуць. Уніз, уніз! — не счуўшы болю. Уніз! — з грымотнага блакіту, Не на пасадачнае поле, А ў поле стоптанага жыта. Матэвушаў.

5. перан.; што і з дадан. сказам. Інтуітыўна адчуць, прадбачыць. А Бушмара і ў брата не знайшлі — счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца. Чорны. Саўка зрабіў рашучае намаганне і сеў. Ён счуў — Бруй мае сказаць нешта такое, што варта паслухаць седзячы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эфі́р, ‑у, м.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — самы верхні, чысты і празрысты слой паветра; месцазнаходжанне багоў.

2. Вышыня, паветраная прастора. Я не слыхам — істотаю чую, Як, гайдаючы рэхам эфір, На світанні і ў поўнач глухую Не сціхае магутнае: — Мір! Глебка. // Паветраная прастора вакол зямнога шара, дзе распаўсюджваюцца радыёхвалі. Тройчы перадаваў старшыня ў эфір шыфроўку, тройчы пераходзіў на прыём, але адказу не было. Кухараў. Кожныя тры гадзіны метэаролагі радзіруюць у эфір пра стан надвор’я ў розных раёнах Беларусі. «Маладосць». У мой пакой прыйшлі яны [песні] з эфіру, прабіўшыся скрозь цемру і туман, — то смелы голас абаронцаў міру, то мужны голас слаўных парыжан. А. Вольскі.

3. (звычайна ў спалучэнні са словам «сусветны»). Паводле старых тэорый фізікі — своеасаблівае суцэльнае асяроддзе, якое нібыта напаўняе сабой усю сусветную прастору і дае магчымасць растлумачыць распаўсюджванне святла і электрамагнітных хваль. Навакола, у крупінках эфіру, носяцца частачкі матэрыі, складаюцца, дробяцца і родаяць новае ды новае ў бязмернасці вякоў... Гартны.

4. Спец. Арганічнае злучэнне (напрыклад, кіслот са спіртамі), якое з’яўляецца бясколернай лятучай вадкасцю з характэрным рэзкім пахам і выкарыстоўваецца ў медыцыне, тэхніцы, парфумерыі. Этылавы эфір. □ Прывязаўшы каня, веставы ўвайшоў у хату. Салодкі пах эфіру і крыві шыбануў у нос. Асіпенка.

[Грэч. aithēr.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захапі́ць сов.

1. (силой овладеть кем-, чем-л.) захвати́ть;

з. артыле́рыю во́рага — захвати́ть артилле́рию врага́;

2. (взять с собой) захвати́ть;

з. з сабо́й што-не́будзь з ежы — захвати́ть с собо́й что́-л. съестно́е;

3. (увести, унести куда-л.) увле́чь;

цячэ́нне ~пі́ла ло́дку — тече́ние увлекло́ ло́дку;

4. перен. (сильно заинтересовать) захвати́ть, увле́чь;

но́вая ідэ́я ~пі́ла яго́ — но́вая иде́я захвати́ла (увлекла́) его́;

5. заста́ть, захвати́ть, засти́чь, засти́гнуть;

навальні́ца ~пі́ла нас у по́лі — гроза́ засти́гла (захвати́ла) нас в по́ле;

6. перен. (привести в восхищение) увле́чь, восхити́ть, плени́ть;

з. гледачо́ў ігро́й — увле́чь (плени́ть) зри́телей игро́й;

7. (застать) захвати́ть, засти́чь;

з. на ме́сцы злачы́нства — захвати́ть (засти́чь) на ме́сте преступле́ния

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Пла́ўкі 1 (пла́вкый) ’пакаты, спадзісты’ (драг., Клім.; в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), ’пакаты (аб страсе)’ (ЛА, 4), укр. плавки́й, рус. арханг., кур. пла́вкий ’плаўны’. Адназоўнікавае ўтварэнне з суф. ‑к‑i са значэннем ’мае ў сабе тое, што названа ўтваральным словам’ ад *plavъ, параўн. польск. pław — пра цякучую ваду. Спачатку прыметнік меў суф. ‑ьn‑ъ — *plavьnъ: пла́ўны ’пакаты (аб страсе)’ (полац., чэш., круп., чавус., ЛА, 4), плы́ўны ’тс’ (барыс., тамсама), пла́ўны ’павольны, без ветру (пра дождж)’ (Сл. ПЗБ), пазней у некаторых дыялектах адбылася мена суф. ‑ьn‑ъ на больш характэрны ‑ъk‑ъ, як у гнуткі, грузкі, даўкі, коўзкі, мулкі.

Пла́ўкі 2 мн. л. ’паплаўкі (з бярозавай кары)’ (рас., навагр., Сл. ПЗБ), рус. прыбалт. плавки́ ’змацаваныя паміж сабой дзве вязкі саломы ці чароту, на якіх дзеці вучацца плаваць’. Семантычнае ўтварэнне ад плаваць, гл. плыць, або з польск. pław, pławik ’паплавок’, ’кавалкі кары, коркі, дрэва, прымацаваныя да аднаго края рыбацкай сеткі’, параўн. аднак яшчэ ст.-рус. плавокъ ’паплавок’ (1608 г.).

Пла́ўкі 3 ’кароткія, шчыльныя мужчынскія трусы для плавання’ (ТСБМ). З рус. пла́вки ’тс’.

Пла́ўкі 4 ’тлустае сала, якое выдзяляе шмат тлушчу’ (пін., стол., ЛА, 4), пло́вкэ (сало) ’тс’ (стол., тамсама), пла́ўкі ’багаты тлушчам’ (ТС), ’слізкі’, ’слабкі (нітка, вяроўка)’ (Сл. ПЗБ); плаўкі́ ’слізкі, гладкі’ (саліг., Нар. словатв.), пла́вко ’гладка, лёгка’ (ТС). Укр. плавки́й ’роўны, гладкі, слізкі’, рус. валаг. пла́вкий ’які лёгка плыве’. Да пла́віць, якое з плыць, плы́сці (гл.). Семантыка развівалася ў напрамку: ’здольны плавіцца’ > ’багаты тлушчам’ > ’слізкі, гладкі’.

Пла́ўкі 5 ’жоўты плывунец, Utricularia L. (?)’ (Сцяшк. Сл.). Да пла́ваць < плыць, плы́сці (гл.). Расліны не маюць каранёў і нібыта “плаваюць” у стаячых водах зарослых вадаёмаў і балот.

Плаўкі́ ’раска, Lemna minor L.’ (лельч., ЛА, 1). Да пла́ваць < плыць, плысці (гл.). Матывацыя: плоскія лісткі “плаваюць” — знаходзяцца на паверхні стаячых ці павольна плывучых вод. Параўн. іншыя роднасныя назвы раскі: в.-дзв. плаў, бабр. пла́ўня, саліг. плавунец, слон. плаву́чка, плаву́шка, круп. пуплаве́нь (тамсама). Знаходжанне раскі на паверхні вады атаясамлівае яе з паплаўком — гл. пла́ўкі 2. Значэнне ’майнік’ (ТС), відаць, вызначана недакладна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сістэ́ма

(гр. systema = цэлае, складзенае з частак, злучэнне)

1) сукупнасць заканамерна звязаных паміж сабой элементаў (прадметаў, з’яў, поглядаў, ведаў і г.д.), якія складаюць пэўнае цэласнае ўтварэнне, адзінства;

2) пэўны парадак у размяшчэнні і сувязі частак чаго-н. (напр. с. механізмаў);

3) форма арганізацыі чаго-н. (напр. выбарчая с.);

4) сукупнасць прынцыпаў, якія служаць асновай якога-н. вучэння (напр. філасофская с. Гегеля);

5) форма грамадскага ладу (напр. дзяржаўная с.);

6) сукупнасць устаноў, аб’яднаных у адно цэлае (напр. с. Акадэміі навук);

7) сукупнасць органаў, якія маюць агульную функцыю (напр. нервовая с.);

8) канструкцыя (напр. с. самалёта);

9) геал. сукупнасць пластоў горных парод, якія ўтварыліся на працягу геалагічнага перыяду;

10) звычайнае, рэгулярнае, прывычнае.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

чуць I несов.

1. в разн. знач. слы́шать;

я чу́ю не́чы го́лас — я слы́шу че́й-то го́лос;

ён адны́м ву́хам не чу́е — он одни́м у́хом не слы́шит;

ты чуў навіну́? — ты слы́шал но́вость?;

прыхо́дзьце за́ўтра, чу́еце? — приходи́те за́втра, слы́шите?;

2. (ощущать) слы́шать; чу́ять;

ч. пах — слы́шать за́пах;

саба́ка чу́е дзічы́ну — соба́ка чу́ет дичь;

3. (предчувствовать) чу́вствовать; чу́ять;

ч. бяду́ — чу́ять беду́;

4. слы́шать, замеча́ть;

я не чуў, як укало́ў руку́ — я не заме́тил (не слы́шал), как уколо́л ру́ку;

◊ ч. дух — чу́ять дух; чу́вствовать чью-л. стро́гость;

ч. сэ́рцам — чу́вствовать се́рдцем;

ч. но́сам — чу́ять но́сом;

чу́е душа́ — чу́ет душа́;

душы́ не ч. — души́ не ча́ять;

адны́м ву́хам (кра́ем ву́ха) ч. — одни́м у́хом слы́шать;

на свае́ (ула́сныя) ву́шы ч. — со́бственными уша́ми слы́шать;

зямлі́ пад сабо́й не ч. — земли́ под собо́й не чу́ять;

ног пад сабо́й не ч. — ног под собо́й не чу́ять (не слы́шать);

ні рук ні ног не ч. — изнемо́чь от уста́лости;

чуў звон, ды не ве́дае, дзе ён — погов. слы́шал звон, да не зна́ет, где он;

чу́е ко́шка, чыё са́ла з’е́ла — посл. чу́ет ко́шка, чьё мя́со съе́ла

чуць II

1. нареч. е́ле, чуть, едва́;

ён ч. ідзе́ — он е́ле (чуть) дви́жется;

ч. уцале́ў — едва́ уцеле́л;

2. нареч. чуть, немно́жко; ка́пельку;

3. союз чуть;

ч. спо́знішся, ён ужо́ сва́рыцца — чуть опозда́ешь, он уже руга́ется;

◊ ч. свет, ч. дзень — чуть свет; ни свет ни заря́;

ч. што — чуть что;

ч.-ч. — чуть-чу́ть

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ГЕ́НРЫХ (Henri),

імя правіцеляў сярэдневяковай Германіі і «Свяшчэннай Рымскай імперыі».

Генрых I Птушкалоў (каля 875—2.7.936), герцаг Саксоніі (Генрых; з 912) і герм. кароль (у 919—936), заснавальнік Саксонскай дынастыі. Выбраны каралём пасля смерці Конрада I. Шляхам кампрамісаў ліквідаваў мяцяжы герцагаў Швабіі (919) і Баварыі (921). Стабілізаваў каралеўскую ўладу, пабудаваў мноства крэпасцей (бургаў), стварыў моцнае коннае войска. Далучыў Латарынгію (925), перамог венграў каля Рыядзе на р. Унструт (933), намагаўся абкласці данінай палабскіх славян, заснаваў марку (пагран. вобласць) у Шлезвігу (935). Яго пераемнікам стаў старэйшы сын (гл. Атон I).

Генрых II Святы (6.5.973, г. Бад-Абах, Германія — 13.7.1024), герцаг Баварыі (Генрых IV; з 995), герм. кароль (з 1002), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1014—24). З Саксонскай дынастыі. У 1007 заснаваў епіскапства Бамберг. Умацаваў панаванне імперыі ў Паўн. (1004) і Паўд. (1021/22) Італіі. Праз падтрымку царквы клапаціўся пра ўмацаванне сваёй улады. У 1146 кананізаваны царквой.

Генрых III (28.10.1017—5.10.1056), герцаг Баварыі (з 1027), герм. кароль (з 1028), герцаг Швабіі, Карынтыі і кароль Бургундыі (з 1038), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1046 — 56). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Конрада II. Самастойна правіў з 1039. У час паходу ў Італію (1046—47) скінуў рым. пап, якія сапернічалі паміж сабой; пазней неаднаразова прызначаў кандыдатаў на папскі прастол. Дамогся прызнання залежнасці ад імперыі Венгрыі і Багеміі (Чэхіі).

Генрых IV (11.11.1050, г. Гослар, Германія — 7.8.1106), кароль з 1056, імператар у 1084—1106 (каранаваны як імператар у Рыме антыпапам Кліментам III). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха III. Самастойна правіў з 1065. Задушыў Саксонскае паўстанне 1073—75. З 1076 на працягу больш як 20 гадоў вёў з рым. папамі (Грыгорыем VII і інш.) барацьбу за інвестытуру, адным з эпізодаў якой было т.зв. «хаджэнне ў Каносу».

Генрых V (11.8.1086 — 23.5.1125), кароль з 1106, імператар у 1111—25 (нашчадак прастола з 1098). Апошні з Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха IV. Пры жыцці бацькі зблізіўся з яго праціўнікамі — рымскім папам і часткай ням. курфюрстаў. Стаўшы правіцелем, аднавіў барацьбу з папствам за інвестытуру, якая завяршылася Вормскім канкардатам (1122).

Генрых VI (1165, г. Німвеген, цяпер г. Неймеген, Нідэрланды — 28.9.1197), германскі кароль (з 1190) і імператар (у 1191—97), кароль Сіцыліі (з 1194). З дынастыі Гогенштаўфенаў (гл. Штаўфены). Сын Фрыдрыха I Барбаросы. У 1186 ажаніўся са спадчынніцай сіцылійскага прастола Канстанцыяй. Падтрымаў франц. караля Філіпа II у яго барацьбе супраць англ. караля Рычарда I Львінае Сэрца (восенню 1192 паланіў Рычарда і пратрымаў яго ў палоне каля 2 гадоў). У 1194 захапіў Сіцылію. Апантаны ідэяй стварэння «сусв. манархіі» Гогенштаўфенаў, пачаў падрыхтоўку да вайны супраць Візантыі; у час прыгатаванняў і памёр.

Генрых VII (1274 ці 1275—24.8.1313), кароль з 1308, імператар у 1312—13 (каранаваны як імператар у Рыме). З дынастыі Люксембургаў. Сын Генрыха III Люксембургскага. Выбраны каралём большасцю курфюрстаў. У 1310 праз дынастычны шлюб дамогся перадачы чэш. прастола свайму сыну Іагану (Ян Люксембургскі). Пазней, намагаючыся зноў падпарадкаваць імперыі Італію, здзейсніў туды паход.

Да арт. Генрых (германскія правіцелі). Генрых II Святы (злева) і Генрых VI.

т. 5, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБЫ́ (Mycota),

група гетэратрофных бесхларафільных арганізмаў, разнастайных паводле будовы, памераў і спосабу жыцця; адно з царстваў жывой прыроды. Спалучаюць прыкметы раслін (нерухомасць, верхавінкавы тып росту, наяўнасць клетачных сценак і інш.) і жывёл (гетэратрофны тып абмену, наяўнасць хіціну, утварэнне мачавіны і глікагену і інш.). Маюць асобы цыкл развіцця (змена ядзерных фаз, дыкарыятычны стан, разнаякаснасць ядзер у межах адной клеткі — гетэракарыёз і інш.). Раней грыбы адносілі да ніжэйшых раслін. Вядома больш за 100 тыс. відаў грыбоў, пашыраных па ўсім зямным шары. Падзяляюцца на 3 аддзелы: ааміцэты, слізевікі і сапраўдныя грыбы. Сярод апошніх вылучаюць аскаміцэты, базідыяльныя грыбы, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, хітрыдыяміцэты.

Вегетатыўнае цела большасці грыбоў уяўляе сабой міцэлій (грыбніцу), які складаецца з адна- ці шматклетачных разгалінаваных тонкіх ніцей — гіфаў, што ў працэсе развіцця ўтвараюць строму або пладовыя целы рознай марфалогіі. Арганізмы ніжэйшых грыбоў (слізевікі, хітрыдыяміцэты) прадстаўлены голымі плазмодыямі. У жыццёвым цыкле грыбоў магчымы розныя стадыі развіцця (плеямарфізм). Аднаклетачны стан назіраецца ў перыяд размнажэння грыбоў (напр., у спор). Грыбы размнажаюцца вегетатыўным, бясполым і палавым спосабамі. У аснову вызначэння сістэматычнага стану грыбоў пакладзены асаблівасці будовы грыбнога цела, палавога і бясполага споранашэння і формы пладовых цел. Вегетатыўнае размнажэнне ажыццяўляецца кавалкамі міцэлію (шапкавыя грыбы), пачкаваннем (дрожджы), асобнымі клеткамі — аідыямі (галасумчатыя), гемамі і хламідаспорамі (галаўнёвыя грыбы), бясполае — з дапамогай спор, што ўтвараюцца на асобных клетках міцэлію. Споры могуць фарміравацца эндагенна, унутры шарападобна пукатых канцоў гіфаў (спарангіяспоры, зааспоры; у ніжэйшых грыбоў) або экзагенна (канідыяспоры; у вышэйшых і некат. ніжэйшых грыбоў). Для палавога размнажэння ўласціва зліццё аднолькавых або розных паводле памераў гамет (у ніжэйшых грыбоў), яйцаклеткі і сперматазоіда (у ааміцэтаў), вегетатыўных клетак з аднолькавымі або рознымі палавымі знакамі (у зігаміцэтаў), антэрыдыю і архікарпа з утварэннем сумкі (у аскаміцэтаў) або шляхам саматагаміі з утварэннем базідый (у базідыяміцэтаў). Утварэнню сумак і базідый звычайна папярэднічае развіццё на міцэліі пладовых цел — спец. спараносных органаў. У аскаміцэтаў гэта клейстатэцый, перытэцый, апатэцый і інш., у базідыяльных грыбоў распасцёртыя, палачка-, куста-, шара-, зоркападобныя і інш. пладовыя целы.

У прыродна-кліматычных зонах Беларусі трапляюцца прадстаўнікі ўсіх сістэматычных груп грыбоў, якія спецыялізаваны да розных экалагічных умоў існавання. Напр., агарыкальныя, афілафаральныя, гастэраміцэты і інш. сапрабіёнты развіваюцца ў лясах на гнілой драўніне, лясным подсціле, плесневыя грыбы — на прадуктах харчавання, кармах жывёл. Мучніста-расяныя грыбы, іржаўныя, перанаспоравыя, хітрыдыевыя, гельмінтаспорый, фузарый, фітафтора, макраспорый, склератынія і інш. групы фітапатагенных грыбоў паразітуюць на збожжавых, агароднінных, пладова-ягадных культурах. Вядома больш за 200 відаў ядомых грыбоў і каля 40 відаў ядавітых грыбоў. Грыбы мінералізуюць раслінныя рэшткі ў глебе, патагенныя грыбы выклікаюць хваробы раслін, жывёл і чалавека. Грыбы — актыўныя накапляльнікі радыенуклідаў. Многія віды плесневых грыбоў выкарыстоўваюць у мікрабіял. прам-сці для атрымання вітамінаў, антыбіётыкаў, ферментаў, стэроідных гармонаў, дрожджы — у хлебапячэнні, піваварэнні, вінаробстве. Шэраг відаў грыбоў культывуюць (шампіньёны, вешанкі, труфелі). Вывучае грыбы мікалогія.

Літ.:

Беккер З.Э. Физиология грибов и их практическое использование. М., 1963;

Эволюция и систематика грибов: Теорет. и прикладные аспекты. Л., 1984;

Сержанина Г.И., Змитрович И.И. Микромицеты: Иллюстрир. пособие для биологов. Мн., 1978.

В.​В.​Карпук.

Да арт. Грыбы: 1 — сыраежка страўная; 2 — баравік; 3 — падасінавік; 4 — страчок звычайны; 5 — мухамор шэры; 6 — фамітопсіс акаймаваны.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)