ву́гал, ‑гла, м.
1. Месца, дзе сутыкаюцца два бакі аднаго прадмета; рог. Вугал стала, дома. □ Хлопец сядзіць на прызбе Максімавай хаты, каля вугла, сочыць за паплаўком і час ад часу азіраецца. Брыль. // Рог на перакрыжаванні дзвюх вуліц. Шырокі двор на вуглу.. вуліцы ажывае. Чорны.
2. Тое, што і кут (у 1 знач.). У вуглу ад вуліцы стаяў меншы столік, на якім у беспарадку валяліся.. цацкі. Даніленка.
3. Тое, што і кут (у 3 знач.); прытулак. Вось хата, цёплы родны вугал, А на стале пахучы хлеб. Хведаровіч.
4. Спец. Частка плоскасці паміж дзвюма прамымі лініямі, якія выходзяць з аднаго пункта. Прамы, востры, тупы вугал. Вяршыня вугла.
•••
Нямецкі вугал — гладкі, без выступаў вугал (хаты). Калісьці.. [хата] мела даволі самавіты выгляд: складзена на нямецкі вугал, чатыры акны з аканіцамі. С. Александровіч.
Згладзіць вострыя вуглы гл. згладзіць.
З-за вугла (напасці, ударыць і пад.) — спадцішка, без папярэджання, вераломна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заглушы́ць, ‑глушу, ‑глушыш, ‑глушыць; зак., што.
1. Перавысіць мацнейшым гукамі іншыя гукі, зрабіўшы іх нячутнымі. [Салаўіных] песень не маглі заглушыць грук і шум вагонных колаў. Колас. У вёсцы чуваць былі галасы. Вось іх заглушыў новы стрэл. Лупсякоў. // Зрабіць менш чутным; адбіць (пра пах і інш.). Нішто не магло заглушыць гэтага цёплага прэлага водару вільготнай асенняй зямлі. Шамякін. // Разм. Спыніць работу механізма, дзейнасць якога суправаджаецца гукамі. Якаў заглушыў матор, хоць мог і не паслухаць кладаўшчыка. Кулакоўскі.
2. перан. Зменшыць сілу якога‑н. пачуцця; прыглушыць. Жанчына хацела заглушыць сабе боль і маўчаць, што б з ёй ні рабілі. Сабаленка. Суцешыць Міхася, заглушыць яго гора ніхто не мог. Якімовіч.
3. Разросшыся, не даць расці другім раслінам, перашкодзіць іх росту. Жыта заглушыла васількі. Бялевіч.
4. перан. Задушыць, знішчыць. Ні беднасць, ні эксплуатацыя, ні прыгнёт не маглі заглушыць у працоўным чалавеку яго творчых сіл.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і здале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. з інф. Быць у стане зрабіць, выканаць што‑н. [Таня] ведала; каб яна здолела расказаць усё шчыра бацьку, ёй адразу было б лягчэй, яна адразу адчула б сябе дома. Шамякін. Вее крыл узмах На прасторы сінім, Мы пракласці шлях Здолеем, асілім. Пушча.
2. з інф. Атрымаць магчымасць зрабіць што‑н. пры пэўных абставінах. Цяпер, стоячы над калонамі людзей, чалавек здолеў сказаць моцныя словы пра задачы і патрэбы ўсіх тых, што сабраліся тут. Чорны. — У нас сёння на які сеанс білеты? На дзесяць трыццаць? Ну дык вось, я не здолею пайсці. Васілёнак.
3. каго-што. Адолець, асіліць, змагчы. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Купала. // перан. Цалкам завалодаць (пра фізічны стан). У палатцы пад ялінай Сон здалеў, схіліў Марата, Задрамаў, заснуў хлапчына. Шушкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ірвану́ць і рвану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.
1. каго-што і без дап. Рэзка, моцна тузануць, пацягнуць. Познышаў ірвануў шнур. І ў той жа момант, ураз уздыбіўшы першыя вагоны, грукнуў выбух... Краўчанка. [Гарманіст] ірвануў раптам мяхі, урэзаў польку. Васілевіч. Сцюжа рванула дзверы сталовай, міргнула велізарная настольная лямпа. Мікуліч. // Схапіўшы зубамі, параніць, укусіць. Сабака рвануў за нагу.
2. Разм. Парывіста, рэзка скрануцца з месца, рэзкім рухам кінуцца куды‑н. Ірвануў паравоз, зашыпеў весела парай. Лынькоў. // Рэзка, моцна падзьмуць (пра вецер). Моцны вецер ірвануў з поля і абсыпаў .. [Міхаську] мяккім сняжком. Якімовіч.
3. каго-што. Падарваць, узарваць што‑н. з выбухам. — Зараз вось ірванём мост і пойдзем. Чыгрынаў. Выбухі рванулі зямлю. Шчарбатаў. // без дап. Раздацца, прагрымець. Праз тры — пяць мінут у агні затрапяталіся ружовыя языкі, а затым ірванулі выбухі. Мехаў.
4. Разм. Хутка і многа зрабіць. [Анішчук:] Не вельмі ты вясною рвануў. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
га́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.
Разм.
1. Адчуваць агіду да каго‑, чаго‑н.; брыдзіцца. Тараска гадзіўся жаб. Юрэвіч.
2. Псавацца ад забруджвання. Адзенне гадзіцца.
гадзі́цца 1, ‑джу́ся, ‑дзі́шся, ‑дзі́цца; незак.
Разм. Быць прыгодным, падыходзячым для чаго‑н., адпавядаць якім‑н. патрабаванням. — Я вывучаў дакументы і думаў: вось гэта для маёй дысертацыі падыходзіць. І гэта гадзіцца. Арабей. // безас. (звычайна з адмоўем). Варта, трэба, к месцу. Сцёпка перамог сябе; не, спаць не гадзіцца! Колас.
•••
Гадзіцца ў бацькі (у маці, сыны і пад.) каму — адпавядаць па ўзросту чыйму‑н. бацьку (маці, сыну і пад.).
Куды гэта гадзіцца; нікуды не гадзіцца — вельмі дрэнна, дрэнны.
гадзі́цца 2, гаджу́ся, го́дзішся, го́дзіцца; незак.
Разм. Канчаць спрэчку; згаджацца, пагаджацца. Рэдкія выпадкі лаянкі толькі на кароткі час раскідалі іх дружбу, і хлопцы скора зноў гадзіліся. Колас. Слугі князя з дарам князевым прыйшлі, З Вялем-волатам, з дружынаю гадзіцца. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гало́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Самы важны, асноўны, найбольш істотны. Галоўны герой твора. □ Бязмежная адданасць справе і скромнасць шчырага працаўніка — вось дзве галоўныя рысы характару пагранічніка. Брыль. Бумажкоў, галоўны арганізатар атрада, быў і яго камандзірам. Чорны. // у знач. наз. гало́ўнае, ‑ага, н. Янка Купала перадаў галоўнае — сатырычна-маралістычны пафас байкі. Палітыка. // у знач. пабочн. Самае асноўнае, істотна важнае. Многа думаў.. Сцёпка, і надумаўся ён за навуку сур’ёзна ўзяцца. Але як? Часу няма і, самае галоўнае, — няма кніжак. Колас. // Цэнтральны, самы значны, самы вялікі (пра вуліцу, магістраль і пад.). Галоўная вуліца. □ Уздыхнуў паравоз парай і без гудкоў, без свісткоў выбраўся на галоўны пуць. Лынькоў.
2. Які ўзначальвае каго‑, што‑н., старшы па службе. Галоўны інжынер. Галоўны канструктар. Галоўны урач.
•••
Галоўная кватэра гл. кватэра.
Галоўная кніга гл. кніга.
Галоўны сказ гл. сказ.
Галоўны член сказа гл. член.
Галоўным чынам гл. чын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.
1. У працэсе вытворчай аперацыі абрабіць што‑н. Апрацаваць дэталь. □ Са шкурамі было шмат клопату: трэба было зняць іх, крыху апрацаваць, падсушыць. Маўр. // Уздзейнічаць чым‑н. з мэтай надаць патрэбныя якасці, уласцівасці. Апрацаваць што-небудзь кіслатой. // Спец. Ачысціць, дэзінфіцыраваць. Няўпэўненымі рухамі [Саша] апрацавала .. чорную ранку, з дапамогай Анатоля старанна забінтавала. Шамякін. // Разм. Зрабіць артылерыйскі абстрэл або бамбардзіроўку пазіцый непрыяцеля.
2. Падрыхтаваць для пасеву, пасадкі. Адзін толькі «Свецік» Назара Трацюка апрацаваў сёлета.. тысячу восемсот гектараў! Паслядовіч.
3. Надаць чаму‑н. завершаны выгляд; зрабіць больш дасканалым. [Крушынскі і Стэфка] разам меркавалі.., разам апрацавалі праграму. Бядуля. Вось вам верш, які мой сусед апрацаваў, пакуль мы з вамі гутарылі. Крапіва.
4. Разм. Уздзейнічаць на каго‑н. у пажаданым кірунку, схіліць на свой бок. [Платон:] — Не ведаю я, як можна апрацаваць шляхціца, калі ён, можна сказаць, нарадзіўся мужыцкім ворагам. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аддзяле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. аддзяляць — аддзяліць (у 1–3 знач.) і аддзяляцца — аддзяліцца.
2. Адгароджаная частка памяшкання. [Немцы] спыніліся ў першым аддзяленні склада, пераставілі некалькі скрынак, параіліся аб нечым і накіраваліся ў каморку. Пятніцкі. // Адна з частак, на якія падзелена што‑н., прызначанае для захоўвання розных рэчаў, прадметаў. Партфель мае два аддзяленні.
3. Частка прадпрыемства, установы і пад. Машыннае аддзяленне. Хірургічнае аддзяленне. Завочнае аддзяленне універсітэта. // Асобная самастойная ўстанова, арганізацыя і пад. ў сістэме чаго‑н. Паштовае аддзяленне сувязі. Раённае аддзяленне міліцыі.
4. Ніжэйшае вайсковае падраздзяленне, частка ўзвода. Стралковае аддзяленне.
5. Самастойная частка канцэрта, тэатральнай прадстаўлення і пад. Першае аддзяленне канцэрта.
6. У дарэвалюцыйнай пачатковай школе — падраздзяленне вучняў адпаведна году навучання; клас. І вось, пасля гадавога перапынку, я зноў пайшоў у школу. На гэты раз у апошні клас (тады называлася аддзяленне) народнага вучылішча ў мястэчку Узда. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
або́з, ‑у, м.
1. Чарада фурманак, падвод з людзьмі або паклажаю ў дарозе. Ехаць у абозе. □ Гадзіны ў дзве папоўдні цэлы абоз сялянскіх фурманак, наладаваных жыўнасцю, прадуктамі і фуражом, выехаў з вёскі. Колас.
2. Сукупнасць транспартных сродкаў спецыяльнага прызначэння. Пажарны абоз. □ Пачалося наступленне. Па шашы ў напрамку фронту ішлі нашы штабы і абозы з раненымі, абапал, па ўзгорках баявыя часці. Няхай.
•••
Чырвоны абоз — абоз, які арганізоўваўся сялянамі для здачы збожжа па цвёрдых цэнах на дзяржаўныя ссыпныя пункты. Плывуць па шляхах Беларусі Абозы чырвоныя з хлебам. Купала.
Выгнаць (пагнаць) у абоз — прымусіць каго‑н. з яго транспартнымі сродкамі несці службу ў вайсковым абозе. Але аднойчы зранку легіянеры выгналі яго ў абоз. Чорны.
Ехаць (паехаць) у абоз — быць мабілізаваным у вайсковы абоз. Вось чаму зімой і ўлетку Я ў абоз так езджу рэдка. Крапіва.
Цягнуцца (плесціся, адседжвацца) у абозе гл. цягнуцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што. Прыняць, узяць з рук у рукі, у сваё распараджэнне ўсё або частку таго, што здаюць. перадаюць, уручаюць. Папрымаць кнігі ад чытачоў. Папрымаць тэлеграмы.
2. каго. Залічыць у склад чаго‑н. усіх, многіх. Папрымаць выпускнікоў школ на работу. □ [Міхал:] — А сам Лазавы хіба не ведае, як ты працуеш у калгасе, не ведае пра тваю дапамогу партызанам? [Люба:] — Ну, такіх, як я, былі тысячы, хіба ж можна ўсіх у партыю папрымаць? Васілевіч.
3. каго. Дапусціць да сябе для агляду, для размовы па якіх‑н. справах усіх, многіх. Папрымаць хворых. Папрымаць наведвальнікаў.
4. што. Зняць, забраць адкуль‑н. усё, многае. Папрымаць талеркі са стала. Папрымаць табурэткі з сярэдзіны пакоя.
5. што і без дап. Прымаць некаторы час. А пакуль што вось вам рэцэпт, зайдзіце ў аптэку, вазьміце таблеткі і папрымайце перад сном некалькі дзён. Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)