бел. краязнавец, мастак і літограф. Скончыў Строганаўскае вучылішча (1862). З 1864 жыў у Вільні, выкладаў маляванне ў гімназіях. Даследаваў стараж.-рус. і бел. архітэктуру, матэрыяльную культуру і мастацтва. Сабраў унікальную калекцыю прадметаў бел. культуры і побыту. Навукова апісаў і замаляваў Барысаглебскую (Каложскую) царкву ў Гродне, замак у Лідзе, цэрквы-крэпасці ў Сынковічах Зэльвенскага і Мураванцы (Маламажэйкаве) Шчучынскага р-наў і інш. Многія малюнкі сталі ілюстрацыямі да кніг П.М.Бацюшкава («Беларусь і Літва», 1890), І.В.Карчынскага («Старажытная Каложская царква ў імя св. князёў Барыса і Глеба ў г. Гродне», 1908), 3-га т. «Маляўнічай Расіі» (1892) і інш. У Эрмітажы (С.-Пецярбург) захоўваюцца яго літаграфіі (лісты з альбома) «Унутраны від... Прачысценскага сабора ў г. Вільна», «Унутраны від Нікольскай царквы ў г. Вільна», «Выява Лідскага замка 14 ст. і царквы часоў Альгерда ў Вільні» і інш.
Тв.:
О древних церквах Северо-Западного края // Известия о занятиях седьмого археологического съезда в Ярославле 6—20 авг. 1887 г. Ярославль, 1887. № 10;
Коложская Борисоглебская церковь в г. Гродно. Вильна, 1893.
В.Гразноў. Сынковіцкая царква-крэпасць 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКАЕ ПІСЬМО́,
слоўна-складовая сістэма пісьма, якая абслугоўвала старажытнаегіпецкую мову (каля 4-га тыс. да н.э. — 3—4 ст.н.э.). Мела 3 разнавіднасці: іерагліфіка, іератыка і дэмотыка (гл.Дэматычнае пісьмо). Пачатковы этап Е.п. — малюнкавая ідэаграфія (гл.Ідэаграфічнае пісьмо) якая развілася з піктаграфічнага пісьма.
Кожны малюнак абазначаў канкрэтны прадмет, з часам малюнкі сталі набываць пэўную сімволіку (напр., малюнак пчалы стаў абазначаць не толькі пчалу, а і занятак, стараннасць, працавітасць). Большасць іерогліфаў маглі мець гукавое значэнне: абазначалі спалучэнне 2 і больш зычных гукаў або асобны гук (усяго 24). Галосныя гукі ў іерагліфічным Е.п. не абазначаліся. Фанаграмы ў ім пераважалі над ідэаграмамі. Іерогліфаў, што найчасцей ужываліся, было каля 700. Выкарыстанне папірусу і трысняговай палачкі выклікала выпрацоўку курсіву — іератыкі, якая з’яўлялася спрашчэннем іерагліфікі. Абедзве разнавіднасці ўжываліся паралельна каля 3000 гадоў. Іератыкай пісаліся літ., навук. творы, дзелавыя паперы і інш. У 8 ст. да н.э. з іератыкі развіўся новы курсіў — дэмотыка, якая характарызуецца наяўнасцю большай колькасці лігатур і большай курсіўнасцю. Е.п. ўпершыню (1822) дэшыфраваў франц. вучоны Ж.Ф.Шампальён.
Літ.:
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.
М.А.Паўленка.
Да арт.Егіпецкае пісьмо. Узор іератычнага пісьма (зверху); той жа тэкст у іерагліфічнай перадачы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкар. кераміка 15—18 ст., знойдзеная пры археал. раскопках замка і пасада ў г. Заслаўе (Мінскі р-н). Выяўлена каля 2000 цэлых вырабаў і фрагментаў, а таксама рэшткі 11 кафляных печаў 16—17 ст. Паводле тэхналогіі вырабу падзяляецца на групы: гаршковыя кафлі з крыжападобным, цыліндрычным або квадратным вусцем (15—1-я пал. 16 ст.); каробчатыя тэракотавыя, мураўленыя і паліхромныя кафлі (16—18 ст.), якія паводле формы і прызначэння былі сценныя (вонкавыя і вуглавыя), паясныя, карнізныя, а таксама калонкі, медальёны і навершы-каронкі для печаў. Вядома больш за 60 відаў і варыянтаў малюнкаў — геральдычныя, партрэтныя, сюжэтныя, з расл. і геам. арнаментамі, пашыранымі на Беларусі і ў Літве. Для З.к. 16 ст. характэрны рэльефныя малюнкі з партрэтнымі выявамі (падобныя кафлі знойдзены пры раскопках Віленскага і Лагойскага замкаў, Троіцкага прадмесця ў Мінску), з выявамі гербаў тагачасных уладароў Заслаўя магнатаў Глябовічаў, Сапегаў, узброеных коннікаў, грыфонаў, ільвоў.
Літ.:
Заяц Ю.А. Заслаўская кафля. Мн., 1990;
Яго ж. Заславль в эпоху феодализма. Мн., 1995.
Ю.А.Заяц.
Да арт.Заслаўская кафля. Кафлі: злева — з выявай конніка, 17 ст.; з выявай герба Сапегаў, 2-я пал. 17 ст.; справа — вуглавая, канец 16 ст.; карнізная, канец 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛА́НКА»,
заходнебеларускі сатырыка-гумарыстычны ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў Вільні на бел. мове з 15.1.1926 Беларускай сялянска-работніцкай грамадой (БСРГ), у 1927—28 яе паслядоўнікамі. Выходзіў раз у 2 тыдні. Рэдактарамі-выдаўцамі ў розны час былі Я.Касяк, М.Луцэвіч, І.Маразовіч (Я.Маланка). Выступаў у абарону інтарэсаў народа Зах. Беларусі, садзейнічаў фарміраванню яго нац. і паліт. свядомасці, асуджаў палітыку сац. і нац. прыгнёту польскімі ўладамі. Публікаваў маст. творы (вершы, байкі, апавяданні, фельетоны, эпіграмы, гумарэскі, жарты), публіцыстычныя артыкулы, допісы. Змясціў творы Міхася Касцевіча (Васілька), Маразовіча, М.Засіма, У.Паўлюкоўскага (У.Ініцкага), Г.Леўчыка, Макара Касцевіча (Звончыка), Я.Пачопкі (Башкіра), І.Дварчаніна, М.Краўцова, Я.Драздовіча (Народніка), сатыр. вершы Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа і інш. Карыкатуры і гумарыстычныя малюнкі Я.Горыда, Драздовіча, Маразовіча, В.Сідаровіча, М.Васілеўскага вызначаліся высокім прафесіяналізмам, вастрынёй і надзённасцю, паліт. падтэкстам. Асобныя нумары «М.» канфіскаваны, замест іх выйшлі аднадзёнкі «Пякучая маланка», «Новая маланка» (абедзве 1928). Выданне спынена з-за рэпрэсій польскіх улад. Усяго выйшла 43 нумары.
Вокладка часопіса «Маланка» 1927.
Літ.:
Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫЧЭ́ЛІ (Botticelli; сапр.Алесандра ды Марыяна Філіпепі; Alessandro di Mariano Filipepi) Сандра
(каля 1445, Фларэнцыя — 17.5.1510),
італьянскі жывапісец, прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Філіпа Ліпі. Раннія работы вызначаліся яснай прасторавай пабудовай, дакладным малюнкам, увагай да бытавых дэталяў. З канца 1470-х г. быў набліжаны да двара Медычы і гуманістычных колаў Фларэнцыі. Творчасць Батычэлі мае рысы адухоўленасці, арыстакратычнай вытанчанасці. У карцінах «Вясна» (каля 1477—78), «Нараджэнне Венеры» (каля 1483—84) і інш. стварыў паэтычна абагульненыя, гарманічныя вобразы, поўныя светлага летуцення. Далікатнасць фігур, лёгкія трапяткія лінейныя рытмы, празрыстасць фарбаў ствараюць атмасферу элегічнага смутку. У партрэтах з выключнай тонкасцю і вастрынёй раскрыў складаныя нюансы ўнутр. стану чалавека. На яго творчасць значна паўплывалі сац. перамены ў Фларэнцыі ў 1490-я г., што выявілася ў павышаным драматызме і экспрэсіі вобразаў, маралізатарстве і рэліг. экзальтацыі («Святы Себасцьян», 1474; «Пакланенне вешчуноў», 1477; «Паклёп», пасля 1495; «Сцэны з жыцця св. Зіновія», каля 1505; фрэскі «Святы Аўгусцін», 1480; серыя фрэсак з жыцця Майсея і Хрыста ў Сіксцінскай капэле Ватыкана, 1481 — 82; малюнкі да «Боскай камедыі» Дантэ, 1492—97).
Літ.:
Боттичелли: Сб. материалов о творчестве: Пер. с фр., англ., итал. М., 1962;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУЭ́ (Clouet),
сям’я французскіх жывапісцаў эпохі Адраджэння.
Найб. вядомыя: Жан К. Малодшы [празваны Жанэ (Janet); каля 1485—90, вобл. Фландрыя — каля 1540—41], партрэтыст. Вучыўся ў свайго бацькі Жана К. Старэйшага. Прыдворны мастак Францыска I (з 1516). У 1521—25 у г. Тур (Францыя), пазней у Парыжы. Творы вызначаюцца мініяцюрнай дакладнасцю выканання, яркімі і чыстымі тонамі, характарнасцю вобразаў з некаторай аднастайнасцю ўрачыста застылых поз. Прыпісваюць аўтарства партрэтаў Людовіка Клеўскага, графа Неверскага, дафіна Францыска (каля 1519), пані Канапель (каля 1523), герцага К. Гіза (каля 1525), Францыска I (каля 1525—30), Луі дэ Клеў (1530), Францыска I на кані (1540) і інш., строгіх паводле графічнай манеры малюнкаў. Франсуа К. (Жанэ; паміж 1505—10, г. Тур, Францыя — 22.9.1572), сын і вучань Жана К. Малодшага. Зазнаў уплывы Г.Гольбейна Малодшага. З 1540 прыдворны мастак Францыска I і яго пераемнікаў. Працаваў у Парыжы. Рабіў пераважна партрэты, таксама жанравыя кампазіцыі. Творам уласцівы насычанасць каларыту, яскравасць характарыстык, якая спалучаецца з рэпрэзентатыўнасцю. Аўтар партрэта аптэкара П.Кюта (1562), карціны «Жанчына купаецца» (каля 1571); яму прыпісваюць партрэты Генрыха II (1559), Карла IX (1561), карціну «Купанне Дыяны» (каля 1550—60) і інш., партрэтныя малюнкі.
Да арт.Клуэ. Ж.Клуэ Малодшы. Партрэт Людовіка Клеўскага, графа Неверскага.Да арт.Клуэ. Ф.Клуэ. Жанчына купаецца. Каля 1571.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫД (Язэп Міхайлавіч) (27.7.1896, г. Адэса, Украіна — 1.9.1939),
бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1923—25) і Парыжы (1928). Вядучы мастак гумарыстычна-сатыр.зах.-бел.час.«Маланка» (1926—28). Яго палітычна завостраныя карыкатуры былі скіраваны супраць сац. і нац. ўціску ў Зах. Беларусі і Польшчы, а таксама закраналі тэмы міжнар. жыцця. Аформіў паэт.зб. «Вянок» (2-е выд., 1927) М.Багдановіча, «Шум баравы» М.Васілька, «Веснапесні» Хв.Ільяшэвіча (абодва 1929), «Журавінавы цвет» (1937) М.Танка, кн. «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925) А.Грыневіча, «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы, «Беларускія (крывіцкія) казкі» (абедзве 1929), падручнік «Пішы самадзейна» (1929) С.Паўловіча і інш., змяшчаў свае малюнкі ў час. «Родныя гоні» (1927), «Заранка» (1927—31), газ.Бел.сял.-рабочай грамады «Народны звон» (1926). Стварыў серыю гравюр для «Беларускага календара на 1927 год» (серыя «Дванаццаць месяцаў» выкарыстоўвалася і ў інш. календарах канца 1920 — пач. 30-х г.). Аўтар літаграфічных партрэтаў Я.Купалы (1923) і Я.Коласа (1931). Апошнія гады працаваў як партрэтыст (жывапісны партрэт скульптара Р.Яхімовіча), пейзажыст («Віды Вільні і ваколіцаў») і дэкаратар (сграфіта на фасадзе будынка букіністычнай кнігарні ў Вільні).
Літ.:
Ліс А.С. Пякучай маланкі след. Мн., 1981.
А.С.Ліс.
Я.Горыд. Ілюстрацыя да казкі «Змей». 1929.Я.Горыд. Вокладка кн. «Беларускія (крывіцкія) казкі». № 1. 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ФАРФО́РАВЫ ЗАВО́Д.
Створаны ў 1883 у Мінску як з-д кафлянай пліткі. З 1920 кафляны, з 1951 фарфора-фаянсавы, з 1961 фарфоравы з-д, з 1994 сучасная назва. У 1954 уведзены ў дзеянне аддзяленне радыёкерамікі, у 1962 цэх фарфоравага посуду, у 1973 жывапісна-муфельнае аддзяленне. Асн. прадукцыя: фарфоравы посуд, электратэхн. фарфор, радыёкераміка, вогнетрывалыя вырабы, эмалі і грунты. Выпускае маст. фарфоравыя вырабы (каля 170 найменняў), у т. л. кававыя, чайныя, сталовыя сервізы, чайнікі, кубкі, вазы, статуэткі, сувеніры, дэкар. блюды, дзіцячыя наборы і інш. Вырабы аздабляюць ручной размалёўкай, метадам аэраграфіі, штампа, дэколем. Мае маст. лабараторыю. Мастакі В.Леантовіч (гал. мастак), І.Алісевіч, Л.Багданаў, В.Данчук, Г.Ліцвіненка, Л.Малышаў, А.Фядусь распрацоўваюць малюнкі, новыя формы посуду паводле традыцый бел.нар. і прафес.дэкар.-прыкладнога мастацтва. Сярод вырабаў: сервізы «Лянок», «Арнамент», «Павуцінка», «Слуцкі», «Сувенірны», «Сіняя галінка», «Матылёк», «Паўночнае ззянне», «Маладзёжны», «Вішнёвы», «Пяшчотны», «Карычневыя стужкі», «Званочак», «Чорная ружа», «Фантазія», «Няміга», «Кветкі лугавыя», «Бярозка», «Рабінка», «Залацістая мелодыя восені», «Беларускі краявід», «Дзянніца», вазы «Вішнёвая», «Слуцкая», «Каласок», «Чырвоная», «Традыцыя», «Галубка», «Беларуская», «Народная», статуэткі «Зубр», «Бусел», «Знакі Задыяка», электрачайнікі, самавары «Элегантныя».
В.Л.Леантовіч.
Да арт.Мінскі фарфоравы завод. І.Алісевіч. Дэкаратыўны набор ваз «Казіно». 1997.Да арт.Мінскі фарфоравы завод. В.Леантовіч. Сталовы сервіз «Народны». 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАША́РА (Міхась) (Міхаіл Антонавіч; 18.11.1902, хутар Падсосна Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. — 7.6.1976),
бел. пісьменнік. Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Быў інструктарам Бел. сялянска-рабочай грамады, рэдагаваў газ. «Наша воля». Зняволены ў віленскую турму на Лукішках. У 1945—49 працаваў у час. «Полымя», «Настаўніцкай газеце». Друкаваўся з 1927. У Вільні выдаў зб-кі вершаў «Малюнкі» (1928), «На сонечны бераг!» (1934), «Напрадвесні» (1935), «З-пад стрэх саламяных» (1937, канфіскаваны), паэм «Вяселле», «Смерць Кастуся Каліноўскага» (абедзве 1934), «Мамчына горка» (1936), п’есы «Вось тут і зразумей...» (1934), «Чорт з падпечча» (1935), «Лёгкі хлеб» (1936). Асн. пафас творчасці — пратэст супраць сац. і нац. ўціску, вера ў свабодалюбівыя сілы народа. Для творчасці 1920—30-х г. характэрна летуценнасць, маральны максімалізм, чуллівасць. Творы ваен. і пасляваен. гадоў склалі зб-кі «Беларусі» (1944), «Праз навальніцы» (1948), «Урачыстасць» (1952), «Мая азёрная краіна» (1962). Аўтар казак у вершах «Зязюльчыны слёзы» (1961), «Зелянушка і Кракатушка» (1964). У 1960—70-я г. працаваў пераважна як празаік: цыкл раманаў пра вызв. барацьбу ў Зах. Беларусі («Крэсы змагаюцца», 1966; «Сонца за кратамі», 1968; «Лукішкі», 1970; «Ішоў дваццаты год», 1973; «І прыйдзе час...», 1975), у якіх шырока выкарыстаў факты з аўтабіяграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЗАНЕ́ЛА [Pisanello; сапр.Антоніо ды Пуча ды Чэрэта (Antonio di Puccio di Cerreto); да 1395, г. Піза?, Італія — паміж 1450—55],
італьянскі жывапісец, рысавальшчык і медальер. Склаўся пад уплывам познагатычнага веронскага і ламбардскага жывапісу, зазнаў уплывы Стэфана да Вероны і Джэнтыле да Фабрыяна. Працаваў у рэчышчы інтэрнац. готыкі. Творы вызначаюцца вытанчанасцю манеры, дакладнай прапрацоўкай і пластычнай тонкасцю мадэліроўкі элементаў у спалучэнні з фантаст. трактоўкай сюжэтаў. Аўтар фрэсак у Палацы дожаў (паміж 1415—22, з Джэнтыле да Фабрыяна) у Венецыі, цэрквах Сан-Ферма («Дабравешчанне», 1426), Сант-Анастазія («Св. Георгій і прынцэса», паміж 1433—38) у Вероне, у палацы герцага Ганзага ў Мантуі (з 1447); карцін «Уяўленне св. Яўстафія» (1430-я г.), «Св. Іеранім» (пасля 1438), «Мадонна са св. Георгіем і Антоніем абатам» (1440-я г.) і інш. Майстар-партрэтыст; партрэты імператара Багеміі Сігізмунда (1432), візант. імператара Іаана VIII Палеалога (1438), прынцэсы Джынеўры д’Эстэ (пасля 1438), Ліянела д’Эстэ (1441), медалі ў гонар Іаана VIII Палеалога (1438), кандацьера Нікало Пічыніна (каля 1443), Ліянела д’Эстэ (1444), Чэчыліі Ганзага (1447), караля Альфонса Арагонскага (1449) і інш. Адзін з найбуйнейшых еўрап. рысавальшчыкаў: кампазіцыйныя штудыі, натурныя эцюды (партрэты, ню, жывёлы, касцюмы), малюнкі (т. зв. «Альбом Валардзі»).