ІО́РДАНС ((Jordaens) Якаб) (19.5.1593, г. Антверпен, Бельгія — 18.10.1678),

фламандскі жывапісец. Прадстаўнік барока. З 1607 вучыўся ў Антверпене ў А. ван Норта. У творчасці захоўваў сувязі з традыцыямі нідэрл. мастацтва 16 ст., выкарыстоўваў дасягненні М.Караваджа і П.П.Рубенса, з якім супрацоўнічаў у 1620—40. Раннім работам уласцівы выразна простанародны характар вобразаў, шчыльна згрупаваных на пярэднім плане, буйныя выпуклыя формы, асвятленне, якое падкрэслівае яркія колеры («Святая сям’я», каля 1615; «Пакланенне пастухоў», каля 1617; «Алегорыя Плоднасці» («Услаўленне Памоны»), каля 1622]. У 1620—30-х г. адлюстроўваў сялянскія і бюргерскія тыпажы, якія вылучаліся цяжкаважкасцю фігур, сакавітасцю дэталей, рысамі грубаватага жыццярадаснага гумару: «Сатыр у гасцях у селяніна», пач. 1620-х г.; «Псяр і яго зграя», 1635; «Выхаванне Юпітэра», 1635—40; «Бабовы кароль», 1638—40). Познія творы на рэліг. сюжэты — у рамках рэліг. эстэтыкі барока з рысамі бурлівай патэтыкі і маст. перагрувашчанасці («Шэсце на Галгофу» і інш.). Рабіў малюнкі і кардоны для шпалераў («Гісторыя Аляксандра», «Серыя фламандскіх прымавак»).

Літ.:

Морозова С.В. Я. Иорданс. М., 1974.

І.​М.​Каранеўская.

Іорданс Якаб. «Сатыр у гасцях у селяніна».

т. 7, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)