«РУНЬ»,
ілюстраваны літ.-мастацкі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выходзіў з 2.5 да 4.7.1920 у Мінску на бел. мове штотыднёва. Рэдактар Янка Луцэвіч (Я.Купала), выдавец В.Іваноўскі. Выступаў за нац. дзяржаўнасць бел. народа, развіццё яго эканомікі, пашырэнне культуры і асветы на роднай мове. Актыўны ўдзел у выданні часопіса прымалі З.Бядуля, Л.Родзевіч, М.Чарот, мастак Я.Драздовіч. Упершыню апублікаваў цыкл вершаў Я.Купалы «Песні на ваяцкі лад», «Брат і сястра», сцэнічны жарт «Прымакі», арт. «Справа беларускага нацыянальнага гімну», апавяд. М.Багдановіча «Апокрыф», апавяданні, артыкулы, нарысы З.Бядулі, арт. Ф.Аляхновіча «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», сцэнічны абразок «Лес шуміць», нарыс «Тэатр на вёсцы», вершы А.Гаруна, Чарота, К.Буйло, А.Петрашкевіча, І.Піліпава, У.Жылкі. Змясціў даследаванні Я.Карскага («Духоўныя вершы і канты, штучна створаныя», «Беларускі пісьменнік-народнік А.Р.Пшчолка», «Арцём Вярыга-Дарэўскі»), У.Ігнатоўскага («Кароткі гістарычны нарыс Гродзеншчыны»), І.Гердэра («Штукарства мовы і красамоўства», пер. з ням.). Надрукаваў рэцэнзіі на творы М.Гарэцкага, даведкі пра бел. пісьменнікаў, фатаграфіі і малюнкі бел. краявідаў, помнікаў гісторыі і культуры.
У.М.Конан.
т. 13, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)