ПРАХА́НАЎ (Аляксандр Андрэевіч) (н. 26.2.1938, Тбілісі),
рускі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Маскоўскі авіяцыйны ін-т (1960). У 1969—71 карэспандэнт «Литературной газеты». З 1991 гал. рэдактар газ. «Завтра» (да 1993 «День»). У аповесцях «Вясковыя» (1969), «Радуйся», «Іду ў шлях мой», «Палёт вечаровай гусі», «Трактат пра хлеб» (усе 1971) спалучэнне авангарда і архаікі. Заклік да беражлівага стаўлення да прыроды і чалавека ў раманах «Час поўдзень» (1977), «Месца дзеяння» (1979), «Вечны горад» (1981). Раманы «Дрэва ў цэнтры Кабула» (1982), «Малюнкі баталіста» (1986), «Сон пра Кабул» (2000), зб. навел «Трэці тост» (1991) пра ўдзел сав. войск у вайне ў Афганістане. Аўтар раманаў «І вось прыходзіць вецер», «Афрыканіст» (абодва 1984), «Анёл праляцеў» (1991), «Апошні салдат імперыі» (1993), «Чэчэнскі блюз» (1998), «Чырвона-карычневы» (1999), «Якія ідуць уначы» (2001), аповесцей «Адмірал» (1983), «Знак Дзевы» (1990), аповесці-рэпартажу «Расколаты свет» (1983), апавяданняў, артыкулаў і інш. Прозе П. ўласцівы філасафічнасць, дынамізм, экспрэсіўнасць, пафаснасць.
Тв.:
Избранное. М., 1988;
Записки на броне: Роман. Повести. М., 1988;
Шестьсот лет после битвы: Роман. М., 1990;
Бабушкина гора. М., 1992;
Дворец: Роман. М., 1996.
Літ.:
Бондаренко В. Александр Проханов. М., 1992.
т. 13, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)