ПЛІ́НФА (ад грэч. plinthos цагліна),

шырокая і плоская абпаленая цэгла. Вядомая ў Стараж. Рыме. Выкарыстоўвалася ў манум. буд-ве Візантыі, адкуль у 11 ст. трапіла на Беларусь. Найб. характэрна для пабудоў 11—12 ст. Полацкай школы дойлідства і Гродзенскай школы дойлідства. Аздаблялася рэльефнымі знакамі (трызубец, выява асобных літар, пяціканцовая зорка і інш.). Полацкая і віцебская П. мелі клеймы. Рады П. змацоўвалі цамянкай. Была пашырана муроўка «са схаваным радам», у якой чаргаваліся заглыбленыя і высунутыя наперад рады П. Такая муроўка наз. «паласатай», паверхня сцяны мела дэкар. выгляд у выніку чаргавання чырвоных палос П. і бледна-ружовых цамянкі. Часам у муроўцы чаргаваліся рады П. і каменю-вапняку. Для арх. дэталей (пілястраў, лапатак і інш.) выкарыстоўвалі фігурную ці лякальную (трапецападобную, паўкруглую і інш.) П. Выраблялі П. ў спец. формах з драўляным дном. Каб пазначыць сваю прадукцыю, цагельнікі пакідалі на П. знакі, клеймы або меткі; часам трапляюцца малюнкі ці надпісы. Абпальвалі П. ў спец. печах з цэглы. У 2-й пал. 13 ст. замест П. ў бел. дойлідстве выкарыстоўвалі буйнапамерную брусковую цэглу.

А.​А.​Трусаў.

Плінфа 12 ст. са знакамі (злева) і клеймамі.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)