БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т (БДУ). Засн. ў 1921 у Мінску паводле пастановы ЦВКБССР. У стварэнні БДУ удзельнічалі акадэмік Я.Ф.Карскі, прафесары В.П.Волгін, Л.С.Мінор, У.І.Пічэта (1-ы рэктар БДУ), Дз.М.Пранішнікаў, Ф.Ф.Турук, А.Ф.Фартунатаў, К.А.Ціміразеў і інш. Сярод першых выкладчыкаў бел. вучоныя Я.І.Барычэўскі, Ц.М.Годнеў, М.В.Доўнар-Запольскі, К.М.Міцкевіч (Я.Колас), М.М.Нікольскі, У.М.Перцаў, А.Смоліч, М.М.Шчакаціхін, М.А.Янчук і інш. Для работы ў БДУ таксама запрошаны вучоныя з Масквы, Петраграда, Кіева і інш.; навук.л-ра паступіла з АН РСФСР, Рас. кніжнай палаты, Кіеўскага, Маскоўскага і Петраградскага ун-таў; перададзены б-кі Карскага, Янчука і інш. У 1928—31 пабудаваны універсітэцкі гарадок. На базе асобных ф-таў БДУ у Мінску адкрыты ін-ты: мед., пед., юрыд., нар. гаспадаркі, шэраг галіновых ВНУ, якія ў 1933 аб’яднаны ў Бел.політэхн.ін-т. У гады Вял.Айч. вайны навуч.-матэрыяльная база ун-та знішчана. Заняткі аднавіліся ў 1943 на ст. Сходня (пад Масквой), з вер. 1944 — у Мінску.
У 1995/96 навуч.г. ф-ты: біял., геагр., гіст., журналістыкі, механіка-матэм., прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і электронікі, фіз., філал., філас.-эканам., хім., юрыд., міжнар. адносін, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, падрыхтоўчы для замежных грамадзян, павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў ВНУ, павышэння кваліфікацыі па прыкладной матэматыцы і ЭВМ, спецыяльны ф-т бізнесу і інфарм. Тэхналогій; 14,4 тыс. студэнтаў, на 121 кафедры 1410 выкладчыкаў, у т. л. 190 прафесараў і д-роў навук, больш за 800 дацэнтаў і канд.навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1927, дактарантура з 1988. Мае 3 НДІ, друкарню, выд-ва, інфарм.-вылічальны і навук.-інж. цэнтры, Бібліятэку фундаментальную БДУ, 3 музеі, навуч.-доследную гаспадарку «Шчомысліца», біял. станцыю «Нарач», навуч.-вытв.геагр. базу «Заходняя Бярэзіна». Выдае шматтыражную газ. «Беларускі універсітэт» (з 1923), навук.час. «Веснік БДУ» (з 1969, у 4 серыях).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Гаплі́к ’кручок (у адзежы)’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк., Шатал.). Ст.-бел.гапликъ ’засцежка’ (гл. Булыка, Запазыч., 79). Зыходным для бел. (ст.-бел.) слова з’яўляецца, паводле Булыкі (там жа), Рудніцкага (563), ст.-польск.heftlik < ням.Heftel. Але пры такім тлумачэнні няяснай застаецца форма бел. слова (у прыватнасці, а замест е). Гэта а ёсць і ў іншых мовах: укр.гапли́к ’тс’ (з XVI ст., гл. Цімчанка, I, 508, які прыводзіць зыходнае ням.Haftel), рус.дыял.га́плик, гаплю́к ’кручок на вудачцы’ (якое Фасмер, 1, 392, правільна тлумачыць з зыходнага ням.Haftel, Heftel праз польск.heftlik). Вытворным ад гаплі́к з’яўляецца зафіксаванае ў Бяльк.гаплі́чка ’драцяная пяцелька’. Форма гаплю́к ’гаплік’ (Бяльк., Сцяц. Словаўтв., Сцяшк. МГ), якая сустракаецца (Бяльк.) і са значэннем ’малы чалавек’ (гэта — бясспрэчная метафара: ’кручок’ — ’малы чалавек’), узнікла адаптацыяй да вядомага ў слав. мовах суфікса ‑юк. Неверагодным было тлумачэнне Карскага (гл. Сцяц. Нар., 124): гаплю́к запазычана з цюрк. моў (відаць, на падставе, як мяркуе Сцяцко, там жа, ацэнкі элемента ‑юк у якасці цюркскага).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Не́цікі (нецеки) ’нечаканасць’: «Въ нецекахъ спужався. Ты усе нецёками подходзишъь (Нас.), нёцёкомъ ’нечакана, неспадзявана’ (там жа). Меркаванне пра зыходнае *нецівак < *ne‑сеи‑ък ’беспамяцтва’ (ад *čbvati, tujo, паводле Мяркулавай, Этимология–1977, 91), гл. знецікі, здаецца недастаткова пераканальным, параўн. думку Карскага (2–3, 69–70) пра адсутнасць формы на ‑къ, якая дала б магчымасць вытлумачыць віц.з(с) нетцийку ’ненарокам’. Можна параўнаць з польск.wnet, wnetki, у XVI ст. hnet, hnetki ’хутка, раптоўна’, якое Брукнер (627) выводзіць праз чэш.hnet з *inbgbdъ, гл. таксама Махэк₂, 213. Не выключана таксама мясцовае ўтварэнне ад цік ’памяць’ (параўн. слонім.na cik ’на памяць’: tabie na cik nie prychodzićАрх. Федар.), што добра ўзгадняецца з іншымі падобнымі ўтварэннямі са значэннем ’бяспамяцтва’ тыпу нячывіль (гл.), рус.нецевенье і інш. (параўн. Мяркулава, Этимология–1977, 90); тады зыходная форма была б + нецік або4*неціка. Відаць, не маюць да разгледжаных слоў непасрэдных адносін балг.нетеки/нетики ’ніж, чым’, пра якія пісала Ажахоўска (Prace Lingwistyczne, 32, 247–2 53: < тикъ/тикʼе ’толькі’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́дле1 ’каля; побач’ (Нас., Бяльк.); ст.-бел.по́дле ’каля, пры; з, за, блізка да’, падрабязна пра семантыку і ўжыванне гл. Булахаў, Веснік БДУ, 1973, 61; Груца, БЛ, 10, 64–70. Укр., рус.по́дле ’каля; побач’, польск.podle ’тс’, чэш.podle ’побач, уздоўж’, н.-луж.pódla ’каля, побач’ (пры pódlan ’сусед’), в.-луж.pódla ’тс’. З прасл.*podьlja або *podьlě < *dьlja ’даўжыня’, параўн. польск.podług ’паводле’ ад długi ’доўгі’ (Фасмер, 3, 297; Копечны, ESSJ, 1, 192).
По́дле2, подлі ’паводле; мяркуючы па’ (Нас., Бяльк.); ст.-бел.подле ’па, згодна з, адпаведна з, на падставе чаго-небудзь; у залежнасці ад’, чэш.podle ’тс’, славац.podľa ’па, паводле’. Звычайна разглядаецца як далейшае развіццё семантыкі ад подле ’каля, побач’. Параўн. яшчэ англ.along ’уздоўж, па’ > ’паводле, згодна з’ < long ’доўгі, працяглы’. Аднак, паводле Карскага (1, 352), подля (подлѥ, подлѣ) < *по для, апошняе з дзеля (дѣлꙗ) ’для, дзеля’ (гл. таксама Чарных, 2, 49), параўн. того для ў грамаце Вітаўта XV ст.: того для церковь оскудела.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ра́таваць (ра́товаць) ’ваяваць за нешта; шумець, буйстваваць’ (Нас.). Параўн. рус.ра́товать ’змагацца, адстойваць’, дыял. ’біцца’, серб.ра̏товати ’ваяваць’. Да раць (гл.).
Ратава́ць ’пазбаўляць ад небяспекі, пагрозы, гібелі; берагчы’ (ТСБМ, Касп., Шат., Стан., Сл. ПЗБ), ратава́ць, рытыва́ць, рютува́ць, рятува́ть ’тс’ (Бяльк.), ратава́ць (rataváć) ’дапамагаць’ (Варл., Сл. ПЗБ), ратова́ць, рэтова́ць ’даваць паратунак’ (ТС), ретова́ць ’спяшацца дапамагчы ў бядзе’ (Нас.), ст.-бел.ретовати, ратовати ’тс’. Запазычана праз польск.ratować з ням.retten ’тс’, фанетычна і марфалагічна адаптаванае яшчэ ў сярэдне-польскі перыяд (Нававейскі, Zapożyczenia, 83). Формы з каранёвым ‑е‑ (‑э‑), упершыню зафіксаваныя ў 1514 г. (паводле Карскага, 1, 107: “е на месте а не после мягкого согласного”), больш набліжаныя да зыходнай нямецкай формы, што не выключае прамога запазычання. Ад ретовати магчыма развіццё рус.рято́вать з яканнем, што Фасмер (3, 447) вызначае, як “гіперграматычнае я”. Гл. таксама Булыка, Лекс. запазыч., 41. Сюды ж, відаць, смал.рята́ ’дапамога, ратаванне’ (Дабр., Этн., 4), што суадносіцца з польск.rata!, raty! ’крык дапамогі’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трэ́йці ‘трэці’ (Байк. і Некр., Федар. 4, Пятк. 2, ТС, Янк. 2; зэльв., Нар. словатв.; беласт., Сл. ПЗБ; ганц., Ск. нар. мовы), трэ́йцяя нядзеля ‘сход месяца, яго 3‑я квадра’ (стаўб., З нар. сл.); трэ́йціе пе́ўні ‘пара сутак’ (Сержп. Грам.), сюды ж трэйця́к, трэйця́ка ‘трацяк, цялушка трэцяга году’ (Мат. Гом., Скарбы, Кліх), трэйтя́к ‘3‑гадовае жарабя’ (пруж., Зн., дыс.); на трэйцяк ‘трэцяя частка ўраджаю’ (ТС), трэйця́к ‘трэці пастух’ (там жа). Паводле Карскага (1, 354), з *трецʼцʼи, параўн. тре́цьцій ‘трэці’ (Бяльк.), як айца < а́сса (гл. айцец). Станкевіч (Язык, 237) лічыць падваенне (падаўжэнне) гукаў у прыметніках і парадкавых лічэбніках нерэгулярным і прапануе тлумачыць з’яўленне й паміж а, о, е і зубнымі вядомымі ў народнай мове выпадкамі тыпу войстры, гайсаць і пад. (Станкевіч, Зб. тв., 2, 35). Цвяткоў (Запіскі, 78) бачыць аналогію ў польск.miejsce (*mieśće > *mieśśće з распадабненнем і зацвярдзеннем ś пад уплывам c). Параўн., аднак, ст.-бел.третье ‘трэцім разам’ (ГСБМ) адпаведна ст.-слав.третиѥ, третиѥѥ ‘тс’ (ESJSt, 16, 978), што дало форму з падваеннем. Да тры, трэ́йка (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ПАЎНО́ЧНЫ ЛЕДАВІ́ТЫ АКІЯ́Н,
найменшы па плошчы акіян на Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і, паміж Еўразіяй і Паўн. Амерыкай. Пл. з морамі 14,75 млн.км², аб’ём вады 18,1 млн.км². Сярэдняя глыб. 1225 м, найб. 5527 м (паўн.-ўсх.ч. Грэнландскага м.). Падводнымі парогамі адасоблены ад Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Умоўная мяжа з Атлантычным ак. праходзіць па ўсх. уваходзе ў Гудзонаў прал., па паўд. мяжы Грэнландскага і Нарвежскага мораў; з Ціхім ак. — па паралелі м. Унікын (Чукоцкі п-аў) да перасячэння з берагам п-ва Сьюард (Аляска). У мінулым акіян называлі Паўн. Палярным і Паўн. Ледавітым морамі. Сучасную назву дало ў 1845 Лонданскае геагр.т-ва.
Берагавая лінія моцна парэзана, утварае шмат мораў і заліваў. Да бас. П.Л.а. належаць моры: Грэнландскае, Нарвежскае, Баранцава, Белае, берагі якіх высокія, скалістыя, фіёрдавыя, на У абразіўныя з невял. залівамі; Карскае. Лапцевых, Усх.-Сібірскае, Чукоцкае, Бофарта — іх берагі пераважна складаныя, дэльтавыя, роўныя, месцамі лагунныя; Бафіна, Лінкальна, Гудзонаў заліў (Канадскі бас.), берагі якіх пераважна роўныя, нізкія, месцамі скалістыя, з марскімі тэрасамі (пра моры і залівы гл. адпаведныя арт.).
Астравы пераважна мацерыковага паходжання: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Шпіцберген, Франца-Іосіфа Зямля, Новая Зямля, Паўночная Зямля, Урангеля востраў, Новасібірскія астравы, Калгуеў, Вайгач і інш. агульнай пл. 4 млн.км².
Для рэльефу дна характэрна шырокая зона падводных мацерыковых ускраін. Яна займае 74,6% плошчы дна, шэльф — 50,3%, кантынентальны схіл — 18,4% і падножжа — 5,9%. Шыр. найбуйнейшага Арктычнага шэльфа Еўразіі (глыб. да 500 м) ад 450—800 км (Лапцева-Чукоцкі шэльф) да 1200 км (Баранцава-Карскі шэльф). У Грэнландска-Амерыканскім сектары, Нарвежска-Грэнландскім і Бафінавым басейнах шэльфы адносна вузкія, ад 50—100 да 300 км. Баранцава-Карскі шэльф абрываецца да глыбакаводных басейнаў кантынентальнымі схіламі з найб. перападам глыбінь (да 2500 м). Кантынентальны схіл на Пн ад Новасібірскіх а-воў выражаны ў выглядзе шырокай пакатай ступені, каля Нарвегіі мае шырокае ўскраіннае плато (аваншэльф) Вёрынг. Ад Атлантычнага ак. ў П.Л.а. зігзагападобна цягнецца Сярэдзінна-Арктычны хр., які разломамі падзяляецца на хр. Кольбейнсей, Мона, Кніповіча і Гакеля. Агульная даўж. хрыбта каля 4500 км, шырыня некалькі соцень км, адносная выш. 1—3,5 км. Па абодвух яго баках знаходзяцца глыбакаводныя Грэнландская, Нарвежская і Лафатэнская (глыб. 2200—3500 м) катлавіны Нарвежска-Грэнландскага бас. і катлавіны Амундсена і Нансена (3500—4500 м) Еўразійскага суббасейна. Амеразійскі суббасейн уключае трансарктычную сістэму дадатных і адмоўных морфаструктур рознага паходжання: парог Ламаносава (400—1500 м), пласкагор’е Мендзялеева—Альфа і Чукоцкае падняцце (300—1000 м), катлавіны Макарава (2500—3000 м) і шырокую Канадскую (3200—3800 м) і інш. У межах акіяна вылучаюцца платформавыя блокі, складкаватыя зоны і акіянічныя структуры. Пліты стараж. платформ утвараюць паўн.-ўсх.ч. Баранцава-Карскага і Лапцева-Чукоцкага шэльфаў. У межах шэльфаў развіта зямная кара кантынентальнага тыпу магутнасцю да 40 км. У асобных частках «гранітны» слой адсутнічае і рэзка павялічваецца магутнасць асадкавага чахла. Парог Ламаносава, Чукоцкае падняцце і зоны кантынентальнага схілу маюць субкантынентальную зямную кару магутнасцю 20—25 км. Еўразійскаму суббасейну, Нарвежска-Грэнландскаму бас. і Канадскай катлавіне ўласціва субакіянічная і акіянічная зямная кара (5—15 км) з базітавым фундаментам. Найб.стараж. ўчастак акіяна — Канадская катлавіна, пачатак утварэння якой адносяць да позняй юры — пач. мелу.
Донныя адклады П.Л.а. пераважна тэрыгеннага паходжання. На шэльфах алеўрытавыя, радзей гліністыя ілы, у глыбакаводных басейнах на хрыбтах пясчаныя, у катлавінах гліністыя ілы. Каля кантынентальных падножжаў пашыраны турбідыты. Карысныя выкапні: нафта і газ — у буйных нафтагазаносных басейнах на мацерыковым абрамленні акіяна, якія працягваюцца і на яго шэльфы (Зах.-Сібірскі, Пячорскі, Нарвежска-Грэнландскі бас., Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн, Свердруп); газагідраты ў м. Бофарта; россыпы касітэрыту на ўзбярэжжах мораў Лапцевых, Усх.-Сібірскага і Чукоцкага; на металаносныя ілы і поліметалічныя гідратэрмальныя радовішчы масіўных сульфідаў перспектыўныя рыфтавыя цясніны Сярэдзінна-Арктычнага хрыбта.
Клімат арктычны. Асн. яго рысы фарміруюцца пад уплывам размяшчэння акіяна ў высокіх шыротах, пастаяннага ледавіковага покрыва, паступлення паветраных мас і вод з Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Сярэднегадавы радыяцыйны баланс адмоўны, страты цяпла 85—125 МДж/м². Т-ра паветра ў студз. ў цэнтр.ч. да -36 °C, каля берагоў Нарвегіі -4 °C, у ліп. 1—6 °C. Ападкаў за год адпаведна 75—200 мм і да 1000 мм у Нарвежскім м., звычайна ў выглядзе снегу. Антыцыклоны пануюць над Грэнландыяй і ўсх. сектарам П.Л.а., зімой пашыраюцца на ўсю тэрыторыю. Цыклоны круглы год пранікаюць з Атлантыкі, найб. частыя і глыбокія ў зах.ч. акіяна.
Гідралагічны рэжым. Гал. яго асаблівасць — ільды, якія зімой займаюць каля 90% плошчы акіяна (акрамя Пд Баранцава м.) і захоўваюцца некалькі гадоў (пак 3—5 м таўшчыні). Іх аб’ём каля 26 тыс.км³. Для Бафінава і Грэнландскага мораў характэрны айсбергі. На працягу некалькіх гадоў дрэйфуюць т.зв. ледзяныя астравы (таўшчынёй 30—35 м), якія выкарыстоўваюць для базіравання дрэйфуючых станцый. Сярэдняя скорасць дрэйфу лёду 7 км/сут, макс. — 100 км/сут. У П.Л.а. вылучаецца шырокая антыцыкланальная цыркуляцыя вод у Амеразійскім суббасейне і цыкланальная — у Нарвежска-Грэнландскім бас. Абодва кругавароты падзяляюцца Трансарктычным цячэннем (скорасць 3,7 км/сут), яго працяг — Усх.-Грэнландскае цячэнне (20—30 км/сут) выносіць 2/3 сцёку вады з Арктычнага басейна. Цёплыя воды з Атлантычнага ак. прыносяцца Нарвежскім цячэннем, Шпіцбергенскім і Нардкапскім цячэннямі. Праз Берынгаў прал. паступае вады ў 3—4 разы меней. П.Л.а. моцна апрасняецца рэкамі, якія прыносяць штогод больш за 5 тыс.км³ вады. Т-ра паверхневых вод летам -1,4 °C, зімой -1,7 °C, т-ра лёду -10 °C. Салёнасць паверхневых арктычных вод каля 30‰, макс. прыдонных 34,9‰. Шчыльнасць арктычных вод найб. 1026,17 кг/м³. Прылівы няправільныя паўсутачныя (1 м), макс. прыліў у Мязенскай губе Белага м. — 9 м.
Флора і фауна прадстаўлены арктычнымі і атл. формамі. Фітапланктону 200 відаў, пераважаюць дыятамеі. Фітабентас прадстаўлены ламінарыяй, анфельцыяй, фукусавымі, у Белым м. — заасцерай. Заабентасу каля 200 відаў (Нарвежска-Грэнландскі бас. і Баранцава-Карскі шэльф), кіты (паласацік і грэнландскі), млекакормячыя крыяфілы (белы мядзведзь, морж, цюлень) і інш. Рыб 150 відаў, прамысловыя: селядзец, траска, пікша, сайда, мойва і інш. Летам на астравах «птушыныя кірмашы»; гагары, тупікі і інш.
Гаспадарчае выкарыстанне. Моры Нарвежска-Грэнландскага бас., Баранцава-Карскага шэльфа і м. Бафіна — раёны рыбалоўства (мойва, мерланг, путасу, траска, марскі акунь, сайда, селядзец), промыслу грэнландскага цюленя, цюленя-лысуна, бялухі і інш. У Белым м. — водараслевы промысел. На ўзбярэжжах некаторых сібірскіх мораў распрацоўваюцца прыбярэжна-марскія касітэрытавыя і залатаносныя россыпы; у Канадскім Арктычным архіпелагу — свінцова-цынкавыя і жалезныя руды; на скандынаўскім узбярэжжы — храміты, нікелевыя, жалезныя і інш. руды; каля берагоў Грэнландыі — малібдэнавыя руды; у м. Бофарта — газанафтавае радовішча Прадха-Бей. Эксплуатуюцца і інш. газанафтавыя радовішчы. На архіпелагу Шпіцберген здабываецца каменны вугаль. Транспартныя шляхі: у Расіі па Паўночным марскім шляху (2—3 летнія месяцы), у ЗША і Канадзе па Паўночна-Заходнім праходзе (пралівы Канадскага Арктычнага архіпелага). Суднаходныя лініі на Грэнландыю, Ісландыю, Пн Скандынавіі і Шпіцберген у летні перыяд не залежаць ад лядовых умоў. Гал. парты: Мурманск (незамярзаючы), Кандалакша, Беламорск, Архангельск, Дыксан, Тыксі, Певек (Расія), Чэрчыл (Канада), Тромсё і Тронхейм (Нарвегія).
Літ.:
Богданов Ю.А., Каплин П.А., Николаев С.Д. Происхождение и развитие океана. М., 1978;
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ФЛЯ (ням. Kachel),
керамічныя пліткі для абліцоўкі печаў, камінаў, сцен у памяшканнях. З адваротнага боку маюць выгляд адкрытай скрынкі (румпы) для замацавання ў муроўцы. З пярэдняга (вонкавага) боку бываюць гладкія, рэльефныя, пакрытыя белай або каляровай глазурай (маёлікавая К.), а таксама неглазураваныя (тэракотавыя); паводле формы — плоскія, вуглавыя, карнізныя. Вырабляюцца з сярэднепластычных ганчарных мергелістых і фаянсавых глін у драўляных формах ці ўручную. Сфармаваную К. высушваюць, потым абпальваюць у печах пры т-ры да 1150 °C. К. часта няправільна называюць пліткі дэкаратыўныя без румпы на тыльным баку.
К. была вядома ў Егіпце і Асірыі э 1-га тыс. да н. э., пазней у Кітаі, Стараж. Грэцыі і Рыме, Іране, з 8 ст. ў многіх краінах Еўропы, з 10—11 ст. у Кіеўскай Русі (Дзесяцінная царква ў Кіеве). У еўрап. краінах пашырылася ў 16—17 ст. У Германіі, Галандыі, Швейцарыі выкарыстоўвалі пераважна белую К. з сінім малюнкам, напачатку арнаментальным, пазней з выяўл. матывамі. У Расіі вядома з 16 ст.
На Беларусі выраб К. пашыраны з 14 ст. Першапачаткова яе выраблялі рамеснікі-ганчары, з 18 ст. кафлярства вылучылася ў асобную галіну прам-сці. У 14—16 ст. выраблялі гаршковыя К. з вусцямі рознай канфігурацыі, дно зрэдку дэкарыравалі. З 15 ст. пачалі вырабляць каробчатую К., для якой характэрны высокая рамка і круглая румпа, прымацаваная да квадратнай пласціны; больш познія К. рабілі з невысокай прамавугольнай румпай і вял. квадратнай або прамавугольнай пласцінай. Яе звычайна аздаблялі геам. узорам, а таксама выявамі раслін, жывёл, сюжэтнымі кампазіцыямі на быт., гіст. і рэліг. тэмы. У канцы 16—1-й пал. 17 ст.бел. кафлярства дасягнула найб. росквіту. Маст. якасцямі вызначалася паліхромная К., пакрытая белай, жоўтай, светла- і цёмна-зялёнай, блакітнай, цёмна-сіняй, карычневай палівай. У яе аздабленні (асабліва ў 17 — пач. 18 ст.) пераважала расл. і геральдычная тэматыка, часам з надпісамі на лацінцы або кірыліцы, пазначэннем года вырабу. З 2-й пал. 17 ст. К. выраблялі ў т. зв. дывановым стылі, дзе кожная асобная К. складала частку агульнага малюнка паверхні печы. Бел. кафлярства 17 ст значна паўплывала на развіццё вытв-сці К. ў Рус. дзяржаве, дзе працавалі бел. майстры з Копысі, Мсціслава, Дуброўны, Віцебска і інш. гарадоў, у т. л. Петр Заборскі і Сцяпан Палубес (іх вырабамі аздоблены Церамны палац Крамля, Круціцкі церам, царква Георгія Неакесарыйскага ў Маскве, Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра на Істры і інш.). У 18 ст. памеры К. павялічыліся, мадэліроўка рэльефаў ускладнілася. У аздабленні печаў і камінаў, якія рабілі ў выглядзе ярусных цыліндраў, абеліскаў і інш. на багата дэкарыраваных цокалях, выкарыстоўвалі вял. К.-ўстаўкі з гарэльефнымі выявамі раслін, жывёл, чалавека. Шырока выкарыстоўваліся гладкія, размаляваныя кобальтам К., т. зв. галандскія, у размалёўцы якіх пераважалі адлюстраванні гіст., батальных, жанравых сцэн, пейзажаў, кніжных ілюстрацый, абразоў. К. канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных, паліхромных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў і інш.). У той час на Беларусі працавалі кафельныя заводы ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Івянцы, Копысі, Мінску, Магілёве, Навагрудку і інш.
Паліваную К. вырабляе кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў. Гл. таксама Віцебская кафля, Гродзенская кафля, Заслаўская кафля, Зэльвенская кафля, Копыская кафля, Магілёўская кафля, Мірская кафля, Мсціслаўская кафля.
Літ.:
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;
Трусаў А.А., Угрыновіч У.В. Беларуская паліхромная кафля // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі 1983. № 4;
Беларуская кафля. Мн., 1989.
А.А.Трусаў, У.В.Угрыновіч.
Да арт.Кафля. Фрагмент печы ў будынку бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага ў Гродне. Пач. 20 ст.Мінская кафля (медальён). Пач. 20 ст.Кафля. Самарканд. 1340-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
-на́ццаць, частка складаных лічэбнікаў: адзіна́ццаць, двана́ццаць і пад., часам выступае ў форме ‑на́нцаць: адзіна́нцаць, петна́нцаць (ДАБМ), двана́нцаць (ТС) і інш. Паводле Карскага (2–3, 95), у ст.-бел. мове ужывалася самастойна ў спалучэнні з парадкавымі лічэбнікамі, якія абазначалі адзінкі: первый надцать (Статут 1529 г.), четверътое надъцать (Статут 1588 г.) побач з дванадъцатоє, шеснадъцатоє і г. д. Сустракаюцца і больш архаічныя формы: четверѕтого надесѧть (Тайна тайных XVI ст.), якія адлюстроўваюць зыходнае спалучэнне на десѧте (прасл.na desęte, параўн. dъva na desęte ’20’), гл. дзесяць. Формы з ‑нанцаць тлумачацца па-рознаму. Карскі (2–3, 93) лічыць, што н перад ц з’явілася пад уплывам «узмоцненага вымаўлення» н у ‑на‑ з ‑нна‑ ў лічэбніку адзінаццаць і па аналогіі ў іншых лічэбніках. Сабалеўскі супастаўляе беларускія формы з балгарскімі тыпу пендесет, девендесет і дапускае, што ў гэтых выпадках мела месца дысіміляцыя зубнога зычнага т (д) (ЖМНП, 314, 10, 64). Такой жа думкі прытрымліваліся Эндзелін (РФВ, 13, 113), Чарнышоў (Сб. Милетич. София, 1933, 196–198), адносна балгарскага матэрыялу Мірчаў (Неврокопският говор. София, 1936, 13–14). Іншыя версіі і меркаванні гл. Будэ, Изв. ОРЯС, 3, 3–4, 930–932; Чабярук, Лічэбнік, 37–38.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аві́н ’будынак для сушкі снапоў’ (ДАБМ, Касп.), авин, аввинь (Лысенка, СПГ) ’тс’, овин ’будоўля для захоўвання і малацьбы снапоў’ (Мат. Смал.), ovinʼ ’будынак для сушэння збожжа (паўд.-бел.)’ (Смул.). Рус.овин, укр.овин, ст.-рус.овинъ. Нельга гаварыць пра генетычныя суадносіны з літ.jáuja ’амбар’, лат.jauja ’гумно’, ст.-іран.yəvīn ’збожжавае поле’, бо літ.jáuja суадносіцца з javai ’збожжа’, ст.-іран.yəvīn з yava‑ ’тс’. Генетычна тоеснай назвы збожжа славянскія мовы не ведаюць: гл. Брукнер, KZ, 45, 307. Арэал слова авін абмежаваны (толькі частка ўсходнеславянскіх дыялектаў). Даводзіцца меркаваць аб запазычанні: авін < ст.-іран.yəvīn. Геаграфія гэтага слова гаворыць таксама ў карысць іранскай крыніцы. Слова пашырылася з тэрыторыі на ўсход ад сярэдняга цячэння Дняпра, дзе, як вядома, існаваў іранскі субстрат. У карысць генетычнай сувязі авін з пералічанымі балтыйскімі і іранскімі словамі выказваюцца Бернекер, 455; Траўтман, 107; Мюленбах-Эндзелін, 2, 97; Фрэнкель, 192; Майргофер, 3, 10. Думка Ільінскага, РФВ, 74, 136; Slavia, 262, пра непасрэдную генетычную сувязь авін з і.-е.au̯ (au̯es? — параўн. Покарны, 86) ’грэць’ неверагодная, ён, аднак, справядліва аспрэчвае думку Карскага, Белорусы, 133, аб цюркскім паходжанні слова і лічыць, што цюркскае слова (тат.avyn) мае рускае паходжанне. Таксама Фасмер, 3, 114.