Прыты́ка1 ’выструганая жэрдка, якая ўтыкаецца ў дно вадаёма для замацавання на ёй сеткі, нерата і пад., прывязвання лодкі’ (ТСБМ, Касп., Янк. 1; полац., З нар. сл.; ПСл), ’калок, якім прытыкаюць пласты сена ў капе або ў стозе, каб не зрывала ветрам’ (ТС), ’тонкі шост пры падхватніку’ (Янк. 1), прыты́чка ’калок’ (Байк. і Некр.). Да тыкаць (гл.).

Прыты́ка2, прыты́чка, мн. л. прыты́кі, прыты́чкі ’дакор; папрокі, упікі’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Яруш., Касп.), ба́ба‑прыты́ка ’пра мужчыну, які ўмешваецца ў чужыя справы і размовы’ (Растарг.). Да прытыка́ць2 (гл.), аддзеяслоўны назоўнік з ‑а асновай. Меркаванні пра калькаванне літ. priẽkaištas ’дакор, папрок’ пры літ. káišioti, kìšti ’тыкаць’ (Чэкман, Baltistica, 8, 2, 152–153) не пераконваюць.

*Прыты́ка3 ’?’: “Нанімала чачотачка скочну музыку, // Нанімала невялічка капэлю ўсю: // Верабейка — на скрыпіцы, // Салавейка — на прытыцы” (ашм., Ант.). Значэнне невядомае, але не выключана, што гэта прытыка1 (гл.). У такім выпадку да тыкаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́далажэрдка або некалькі жэрдак у куратніку, на якія ноччу садзяцца куры; курасадня’ (ТСБМ, Касп., ЛА, 1), се́дало ‘тс’ (Пятк. 2., ТС, Сл. Брэс.), се́дла ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), се́дала ‘сядзенне ў прасніцы’ (гарад., Сл. ПЗБ), се́дало ‘дэталь калаўрота’ (Сл. ПЗБ), ‘месца, дзе чалавек часта бывае’ (Сл. Брэс.), ‘месца адпачынку’ (ТС). Укр. сі́дало, рус. зах. і паўдн. се́дало і седа́ло, ст.-рус. сѣдало, чэш. sedadlo, в.-луж. sedźadlo, серб.-харв. сје̏дало ‘сядзенне’, дыял. sedàlu ‘сядзенне ў кроснаў’, славен. sedálo, балг. седа́ло, макед. седало ‘сядзенне’. Ад *sědati, ітэратыва дзеяслова sěděti ‘сядзець’ з суф. ‑dlo; гл. Махэк₂ 539. Паводле Слаўскага (SP, 1, 113), гэта ўтварэнні ўжо асобных славянскіх моў. Аднак Трубачоў (Ремесл. терм., 134) лічыць, што прынамсі як назва ткацкай лаўкі гэта слова праславянскае, паколькі мае адпаведнікі ў літ. sédeklė, лат. sēdekle ‘сядзенне ў кроснаў’ і лац. sediculum ‘сядзенне’. Варбат (Морфон., 213) таксама разглядае слова як праславянскае *sědadlo.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́ска ‘тонкі кавалак дрэва, адчасаны ад бервяна, палена; шчэпка’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сержп. Прык., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., ТС, Сцяшк., Др.-Падб., Растарг.), трі́ска ‘тс’ (кам., Бес., Горбач, Зах.-пол. гов.; Сл. Брэс.), tryèska ‘тс’ (Федар. 4), ст.-бел. треска ‘тс’, ‘стрэмка’, ‘парушынка’ (ГСБМ). Укр. трі́ска, трі́сочок ‘тс’, рус. тре́ска, треска́ старое ‘жэрдка, шост, палка’, новае ‘трэска, лучына для рашэцін пад тынк’, пск. тре́ска, мн. л. тре́ски ‘шчэпка, дранка’, ‘драўляныя асколкі’; польск. trzaska ‘трэска’, ‘стружка’, н.-луж. tśĕska, в.-луж. třĕska, чэш. tříska, славац. tríeska ‘тс’, ‘стрэмка’, славен. tréska, tŕska і trskà, харв. trijèska, чак. trîska, серб. тре̏ска, тре́ска ‘трэска; габлюшка’, балг. треска̀ ‘тс’, макед. треска, дыял. тра́ската ‘трэска, падпалка’, рус.- ц.-слав. трѣска. Прасл. *trěska ‘трэска’, ‘пацяруха’ (Сной₂, 788), роднаснае прасл. *trěskati ‘таўчы, біць, разбіваць’, *trěščiti ‘ўдарыць’ (Міклашыч, 361; Фасмер, 4, 100; Махэк₂, 658; Брукнер, 579; Голуб-Ліер, 492; ЕСУМ, 5, 645). Да трэск (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пераплёт, параплёт, пераплют ’рашотка, рама, агароджа з перакрыжаваных перакладзін’ (ТСБМ, Янк. 2, усх.-палес., Шушк., Мат. Гом.), ’перапляценне, на якое кладуцца жэрдкі ў агароджы’ (віл., глыб., Сл. ПЗБ), ’плот-частакол’ (усх.-палес., Нар. сл.); пераплёт, пераплёціна ’пярэвітка’ (паўн.- і ўсх.-бел., ЛА, 4), пераплёт ’край бёрда (прадаўгаваты)’ (ветк., Мат. Гом.), перэплёты ’абмоткі трысцін у бёрдзе’ (ТС), ’плецены перадок у санях’, ’аснова лапця’ (рагач., светлаг., Мат. Гом.), пераплёт ’латы ў страсе’ (слуц., ЛА, 4), ’жэрдка для прыціскання саломы на страсе’ (усх.-палес., Нар. сл.), ’аснова страхі з гарызантальных жэрдак, прывязаных да крукоў бярозавым віццём ці лазой’ (Растарг.), піряплёціна ’лата, пераплеціна’, ’непрыемнасць’ (Бяльк.). Рус. переплёт, переплёты ’пляцень з тонкіх калочкаў’, ’колцы з прутоў у бучы’, ’тонкая перагародка ў засеку’; польск. przeplot ’перапляценне, пераплётная рэч, месца перапляцення’, przeplota ’лаза, якой прывязваюцца калкі ў плоце’; серб.-харв. пре́плет ’перапляценне, спляценне’. Прасл. *per‑pletъ, утворанае ад дзеяслова *per‑pletti (аснова *plet‑) > *per‑plesti > перапле́сці. Да пера- і пле́сці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ігла́, іго́лка (ТСБМ), го́лка (стаўб., Нар. лексіка, 157). Рус. игла́, иго́лка, укр. ігла́, го́лка, польск. igła, в.-луж. jehła, н.-луж. gła, палаб. jågla, чэш. jehla, славац. ihla, славен. ígla, серб.-харв. ѝгла, балг. игла́, макед. игла, ц.-слав., ст.-рус. игла, ст.-бел. игла — усе са значэннем ’прылада для шыцця’. З іншай семантыкай рус. смал. иго́лка ’кінжал’, польск. igła ’шпілька’, славен. igla ’шворан, прут’, балг. игла́ ’пруток’. Найбольш верагодна сувязь прасл. *jьgъla з *jьgo ’ярмо’ (гл. іга1). Махэк₂ (220–221) рэканструюе *jugulā ад і.-е. *jugo‑m, абапіраючыся на значэнне славац. дыял. jehlice ’палка, якая прасоўваецца праз канцы ярма для замацавання яго на шыі жывёлы’, параўн. грэч. ζεύγλη ’рэмень вакол шыі жывёлы як частка ярма’, лац. iugulae ’пояс Арыёна’. Адсюль першапачатковае значэнне ’змацавальная жэрдка, планка, перакладзіна’, Трубачоў, Эт. сл., 8, 213–214. Старыя семантычныя сувязі захавала не толькі славац. лексема, арэал распаўсюджання старажытнага значэння больш шырокі, параўн. рус. дыял. игла́ ’рухомая на восі сярэдняя частка спражкі, якая прасоўваецца ў дзірку рэменя (у вупражы, поясе і г. д.)’, ’частка воза’, вельмі часта з рознымі варыяцыямі ’перакладзіна, якой змацоўваюцца дошкі, бярвенні плыта, драўляныя сцены і г. д.’, славен. ígla ’клін праз ярмо’, ígelj, ȋgelje ’частка ярма’ (Безлай, 1, 208), ст.-рус. игла ’бервяно, брус, жэрдка для змацавання драўляных сцен’ (XVII ст.). Гэты ж семантычны цэнтр асноўны для вытворнага *jьgъlca (гл. ігліца). І.‑е. сувязі менш ясныя ці зусім няпэўныя. Параўноўваюць са ст.-прус. ayculo ’ігла’ < *aigulā (Міклашыч, 95; Слаўскі, 1, 443–445; Тапароў, А–Д, 59, сюды ж літ. aĩgara, aĩgaras ’саломінка’, áigyti ’калоць’, ’басці’) і грэч. αἰχμή ’вастрыё’, ἀῖκλοι ’вастрыё кап’я’ (БЕР, 2, 56; Фасмер, 2, 115, з заўвагай аб немагчымасці аддзяліць гэтыя паралелі ад балт. слоў са значэннем ’ражон, пожаг’: літ. iẽšmas, ст.-прус. aysmis). Далей, кімр. gwnīo ’шыць’, ірл. conōigim ’шыю’ (Цупіца, KZ, 37, 392; Мікала, RS, 1, 5–6). Сувязь з лац. aeger ’хворы, які пакутуе’, польск. jędza ’ведзьма, фурыя’ (Бернекер, 1, 423; Брукнер, 189), відаць, памылковая. Няпэўнае супастаўленне са ст.-ісл. igull, ням. Igell ’вожык’, слав. *ežь (Младэнаў, 196). Іншыя версіі: сувязь з грэч. ὀβολός ’манета’ (Мейе, BSL, 24, 1924, 137), супастаўленне з грэч. βέλος ’страла, кап’ё’, βελόνη ’вастрыё, ігла’, літ. geluonìs ’джала’ (Педарсан, KZ, 39, 393).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ва́га, ‑і, ДМ ва́зе, ж.

Тоўстая жэрдка або бервяно для падважвання цяжкіх прадметаў.

вага́, і́, ДМ вазе́; мн. ва́гі, ‑аў; ж.

1. толькі адз. Цяжар якога‑н. цела, які вызначаецца ўзважваннем; маса. Вага 20 кг. Прыбавіць у вазе. // Узважванне. Жыта маё прадаецца без вагі і меры — дабра свайго нікому не шкадую... Бядуля.

2. толькі адз. Важкасць якога‑н. цела, прадмета. Перастаялая салома не вытрымала вагі каласоў. // перан. Значэнне, сіла, уплыў. І часам дзед нахмурыць бровы, Ды больш дадасць сабе вагі, Бо як-ніяк, а ў яго хаце Знайшлі прытулак бедакі. Колас.

3. толькі адз. Сістэма мер для вызначэння цяжару. Меры вагі. Адзінка вагі.

4. Прылада для ўзважвання чаго‑н. Спружыновая вага. Аўтаматычная вага. □ Сама [цётка] прынесла з кутка мяшок, паставіла яго на вагу і з нейкім заклапочана-адчайным выглядам сказала: — Важце. Брыль. Жыта ссыпаюць проста ў кучу на брызент каля вагі. Васілевіч.

•••

Дэцымальная вага — вага, якая ўраўнаважваецца гірамі ў 10 разоў лягчэйшымі, чым груз.

Жывая вага — поўная вага жывой жывёліны, у процілегласць чыстай вазе мяса.

Забойная вага — вага тушы без шкуры, галавы, ног і вантробаў.

Удзельная вага — а) адносіны вагі цела пры тэмпературы 0°C да вагі роўнага аб’ёму вады пры тэмпературы 4°C; б) колькасць, роля, значэнне, месца каго‑, чаго‑н. дзе‑н., у чым‑н.

Чыстая вага — вага чаго‑н. без пасуды, без упакоўкі і пад., нета.

На вагу золата — надта дорага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́дала, ‑а, н.

1. Жэрдка або некалькі жэрдак у куратніку, на якія садзяцца ноччу куры; курасадня. Пад павеццю на седале закудах[т]ала курыца. Рылько. Седалы і гнёзды для нясушак зрабіў Вацлаў Нехвядовіч, які аказаўся на дзіва кемлівым птушнікам. Б. Стральцоў. [Стэфка:] — Курачкі цяпер на седале, то ідзі злаві мне адну, Сымонка. Чарнышэвіч. // Месца, дзе гняздзяцца птушкі. Ужо каторы раз над намі моўчкі і паспешліва праляталі на свае седалы самыя познія вароны. Кулакоўскі. Сам арол вісеў галавою ўніз, безупынку лопаючы крыламі. Вось яму ўдалося зноў уладкавацца на сваім седале. Беразняк.

2. Гняздо ў куратніку, дзе нясуцца куры або выседжваюцца кураняты. Яечка — рэдкая прыемнасць у Ганьчыным жыцці. Ганька толькі збірае яйкі на седале і складае іх у стары зялёны макацёр. Васілевіч. У сярэдзіне мая маці пасадзіла на рэшата сапраўдную квактуху Чубатку. — А тваю, відаць, пара з седала выкідаць, — сказала яна да Мані. Якімовіч.

3. перан. Разм. Месца, дзе чалавек пражыў шмат год; абжыты куток. Было страшна, што адарвешся ад роднага седала ды і згубішся ў людзях. Асіпенка. Нейкі час Надзя глядзела засяроджана на сваё колішняе седала, і хоць усё для яе было тут звыклае і роднае, глядзела і не верыла сваім вачам. Гроднеў. // Наседжанае месца або прыдатнае для сядзення месца. Антон праверыў усе вуды, начапляў новых чарвякоў, пажыў рукі і, крыху адышоўшыся ад вады, пачаў рыхтаваць седала — стаяць над вудамі ён ужо стаміўся. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Арэ́лі ’гушкалка’ (РБС, Гарэц., Касп., Рам., Кос.), ’гушкалка на вісячых вяроўках’ (Нас.), гушкалка з вяровак’ (Яруш., Мядзв.), рэ́лі (Рам., Бяльк., Палявы). Я. Камароўскі (Бел. лекс., 62) лічыць арэлі правінцыялізмам. Згодна з Рапановічам («Полымя», 1968, 10, 237; Лекс. і грам., 28–29), арэлі ўжываецца шэрагам пісьменнікаў з розных раёнаў. Чэрнякевіч адзначыў прыметнік арэльскія (гвазды) ’вялікія гвазды, якія выкарыстоўваюцца для забіўкі плытоў’ (рукап. рэферат БДУ, 1969) у Брэсц. вобл. Аднак у цэлым слова арэлі/рэлі пашырана на ўсходзе Беларусі. Магчыма, сюды ж трэба аднесці рэ́лкі ’жэрдкі, якія замацоўваюцца на бэльках у асеці ў якасці каласнікоў’ (Малчанава, Мат. культ., 38). Рус. арели ’гушкалка шыбеніца’, рели ’поручні, казлы, агароджа на слупах, жэрдка, тонкае доўгае бервяно, сошкі на невадзе’ (Даль; СРНГ; Пск. сл.; Кардашэўскі, УЗ МОПИ, 88, 36–37; 48, 89–90). У рус. акад. слоўніку 1794–1822 гг.: рель ’два слупы з перакладзінай для павешання злачынцаў’. Укр. паўн.-усх. орель, ореля, орелі, релі ’гушкалка’; паўднёварускае, усходнебеларускае, паўночна-ўсходнеўкраінскае арэлі ’гушкалка’, паўночнарускае ’шыбеніца’, спарадычна сустракаюцца іншыя значэнні, звязаныя з паняццем жэрдкі, шаста, бэлькі, большай часткай папярэчнай. Старажытнейшая фіксацыя слова (а)рэль у «Уставе (Ярослава князя) о мостѣхъ» (Філін, Происх., 546). Існуючыя этымалогіі слова рель у рускай мове непераканаўчыя. Думка Юрэвіча («Полымя», 1969, 2, 242) пра літ. óras ’паветра’ ці orel̃vis ’паветраплавальнік’ як крыніцу бел. арэлі, калі ўлічыць яго геаграфічнае пашырэнне, значэнне і форму, не можа быць прынята. Нельга лічыць слова і ўласнабеларускім (яно значна пашырана ў рускай мове, параўн. Курс суч., 147). Рэканструкцыя славянскай праформы выклікае, як адзначыў Фасмер, цяжкасці (няясна таксама, ці трэба звязваць перакладзіну з рель ’заліўны луг’, што, на наш погляд, наўрад ці пажадана на сучасным этапе вывучэння). Так, адсутнасць ва ўкраінскай і на месцы е не дае магчымасці пагадзіцца з Зубатым I, 2, 113, і рэканструяваць *rělja, роднаснае з літ. rékles ’прыстасаванне для сушкі’ і пад. Цікавая спроба Торбьёрнсона, 1, 11, рэканструяваць *rьdlь, роднаснае з літ. ar̃dasжэрдка’, мн. ar̃dai ’каласнікі’, якая сустрэла крытыку Міккалы Balt., 46: незразумелай будзе тады геаграфія славянскага слова. Гл. яшчэ іншыя малаверагодныя этымалогіі, якія крытыкуе Фасмер, 3, 466. Зважаючы на геаграфію, нельга выключыць запазычаны характар, хаця наўрад ці можна прыняць гіпотэзу пра англійскую крыніцу reel ’матавіла’, калі ўлічыць час з’яўлення слова і значэнне. Больш верагоднай можна лічыць версію Груненталя, KZ, 63, 122, пра ням. Riegel ’перакладзіна, засаўка’ як крыніцу слова (параўн. першасную рэгістрацыю слова з и, а не е; для неадлюстравання g параўн. вядомы подпіс ана ръина; сярэдненямецкія значэнні ў асноўным адпавядаюць рускаму развіццю). Супрун, Бел.-рус. ізал. Гл. рэлкі, рэя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́та1, ла́тка ’лапік’ (Нас., Гарэц., Яруш., ДАБМ, к. 324, Касп., Сцяшк., Зн., Мал., ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Ян., КЭС, лаг.), ла́ціна, латачка, латочка (ДАБМ, Нар. словатв., Сл. паўн.-зах.), ’старая адзежына’, ’недарэзкі, акраўкі’, ’бялізна’, ’пляма іншай афарбоўкі ў жывёліны’ (Сл. паўн.-зах.), ’пустое, голае месца, на якім нічога не расце’ (Жд. 1, Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’прагаліна’ (Мат. Гом.), ’невялікі зямельны надзел’ (Выг.), ’кішэня’ (Ян.). Укр. лата, латка, харк. лат, рус. бран., смал., кур., арл., тамб. лата, ст.-польск. łata, польск. łatka, чэш., славац. lata ’лапік’, серб.-харв. ла̀тица, ла̏тица, latȉca ’трохкутны кавалак тканіны, цвікля’, макед. алтица ’латка, клін з сукна’, алтица ’цвікля’, балг. латица, рум. altită ’падшыўка’, ’вышываная ўстаўка ў кашулі’. Прасл. ȍlta ’кавалак тканіны, скуры’ з суф. ‑ta (Слаўскі, 5, 34–37; Слаўскі, SP, 2, 41) генетычна звязана з і.-е *ēlē ’шыла’: *elh‑ ’шыць, прашываць, прышываць’, параўн. ст.-в.-ням. ála, ст.-інд. ā́ra ’шыла’ (Ваян, BSL, 44, 2, с. 143–144). Іншыя версіі малаімаверныя (гл. Фасмер, 2, 464; Скок, 2, 274 і інш.).

Ла́та2, ла́ты, ла́тэ ’паплеціна, жэрдкі, на якія насцілаецца страха’ (Нас., ТСБМ, Янк. I, Мядзв., Шн. 3, Мат. Гродз., Яруш., Шушк., Бес., Касп., Бяльк., Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг.), паст.жэрдка, якою прымацоўваюць салому зверху на страсе’, пін. ла́тіна ’тс’, віл. ’бервяно, якім змацоўваюць плыт’ (Сл. паўн.-зах.), паўд.-усх. ’прыклад стрэльбы’ (КЭС), ст.-бел. лата, латва ’лата’ (XVI ст.), ла́цінажэрдка’ (Нас., Касп., Шат.; беш., Нар. сл.). Запазычана са ст.-польск. łata, якое з с.-в.-ням. latte, late ’доўгая вуглаватая лацвіна’ (Кюнэ, Poln., 73; Слаўскі, 5, 38; Фасмер, 2, 464 і інш.). Сюды ж ла́ціць (гл.).

Ла́та3 ’сярэдняя перасоўная аднасценная сетка з заходам’ (Крыв.), ’невад без матні’ (Помн. этнагр., 66), ’сеткавае палатно невада, якое ў час руху прымае выгляд жолаба’ (брэсц., гродз., Браім), лельч. ’круглы сак з дубовых дубцоў’ (ЛАПП). Ст.-польск. łatnica ’сетка для лоўлі рыбы’, в.-луж. łata ’вялікая сетка, невад’. Да прасл. lat‑(iti) ’схапіць’ (Брукнер, 307). Параўн. серб.-харв. ла̏тити ’тс’. Гл. таксама ла́тацца.

Лата́ ’жулік’ (Бяльк.), польск., каш. łata ’абадранец, нягоднік, хуліган, гультай’, ляш. łata, чэш. lataпольск.). Слаўскі (5, 37) суадносіць польск. лексему з łata ’лапік’ (гл. ла́та1) > ’палапленае адзенне’, якое перайшло на асобу ў такім адзенні. Націск на канцы слова пад уплывам лексем ⁺латай (параўн. латайстваваць), ⁺латуй (лацу́й).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́бкі1 (мн.) ’расліна Acorus calamus L., аер’ (Бейл.). Матывацыя гэтай назвы (расліну завезлі ў Еўропу дзесьці ў XV ст.) застаецца не зусім зразумелай, але, бясспрэчна, ёсць сувязь з ба́ба ’жанчына, бабуля’. Аб гэтым сведчаць серб.-харв. бабји штапи ’Acorus calamus’ (таксама бабад, бабан, гл. Сіманавіч, 9). Магчыма, мелася на ўвазе тое, што расліна ўжывалася як лякарства супраць пэўных хвароб (параўн. Махэк, Jména rostl., 300–301; лячылі звычайна бабы-знахаркі, параўн. ба́бка ’Plantago’).

Ба́бкі2 (мн.) ’расліна Trifolium repens L., канюшына паўзучая’ (Бейл.). Да ба́бка (круглы прадмет). Матывацыя назвы: круглыя галоўкі кветак расліны. Параўн. укр. (для Trifolium): ворішина, орішина, орішок, пупчики, головашки, іванова голова, яблучка, попки (з іншай перадачай той жа матывацыі).

Ба́бкі3 ’расліна Oxalis acetosella L., кісліца звычайная’ (Бейл.). Мабыць, назва ўзята ад расліны ба́бкі ’Trifolium’ (гл.). Oxalis, як і Trifolium, мае тры лісцікі. Параўн. таксама іншыя назвы Oxalis: бел. заячча канюшына, чэш. kyselý dětel, zaječi dětel, славац. zajačia ďatelinka і г. д. (з яснай сувяззю з канюшына, dětel ’Trifolium’). Параўн. таксама бабо́к, бабо́ўнік, бо́бік.

Бабкі4 ’частка самапрадкі — стойкі, паміж якімі кола’ (Влад.). Мабыць, таго ж паходжання, што і ба́ба ’саха, жэрдка калодзежнага жураўля’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)