ПАЎЛІКО́ЎСКІ ((Pawlikowski) Юзаф) (19.3.1767, в. Розпжа Лодзінскага ваяв., Польшча — 1829),
польскі публіцыст, паліт. дзеяч. Вывучаў права ў Ягелонскім ун-це (Кракаў), дзе належаў да Саюза філантропаў. Працаваў адвакатам. Выступаў супраць Таргавіцкай канфедэрацыі. Адзін з гал. арганізатараў паўстання 1794. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Бельгію, потым у Францыю, дзе 22.8.1795 падпісаў акт пра стварэнне радыкальнай эмігранцкай арг-цыі Польская дэпутацыя. У 1799—1800 сакратар і дарадчык А.Т.Касцюшкі. Пазней жыў у Варшаве, з 1821 чл. тайнага Нац.патрыят.т-ва. У 1826 арыштаваны, памёр у зняволенні. У першай публіцыст. працы «Пра польскіх прыгонных», выдадзенай ананімна ў 1788, выказваў фізіякратычныя погляды радыкалаў, якія патрабавалі адмены прыгону, асабістай незалежнасці і правоў для сялян. У трактаце «Палітычныя думкі для Польшчы» (1789) сфармуляваў філас. праграму нар. манархіі. Пад кіраўніцтвам Касцюшкі напісаў працу «Ці могуць палякі дамагчыся незалежнасці?» (1800), у якой патрабаваў спалучэння нац.-вызв. барацьбы з барацьбой за грамадскі прагрэс. Аўтар «Успамінаў пра падрыхтоўку касцюшкаўскага паўстання» (1876).
Літ.:
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1942 у г. Полацк і Полацкім р-не пад кіраўніцтвам падп. Віцебскага абкома КП(б)Б і Полацкага райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 11 груп (каля 160 чал.): 3 групы ў Полацку (кіраўнікі С.Я.Арцем’еў, П.Ф.Самародкаў, Я.Х.Сташкевіч, С.В.Сухавей), у вёсках Домнікі (А.М.Філіпаў), Дрэтунь (М.Д.Свірыдзенка), Залессе (К.М.Макараў), Казімірова (Ф.Дз.Максімаў), Палата (П.Ф.Сташкевіч), Пруды (А.Я.Марчанка), Узніцы (П.Я.Кірыленка), Юравічы (Дз.А.Зублеў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, разведданыя, ратавалі сав. ваеннапалонных, перапраўлялі людзей у партызаны, праводзілі дыверсіі, у т. л. падарвалі нафтабазу і паравознае дэпо, знішчылі 2 паравозы і 4 вагоны. Група «Бясстрашныя» выратавала ад холаду і голаду дзяцей дзіцячага дома, пераправіла іх у Бельчыцы, потым у партыз. зону. Падпольшчыкі ў маі 1942 удзельнічалі ў стварэнні партыз. атрада, які ў чэрв. разгарнуўся ў 3-ю Бел.партыз. брыгаду. За час дзеяння загінулі 24 падпольшчыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛ ПОТ (сапр.Салот Сар; 19.5.1928, прав. Кампонгцям, Камбоджа — 9.6.1996),
палітычны і дзяржаўны дзеяч Камбоджы. У 1949—52 вучыўся ў Сарбоне (Францыя). З 1940-х г. удзельнік антыяп., потым — антыфранц. руху. Чл.Камуніст. партыі Індакітая, з 1951 — Нар.-рэв. партыі Камбоджы (з 1963 — Кампучыйская камуніст. партыя), яе ген. сакратар у 1963—89. З 1967 узначаліў узбр. барацьбу камуністаў («чырвоных кхмераў») супраць рэжымаў Нарадома Сіянука, з 1970 — Лон Нола, якая скончылася захопам «чырвонымі кхмерамі» ў крас. 1975 улады ў краіне. У 1976—79 прэм’ер-міністр Дэмакр. Рэспублікі Кампучыі. Пад яго кіраўніцтвам была зроблена спроба хуткай пабудовы ў Камбоджы камуніст. грамадства; фактычна быў усталяваны жорсткі таталітарны рэжым, у выніку голаду і рэпрэсій загінула ад 2 да 3 млн.чал. Справакаваў узбр. канфлікт з В’етнамам. Пасля ўзяцця 7.1.1979 в’етн. войскамі сталіцы Камбоджы Пнампеня ўцёк у Тайланд, дзе ўзначаліў партыз. барацьбу супраць рэжыму Хенга Самрына і в’етн. войск. У 1985 падаў у адстаўку з усіх пасад, застаючыся фактычным кіраўніком «чырвоных кхмераў». У ліст. 1991 вярнуўся ў Камбоджу, дзе хаваўся ад новых улад у горных раёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рагачоўскае староства,
буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 14—18 ст. У канцы 14 ст. належала кн. Ю.Талочку, пазней — вял.кн.ВКЛ Вітаўту. У 1397 з яго вылучана Бярэзінская зямля, у 1440-я г. — маёнткі Плесавічы і Ціхінічы. У 1456 воласць падаравана выхадцу з Масквы, удзельнаму кн. І.В.Яраславічу (Бароўскаму), потым яго сыну Ф.І.Яраславічу, які ў 1509 завяшчаў яе вял.кн. Жыгімонту I. Апошні ўступіў у валоданне Р.в. ў 1519 і падараваў яе сваёй жонцы Боне Сфорца. Кіравалі воласцю намеснікі Боны, з 1556 — дзярж. маёнтак (староства). Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 уключана ў Рэчыцкі пав. У 1563 тром полацкім шляхціцам замест занятых рас. войскамі маёнткаў часова аддадзены са складу Р.в. сёлы Званец і Хлобін (сучасны Жлобін?). Паводле люстрацыі 1765, у складзе Р.в. мяст. Рагачоў і 27 вёсак (разам больш за 700 двароў), падзялялася на Задняпроўскае, Задруцкае і Рагачоўскае войтаўствы. У 1772 тэр. Р.в. на У ад рэк Друць і Дняпро адышла да Расійскай імперыі, рэшта воласці далучана да Расіі ў 1793.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСА́СНА,
вёска ў Маласавінскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., на р. Расасенка. Цэнтр калгаса. За 17 км на ПнУ ад г. Дуброўна, 109 км ад Віцебска, 25 км ад чыг. ст. Асінаўка. 287 ж., 106 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
Вядома з 16 ст. як уладанне Глябовічаў у Аршанскім пав.ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка Аршанскага, потым Горацкага пав. Магілёўскай губ. У 1897 у мястэчку 1023 ж., 167 двароў, царк.-прыходская школа, 2 драўляныя царквы, яўр. малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, млын, 3 кузні, 7 крам, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. З 1919 у Гомельскай, з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, мястэчка, цэнтр сельсавета Дубровенскага р-на Аршанскай акр., 1071 ж., 184 двары. У 1940 вёска, 1800 ж., 345 двароў. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты ў кастр. 1943 спалілі вёску, загубілі 343 яе жыхары. З 1960 у Маласавінскім с/с. У 1962—65 у Аршанскім р-не. У 1963—290 ж., 102 двары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЗСКІ (Мікалай Уладзіміравіч) (18.3.1854—19 або 21.10.1918),
расійскі ваен. дзеяч, удзельнік 1-й сусв. вайны на тэр. Беларусі. Ген. ад інфантэрыі (1909), ген.-ад’ютант (1914). Скончыў Акадэмію Генштаба (1881). Удзельнік рус.-тур. 1877—78 і рус.-яп. 1904—05 войнаў. У 1902—04 нач. штаба Віленскай ваен. акругі. У 1906—09 камандаваў 21-м корпусам. З 1909 чл.Ваен. савета, з 1912 пам. камандуючага войскамі Кіеўскай ваен. акругі. У пач. 1-й сусв. вайны каманд. 3-й арміяй Паўд.-Зах. фронту, вызначыўся ў час Галіцыйскай бітвы 1914. У вер. 1914—сак. 1915 галоўнакаманд. войскамі Паўночна-Заходняга фронту. Чл.Дзярж. савета (1915). У 1915 каманд. асобнай 6-й арміяй, потым галоўнакаманд. войскамі Паўн. фронту (1915, 1916—17). У пач.Лютаўскай рэвалюцыі 1917 настаяў на адрачэнні Мікалая II ад трона. З крас. 1917 у адстаўцы. У вер. 1918 узяты ў заложнікі Каўказскай (11-й) Чырв. Арміяй, расстраляны або забіты ў выніку самасуду.
Літ.:
Данилов Ю.Н. На пути к крушению. М., 1992;
Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́Й (Аляксандр Раманавіч) (1897, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. — 15.8.1920),
удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі, герой грамадз. вайны. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце (адзначаны георгіеўскім крыжам). У 1917 вярнуўся на радзіму і ўзначальваў Рудабельскі валасны рэўком, штаб па фарміраванні Чырв. гвардыі, змагаўся супраць легіянераў корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага. У час ням. акупацыі 1918 узначальваў партыз. атрады на тэр.Рудабельскай «рэспублікі» і падп. падраённы к-т РКП(б). Удзельнік вызвалення Бабруйска ад ням. акупантаў, разгрому стракапытаўскага паўстання 1919 у Гомелі і эсэраўскага мяцяжу ў Чарнігаўскай губ. Летам 1919 на чале Бабруйскага інтэрнац. батальёна, потым Барысаўскага палка змагаўся з польск. інтэрвентамі, абараняў Мінск. У вер — снеж. 1919 на чале спец. атрада ўдзельнічаў у рэйдзе па тылах латышскай арміі ад Пскова да Асвеі. Са снеж. 1919 камандзір 1-га інтэрнац. батальёна палка чырв. камунараў, удзельнік вызвалення Асвеі, баёў за Рэжыцу, Полацк, Барысаў, Лепель. З лета 1920 у корпусе Г.Дз.Гая, удзельнічаў у вызваленні Вільні, Гродна. Загінуў у баі каля мяст. Кольна (Польшча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ ШВЕ́ЦЫІ (СДРПШ; Sveriges Socialdemokratiska Arbetarepartiet),
вядучая паліт. партыя краіны (належыць да левага кірунку). Засн. ў 1889 у Стакгольме. З 1897 дзейнічала парт. праграма, прынятая на ўзор Эрфурцкай праграмы С.-д. партыі Германіі (на аснове марксізму). Да 1899 дамінавала рэв. група А.Даніельсана, потым вылучылася памяркоўнае крыло на чале з К.Я.Брантынгам (лідэр партыі з 1907; у 1920, 1921—23, 1924—25 прэм’ер-міністр Швецыі). З 1930-х г. ідэалогія — рэфармізм (шведскі сацыялізм), у знешняй палітыцы — нейтралітэт краіны. У 1932—76, 1982—91 і з 1994 кіруючая партыя (у час прэм’ерства Брантынга і ў 1925—26, 1991—94 ва ўрадавай кааліцыі з інш. партыямі). Іншыя прэм’ер-міністры Швецыі ад партыі: Р.Сандлер (1925—26), П.А.Хансан (1932—46), Т.Эрландэр (1946—69), С.У.Пальме (1969—76, 1982—86), І.Г.Карлсан (1986—91, 1994—96), К.Більт (1991—94), Г.Персан (з 1996). Друкаваны орган — газ. «Arbetet» («Рабочы»). Уваходзіць у Сацыялістычны інтэрнацыянал.
Літ.:
Плевако Н.С. Швеция: реформизм против реформы.: К пробл. «экон. демократии» в 60—80-е гг.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́ШНІКАЎ (Аляксандр Васілевіч) (11.9.1890, г. Каломна Маскоўскай вобл. — 3.1.1980),
расійскі харавы дырыжор, муз. дзеяч, педагог. Нар.арт.СССР (1956). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1913). З 1921 кіраўнік хар. капэлы ў Палтаве. З 1923 заг.вак. часткі 1-й студыі Маск. Маст.акад.т-ра. З 1928 арганізатар і маст. кіраўнік вак. ансамбля (потым хору) Усерас. радыё. У 1936—37 і з 1941 узначальваў засн. ім Дзярж. хор рус. песні (цяпер Дзярж.акад.рус. хор Расіі), адначасова ў 1937—41 маст. кіраўнік Ленінградскай акад. капэлы. З 1944 арганізатар і маст. кіраўнік Маскоўскага хар. вучылішча, выкладчык Маскоўскай кансерваторыі (з 1946 праф., у 1948—74 рэктар). У яго творчасці спалучаліся шчырасць і непасрэднасць, уласцівыя рус.нар. песням, з багаццем і маляўнічасцю гучання акад. хору. Аўтар шматлікіх апрацовак нар. песень, кн. «Харавыя спевы — мастацтва сапраўды народнае» (1962) і інш. Сярод яго вучняў У.Мінін, В.Роўда, А.Юрлоў і інш.Дзярж. прэмія СССР 1946. Дзярж. прэмія Расіі імя М.Глінкі 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́П (Sinop),
горад на Пн Турцыі. Адм. ц.аднайм. іля. Каля 20 тыс.ж. (2001). Вузел аўтадарог, порт на Чорным моры. Прам-сць лесапільная і харчовая. Рамёствы, у т. л. саматужны выраб ільняных тканін. Цэнтр рыбалоўства.
Засн. не пазней 7 ст. да н.э. як калонія г. Мілет. У старажытнасці наз. Сінопа. Важны гандл. і рамесны цэнтр у Паўд. Прычарнамор’і. У 6 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. чаканіў сваю манету. Да 4 ст. да н.э. знаходзіўся ў залежнасці ад Ахеменідаў дзяржавы, аднак меў унутр. самастойнасць. З 183 да н.э. ўваходзіў у Пантыйскае царства (напачатку як рэзідэнцыя цара, потым — сталіца). У 70 да н.э. заваяваны рым. палкаводцам Лукулам. З канца 4 ст.н.э. належаў Візантыі Пасля ўтварэння Трапезундскай імперыі (1204) С. у яе складзе, у 1214—1307 у Канійскім султанаце. У канцы 14 ст. горад захапіў тур. султан Баязід I, у пач. 15 ст. — Цімур У сярэдзіне 15 ст. далучаны да Асманскай імперыі. У 1853 у бухце С. адбылася бітва паміж рас. і тур. флатамі (гл. Сінопская бітва 1853). У С. нарадзіўся прадстаўнік філас. школы кінікаў Дыяген.