атрад паўзуноў падкл. архазаўраў. З сям. (алігатары: 4 роды, 8 відаў; гавіялы: 1 род, 1 від; сапраўдныя К.: 3 роды, 14 відаў). Пашыраны ў трапічным і субтрапічных паясах, па берагах прэсных вадаёмаў, у балотах. У некат. краінах (Егіпет, Індыя) лічацца свяшчэннымі жывёламі. У Чырв. кнізе МСАП 19 відаў.
Даўж. 1,2—7 м. Галава прадаўгаватая, хвост доўгі, сплюшчаны з бакоў. Цела ўкрыта рагавымі шчыткамі. Найб. высокаарганізаваныя паўзуны: маюць 4-камернае сэрца, другаснае касцявое паднябенне, зубы ў асобных ячэйках, мазжачок добра развіты. Кормяцца воднымі беспазваночнымі, рыбай, наземнымі пазваночнымі, іншы раз нападаюць на жывёлу, нават на людзей. Актыўныя ўначы. Размнажаюцца яйцамі (20—100 шт.). Жывуць да 100 гадоў. Мяса ядомае, скура ідзе на галантарэйныя вырабы. Разводзяць у шэрагу краін. Гл. таксама Кайманы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРСу эканоміцы,
фактычны (у адрозненне ад намінальнага) кошт, па якім на фондавых біржах ажыццяўляюцца здзелкі па куплі-продажы каштоўных папер. К. аблігацый — кошт, па якім прадаюцца і купляюцца аблігацыідзярж. пазык. Намінальны кошт аблігацый вызначаецца пры іх выпуску. Ён уключаецца ў дзярж. доўг і выплачваецца трымальнікам аблігацый у момант пагашэння. Для продажу аблігацый банкам дзяржава вызначае эмісійны (гл.Эмісія) кошт, які звычайна ніжэйшы за намінальны. Рыначны курс (кошт) аблігацый вызначаецца шляхам каціроўкі на рынку крэдытных капіталаў і друкуецца ў біржавых бюлетэнях. К. акцый — прадажны кошт акцый. Вызначаецца на фондавай біржы. Ва ўмовах свабоднага рынку ён не з’яўляецца пастаяннай велічынёй, а залежыць ад попыту і прапановы на дадзены від акцый. У перыяды крызісаў К.а. падаюць, у перыяды эканам. уздымаў павышаюцца. Гл. таксама Валютны курс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСТАНО́ГІЯ (Pinnipedia),
атрад водных млекакормячых. 3 сям.: маржы (Odobenidae), цюлені вушастыя (Otariidae) і цюлені сапраўдныя (Phocidae). 21 сучасны род, 31 від. Вядомы з ніжняга і сярэдняга міяцэну. Пашыраны пераважна ў морах халоднага і ўмеранага паясоў, некат. ў азёрах (Байкал, Ладажскае і інш.). У Чырв. кнізе МСАП 6 відаў, 3 падвіды.
Даўж. ад 1,25 (кольчатая нерпа) да 6,5 м (марскі слон), маса ад 90 кг да 3,5 т, самкі драбнейшыя. Цела верацёнападобнае. Канечнасці ў выглядзе ластаў (адсюль назва), валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. Пад скурай слой тлушчу да 10 см. Амаль увесь час праводзяць у вадзе. На сушы або лёдзе адпачываюць, ліняюць, нараджаюць і кормяць патомства. Кормяцца пераважна рыбай, ракападобнымі, малюскамі. У перыяд размнажэння збіраюцца ў вял. колькасці. Нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’ект абмежаванага промыслу. Гл. таксама Морж, Цюлені.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́Й (Linné, Linnaeus) Карл фон (23.5.1707, Росхульт, Швецыя — 10.1.1778), шведскі прыродазнавец, стваральнік сістэмы класіфікацыі расліннага і жывёльнага свету. Акад. Каралеўскай швед.АН (1739), чл. Парыжскай АН (1762). Замежны чл. Пецярбургскай АН (1754). Вучыўся ў Лундскім (1727) і Упсальскім (з 1728) ун-тах. У 1735—38 заг.Бат. сада ў г. Хартэкамп (Галандыя), з 1739 заснавальнік і першы прэзідэнт швед.АН, з 1741 ва Упсальскім ун-це. Навук. працы па сістэматыцы, батаніцы, заалогіі, медыцыне, мінералогіі. Увёў бінарную (двайную) наменклатуру (1735), паводле якой кожны від раслін і жывёл абазначаецца 2 лацінскімі назвамі — радавой і відавой. Стварыў штучную класіфікацыю раслін і жывёл, вылучыў клас млекакормячых (да якога аднёс і чалавека), апісаў каля 1500 відаў раслін. Аўтар кніг «Сістэма прыроды» (1735), «Віды раслін» (1753), «Філасофія батанікі» (1754) і інш. Прытрымліваўся поглядаў аб нязменнасці відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАРАНІ́ЧНЫ ВЕРШ, макаранічная паэзія (італьян. poesia maccheronica ад maccheroni макароны),
від жартоўнага ці сатыр. верша, камізм якога ствараецца перанасычанасцю тэксту варварызмамі, падпарадкаванымі марфал. законам роднай мовы. Узнік у старажытнасці, калі асобныя рым. паэты перамяжалі сваю мову грэч. словамі. У перыяд франкаманіі ў Расіі (18—19 ст.) І.Мятлеў высмейваў сумесь «французскага з ніжагародскім» у мове пануючых класаў. У паэме І.Катлярэўскага «Энеіда» сатыр. гучанне набыло ўвядзенне лац. лексікі ва ўкр. моўны кантэкст. Аснова для з’яўлення М.в. ў бел. паэзіі была яшчэ ў сярэдневякоўі, калі на Беларусі шырока ўжывалася лац., стараслав. і польск. мовы. Найб. раннія з такіх вершаў — «Плач пакінутага каханай» і «За пенкнай паненкай аж душа сумуе...» (апубл. А.Рыпінскім, 1840). М.в. зрэдку трапляецца ў сучаснай бел. паэзіі (К.Крапіва) і прозе (Я.Купала, Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛ,
возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас.р.Мядзелка (выцякае з возера), за 4 км на Пн ад г. Мядзел. Пл. 16,2 км², даўж. 6,3 км, найб.шыр. 4 км, найб.глыб. 24,6 м, даўж. берагавой лініі каля 31 км. Пл. вадазбору 89,2 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м, у верхняй ч. разараныя, у ніжняй параслі хмызняком. З ПдУ да возера прымыкае лес. Берагі нізкія, пясчаныя і пясчана-галечныя, участкамі на Пд і У зліваюцца са схіламі. Пойма шыр. да 250 м, вакол заліваў забалочаная. Дно да глыб. 2—2,5 м пясчанае, ніжэй выслана апясчаненымі адкладамі і сапрапелямі. 8 астравоў агульнай пл. 0,24 км², найбольшыя: Замак, Бярозавы, Кульчына, Селішча. Моцна зарастаюць залівы. Упадаюць 6 ручаёў. Выкарыстоўваецца як месца адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПРАЦАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
часовая або ўстойлівая страта прафес.працаздольнасці чалавекам. Адрозніваюць мед. (захворванні, няшчасныя выпадкі, аборты), прафілакт. (санаторна-курортнае лячэнне, цяжарнасць і роды) і сац. (догляд хворага члена сям’і, каранцін, пратэзаванне ў стацыянары) проціпаказанні да выканання прафес. дзейнасці. Часовая Н. узнікае пры вострых ці абвастрэнні хранічных хвароб, траўмах і інш., засведчваецца лістком Н. або даведкай. Дакумент аб часовай Н. выдаецца асобам, што падлягаюць дзярж. страхаванню, беспрацоўным, якія атрымліваюць дапамогу па беспрацоўі. Лісток Н. вызваляе ад работы, з’яўляецца падставай для атрымання сац. дапамогі. Часовая Н. студэнтаў засведчваецца даведкай. Ступень Н., яе ўстойлівасць і від устанаўліваюцца па выніках мед. абследавання ў медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, урачэбна-кансультацыйнай камісіі. Пры працяглай Н. хворыя накіроўваюцца на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію. Пры ўстойлівай або неабарачальнай Н. (інваліднасці) назначаецца дзярж.пенсія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РЫКС (Oryx gazella),
сернабык, парнакапытная жывёла сям. пустарогіх. 1 від, 3 падвіды (часта лічаць відамі). Пашыраны ў Афрыцы, на Пд Аравійскага п-ва і Сінайскім п-ве, у Іраку, Сірыі. О. белы, або аравійскі (O.g. leucoryx), акліматызаваны ў ЗША. Жывуць у стэпах, паўпустынях і пустынях парамі, невял. групамі, часам утвараюць статкі. Падвіды О. белы і О. шаблярогі, або шаблярогая антылопа (O.g. dammah, або O.g. tao), занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 2,35 м, выш. ў карку да 1,4 м, Maca да 200 кг. Самцы і самкі маюць доўгія (да 1,2 м) прамыя або дугападобныя рогі з вострымі канцамі. Афарбоўка цела шэра-пясочная, з рэзка акрэсленымі цёмнымі меткамі. Расліннаедныя. Здольныя доўгі час абыходзіцца без вады Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Аб’ект палявання і прыручэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІГРА́ФІЯ (ад грэч. pas усякі + ...графія),
відідэаграфічнага пісьма, зразумелага ўсім людзям. Напр., нотнае пісьмо, арабскія лічбы і інш. Да П. адносяцца таксама штучныя сістэмы перадачы думкі з дапамогай агульназразумелых знакаў (гл.Інтэрлінгвістыка, Штучныя мовы). Адным з першых прапанаваў міжнар. ідэаграфічнае пісьмо для запісу лагічных разважанняў Г.Лейбніц («Аб мастацтве камбінаторыкі», 1666). У 2-й пал. 20 ст. універсальны семантычны код быў распрацаваны на Беларусі В.У.Мартынавым. У межах інтэрлінгвістыкі П. першапачаткова разглядалася як штучная мова ў цэлым (не толькі пісьмо), як пазілалія — агульначалавечая мова, вынайдзеная людзьмі. У канцы 20 ст. праблемы П. па-новаму асэнсоўваюцца ў шматлікіх канцэпцыях «структуры прадстаўлення ведаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЭРЛІ́ФТЫНГ (англ. powerlifting ад power сіла, моц + lift падымаць),
трохбор’е сілавое, сілавы від спорту па падыманні цяжару. Уключае 3 практыкаванні: прысяданні са штангай, жым штангі лежачы, станавую цягу.
Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі і ЗША Еўрап. федэрацыя П. існуе з 1978. Мужчыны выступаюць у 11, жанчыны ў 10 вагавых катэгорыях. Штогод праводзяцца чэмпіянаты свету і Еўропы сярод мужчын і жанчын, ветэранаў і юніёраў, сярод інвалідаў — у жыме лежачы. Першы чэмпіянат свету (адкрыты нац. чэмпіянат ЗША) адбыўся ў 1964.
Федэрацыя П. Беларусі засн. ў 1994. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету ў трохбор’і У.Мінаў (1998), А.Пашалюк (сярод юніёраў, 2000), у жыме лежачы — 3-разовая чэмпіёнка свету, 2-разовая чэмпіёнка Еўропы Л.Бялова, чэмпіёны свету Э.Грынкевіч (1994), Ю.Жыльская (1999), У.Бубен (сярод інвалідаў, 1998).