ПАНФІ́ЛАЎ (Глеб Анатолевіч) (н. 21.5.1934, г. Магнітагорск Чэлябінскай вобл., Расія),
расійскі рэжысёр. Нар.арт. Расіі (1984). Вучыўся ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (1960—63), скончыў Уральскі політэхн.ін-т, Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1966). Працаваў на кінастудыі «Ленфільм», з 1976 на «Масфільме». У 1971—90 сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў СССР. Фільмам, якія вызначаюцца парадаксальнасцю рэжысёрскага мыслення, цікавасцю да незвычайных характараў, уласцівы рэзкія зломы апавядальнасці, раптоўныя пераходы ад з’едлівай іроніі да трагедыі, ад тонкага псіхал. малюнка да адкрытай эксцэнтрыяды: «У агні броду няма» (1968), «Пачатак» (1970), «Прашу слова» (1976), «Тэма» (1979, вып. 1987), «Валянціна» (1981), «Васа» (1983), «Маці» (1990), «Раманавы. Венцаносная сям’я» (2000) і інш. У Маскоўскім т-ры «Ленком» паставіў «Гамлета» У.Шэкспіра (1986), «Sorry» А.Галіна (1992). Дзярж. прэмія Расіі 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Васіль Васілевіч) (7.2.1887, с. Няўзорава Пронскага р-на Разанскай вобл., Расія — 29.11.1955),
бел. геадэзіст. Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1940), д-ртэхн.н. (1938), праф. (1939). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1954). Скончыў Маскоўскі межавы ін-т (1911). У 1928—41 праф., заг. кафедры ў Бел.с.-г. акадэміі. З 1942 заг. кафедры Новасібірскага ін-та інжынераў геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі. З 1949 у Бел. лесатэхн. і політэхн. ін-тах. Адначасова (з 1951) акад.-сакратар Аддз.фіз.-матэм. навук АН Беларусі. Навук. працы па паліганаметрыі, базісных вымярэннях, тэорыі спосабу найменшых квадратаў. Арганізатар работ па здымцы гарадоў, пракладванні прэцызійных траверсаў у Беларусі і Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЦКІ (Якаў Ільіч) (29.9.1913, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 13.11.1992),
бел.літ.-знавец, перакладчык, мовазнавец. Скончыў Лідскую гімназію (1932), Мінскі пед.ін-т (1948). Настаўнічаў, працаваў у мінскіх пед. ін-це, пед. ін-це замежных моў. Друкаваўся з 1960. Аўтар манаграфій «Сымон Будны» (1975), «Элементы лацінскага словаўтварэння і сучасныя мовы» (1977), «Саламон Рысінскі» (1983), «Мікола Гусоўскі» (1984), «Міхаіл Карыцкі», «Ян Вісліцкі» (абедзве 1991). Даследаваў шматмоўную л-ру Беларусі 16—17 ст. З лац. і польскай моў пераклаў на бел. мову некат. творы Міколы Гусоўскага (з Я.Семяжонам), М.Карыцкага (з Ю.Свіркам), на рус. мову — творы Міколы Гусоўскага (з Семяжонам), С.Буднага, Я.Вісліцкага (з Ю.Прэнскай), С.Рысінскага, Карыцкага, С.Кляновіча (з С.Яўсеевай), Я.Ліцынія Намыслоўскага, А.Рымшы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТУХО́Ў (Міхаіл Іванавіч) (н. 7.4.1958, г. Сураж Бранскай вобл., Расія),
бел. юрыст, грамадскі дзеяч. Д-рюрыд.н. (1993), праф. (1997). Засл. юрыст Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1980). З 1983 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1985 у Ін-це нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь. З 1994 член Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь. З 1997 у Ін-це кіравання і прадпрымальніцтва. Навук. працы па канстытуцыйным праве, праблемах судаводства, грамадз. супольнасці і правоў чалавека. Адзін з распрацоўшчыкаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Канцэпцыі судова-прававой рэформы ў Беларусі.
Тв.:
Оправдание подсудимого. Мн. 1985;
Реабилитация невиновных: Основы правового ин-та. Мн., 1993;
Конституционное право: Энцикл. словарь. Мн., 1996 (разам з В.Г.Ціхінем);
Гражданские инициативы и защита прав граждан. Мн., 1998 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКЕ́ВІЧ (Валянціна Мікалаеўна) (н. 5.2.1916, г. Казельск Калужскай вобл., Расія),
бел. педагог і лексікограф. Вучылася ў Віленскім ун-це (1935—39). У 1942 вывезена на работы ў Германію, з 1946 у бел. лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце каля Браўншвайга. З 1949 у Таронта (Канада). Займалася выкладчыцкай працай. Склала «Першую чытанку пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў» (Кліўленд, 1968). Аўтар падручніка «Беларуская мова» (т. 1—2, Таронта, 1974—78) — адзінага сістэматычнага і найб. поўнага курса бел. мовы для навуч. мэт па-за межамі Беларусі. У дадатку да падручніка змешчаны бел.-англ. і англа-бел. слоўнікі (кожны да 9 тыс. лексічных адзінак). Падрыхтавала вял. (каля 50 тыс. слоў) «Ангельска-беларускі слоўнік». Апублікавала арт. «Навучаньне беларускае мовы ў англамоўным асяроддзі» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НКІНА (Трыпалітава) Зінаіда Міхайлаўна
(1861, г. Калуга, Расія — 10.1.1888),
рускі бібліёграф. Скончыла Бястужаўскія курсы (1885, Пецярбург). Аўтар бібліягр. паказальнікаў «Руская бібліяграфія марской справы за 1701—1882 год уключна» (1885), «Бібліяграфічныя матэрыялы па чыгуначнай справе... 1876—1883 г.» (1888), краязнаўчага паказальніка «Палессе. Бібліяграфічныя матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы, этнаграфіі і эканамічным стане Палесся» (1883), які ахоплівае л-ру за 1855—80 пра Мінскую, Гродзенскую, Магілёўскую, Валынскую і Кіеўскую губ. Асаблівую цікавасць у ім маюць рубрыкі «Апісанне побыту народаў Паўночна-Заходняга краю», «Помнікі народнай творчасці» і раздзел «Звесткі пра Палессе, што заключаюцца ў творах пра губерні, якія ўваходзяць у склад Палесся».
Літ.:
Назаревский Н.А. З.М.Пенкина — первая русская женщина-библиограф // Сов. библиогр. 1961. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКСА́НАЎ (Мікалай Кір’якавіч) (12.4.1878, г.п. Дзергачы Саратаўскай вобл., Расія — 10.2.1969),
рускі літаратуразнавец. Чл.-кар.АНСССР (1931). Засл. дз. нав. Расіі (1957). Скончыў Юр’еўскі (г. Тарту, Эстонія) ун-т (1902). Праф. Саратаўскага (з 1917), Маскоўскага (з 1921), пазней Ленінградскага ун-таў. Асн. працы па гісторыі рус. л-ры, фальклоры, крыніцазнаўстве, тэксталогіі, метадалогіі літаратуразнаўства, драматургіі і т-ры, пра творчасць А.Грыбаедава, А.Пушкіна, І.Ганчарова, І.Тургенева, М.Горкага. У 1923 вылучыў у якасці асобнай дысцыпліны вывучэнне творчай гісторыі твораў л-ры («Творчая гісторыя «Гора ад розуму», 1928). Ініцыятар літ. краязнаўства (кн. «Абласныя культурныя гнёзды», 1928). Пад яго рэдакцыяй выйшлі многія выданні твораў рус. пісьменнікаў.
Тв.:
Роман Гончарова «Обрыв» в свете социальной истории. Л., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КУЛЕЎ (Анатоль Цімафеевіч) (10.10.1931, ст. Глазуноўская Валгаградскай вобл., Расія —27.8.1993),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі і радыебіялогіі. Д-рбіял.н. (1971), праф. (1972). Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1989). Скончыў Валгаградскі мед.ін-т (1955). З 1961 у БДУ (з 1964 заг. кафедры). Навук. працы па біяхім. механізмах дзеяння іанізавальнай радыяцыі, камбінаваным уплыве фіз. і хім. фактараў на абмен рэчываў чалавека і жывёл, распрацоўцы лек. прэпаратаў з радыепратэктарным і антыаксідантным дзеяннем.
Тв.:
Роль надпочечников в биохимических сдвигах при действии малых доз ионизирующей радиации. Мн., 1969 (у сааўт.);
Метаболические сдвиги в митохондриях облученного организма, связанные с циклом трикарбоновых кислот. Мн., 1977 (разам з Л.С.Чаркасавай, М.Ю.Тайцам).
Да арт.Піктаграфічнае пісьмо. Піктаграфічны расказ эскімоса пра ўдалае паляванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́ЕЎ (Іса Аляксандравіч) (25.11.1903, с. Стары Батакаюрт Правабярэжнага р-на Паўн. Асеціі, Расія — 6.2.1979),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945), ген. арміі (1962), Герой МНР (1971). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933) і Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1922. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд., Паўд.-Зах., Сцяпным, 3-м Укр., 2-м Бел., 2-м Укр. і Забайкальскім франтах. Пад яго камандаваннем конна-механіз. група ў час Бел. аперацыі 1944 удзельнічала ў вызваленні Глуска, Слуцка, Міра, Стоўбцаў, Нясвіжа, Баранавіч, Слоніма, Брэста; вызначылася пры знішчэнні паўд.-бугскай групоўкі праціўніка на Украіне і ў Маньчжурскай аперацыі. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1941—70.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ДКІНА (Марыяна Барысаўна) (н. 10.2.1931, г. Краснадар, Расія),
расійская і бел. артыстка балета, педагог. Нар.арт. Расіі (1967). Скончыла Пермскае харэагр. вуч. (1950), у 1951—89 выкладала ў ім (з перапынкамі). У 1950—91 працавала ў рас. і замежных т-рах. З 1994 на Беларусі: рэпетытар-педагог у Дзярж. т-ры муз. камедыі, з 1998 у Нац.акад. т-ры балета Беларусі. Да 1974 выступала на сцэне. Яе выканальніцкай манеры ўласцівы яркі, вобразны стыль танца, які вызначаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам. Першая выканаўца партый: Грушанька («Грушанька» Б.Машкова), Маці («Бераг надзеі» А.Пятрова), Марутка («Выбух» М.Крукава і Г.Церпілоўскага). Сярод інш. партый: Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.Пракоф’ева) і інш.