ТМУТАРАКА́НЬ,

старажытнарускі горад, верагодна, на Таманскім п-ве каля станіцы Таманскай Краснадарскага краю (Расія). У 6 ст. на гэтым месцы існаваў ант. горад Германаса, у 8—9 ст. — паселішча Таматарха, падпарадкаванае Хазарскаму каганату. Пасля разгрому каганата ў 965 кіеўскім кн. Святаславам Ігаравічам, магчыма, тут узнікла Т., якая стала цэнтрам Тмутараканскага княства. Тут жылі касогі, грэкі, аланы, славяне і армяне. У 1023 кн. Мсціслаў Уладзіміравіч пабудаваў у Т. царкву Багародзіцы. У канцы 11 ст. Т. захапілі полаўцы, потым Візантыя, у 13 ст. — генуэзцы, пазней — Залатая Арда; у 15 ст. на гэтым месцы існавала генуэзская калонія Матрэга, якую ў 1475 разбурылі тур. войскі.

т. 15, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)