ВАЛАСЫ́,

рагавыя ніткападобныя ўтварэнні скуры чалавека і млекакормячых. Сукупнасць валасоў утварае валасяное покрыва скуры, якое ахоўвае яе паверхню ад пашкоджанняў і ахаладжэння. Валасы бываюць накіроўныя, пуховыя і прыкметныя (вібрысы). Волас складаецца са стрыжня (выступае над скурай) і кораня, размешчанага ў скуры і акружанага валасяным фалікулам. На канцы фалікула — цыбулінка, у якую ўрастае злучальны валасяны сасочак з крывяноснымі сасудамі. Валасы маюць пігменты, ад якіх залежыць іх афарбоўка. У некаторых жывёл валасы сталі шчаціннем (свінні), калючкамі (вожыкі), у жывёл з патоўшчаным эпідэрмісам (сланы, насарогі) ці моцна развітым тлушчавым слоем (кіты) — рэдукаваныя. У чалавека да 8 месяцаў ва ўлонні маці цела ўкрыта першаснымі (плоднымі) валасамі. Скорасць іх росту ў нованароджаных 0,2 мм за суткі, пазней да 0,3—5 мм за суткі. У дарослых у залежнасці ад участка цела колькасць валасоў на 1 см² ад 40 да 880. На іх рост уплываюць агульны стан арганізма, фіз. фактары, гармоны. На працягу жыцця арганізма валасы абнаўляюцца (у чалавека без пэўнага рытму, у жывёл перыядычна — лінька). Пры інфекцыях і розных парушэннях у арганізме ўзнікаюць валасоў хваробы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТО́, Такійская раўніна,

нізінная раўніна на в-ве Хонсю, у Японіі, каля ўзбярэжжа Ціхага ак. Пл. 13 тыс. км², шыр. 15—65 км. Тэктанічная ўпадзіна, запоўненая антрапагенавымі марскімі і рачнымі наносамі з праслоямі вулканічнага попелу. Частыя землетрасенні. Самае катастрафічнае разбурыла г. Токіо (1923), у выніку чаго загінула 143 тыс. чал. Густая сетка рэк і каналаў. Найб. рэкі Тоне і Суміда. Рэльеф тэрасаваны на выш. 20, 40, 60, 100 м. Ніжняя дэльтавая нізінная тэраса («та») пад рысавымі палямі. Найвыш. тэраса («хата») на выш. 200—300 м — нахіленае плато з узгоркамі, моцна расчлянёнае, пад цытрусавымі плантацыямі. Клімат умераны мусонны. Т-ра студз. 2,9 °C, ліп. 25,4 °C; ападкаў 1600—2000 мм за год. Субтрапічныя лясы і хмызнякі з вечназялёнага дуба, японскай хвоі (акамацу і курамацу), бамбуку, камфорнага дрэва, дрэвападобнага самшыту займаюць 50% тэрыторыі, лугі — 3%, астатняя тэрыторыя інтэнсіўна распрацоўваецца пад с.-г. культуры (рыс, ячмень, пшаніца). Пашыраны тутавыя насаджэнні. Развіта агародніцтва, кветкаводства, садаводства, жывёлагадоўля, рыбалоўства, марскі промысел. Гал. эканам. раён Японіі. Марскія парты: Токіо, Іакагама, Кодзіма.

А.​М.​Матузка.

т. 8, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

паўвостраў на У Азіі, паміж Японскім м. на У, пралівамі Карэйскім і Чэджу на Пд і Жоўтым м. на З. Злучаны з мацерыком Карэйскім перашыйкам. Пл. каля 150 тыс. км². Даўж. каля 600 км, пераважная шыр. 200 км. Усх. ўзбярэжжа стромкае, слабарасчлянёнае; на З і Пд берагі моцна парэзаныя, шмат заліваў і бухтаў. Рэльеф пераважна гарысты, на У і Пд Усх.-Карэйскія горы (выш. да 1915 м, г. Чырысан); восевая ч. нізкагорная; на З прыбярэжныя ўзгорыстыя раўніны, нізіны. Рэкі паўнаводныя, найб. Амнакан (Ялуцзян), Туманган (Тумыньцзян), Тэданган, Кымган і інш. Радовішчы вальфраму, графіту, магнезіту. Клімат умераны мусонны, на Пд — субтрапічны. Сярэднія т-ры студз. ад -21 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 22 °C да 26 °C. Ападкаў 900—1500 мм за год. Лістападныя шыракалістыя лясы змяняюцца на Пд субтрапічнымі вечназялёнымі, вышэй за 900 м — мяшанымі лясамі з карэйскім кедрам. Нац. паркі: Ханро, Чырысан, Сараксан і інш. (Рэспубліка Карэя); рэзерваты Хвангпо, Янгам і інш. (КНДР). Раўніны апрацаваны (рыс, соя, бавоўнік). На К.п. дзяржавы: асн. ч. КНДР і Рэспубліка Карэя.

т. 8, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—18 ст. на правым беразе р. Сож. Займаў пляцоўку берагавога плато, дзе ў канцы 11—13 ст. быў дзядзінец стараж. Крычава. Комплекс умацаванняў замка складаўся з 5 вежаў, у т. л. вежы-брамы. Сцены фартыфікацыі мелі выгляд «клетей замковых» тыпу 2-ярусных гародняў. На замкавым двары былі драўляная царква св. Міколы, дом дзяржаўцы, свірны, стайні, паграбы, жылыя будынкі служак, цэйхгауз-«скрабец» для захоўвання пораху, амуніцыі і рознай зброі. К.з. перажыў аблогі ў 1507, 1508, 1514, 1535, 1633 (тройчы), 1648, 1651, 1654, 1658, 1661 і 1744. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак моцна разбураны. У час працяглай аблогі войск рус. ваявод Шарамецева і Шчарбатага знясілены гарнізон К.з. быў вымушаны здацца К.​Паклонскаму. У Паўн. вайну 1700—21 замак канчаткова разбураны і адрадзіўся толькі перад 1744, калі змог вытрымаць штурмы паўстанцаў В.​Вашчылы ў час Крычаўскага паўстання 1743—44. У 1778 рус. ваен. тапографы зафіксавалі замак з палісадам на вяршыні вала і амаль засыпаны роў, пасля 1780-х г. ён страціў ваен. значэнне.

М.​А.​Ткачоў.

т. 8, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЬ,

рака ў Мінскай і Брэсцкай абл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 147 км. Пл. вадазбору 2190 км². Пачынаецца за 1,5 км на З ад в. Гарбуны Нясвіжскага р-на, цячэ ў межах Капыльскай грады і нізіны Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: Нача, Люта (справа), Цапра, Балванка (злева). Даліна ў верхнім цячэнні скрынкападобная (шыр. 1—1,5 км), на астатнім працягу невыразная. Пойма шыр. 0,6—1 км, парэзаная меліярац. каналамі. Рэчышча каналізаванае, шыр. 4—8 м, у ніжнім цячэнні 15—20 м. Берагі пераважна адкрытыя, тарфяністыя, выш. ў верхнім цячэнні 1,5—2 м, на астатнім працягу 1—1,5 м. На рацэ створана вадасх. Лактышы, якое моцна ўплывае на гідралагічны рэжым ракі. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем да рэгулявання ракі 1,5 м, найбольшая 1,9 м (1947) каля в. Лактышы. У летні перыяд рэжым узроўняў рэгулюецца шлюзамі. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,3 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. На рацэ г. Клецк.

Рака Лань каля вёскі Мокрава Лунінецкага раёна.

т. 9, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁН (Linum),

род кветкавых раслін сям. лёнавых. Каля 230 відаў. Пашыраны ў субтрапічным і ўмераным паясах Паўн. паўшар’я. На ўсіх кантынентах культывуюць Л. культурны (L. usitatissimum) — стараж. прадзільную і алейную расліну. Вылучаюць 5 груп: Л. буйнанасенны, Л.-даўгунец, Л.-кудраш, Л. прамежкавы, Л. сцелісты. На Беларусі 4 віды. Найб. вядомыя дзікарослыя Л. слабільны (L. catharticum) і жоўты (L. flavum). Трапляюцца на сырых лугах, сярод хмызнякоў. У культуры вырошчваецца пераважна Л.-даўгунец.

Л.-даўгунец — аднагадовая самаапыляльная расліна выш. 70—130 см. Сцябло ў густых пасевах прамое, у разрэджаных — моцна разгаліноўваецца, што зніжае якасць валакна. Лісце вузкае, чаргаванае, сядзячае. Кветкі правільныя, 5-членныя ў парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. У насенні 35—38% алею, які выкарыстоўваецца ў вытв-сці пакосту, лакаў, фарбаў і інш.; ільняная макуха — корм для жывёл. З валакна вырабляюць бытавую, тэхн. і тарную тканіну, з кастрыцы — паперу, тэрмаізаляцыйныя матэрыялы, буд. пліты.

Літ.:

Льноводство. М., 1967;

Руководство по освоению интенсивной технологии возделывания льна-долгунца. Мн., 1987.

У.​П.​Пярэднеў.

Лён: 1 — даўгунец; 2 — прамежкавы; 3 — кудраш; 4 — верхавінка сцябла.

т. 9, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РТРЭЙК (флам. Kortrijk),

Куртрэ (франц. Courtrai), горад на З Бельгіі, на р. Ліс. 76 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Прам-сць: тэкст. (ільняная і баваўняная), электронная, маш.-буд., гумавая, буд. матэрыялаў, мэблевая, паліграф.; вытв-сць карункаў, палатна «куртрэ», ювелірных вырабаў. Сусв. цэнтр гандлю лёнам. Біржа па продажы лёну. Музей выяўл. мастацтваў. Арх. помнікі: гатычныя цэрквы (13—15 ст.), ратуша (15—16 ст.), жылыя дамы (17—18 ст.), мост на р. Ліс з вежамі (12 і 15 ст.). Цэнтр турызму.

Вядомы з 5 ст. З 7 ст. рэзідэнцыя фландрскіх бургграфаў. Гар. правы з 1190. 11.7.1302 каля К. адбылася вырашальная для вызвалення Фландрыі ад франц. панавання (з 1300) бітва паміж 4 тыс. франц. конных рыцараў і фландрскім пешым нар. апалчэннем. На месцы бою апалчэнцы сабралі 700 залатых шпор (адсюль другая назва — «бітва шпор»). За гэта ў 1382 франц. кароль Карл VI загадаў спаліць К. У познім сярэдневякоўі адзін з цэнтраў вырабу сукна. Горад моцна пацярпеў у 17 ст. ў выніку войнаў паміж Францыяй і Іспаніяй. У 19—20 ст. індустрыялізаваны.

Да арт. Кортрэйк. Плошча ў цэнтры горада.

т. 8, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ ВІРГІ́НІЯ (West Virginia),

штат на У ЗША. Пл. 62,8 тыс. км². Нас. 1825,8 тыс. чал. (1996), гарадскога каля 45%. Адм. ц.г. Чарлстан. Найб. гарады Хантынгтан і Уілінг. Большую ч. тэр. займаюць Апалачы і Алеганскае плато на З ад іх. Паверхня моцна парэзаная, паніжаецца з У (выш. да 1483 м) на З да даліны р. Агайо. Клімат умераны, цёплы і вільготны. Сярэдняя т-ра студз. ад -1 да 5 °C, ліп. 23—25 °C. Ападкаў за год 900—1250 мм. Лясы займаюць ¾ тэр. штата. Гал. прыродны рэсурс — каменны вугаль, які здабываюць адкрытым і шахтавым спосабамі. Здабываюць таксама прыродны газ, нафту, вапняк, каменную соль. Буйная вытв-сць электраэнергіі на цеплавых электрастанцыях. Выплаўка чорных металаў, вытв-сць прамысл. абсталявання, угнаенняў, хім. валокнаў, сінт. каўчуку, харч. прадуктаў, буд. матэрыялаў. Лясная прам-сць, дрэваапрацоўка, вытв-сць мэблі. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Пасевы пшаніцы, кукурузы, кармавых культур, тытуню. Садоўніцтва (яблыкі, персікі, вішні). Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачное суднаходства па Агайо і яе прытоку Манангахіла. Значны рачны порт Хантынгтан.

М.​С.​Вайтовіч.

т. 7, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАЯ ДАКО́ТА (South Dakota),

штат у цэнтр. ч. ЗША. Пл. 199,5 тыс. км². Нас. 738,2 тыс. чал. (1998). Адм. ц.г. Пір. Усх. ч. штата ў межах Цэнтральных раўнін (выш. 300—350 м), сярэдняя і зах. — Вялікіх раўнін (выш. да 1000 м). На крайнім 3 — горны масіў Блэк-Хілс (выш. да 2207 м). Паверхня моцна парэзана рачнымі далінамі і ярамі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра ліп. 20—23 °C, студз. ад -10 °C да -15 °C. Ападкаў 350—500 мм за год; частыя засухі. Рака Місуры з прытокамі; ёсць буйныя вадасховішчы. Расліннасць прэрый. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, асабліва мяса-малочная жывёлагадоўля. У 1999 пагалоўе (млн. галоў) буйн. раг. жывёлы — 3,9, свіней — 1,4, авечак — 0,4. Птушкагадоўля (2,6 млн. курэй, 1999). Асн. культуры: кукуруза, соя, пшаніца, авёс, ячмень, сланечнік, сорга, лён-кудраш, кармавыя травы. Здабыча золата (1-е месца ў ЗША), уранавай руды, цэм. сыравіны, буд. матэрыялаў. Прам-сць: мясная, мукамольная, сыраварная, масларобчая, дрэваапрацоўчая, вытв-сць с.-г. машын, эл. і электроннага абсталявання. Турызм. Транспарт. чыг., аўтамаб., унутр. водны.

т. 12, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

arg

1. a дрэ́нны, злы, благі́;

~e Gednken hben заду́мваць злачы́нства;

im rgen legen быць у дрэ́нным стано́вішчы

2. adv

1) зло́сна

2) мо́цна;

das ist zu ~! гэ́та ўжо зана́дта!

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)