ПЕ́ЎЧЫЯ ПТУ́ШКІ, пеўчыя вераб’іныя (Oscines, або Passeres),
падатрад птушак атр.вераб’інападобных. Прадстаўнікі сучасных відаў вядомы з ранняга алігацэну (каля 35 млн.г. назад). 33—56 сям. (2 вымерлыя), 761—1017 родаў, больш за 4200 відаў (каля палавіны ўсіх відаў птушак на Зямлі). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у разнастайных ландшафтах усіх кліматычных зон, большасць відаў — у тропіках. На Беларусі ўсе П.п. належаць да вераб’інападобных.
Маса ад 4 да 1500 г. Знешні выгляд, паводзіны, афарбоўка вельмі разнастайныя. Маюць спецыфічную будову галасавога апарату: ніжнія кольцы трахеі зрасліся і ўтварылі ніжнюю гартань; добра развіты 5—7 пар галасавых мышцаў, вонкавая і ўнутраная галасавыя перапонкі, што дае магчымасць П.п. выдаваць больш разнастайныя гукі, чым у інш. птушак. Пры дапамозе песні П.п. забяспечваюць камунікатыўныя функцыі. Кожнаму віду характэрны свая песня або набор гукаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНГВІНАПАДО́БНЫЯ, пінгвіны (Sphenisciformes),
атрад нелятаючых птушак. Вядомы з эацэну (каля 60 млн.г. назад). 1 сям., 21 род (6 сучасных), 44 віды (16 сучасных). Пашыраны ў Антарктыцы, на паўд. узбярэжжах Аўстраліі, Афрыкі і Паўд. Амерыкі, на Пн — да а-воў Галапагас. Гняздуюцца калоніямі (да 1 млн. асобін), некат. віды жывуць невял. групамі ці паасобна. 3 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 120 см, маса да 45 кг. Апярэнне кароткае, шчыльнае, раўнамерна ўкрывае цела. Крылы ператвораны ў пакрытыя лускападобнымі пёрамі ласты, з дапамогай якіх П. плаваюць (са скорасцю да 40 км/гадз) і ныраюць (да глыб. 200 м). Кормяцца рыбай, малюскамі, ракападобнымі. Нясуць 1—2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭ́ТРУМ,
рамоначнік (Pyrethrum), род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 еўрасібірскі рэліктавы від П. шчытковы (P. corymbosum), занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў асветленых лісцевых лясах, сухадольных астэпаваных лугах. Трапляецца здзічэлы П. вялікі, або бальзамічны кануфер (P. majus), які культывуюць як прыпраўную расліну, як інсектыцыдную — культывуюць П. цынерарыялісты, або далмацкі рамонак (P. cinerariifolium). Інтрадукаваны 2 віды П.: чырвоны, або каўказскі рамонак (P.coccineum) і дзявочы (P.parthenium).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 5—150 см. Сцёблы апушаныя, прамыя і ўзыходныя. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае, радзей суцэльнае. Кветкі дробныя, ў адзіночных або сабраных у агульнае шчыткападобнае суквецце кошыках. Плод — сямянка. Некат. віды маюць пірэтрыны. Род П. часта аб’ядноўваюць з родам піжма і хрызантэма. Інсектыцыдныя, лек., харч., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДЗІ́ЛЬНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
с.-г. расліны, якія вырошчваюць для атрымання валокнаў. Належаць да розных сям., вырошчваюць ва ўмераных, субтрапічных і трапічных зонах. Валокны ўтвараюцца ў сцёблах (лён, каноплі і інш.лубяныя культуры), у лісці (тэкст. агава — сізаль, тэкст. банан — абака), на насенні (бавоўнік), у пладах (какосавая пальма). Колькасць валакна ў П.к.: лён-даўгунец 20—28%, каноплі да 25%, джут 20—25%, бавоўна-сырэц 25—40%. Валокны П.к. — сыравіна для тэкст. і інш. прам-сці, з іх вырабляюць тканіны, трыкатаж, дываны, ніткі, вату, канаты, вяроўкі і інш. Выкарыстоўваюцца пабочныя прадукты вытв-сці валокнаў (алей, макуха, кастрыца і інш.). П.к. вырошчваюць ва ўсіх земляробчых раёнах свету, найб. плошчу займаюць бавоўнік, джут, каноплі, лён. На Беларусі культывуюць лён-даўгунец (у 2000 пасяўная плошча 78,8 тыс.га).
кветкавая расліна сям. бабовых. Адзіны від роду. Пашырана ў Міжземнамор’і. Трапляецца на камяністых схілах, у цяснінах, лясах з вечназялёных дубоў, ядлоўцаў і хвоі. Культывуецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. Афрыцы, Міжземнамор’і, Індыі.
Вечназялёнае дрэва выш. 6—15 м з шарападобнай кронай. Жыве 200—300 гадоў. Лісце шчыльнае, перыстае. Кветкі дробныя, сабраныя ў гронкі Плод — струк. Струкі Р.д. (цараградскія, або кіпрскія, рожкі) даўж. 10—25 см, маюць сакавітую, салодкую (да 50% цукру) мякаць, якая спажываецца ў ежу, ідзе на корм жывёле, з яе гатуюць сок, сіроп, сыравіну для атрымання спірту. Падпражанае насенне — сурагат кавы. Семя мае пастаянную масу (каля 200 мг), таму са стараж. часу яго выкарыстоўвалі як адзінку вагі (карат) у ювелірнай справе. Р.д. таксама наз. адзін з відаў роду празопіс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПС (Brassica napus var. napus),
кветкавая расліна сям. крыжакветных. Спантанны гібрыд капусты агароднай і свірэпіцы. Часам Р. вылучаюць у самастойны від. У культуры вядомы з 4-га тыс. да н.э., у Расіі — з 19 ст. Вырошчваюць як алейную і кармавую расліну ў Індыі, Кітаі, Канадзе, Еўропе, у т. л. на Беларусі.
Аднагадовая травяністая, азімая або яравая расліна, пакрытая васковым налётам. Галінастыя сцёблы выш. 50—150 см. Разетачнае лісце лірападобна-перыста-надрэзанае, ніжняе сцябловае — лірападобнае, верхняе — прадаўгавата-авальнае. Кветкі дробныя, жоўтыя, зрэдку белыя, у гронках. Плод — стручок. Насенне мае сабе да 50% рапсавага алею, які спажываецца ў ежу. Макуха — высокабялковы (да 32% бялку) канцэнтраваны корм Зялёная маса, багатая аскарбінавай к-той і карацінам, ідзе на корм жывёле. Тэхн., харч., кармавая і меданосная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЧКА (Digitaria),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 350 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных (пераважна ў Афрыцы) і часткова ў цеплаўмераных абласцях. На Беларусі 4 віды Р.: егіпецкая (D. aegyptiaca), звычайная, або лінейная (D. ischaemum), крывава-чырвоная (D. sanguinalis) і раснічастая (D. ciliaris). Трапляюцца на пясках, па берагах вадаёмаў, як пустазелле на палях.
Шмат-, радзей аднагадовыя травы выш. 10—80 см. Сцёблы моцна галінастыя каля асновы, прамастойныя або ляжачыя, часта чырванаватыя. Лісце лінейна-ланцэтнае. Агульнае суквецце — прамы колас з 2—20 пальчата сабраных коласападобных галінак на верхавінцы сцябла. Плод — зярняўка. Кармавыя, пераважна пашавыя расліны, некат. культывуюць у Паўд.-Усх. Азіі як збожжавыя злакі. Выкарыстоўваюць для барацьбы з эрозіяй, для замацавання пяскоў, насыпаў, стварэння газонаў. Салома ідзе на выраб паперы, цыновак, кошыкаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСХО́ДНІК (Sedum),
род кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 600 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, пераважна ў Еўразіі, некалькі відаў у Паўд. Афрыцы і Паўд. Амерыцы (Перу). На Беларусі 6 відаў Р.: адагнуты (S. reflexum), бледны (S. pallidum), валасісты (S. villosum), едкі, або заечая капуста (S. acre), несапраўдны (S. spurium), шасцірадковы (S. sexangulare). Трапляюцца ў разрэджаных хваёвых лясах, уздоўж дарог, чыгунак, на сухадольных лугах. Шэраг інтрадукаваных відаў пад назвай «седум» вырошчваецца ў дэкар. і пакаёвым кветкаводстве.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травы, часам паўкусцікі выш. 5—25 см. Сцёблы прамастойныя або сцелістыя. Лісце патоўшчанае, сакаўное, рознай формы і колеру, у кальчаках або ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, пурпуровыя, пераважна ў шчыткападобных суквеццях. Плод — шматлістоўка. Меданосныя, лек., дэкар., харч. расліны.