ЧАРТАПАЛО́Х (Carduus),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 120 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы, заносныя — у Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі 5 відаў Ч.: дробнагаловы (C. pycnocephalus); калючы (C. acanthoides); кучаравы (C. crispus), нар. назвы бадзюлі, растроп, дзядоўнік; паніклы (C. nutans); кручочкавы (C. hamulosus). Трапляюцца па берагах рэк і ручаёў, у хмызняках, пасевах, каля жылля, на сметніках.

Двух- і шматгадовыя калючыя травяністыя расліны выш. 0,3—2 м. Сцябло часцей з калюча-зубчастымі крыльцамі. Лісце чаргаванае, па краі з доўгімі калючкамі. Кветкі трубчастыя, звычайна пурпурныя, у кошыку. Плод — сямянка. Пустазелле. Меданосныя, алейныя, дэкар. расліны.

Чартапалох: 1 — калючы; 2 — кручочкавы; 3 — паніклы.

т. 17, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)