СТАДНЮ́К Іван Фоціевіч (8.3.1920, с. Кардышоўка Вінніцкага р-на, Украіна — 30.4.1994),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі паліграфічны ін-т (1957). У Вял.Айч. вайну ваен. журналіст. Удзельнічаў у абарончых баях 1941 на Беларусі. Ганаровы грамадзянін г. Смаленск і в. Баравое Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., дзе з 26.6 да 7.7.1941 удзельнічаў у цяжкіх баях. Друкаваўся з 1940. Раман «Людзі не анёлы» (ч. 1—2, 1962—65, аднайм. п’еса 1967) пра жыццё ўкр. сяла. Аўтар раманаў «Вайна» (кн. 1—3, 1970—80, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Масква, 41-ы» (1985), шматлікіх апавяданняў і аповесцей пра Вял.Айч. вайну, п’ес, кінасцэнарыяў і інш. Эпізоды баёў на бел. зямлі ўзнаўляюцца амаль ва ўсіх яго буйных творах. У нарысах з кн. «Любоў мая і боль мой...» (1977), «Запаветнае» (1980), «Жалезныя вятры» (1982) расказаў пра многіх байцоў і камандзіраў — ураджэнцаў Беларусі.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1982—85.
Літ.:
Леонов Б. Главный объект: Очерк творчества И.Стаднюка. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛЬ (Staël) Ганна Луіза Жэрмена дэ (22.4.1766, Парыж — 14.7.1817),
французская пісьменніца, тэарэтык л-ры, публіцыст. Дачка Ж.Некера Літ. дзейнасць спалучала з заняткамі палітыкай, філасофіяй, гісторыяй. Шмат падарожнічала. Погляды С. фарміраваліся пад уплывам сярэдневяковага мастацтва, творчасці У.Шэкспіра, ням. л-ры і філасофіі. Асн. тэмы яе твораў — асоба і гісторыя, пісьменнік і грамадства, пачуццё і афіц. мараль: трагедыя «Джэйн Грэй» (1790), раманы «Дэльфіна» (1802), «Карына, або Італія» (1807). Аўтар філас.-публіцыст. і літ.-крытычных эсэ і трактатаў «Лісты пра творы і асобу Ж.Ж.Русо» (1788), «Пра мастацкую творчасць» (1795), «Пра ўплыў страсцей на шчасце людзей і народаў» (1796), «Аб літаратуры, разгледжанай у сувязі з грамадскімі законамі» (1800), мемуараў «Дзесяць гадоў у выгнанні» (апубл. 1821, незавершаны) і інш. Паўплывала на распрацоўку эстэтыкі ранняга рамантызму (кн. «Аб Германіі», 1810).
Тв.:
Рус.пер. — Корина, или Италия. М., 1969;
О литературе, рассмотренной в связи с общественными установлениями. М., 1989.
Літ.:
Пронин В.Н. Проблемы литературы и революции в творчестве Жермены де Сталь. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́НЕЎ Эміліян (сапр. імя Нікола) Стаянаў (15.2.1907, г. Тырнава, Балгарыя — 15.3.1979),
балгарскі пісьменнік. Нар. дз. культ. Балгарыі (1966). Герой Сац. Працы Балгарыі (1967, 1977). Акад.Балг.АН (з 1974). Вучыўся ў Маст. акадэміі ў Сафіі, вывучаў фінансы і гандаль у Вольным ун-це. Друкаваўся з 1931. У зб-ках апавяданняў і аповесцей «Самі» (1940), «Воўчыя ночы» (1943), «У ціхі вечар» (1948), «Калі растане іней» (1950) тонкі псіхалагізм у раскрыцці характараў, глыбокае пранікненне ў свет прыроды. Раман «Іван Кандараў» (ч. 1—4, 1958—64, Дзімітроўская прэмія 1965) пра жыццё і барацьбу працоўных. Аўтар гіст. раманаў «Легенда пра Сібіна, князя праслаўскага» (1968), «Антыхрыст» (1970), «Тырнаўская царыца» (1973), кніг для дзяцей. На бел. мову апавяд. «Выкрадальнік персікаў» пераклала Л.Каўрус.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Скарб: Апавяданні балг. пісьменнікаў. Мн., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАЛЬЦО́Ў Барыс Васілевіч (н. 1.3.1926, в. Хутар Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. публіцыст, пісьменнік. Канд.гіст.н. (1968), д-рфілал.н. (1978), праф. (1979). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у газ. «Чырвоная змена» і «Звязда» (1953—69). З 1969 заг. кафедры тэорыі і практыкі сав. журналістыкі, з 1999 праф. кафедры сацыялогіі журналістыкі БДУ, адначасова нам. рэдактара час. «Веснік БДУ» (1969—98). Даследуе жанры сучаснай публіцыстыкі. Аўтар манаграфій «Публіцыстычнасць інфармацыйных жанраў» (1973), «Аналітычныя жанры» (1974), «Публіцыстыка: Жанры. Майстэрства» (1977), «Дзесятая пяцігодка ў беларускім нарысе» (1980), «Асновы літаратурна-мастацкай творчасці» (ч. 1—2, 1999), «Асноўныя творчыя метады ў журналістыцы» (2000) і інш.Асн. тэматыка маст. твораў — жыццё вёскі, клопаты моладзі і інтэлігенцыі (зб-кі апавяданняў «Наследнік», 1963, «Сыходзяцца бальшакі і прасёлкі», 1969; аповесці «Вячэрняя планета», 1975, «Метраном памяці», 1985; раман «Між крутых берагоў», 1980; зб. абразкоў і апавяданняў «Чарадзейны туман», 2000).
Тв.:
Маральны клімат вытворчага калектыву і друк. Мн., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУЛЬЯ́НАЎ Анатоль Канстанцінавіч (н. 3.9.1927, с. Аксіньіна Адзінцоўскага р-на Маскоўскай вобл.),
бел.пісьменнік. Ген.-маёр авіяцыі (1978). Засл. работнік культ. Беларусі (1986). Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1962). У арміі з 1946. З 1962 на Поўначы, з 1969 у Гал.паліт. упраўленні Сав. Арміі ў Маскве, з 1976 у Мінску, чл.ваен. савета арміі Проціпаветранай абароны, у 1980—87 нам.нач. палітупраўлення Бел.ваен. акругі. Друкуецца з 1957. Піша на рус. мове. Аўтар зб-каў апавяданняў, аповесцей, сцэнарыяў, нарысаў «На зямлі і ў паветры» (1967), «Лістапад» (1976), «Прапісаны ў небе» (1978), «Хаджэнне за сёмае неба» (1985), «Толькі адна ноч» (1987), рамана «Расколатае неба» (1981) і інш. пра станаўленне характару ў звычайных і экстрэмальных умовах армейскай службы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́РАЖСКІ Васіль, бел. і ўкр.пісьменнік-палеміст 2-й пал. 16 ст. Мяркуючы па прозвішчы, паходзіў з Суража, але невядома з якога — віцебскага, бранскага ці падляшскага. Пасля смерці І.Фёдарава кіраваў да 1598 Астрожскай друкарняй. Да асобных яе выданняў напісаў прадмовы. Быў членам літ. гуртка кн. К.Астрожскага. У гісторыю палемічнай л-ры ўвайшоў як аўтар кн. «Аб адзінай ісціннай праваслаўнай веры і святой саборнай апостальскай царкве» (Астрог, 1588), скіраванай супраць прапаганды ідэі царкоўнай уніі Б.Гербеста і П.Скаргі. У творы выявіў эрудыцыю ў веданні царк.-кананічнай л-ры. Цікавая зместам і некат. запазычаннямі ў інш. аўтараў кніга С. не вызначаецца літ. густам. Свае думкі ён выклаў на царк.-слав. мове і толькі зрэдку ўстаўляў словы жывой нар. мовы, таму стыль надзвычай цяжкі.
Літ.:
Памятники полемической литературы в Западной Руси. Кн. 2. СПб., 1882;
Возняк М. Історія української літератури. Т. 2, ч. 1. Львів, 1921;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЛЯ́ВА Антоній (свецкае імя Анастасій; каля 1583, Полацкае ваяв. — 1655),
уніяцкі царк. дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст. З 1612 чл. ордэна базыльян, у 1617 пасвячоны ў святары. Скончыў Грэчаскі калегіум у Рыме (1622). З 1622 архімандрыт уніяцкіх манастыроў: у Вільні св. Тройцы, Навагрудку, Жыдзічыне. З 1624 архіепіскап полацкі, з 1639 ген. вікарый Кіеўскай мітраполіі. У 1641—55 мітрапаліт кіеўскі і галіцкі, адначасова з 1652 генерал (протаархімандрыт) базыльянскага ордэна. У 1630—40-я г. ўдзельнічаў у падрыхтоўцы агульнага сабора уніятаў і праваслаўных з мэтай аб’яднання на падставе стварэння Кіеўскага патрыярхата і прызнання вяршэнства папы. Клапаціўся пра адукацыю святароў, умацаванне манастырскага жыцця, адкрыў семінарыю пры Мінскім базыльянскім манастыры (1652). Папулярызаваў культ І.Кунцэвіча. Аўтар «Антыэленхуса» (1622) — адказу на «Эленхус» М.Сматрыцкага (1622) і жыццяпісу Кунцэвіча (1625).
Літ.:
Белоруссия в эпоху феодализма. Т. I Мн., 1959;
Уния в документах. Мн., 1997;
Коялович М. Литовская церковная уния. Т. 2. СПб., 1861.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЁНАВА Ала (Альбіна Іванаўна; н. 9.8.1938, с. Бальшарэцкае Камчацкай вобл., Расія),
бел. крытык, пісьменнік. Скончыла БДУ (1960). У 1960—86 працавала ў выд-вах «Навука і тэхніка», «Мастацкая літаратура», у 1987—94 заг. аддзела маст. крытыкі час. «Нёман». Друкуецца з 1966. Аўтар літ., лірычна-філас., настраёва-тэалагічных эсэ, артыкулаў пра бел. пісьменнікаў: А.Адамовіча, У.Арлова, Н.Арсенневу, Р.Барадуліна, В.Бечыка, Я Брыля, А.Васілевіч, А.Вярцінскага, Л.Дранько-Майсюка, А.Дударава, А.Жука, С.Законнікава, В.Карамазава, У.Караткевіча, Х.Лялько, У.Някляева, А.Пісьмянкова, А.Разанава, Я.Саламевіча, М.Стральцова і інш., папу рымскага Яна Паўла II. У аповесці «Бэзавы попел» (1994) і апавяданнях — спробы паяднаць абстрагаваную думку з эмоцыяй, лейтматыў твораў абумовіць настроем думкі аўтара.
Тв.:
Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Слова сапраўднага лад. Мн., 1986;
Святло загадкі: Імпрэсіі і адлюстраванні. Мн., 1995.
Літ.:
Стральцова В. Пошукі сучаснай аўтабіяграфічнай прозы // Literatura i języki słowian wschodnich. Opole, 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́МСААРЭ (Tammsaare) Антон (сапр.Ханзен; 18.1.1878, хутар Тамсаарэ-Пых’я Ярваскага пав., Эстонія — 1.3.1940),
эстонскі пісьменнік. Вучыўся ў Тартускім ун-це (1907—11). Друкаваўся з 1901. У ранніх аповесцях «Дзве пары і адзінокі» (1902), «Старыя і маладыя» (1903), рамане «Гаспадар з Кырбоя» (1922) жыццё сялянства; у аповесцях «Маладыя душы» (1909), «Муха» (1917) і інш. побыт эст. інтэлігенцыі. Вяршыня яго творчасці — эпапея «Праўда і справядлівасць» (т. 1—5, 1926—33) пра гіст. лёс эст. народа з 1870-х да 1920-х г. Аўтар драмы «Юдзіф» (1921), алегарычнай п’есы-памфлета «Каралю холадна» (1936), філас.-сатыр. рамана «Новы Нячысцік з Пекла» (1939). Для яго твораў характэрна рэаліст. адлюстраванне сац. супярэчнасцей, нар. гумар, глыбокі псіхалагізм. На бел. мову асобныя творы Т. пераклалі А.Жук, А.Кудравец, М.Ракітны.
Тв.:
Бел.пер. — Аповесці. Мн., 1980;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—6. М., 1966—68.
Літ.:
Сиймискер Х. Жизнь и творчество А.Х.Таммсааре. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧО́Ў Васіль Юр’евіч (н. 1.1.1948, в. Гута Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.пісьменнік. Скончыў Львоўскае вышэйшае ваен.-паліт. вучылішча (1973). Працаваў у газетах. З 1989 сакратар Гомельскага абл. аддзялення Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1965. Выдаў кнігі апавяданняў «Хітры Данік» (1975), «Дзень у горадзе» (1985), кнігу-дзённік «Пахвалі пражыты дзень» (1988). Аўтар нар. драмы пра пасляваен. бел. вёску «Сівы бусел», п’есы «Вокны» (абедзве паст. 1985), камедый «Прыгоды з Канапухіным», «Лесвіца» (абедзве паст. 1988), «Кветкі-ягадкі, альбо Курорт для зяця» (паст. 1990 Бел. т-рам імя Я.Коласа), «Шкірдзюкі займаюць абарону», трагікамедыі пра паслячарнобыльскую бяду «Усміхаўся месяц белай вішні» (абедзве паст. 1996), п’ес «Блакада ў Кругліцы» (1994), «Дурная баба» (1997), «Дрэва, альбо Жыццё ў адсутнасць дажджу» (1998), «Слуп» (2001) і інш., аднаактовак («Стары і дарога», «Кубік Рубіка», «Дублёр», «Арышт» і інш.). На бел. мову пераклаў п’есы Л.Петрушэўскай «Маскоўскі хор», С.Злотнікава «Сцэны каля фантана».