СУ́РАЖСКІ Васіль, бел. і ўкр. пісьменнік-палеміст 2-й пал. 16 ст. Мяркуючы па прозвішчы, паходзіў з Суража, але невядома з якога — віцебскага, бранскага ці падляшскага. Пасля смерці І.Фёдарава кіраваў да 1598 Астрожскай друкарняй. Да асобных яе выданняў напісаў прадмовы. Быў членам літ. гуртка кн. К.Астрожскага. У гісторыю палемічнай л-ры ўвайшоў як аўтар кн. «Аб адзінай ісціннай праваслаўнай веры і святой саборнай апостальскай царкве» (Астрог, 1588), скіраванай супраць прапаганды ідэі царкоўнай уніі Б.Гербеста і П.Скаргі. У творы выявіў эрудыцыю ў веданні царк.-кананічнай л-ры. Цікавая зместам і некат. запазычаннямі ў інш. аўтараў кніга С. не вызначаецца літ. густам. Свае думкі ён выклаў на царк.-слав. мове і толькі зрэдку ўстаўляў словы жывой нар. мовы, таму стыль надзвычай цяжкі.
Літ.:
Памятники полемической литературы в Западной Руси. Кн. 2. СПб., 1882;
Возняк М. Історія української літератури. Т. 2, ч. 1. Львів, 1921;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977.
А.Ф.Коршунаў.
т. 15, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)