САЕ́ВІЧ Платон Васілевіч (30.11.1892, б. вёска Раматова Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. — 28.9.1956),
дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1911), Камуніст.ун-т імя Свярдлова (1924). З 1913 у арміі. Удзельнік устанаўлення сав. улады ў Віцебскай губ. З сак. 1919 у Чырв. Арміі. З 1924 на парт. рабоце ў Ніжагародскай губ. З 1926 дэкан і рэктар Бел.с.-г. акадэміі, з 1929 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі, з 1932 дырэктар Ін-та гісторыі партыі і Кастр. рэвалюцыі пры ЦККП(б)Б, з 1933 заг. кафедры Вышэйшай камуніст.с.-г. школы Беларусі, з 1939 выкладчык парт. курсаў пры ЦККП(б)Б. Удзельнік Вял.Айч. вайны; камісар палка, нам.нач. палітупраўлення, нач. аддзела фронту; паліт. саветнік дэлегацыі ў сав.-амер. камісіі па Карэі. У 1947—51 міністр асветы БССР. Чл.ЦККП(б)Б у 1932—34, 1949—52. Чл.ЦВКБССР у 1923—31. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—50. У маі 1951 беспадстаўна арыштаваны. 28.11.1951 Ваен. трыбуналам БВА прыгавораны да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Рэабілітаваны ў 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІРЫ́ДАЎ Вадзім Васілевіч (9.4.1931, в. Вязынь Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 13.4.2002),
бел. хімік. Акад.Нац.АН Беларусі (1989, чл.-кар. 1980), д-рхім.н. (1973), праф. (1975). Засл. дз. нав. Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1952), дзе і працуе з 1955 (з 1965 заг. кафедры), адначасова ў 1979—93 дырэктарНДІ фіз.хім. праблем пры БДУ. Навук. працы па фотахіміі неарган. сістэм, хіміі фатагр. працэсаў, хіміі цвёрдага цела, праблемах выкладання хіміі. Устанавіў заканамернасці тэрмічнага раскладання, фатолізу і радыёлізу цвёрдых солей, заканамернасці фарміравання ультрадысперсных складаных аксідаў з сумесна асаджаных гідраксідаў металаў, умовы сінтэзу ў водным асяроддзі нанакрышт. металаў з рэгулюемым памерам часціц. Выявіў заканамернасці фарміравання нанаструктураваных і аморфных біметал. плёнак, у т. л. плёнак нераўнаважнага саставу, пры хім. і электрахім. асаджэнні. Распрацаваў прынцыпы фотаселектыўнага асаджэння металаў з раствораў і асновы яго выкарыстання для нанясення метал. плёнак на экспанаваныя ўчасткі падложак.
Тв.:
Фотохимия и радиационная химия твердых неорганических веществ. Ч. 1. Мн., 1964;
Химическое осаждение металлов из водных растворов. Мн., 1987 (у сааўт.);
Неорганический синтез. 2 изд. Мн., 2000 (разам з Г.А.Папковіч, А.І.Васілеўскай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІДАРО́ВІЧ Яўген Антонавіч (н. 10.3.1928, г. Беразіно Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі, экалогіі, інтрадукцыі раслін і ахове навакольнага асяроддзя. Чл.-кар. Нау. АН Беларусі (1989), д-рбіял.н. (1985), праф. (1986). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Мінскі тэхнал.ін-т (1952). З 1965 у Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі (з 1971 нам. дырэктара, з 1976 дырэктар, з 1997 заг. лабараторыі). Навук. працы па тэарэт. асновах эколага-фізіял. маніторынгу раслін і аптымізацыі тэхнагеннага асяроддзя буйных прамысл. цэнтраў Беларусі сродкамі азелянення. Выявіў адаптацыйныя магчымасці і фітаіндыкацыйную значнасць расл. комплексаў у прамыслова развітых раёнах Беларусі. Распрацаваў матэм. мадэль прадукц. працэсу хвойных экасістэм. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Функционирование лесных фитоценозов в условиях антропогенных нагрузок. Мн., 1985 (разам з Ж.А.Рупасавай, Я.Р.Бусько);
Экологический мониторинг лесных ландшафтов Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.);
Техногенное загрязнение лесных экосистем Беларуси. Мн., 1995 (у сааўт.);
Радиационно-тепловой режим лесов Беларуси в условиях техногенной среды. Мн., 1997 (разам з Ж.А.Рупасавай, Я.Р.Бусько).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРАПА́НАЎ Сцяпан Гардзеевіч (7.11.1910, в. Бацвінава Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 11.6.1999),
бел. вучоны ў галіне агульнага земляробства і меліярацыі, дзярж. дзеяч Беларусі. Акад.АН Беларусі (1961, чл.-кар. 1950), д-рс.-г.н. (1961), прафесар (1962). Акад. УАСГНІЛ (1972). Акад. Аграрнай АН Беларусі (1992). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў Бел.с.-г.ін-т (1936). У 1948—50 і 1952—59 дырэктарБел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі. З 1959 акад.-сакратар Акадэміі с.-г. навук Беларусі. З 1961 міністр сельскай гаспадаркі Беларусі. У 1972—76 акад.-сакратар Зах. аддзялення УАСГНІЛ. Навук. працы па праблемах агульнага земляробства, меліярацыі і рацыянальным выкарыстанні тарфяна-балотных глеб, аховы навакольнага асяроддзя, таксама па пытаннях лугаводства, глебазнаўства і аграхіміі.
Тв.:
Осушение и сельскохозяйственное освоение болот в Белоруссии. 2 изд. М., 1955 (разам з А.Ф.Печкуровым, Б.Б.Бельскім);
Освоение и использование торфяно-болотных почв. Мн., 1961;
Мелиорация земель и охрана окружающей среды. Мн., 1982 (разам з У.П.Карлоўскім, У.С.Бразгуновым);
Земельная реформа и ее последствия. Мн., 1995.
Літ.:
Библиография научных трудов академика С.Г.Скоропанова. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́БІНАЎ Леанід Віталевіч (7.6.1872, г. Яраслаўль, Расія — 14.10.1934),
рускі спявак (лірычны тэнар), прадстаўнік рус. класічнай вак. школы. Нар.арт. Рэспублікі (1923). Скончыў юрыд.ф-т Маск. ун-та (1894), муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1897). З 1897 у Вял. т-ры ў Маскве (у 1917—18 і ў 1921 дырэктар). У дасканаласці валодаў мастацтвам італьян. бельканта. У аснове яго мастацтва высокая адухоўленасць, паэтызацыя муз. вобраза, адзінства бездакорнага вак. майстэрства і драм. асэнсаванай ігры. Адзін з лепшых выканаўцаў партый Ленскага («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага) і Лаэнгрына («Лаэнгрын» Р.Вагнера) на сусв. сцэне. З інш. партый: Сінадал («Дэман» А.Рубінштэйна), Берандзей, Ляўко («Снягурачка», «Майская ноч» М.Рымскага-Корсакава), Рудольф («Багема» Дж.Пучыні), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі). Вёў актыўную канцэртную дзейнасць. Прапагандыст рус.вак. лірыкі, тонкі інтэрпрэтатар класічнай камерна-вак. музыкі. Канцэртны рэпертуар складалі творы М.Глінкі, Чайкоўскага, С.Рахманінава, Л.Бетховена, Р.Шумана, Ф.Шуберта, Ш.Гуно.
Літ.:
Л.В.Собинов. Т. 1—2. М., 1970;
Владыкина-Бачинская Н.М. Л.В.Собинов. 3 изд. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭ́ЛЬМАХ Уладзімір Мацвеевіч (15.7.1910, в. Бушмічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. —27.1.1974),
бел. тэатральны дзеяч, пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1961). Скончыў студыю БДТ-2 (1930), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1954). Акцёр бел. трама (з 1930), т-ра юнага гледача імя Н.Крупскай (1937—41), дырэктар т-раў імя Я.Коласа (з 1943), оперы і балета Беларусі (з 1945), імя Я.Купалы (1947—51), рэсп.т-ра юнага гледача (1955—66). Характарны акцёр. З лепшых роляў: Косця-капітан («Арыстакраты» М.Пагодзіна), фельдфебель Мокры («Музыканцкая каманда» Д.Дэля) у траме; рабочы Розенц («Гады выпрабаванняў» К.Райманд), Пан («Цудоўная дудка» В.Вольскага) у т-ры юнага гледача. Аўтар п’ес «Шляхі» (паст. 1931), «Канец маскараду» (з Ю.Рудзько, паст. 1938) і інш. Аўтар кніг «Народны артыст СССР Г.П.Глебаў» (1954), «Шляхі беларускага тэатра» (1964), «Кранаючы чуткія струны душы» (1966), «Тэатр і час: Запіскі дырэктара тэатра» (1973), артыкулаў пра бел. т-р. Пераклаў на бел. мову «Хітрыкі Скапэна» Мальера (паст. 1940).
Літ.:
Пятровіч С. Уладзімір Стэльмах // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДАРША́Н (Sudarshan) Энакал Чэндзі Джордж (н. 16.9.1931, Палам, каля г. Котаям, Індыя),
індыйскі і амер. фізік-тэарэтык. Чл. Індыйскай нац.АН (1973) і інш.АН Скончыў Мадраскі (Індыя; 1952) і Рочэстэрскі (ЗША; 1958) ун-ты. У 1952—55 у Ін-це фундаментальных даследаванняў у г. Бамбей (Індыя). З 1959 у Гарвардскім, з 1961 у Рочэстэрскім ун-тах. З 1965 праф. Сіракузскага ун-та (штат Нью-Йорк), з 1969 — Тэхаскага ун-та (г. Остын), у 1984—90 дырэктар Ін-та матэм. навук у г. Мадрас. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц, квантавай оптыцы, квантавай тэорыі поля, тэорыі калібровачных палёў. Разам з Р.Ю.Маршаком распрацаваў універсальную тэорыю слабых узаемадзеянняў (1957). Выказаў гіпотэзу аб існаванні тахіёнаў — часціц, што рухаюцца са звышсветлавой скорасцю (1962). Сфармуляваў аптычную тэарэму эквівалентнасці (1963).
Тв.:
Рус.пер. — Введение в физику элементарных частиц М., 1962 (разам з Р.Маршаком);
Основы квантовой оптики. М., 1970 (разам з Дж.Клаўдэрам);
Частицы за световым барьером (разам з О.Біланюком) // Эйнштейновский сб., 1973. М., 1974;
Doubt and Certainty. Cambridge, 1999 (разам з Т.Ротманам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ДНІК Міхаіл Раманавіч (21.11.1910, в. Пяцюлёва Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 19.12.1995),
бел. мовазнавец. Чл.-кар.АН Беларусі (1970), канд.філал.н. (1954). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1938). У 1930—36. 1938—43 настаўнічаў, у 1943—44 нач. упраўлення кадраў Наркамасветы БССР. У 1944—52 навук. супрацоўнік Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. З 1952 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі (заг. сектара, у 1957—83 дырэктар). Даследаванні па бел. лексікалогіі і лексікаграфіі, арфаграфіі, тэрміналогіі, анамастыцы, гісторыі бел. мовазнаўства. Сааўтар «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970), 14-моўнага «Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі» (т. 1—2, Прага, 1977—79), «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.М.Лобанам; 6-е выд., 1990), «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» (1996). Старшыня Бел. (1959—85), чл.Міжнар. (1973) камітэтаў славістаў.
Тв.:
Гісторыя ўзнікнення і этапы развіцця беларускай лексікаграфіі старажытнай пары // Працы Ін-та мовазнаўства АНБССР 1957. Вып. 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЁНАЎ Дзмітрый Дзмітрыевіч (3.1.1835, в. Асінаўка Віцебскага р-на — 21.3.1902),
бел. і рас. педагог. Скончыў Віцебскую гімназію (1852), настаўніцкія курсы Пецярбургскага ун-та (1859). З 1852 выкладаў рус. мову, геаграфію і гісторыю ў віцебскіх яўр. чатырохкласным і гандл.-прамысл. вучылішчах. З 1857 у Пецярбургу: выкладаў у гімназіі, у жаночым Марыінскім вучылішчы, у 1860—62 у Смольным ін-це, з 1865 на Вышэйшых пед. курсах пры 2-й Пецярбургскай ваен. гімназіі. З 1873 дырэктар Кубанскай, з 1878 — Закаўказскай семінарый. З 1883 інспектар па навуч. частцы вучылішчнага к-та Пецярбургскай гар. думы, адначасова ў 1888—91 рэдагаваў час. «Детское чтение». Выступаў за ўсеагульную пач. адукацыю і распаўсюджванне пісьменнасці ў народзе. Распрацаваў методыкі выкладання рус. мовы і геаграфіі. Аўтар першых рус. наглядных дапаможнікаў для гімназій «Свет у карцінках» (1866), «Дар слова» (1868), геагр. хрэстаматыі «Айчыназнаўства» (т. 1—6, 1864—69) і шэрагу прац па гісторыі адукацыі.
Тв.:
Избр. пед. соч. М., 1953.
Літ.:
Макаев В.В. Жизнь и педагогическая деятельность Д.Д.Семенова. Тбилиси, 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЧЫ́ЦКІ Эдуард Іванавіч (н. 19.7.1935, Мінск),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства і тэхналогіі мікраэлектронных вырабаў. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1994), д-ртэхн.н. (1974), праф. (1981). Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1976 заг. лабараторыі Ін-та электронікі, з 1990 дырэктарІнж. цэнтра «Плазматэг» Нац.АН Беларусі. Навук. працы па структуры, кінетыцы і тэрмадынаміцы фазавых пераўтварэнняў у тонкіх плёнках і пакрыццях, праблемах павышэння надзейнасці і даўгавечнасці машын нанясеннем зносаўстойлівых і ўмацавальных пакрыццяў. Распрацаваў тэорыю кінетыкі ўзнікнення і росту тонкіх плёнак ва ўмовах стацыянарнага і імпульснага асаджэння. Стварыў імпульсныя катодна-дугавыя крыніцы плазмы для нанясення высокадакладных шматслойных і шматкампанентных пакрыццяў і сінтэзу новых матэрыялаў. Сфармуляваў прынцыпы рэалізацый метастабільных фазавых і структурных станаў у тонкіх плёнках. Эксперыментальна атрымаў алмазныя і алмазападобныя плёнкі пры нізкіх т-рах.
Тв.:
Производство полуфабрикатов из спеченной алюминиевой пудры (САП). М., 1965 (у сааўт.);
Структура тонких металлических пленок. Мн., 1968 (разам з В.П.Севярдэнкам);
Кристаллизация и термообработка тонких пленок. Мн., 1976.