Лётаць лётыць ’лятаць (у розных кірунках)’, ’хутка бегаць, хадзіць’, ’насіцца’, ’заляцацца’ (Гарэц., Нас., Шат., ТСБМ; в.-дзв., паст., віл., барыс., Сл. паўн.-зах.; маладз., Янк. Мат.), драг. лётатэ і лэ́татэ ’тс’ (І. Лучыц-Федарэц). Рус. лётать, серб.-харв. ле́тети ’лётать туды-сюды’ (у адрозненне ад ле́тати — дзеяслова шматразовага дзеяння), магчыма, чэш. létati, lítat. Прасл. інтэнсіў lětati, які ўзыходзіць да першаснага lektati, параўн. роднасныя літ. lė̃kti, lekiù ’ляцець’, lakstýti ’пырхаць, лётаць’, lakstinė́ti ’тс’ (шматразовае дзеянне), лат. lèkt, lęcu ’скакаць’, ’узыходзіць (аб месяцы, сонцы)’, ’здарацца’, часам і ’ляцець’, lę̄kât ’скакаць’ (шматразовае дзеянне), — звычайна іх супастаўляюць са ст.-грэч. λακτίζω ’брыкаюся’, ’тапчу, б’ю нагой’, с.-в.-ням. lęcken ’брыкаць, скакаць’. Цяперашні час гэтага інтэнсіва ўтвараўся пры дапамозе суф. ‑te‑ (Мее, Общеслав., 188–189); рэшткі старога спражэння можна бачыць у бел. (ашм., астрав., лаг., паст., смарг.) ляту́ — 1‑я ас., ляту́ць — 3‑я ас. (Сл. паўн.-зах.), польск. дыял. letę, letą. Група ‑kt‑ перад ‑a‑ перайшла ў ‑t‑ (Махэк₂, 328), падаўжэнне галоснай, як у lěgati (Слаўскі, 4, 65). Пазней да інтэнсіва быў даўтвораны ітэратыў letěti, а lětati стала імперфектам. Сляды інтэнсіва назіраюцца ў бел. лята́ць ’ляцець у розных кірунках’, ’хутка бегаць’ (Янк. II, ТСБМ). Праблематычным застаецца націск на галоснай кораня (як у інтэнсіва) у ітэратывах па форме бел. ваўк., івац., лях. ле́цець, чэрв. ле́ціць ’ляцець’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. таксама ляце́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кій 1 ’прамая тонкая палка’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сержп., Шат., Касп., Сл. паўн.-зах., Янк. I, Др.-Падб., Гарэц., Мал., Чуд., Булг.), ’палка для замацавання задняга навоя’ (Нар. сл.). Укр. кий, рус. кий ’тс’, балг. кий ’друк’, серб.-харв. ки̏јак ’тс’, киј ’молат баявы’, славен. kȋj ’тс’, ’драўляны молат’, польск. kij ’друк’, чэш. kyj ’тс’, славац. kyj, в.-луж. kij ’тс’, н.-луж. kij ’жалезны молат’. Значэнне, зафіксаванае ў рус.-царк., серб., харв., славен., н.-луж., старажытнае, аб чым сведчаць дакладныя паралелі: ст.-прус. cogis ’молат’, літ. kū́jis ’молат каваля’ (параўн. Мартынаў, Дерив., 22; Скок, 2, 78; Тапароў, K–L, 238–240). Трубачоў (Ремесл. терм., 350–352), спасылаючыся на прадуктыўнасць літоўскай мадэлі kauti — kūjis, бачыць у літоўскай паралелі інавацыю. Падрабязныя довады супраць гэтага гл. Тапароў, K–L, 240, які асаблівую ўвагу звяртае на прускую паралель. Да таго ж рэліктавасць значэння ’молат’ у славянскіх мовах тлумачыцца тым, што ў гэтым значэнні ў большасці дыялектаў стала выступаць прасл. moltъ італійскага паходжання (параўн. лац. malleus < *malteus) (Мартынаў, Балт.-слав.-італ., 28; Яго ж, Язык, 75). Такім чынам, няма падстаў разглядаць «некавальскія» значэнні славянскіх слоў як старажытныя, тым больш што значэнне ’молат’ захоўваецца якраз на перыферыі славянскага арэала. Гэта дае падставу меркаваць аб балтаславянскай інавацыі.

Кій 2 ’пачатак кукурузы’ (Жд. 2). Гл. кійкі, кіёўкі, кій 1.

Кій 3 — гукапераймальнае (аб курыцы) (ЭШ, рук.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тло 1 ’тое, што сатлела, спарахнела, згніло; тлен, прах, попел’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), ’прах, попел, тлен’ (Нас.), тлё ’гніль, парахно’: бадай сена да тлём стала (гом., Рам. 8). Аддзеяслоўны назоўнік ад тлець (< *tъlěti) ’гніць; паціху гарэць’ (гл.) з семантыкай ’вынік працэсу’; сюды ж, відаць, і тля ’?’: нехай цебе тля тлиць (Нас.) у значэнні суб’екта дзеяння (’агонь’?).

Тло 2 ’аснова’ (Сцяшк.), ст.-бел. тло ’дно’ (пач. XVII ст., КГС). Укр. тло ’аснова’, рус. дыял. тло ’дно, аснова’, стараж.-рус. тьло ’зямля, грунт, падлога’, польск. tło ’фон; грунт; под у печы’, н.-луж. tło ’падлога, паласа зямлі, краіна’, в.-луж. tło ’падлога’, чэш. дыял. tlo, tla ’дашчаная столь’, славац. tlo ’столь’, славен. tlò, tlà ’грунт, зямля; падлога’, серб.-харв. тло̏ ’тс’, макед. тло ’грунт’, ст.-слав. тьло. З прасл. *tьlo ’дно, аснова, грунт’, роднаснага да *stьlati ’рассцілаць, слаць’. Далей роднаснае да літ. tìlė ’дошчачка з насцілу ў лодцы; палена, шчапа’, tìlės ’дашчаны насціл на дне чаўна’, tìltas ’мост’, pãtalas ’пасцель’, лат. tals, tale ’выбельванне (лёну)’, tilts ’мост’, прус. talus ’падлога’, ст.-в.-ням. dilla, dili ’маснічына’, ст.-ісл. þel ’грунт, аснова’, ст.-ірл. talam ’зямля’, лац. tellūs ’тс’, грэч. τηλίᾱ ’дошка для гульні’, ст.-інд. talam ’раўніна’ на падставе і.-е. *tel‑ ’плоскі’, ’рассцілаць’ (Борысь, 634; ЕСУМ, 5, 584; Фасмер, 4, 65; Брукнер, 571; Махэк₂, 645; Бязлай, 4, 186; Каруліс, 2, 406–407).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАЛОТАЗНА́ЎСТВА,

вучэнне пра балоты, іх паходжанне, развіццё, будову і гасп. выкарыстанне. Мае батаніка-геаграфічны (фітацэналагічны) і тарфазнаўчы кірункі.

Балотазнаўства ўзнікла ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў Зах. Еўропе. Інтэнсіўна развівалася ў канцы 19 ст. ў сувязі з ростам меліярац. работ. Заснавальнік балотазнаўства ў Расіі — М.​В.​Ламаносаў, які даследаваў прыроду торфу. На Беларусі вывучэнне балотаў пачалося з Палесся (М.​Бутрымовіч, 1772). Пазней была арганізавана Заходняя экспедыцыя па асушэнні балотаў пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага (1873—98), у якой прынялі ўдзел глебазнавец В.​В.​Дакучаеў і батанік Г.​І.​Танфільеў, што апублікаваў першую ў Расіі класіфікацыю балотаў і апісаў расліннасць балотаў Палесся (1899). У 1911 адкрыта Мінская балотная доследная станцыя. Беларусь стала цэнтрам вывучэння і практычнага выкарыстання балотаў Расіі.

У пач. 20 ст. вял. ўклад у развіццё балотазнаўства зрабілі бел. вучоныя У.​М.​Сукачоў, А.​Ф.​Флёраў, В.​Р.​Вільямс, У.​С.​Дактуроўскі і інш. У 1925—30 работы па акультурванні балотаў вялі А.​Т.​Кірсанаў, М.​Ф.​Лебядзевіч, І.​С.​Лупіновіч, С.​Г.​Скарапанаў, іх прадаўжалі А.​П.​Підоплічка, М.​М.​Бамбалаў, П.​І.​Бялькевіч, І.​І.​Ліштван, У.​Я.​Ракоўскі, А.​В.​Цішковіч і інш. Вывучаюць балоты ў НДІ меліярацыі і лугаводства, глебазнаўства і аграхіміі, Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі і інш. н.-д. установах. Распрацавана карта тарфяных радовішчаў, абгрунтаваны сыравінныя базы бітумінозных тарфоў і паказаны ўмовы іх залягання. Даследаваны геагр. і экалагічныя асаблівасці развіцця некаторых сфагнавых комплексаў на вярховых балотах. Дадзены асн. генет. схемы развіцця тарфянікаў на тэр. рэспублікі. Вывучаюцца генезіс, глебаўтваральныя працэсы і раслінныя асацыяцыі балотаў, метады рэгулявання воднага рэжыму, праблемы, звязаныя з с.-г. выкарыстаннем асушаных балотаў, прамысл. асваеннем тарфяных радовішчаў і інш. На аснове даследаванняў па балотазнаўстве складаюцца праекты меліярацыі, выкарыстання торфу ў нар. гаспадарцы.

Літ.:

Підоплічка А.П., Смаляк Л.П. Даследаванні балотнай расліннасці Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.

т. 2, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНІКАВА ПАЎСТА́ННЕ 1606—07.

Адбылося ў Расіі і на тэр. Украіны пад кіраўніцтвам І.І.Балотнікава; найвышэйшы этап сялянскай вайны пачатку 17 ст. Пачалося летам 1606 у раёне Пуціўля пасля звяржэння Лжэдзмітрыя I (гл. Ілжэдзмітрый I), ахапіла Чарнігаў і інш. гарады. Яго асн. сіла — халопы і сяляне, удзельнічалі пасадскія людзі, стральцы, казакі, дваране. Балотнікаў заклікаў да звяржэння цара В.І.Шуйскага і аднаўлення ўлады «цара Дзмітрыя». У жн. 1606 пад Кромамі і Яльцом паўстанцы разбілі царскія войскі, занялі Арол, Болхаў, Калугу, Серпухаў і рушылі на Маскву. Да іх далучыліся дваранскія атрады — разанскія на чале з П.​Ляпуновым і тульскія на чале з І.​Пашковым. Кульмінацыя Балотнікава паўстання — аблога Масквы (28.10—2.12.1606). Паўстанне ахапіла цэнтр. паветы Расіі і Паволжа (больш за 70 гарадоў). Сацыяльна неаднароднае шматлікае (60—100 тыс. чал.) войска Балотнікава было недастаткова ўзброенае і мала абучанае. Барацьба за кіраванне паўстаннем паміж Балотнікавым і Пашковым (апошняму, як і ўсім паўстанцам-дваранам, не падабаліся заклікі Балотнікава да прыгонных сялян распраўляцца са сваімі гаспадарамі) прывяла да расколу. 15 ліст. на бок Шуйскага перайшлі дваранскія атрады Ляпунова, 2 снеж., у час вырашальнай бітвы каля в. Ніжнія Котлы, — атрады Пашкова. Страціўшы каля 30 тыс. чал., Балотнікаў адступіў у Серпухаў, потым у Калугу, якую абараняў са снеж. 1606 да пач. мая 1607. У маі 1607 атрады Ілейкі Мурамца разбілі царскае войска на р. Пчэльна. Шуйскі зняў аблогу Калугі. Паўстанцы аб’ядналіся ў Туле, якая з мая да кастр. 1607 стала месцам цяжкіх баёў. Палітыка цара па ўмацаванні прыгоннага права (Улажэнне 1607) дазволіла яму кансалідаваць феадалаў і сабраць 100-тысячную армію. У чэрв. 1607 войскі Балотнікава былі двойчы разбіты і асаджаны ў Туле, якая была затоплена ў выніку запруды р. Упа. Нягледзячы на хваробы і голад, паўстанцы гераічна абараняліся. Але пасля абяцання Шуйскага захаваць жыццё ўсім паўстанцам 10.10.1607 яны адчынілі гарадскія вароты. Пасадскія вярхі выдалі царскім уладам Балотнікава і Мурамца. Балотнікава паўстанне — першае ў Расіі значнае выступленне супраць прыгонніцтва.

Кр.: Восстание И.​Болотникова: Документы и материалы. М., 1959.

Літ.:

Смирнов И.И. Восстание Болотникова, 1606—1607. [2 изд.] М., 1951.

т. 2, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́СКАЎ КРАІ́НА (баскскае Эўскады, ісп. Vascongadas),

Басконія, аўтаномная вобласць на Пн Іспаніі, у Кантабрыйскіх гарах, каля ўзбярэжжа Біскайскага зал. Пл. 7,3 тыс. км². Нас. 2,2 млн. чал. (1989), пераважна баскі, а таксама іспанцы. Уключае правінцыі Алава, Біская, Гіпускаа. Адм. ц. — г. Віторыя.

Рэльеф горны і ўзгорысты. Ёсць радовішчы жал., свінцовых і цынкавых рудаў. Клімат умераны, марскі. Лясы шыракалістыя (бук, дуб, каштан). Цяжкая і здабыўная прам-сць. Развіты металургія (выплаўка чыгуну, сталі, каляровых металаў, вытв-сць пракату), металаапрацоўка і машынабудаванне (судна- і станкабудаванне, вытв-сць чыгуначнага і электраабсталявання, пад’ёмнікаў, узбраення). Ёсць хім. (вытв-сць кіслотаў, угнаенняў, пластмасаў, коксахімія), папяровая, цэм., харч. прам-сць. Гал. прамысл. цэнтры — Більбао і Сан-Себасцьян. У прыморскіх раёнах развіта жывёлагадоўля, на Пд — земляробства. Вінаградарства і вінаробства. Рыбалоўны промысел. Прыморскія курорты з цэнтрам у г. Сан-Себасцьян.

У 1 ст. да нашай эры — сярэдзіне 5 ст. нашай эры тэрыторыя, заселеная продкамі баскаў (прыкладна сучасная ісп. прав. Навара), намінальна знаходзілася пад уладай рымлян і атрымала ад іх назву Васконія. Пад націскам вестготаў каля 580 частка баскаў перасялілася ў Франкскую дзяржаву, дзе ўтварыла герцагства Гасконь. У час барацьбы супраць маўраў (гл. Рэканкіста) узнікла некалькі баскскіх графстваў, цэнтральным з якіх стала Навара (з 10 ст. каралеўства). У 11—15 ст. уладанні баскаў падпарадкаваліся Навары і Кастыліі, у канцы 15 — пач. 16 ст. ўвайшлі ў адзіную ісп. дзяржаву і да 1876 захоўвалі некаторую аўтаномію (гл. Фуэрас). Пасля перамогі ў Іспаніі Нар. фронту ў 1936 створаны аўт. раён, названы Краінай Баскаў (у 1939 з падзеннем рэспублікі і ўсталяваннем дыктатуры Ф.​Франка страціў сваё самакіраванне). З 1960-х г. у Іспаніі ўзмацніўся рух баскаў за аўтаномію, у т. л. тэрарыстычная дзейнасць падп. арг-цыі ЭТА (засн. ў 1959), у выніку якой у 1968—сярэдзіне 1995 загінулі каля 850 чал. Пасля падзення рэжыму Франка ў адпаведнасці з новай ісп. канстытуцыяй 1978 Баскаў краіна атрымала часовую, а са студз. 1980 пастаянную аўтаномію.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІЁЗ ((Berlioz) Гектор Луі) (11.12.1803, Кот-Сент-Андрэ, дэп. Ізер, Францыя — 8.3.1869),

французскі кампазітар, дырыжор, муз. крытык; прадстаўнік муз. рамантызму. Чл. Ін-та Францыі (1856). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1830). На час заканчэння кансерваторыі напісаў шэраг сталых твораў, у т. л. «Фантастычную сімфонію, або Эпізод з жыцця артыста», якая стала маст. абагульненнем ідэйна-эстэт. імкненняў эпохі, маніфестам франц. рамантызму ў музыцы. Яго светапогляд сфарміраваўся пад уплывам класічнай і рамант. л-ры, творчасці К.​В.​Глюка, Л.​Бетховена, У.​Шэкспіра, І.​В.​Гётэ. У творах 1830—40-х г. экзальтацыя пачуццяў, схільнасць да медытацыі, пачуццё адзіноцтва і ў той жа час грамадз.-рэв. парывы: сімфонія «Гарольд у Італіі», опера «Бенвенута Чэліні», драм. сімфонія для аркестра, салістаў-спевакоў і хору «Рамэо і Джульета», «Жалобная трыумфальная сімфонія», драм. легенда «Асуджэнне Фауста» (паводле Гётэ). З 1842 гастраліраваў як дырыжор у многіх краінах, з найб. поспехам у Расіі. У творах 1850—60-х г. адышоў ад вострых праблем сучаснасці, застаючыся верным ідэалам гуманіст. мастацтва: араторыя «Дзяцінства Хрыста» на ўласныя тэксты, оперная дылогія «Траянцы» паводле Вергілія. Апошні яго твор — вытанчаная, поўная гумару опера «Беатрычэ і Бенядзікт» (паводле «Многа шуму з нічога» Шэкспіра, 1862). Берліёз пераўтвараў традыц. жанры, смела сінтэзаваў элементы оперы, араторыі, сімфоніі. Як кампазітар-наватар, ён апіраўся на нац. муз. традыцыі. Адсюль манументальнасць, маляўнічасць, тэатральнасць яго музыкі. Шмат новага ўнёс у вучэнне аб муз. форме, голасавядзенні, гармоніі, рытме; зрабіў адкрыцці ў галіне аркестроўкі, развіў прынцып тэмбравай драматургіі і інш. Разам з Р.​Вагнерам заклаў асновы сучаснай школы дырыжыравання. Аўтар артыкулаў, прысвечаных муз.-эстэт. праблемам і з’явам, творчасці Бетховена, Глюка, Г.​Спанціні, К.​М.​Вебера, Вагнера, Н.​Паганіні, Ф.​Ліста, М.​Глінкі і інш.

Літ. тв.: Oeuvres littéraires. Vol. 1—2. Paris, 1968—69; Рус. пер. — Дирижер оркестра. М., 1912; Избр. статьи. М., 1956; Мемуары. 2 изд. М., 1967; Большой трактат о современной инструментовке и оркестровке. Ч. 1—2. М., 1972; Избр. письма. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1984—85.

Літ.:

Хохловкина А. Берлиоз. 2 изд. М., 1966;

Dömling W. H.Berlioz und seine Zeit. Laaber, 1986.

Г.Л.Берліёз. Мастак П.​Шыферт. 1907.

т. 3, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РЖА (ням. Börse ад грэч. byrsa кашалёк),

форма рэгулярна дзеючага аптовага рынку заменных тавараў, каштоўных папер і замежнай валюты. Адпаведна бываюць таварныя біржы, фондавыя біржы і валютныя біржы. Сама біржа не выступае ў якасці аднаго з бакоў у гандл. аперацыях, а толькі забяспечвае найб. спрыяльныя ўмовы для гэтых аперацый: устанаўлівае для ўсіх удзельнікаў агульныя прынцыпы заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння кантрактаў і прадастаўляе месца для іх заключэння ў пэўны час. Членамі біржы могуць быць толькі пэўныя асобы, у т. л. давераныя прадстаўнікі кампаній. Кіруе біржай савет дырэктараў, якому падначалены розныя камітэты (фін., арбітражны і інш.). Пасрэднікам паміж пакупнікамі і прадаўцамі выступаюць брокеры — пэўныя асобы ці фірмы (брокерскія канторы). Біржавыя органы ажыццяўляюць біржавую каціроўку — рэгіструюць курс валют і каштоўных папер, цэнаў на тавары, што стыхійна склаліся на біржы. Кожная біржа вядзе ўлік і сістэматызацыю такіх каціровак і публікуе іх у спец. бюлетэнях. Біржавая каціроўка — адзін з паказчыкаў біржавай кан’юнктуры, індыкатар дзелавой актыўнасці ў розных сектарах эканомікі.

Зачаткі таварнай і вэксальнай (валютнай) біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у гарадах Італіі (Венецыя, Генуя, Фларэнцыя). Важнымі этапамі ў развіцці біржавага гандлю стала заснаванне Антверпенскай (1531) і Амстэрдамскай (1608) біржаў. У Расіі першая біржа засн. ў 1705 у Санкт-Пецярбургу. Росквіт біржавай дзейнасці прыпадае на 2-ю пал. 19 ст. і звязаны з развіццём капіталіст. вытв-сці, транспарту, сувязі, гандлю і акц. т-ваў. На сучасным этапе пераважная частка біржавага абароту сканцэнтравана ў вядучых гандл. і фін. цэнтрах ЗША, Вялікабрытаніі і Японіі (больш за 90% аб’ёму біржавых здзелак з таварамі ў вартасным выражэнні, з іх больш за 80% прыпадае на ЗША, дзе знаходзіцца гіганцкая фондавая біржа ў Нью-Йорку).

На Беларусі ў пач. 20 ст. існавалі 2 біржы, якія спынілі дзейнасць у 1-ю сусв. вайну. У 1920-я г. біржавы гандаль аднавіўся, але ў 1927 ліквідаваны. Аднаўленне біржы як адной з найважнейшых структур рыначнай эканомікі пачалося ў 1991.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛФАВІ́Т [ад назваў першых дзвюх літар грэч. алфавіта alpha і bēta (навагрэч. vita)],

азбука, сукупнасць графічных знакаў (літар) пэўнай сістэмы пісьма, размешчаных у замацаваным парадку. Уяўляе сабой пазнейшую стадыю развіцця графікі, наступную за піктаграфічным, ідэаграфічным пісьмом (гл. адпаведныя арт.). Асн. патрабаванні да кожнага алфавіта: дакладная колькасць адпаведных літар і асн. гукаў мовы (фанем), прастата малюнкаў літар і іх зручнасць для напісання, выразнае адрозненне адной літары ад другой пры захаванні адзінства іх графічнай будовы.

Алфавіт упершыню ўзнік у стараж. літарна-гукавых сістэмах. Яго маюць і некат. складовыя сістэмы, напр. катакана і хірагана (гл. Японскае пісьмо), дэванагары (гл. Індыйскае пісьмо) і інш. Першымі чыста гукавую сістэму пісьма стварылі фінікійцы каля 2000 г. да н. э. Фінікійскае пісьмо стала асновай для ўсіх наступных літарна-гукавых сістэм. Ад яго паходзіць арамейскае пісьмо, якое дало пачатак яўрэйскаму пісьму і арабскаму пісьму, а таксама грэчаскае пісьмо, на якім грунтуецца большасць еўрап. алфавіта. Грэч. алфавіт, найб. верагодна, створаны ў 11 ст. да н.э. Стараж. грэкі пакінулі без істотных змен фінікійскі алфавіт, толькі адкінулі графемы, не прыдатныя для перадачы гукаў сваёй мовы, і ўвялі некалькі новых. Грэч. алфавіт лёг у аснову італійскіх алфавітаў (этрускага, умбрыйскага, оскага, лацінскага, фаліскійскага і інш.). Пазнейшы візантыйскі варыянт грэч. алфавіта даў пачатак арм. і груз. пісьму (гл. адпаведныя арт.).

На грэка-візантыйскай аснове ўзнікла кірыліца, якая перайшла ў спадчыну беларусам і інш. усх.-слав. народам. Кірыліцкі алфавіт выкарыстоўваўся ў старабел. пісьменстве, а з пэўнымі зменамі і ў першых бел. друкаваных выданнях 16—17 ст. У 18 — пач. 20 ст. ў сувязі з яго заняпадам стаў ужывацца пераважна лацінскі алфавіт (гл. Лацінскае пісьмо). З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел. мовы быў прыстасаваны рус. грамадзянскі шрыфт. Сучасны беларускі алфавіт замацаваўся як асноўны графічны сродак пісьмовай формы бел. літ. мовы пасля ўтварэння БССР.

Літ.:

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Булыка.

т. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́НА,

баявыя дзеянні з мэтай зрыву або адбіцця наступлення намнога большых сіл праціўніка, прыкрыцця або ўтрымання занятых пазіцый, выйгрышу часу і стварэння ўмоў для пераходу у наступленне войскаў, якія абараняюцца. Ажыццяўляецца ў тактычных, аператыўных і стратэг. маштабах, прымусова (калі наступленне немагчыма або немэтазгодна) або наўмысна.

У старажытнасці і сярэднявеччы для доўгатэрміновай абароны выкарыстоўвалі ўмацаваныя гарады, крэпасці, замкі (гл. Абарончыя збудаванні). З аснашчэннем арміі агнястрэльнай зброяй (з 14—15 ст.) пачалося збудаванне палявых абарончых умацаванняў. З распаўсюджваннем у 19 ст. наразной зброі з большай далёкасцю стральбы сталі ствараць глыбокую (эшаланіраваную) абарону. Умацаваная паласа глыбінёй 1000—1500 м упершыню была створана ў час Севастопальскай абароны 1854—55. У 1-ю сусв. вайну ў прамежках паміж апорнымі пунктамі ствараліся суцэльныя лініі траншэй. Войскі займалі некалькі абарончых пазіцый, якія эшаланіраваліся ў глыбіню на 3—4 км адна ад адной. За гэтымі пазіцыямі ствараліся тылавыя (запасныя) абарончыя палосы. Будавалася абарона на суцэльным фронце з выкарыстаннем сістэмы інж. збудаванняў і загарод. З насычэннем ўзбр. сіл танкамі, дальнабойнай артылерыяй, самалётамі абарона стала глыбокай, шматпалоснай, процітанкавай, проціартылерыйскай, процісамалётнай. Усебаковае развіццё абарона атрымала ў Вял. Айч. вайну. На тэр. Беларусі цяжкія абаронныя баі ішлі ў чэрв.—жн. 1941 (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.).

У сучасных умовах абарона прадугледжвае актыўнае процідзеянне адначасовым ударам усіх відаў зброі, авіяцыі і артылерыі, дэсантных і інш. войскаў праціўніка, своечасовае выяўленне яго сродкаў масавага паражэння, жывой сілы і тэхнікі, стварэнне найб. зручных умоў для сябе. Каб сарваць ці аслабіць наступленне, войскі ў абароне ажыццяўляюць агнявую контрпадрыхтоўку па групоўцы праціўніка, якая падрыхтавалася да наступлення, і контратакуюць. Паводле метадаў вядзення абароны бывае пазіцыйная і манеўраная; сучасная абарона, як правіла, спалучае абодва гэтыя метады. Устойлівасці і актыўнасці абароны спрыяюць насычанасць яе браніраванымі сродкамі, глыбокае эшаланіраванне і разгрупаванне сіл і сродкаў, разнастайнасць спосабаў вядзення абарончых дзеянняў, выкарыстанне спецыфічных фіз.-геагр. умоў.

Літ.:

Тактика. 2 изд. М., 1988. С. 320—407.

У.​П.​Рудэнка, В.​А.​Юшкевіч.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)