АРШАКІ́ДЫ (Аршакуні) армянскія, царская дынастыя ў Арменіі ў 62—428. Роднасная Аршакідам парфянскім. Заснавальнік Тырыдат I (з 62, афіцыйна ў 66—80). Пры Хасрове I Вялікім [217—238] улада Аршакідаў стала спадчынная. З часу царавання Тырыдата III Вялікага [287—332] хрысціянства стала (каля 301) дзярж. рэлігіяй Арменіі. Аршакіды змагаліся за незалежнасць дзяржавы, але беспаспяхова. Пасля падзелу Арменіі Вялікай у 387 паміж Іранам і Рымам Аршакіды трапілі да іх у залежнасць. У 428 дынастыя Аршакідаў спынілася.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЎНІ́ЧЫ,

пасада (урад) у ВКЛ. Загадваў велікакняжацкімі піўніцамі, сачыў за якасцю і пастаўкамі піва да стала вял. князя ВКЛ. Першы вядомы П. — Мікіта Мікалаевіч (1546).

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 12, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ФРАНЦУ́ЗСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1904.

Падпісана 8 крас. ў Лондане. Прадугледжвала ўзаемнымі ўступкамі вырашыць спрэчныя каланіяльныя «правы» Вялікабрытаніі ў Егіпце, Францыі — у Марока. Разам з франка-рус. саюзам 1891—93 і англа-рус. пагадненнем 1907 стала асновай Антанты.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗІ́НСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́,

адна са старажытных правасл.-хрысц. цэркваў. Узнікла ў пач. 4 ст., калі хрысціянства Грузіі стала дзярж. рэлігіяй. Да 5 ст. Грузінская праваслаўная царква была падначалена антыяхійскаму патрыярху, узначальваў яе архіепіскап. У 487 пасля абвяшчэння аўтакефаліі — каталікос, з 11 ст. — каталікос-патрыярх. Пасля далучэння Грузіі да Расіі Грузінская праваслаўная царква ў складзе рус.-правасл. царквы на правах экзархата (1811). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 груз. духавенства ліквідавала экзархат і абрала каталікоса-патрыярха, абвясціўшы аўтакефалію, што стала прычынай разрыву з Рус. правасл. царквой. У 1943 Маскоўская патрыярхія прызнала аўтакефалію Грузінскай праваслаўнай царквы. Мае адрозненні ад правасл. царквы ў літургічных правілах, асобныя літургічныя святы. Сучасная Грузінская праваслаўная царква мае 13 епархій, 10 манастыроў, 2 духоўныя школы.

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМО́ЎНЫ ВЕРШ, гутарковы верш,

верш, пабудаваны на інтанацыйнай аснове. Для яго характэрна размоўная інтанацыя, пэўная адвольнасць у суаднесенасці інтанацыйна-сінтакс. і метрычнай структур. Сказы неаднолькавай даўжыні і будовы спалучаюцца ў Р.в. без якой-н. папярэдне вызначанай сістэмы.

От і свята, от каляды,
На марозе скрыпяць санкі...
Ўсе на свеце святку рады,
Ўсюды песні і гулянкі.
Скачуць хлопцы і дзяўчаты,
А гарэлкі п’юць чы мала?!
Адно слова — ўсюды свята...
Ну! кабыла, чаго стала?!
Чаго стала?!.. скажаш — цяжка,
Дый не надта ж ты і сыта,
А мне ж лёгка?.. глядзь, сярмяжка
Стара... рвана... ветрам шыта...
Стаў крапчэй мароз ка святу.
Ось і зорка забліскала.
Хоць скарэй бы мне ў хату...
Ну! кабыла! чаго стала?!
(Я.​Лучына. «Што думае Янка, везучы дровы ў горад»)

Асаблівую ролю ў Р.в. адыгрываюць паўзы, паўторы, умаўчанні, пропускі, анакалуф, часта выкарыстоўваецца анжамбеман (пачатак сінтаксічна цэласнага словазлучэння знаходзіцца ў адным вершаваным радку, а канец у наступным). Р.в. зрэдку падзяляецца на строфы, часта мае амебейную кампазіцыю. У сучаснай бел. паэзіі пашыраны ў медытатыўнай лірыцы і звязаны з выяўленнем філас. зместу («Эстафета агню» М.​Танка, «Мысль і слова» С.​Дзяргая і інш).

А.​А.​Майсейчык.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КЕНБАЎЭР ((Beckenbauer) Франц) (н. 11.9.1794, Мюнхен),

нямецкі спартсмен і трэнер (футбол). Чэмпіён свету (1974), Еўропы (1972). Лічыўся адным з лепшых у свеце футбольным абаронцам, у 1972 і 1976 прызнаны лепшым футбалістам Еўропы. Пад кіраўніцтвам Бекенбаўэра каманда ФРГ стала чэмпіёнам свету (1990).

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУГУРА́К,

у марыйскай міфалогіі бог (частка марыйскіх плямён шанавала яго як найвышэйшага бога замест Кугуюма). Паводле падання лугавых марыйцаў, быў некалі зямным правадыром марыйскіх плямён, потым перасяліўся на неба, дзе ўзначальвае іерархію падуладных яму духаў — вартавых дома, стала, варот і г.д.

т. 8, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЙ,

у старажытнакітайскай міфалогіі душа (дух) нябожчыка. З распаўсюджаннем будызму Гуй стала агульнай назвай дэманаў і насельнікаў пекла. Уяўлялі Гуя падобным на чалавека, які не адкідвае ценю, раптоўна становіцца нябачным ці прымае аблічча звера, мужчыны ці жанчыны, каб завабліваць людзей і забіваць іх.

т. 5, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РЫК,

старажытнаперсідская залатая манета; першая залатая манета старажытнасці. Стала вырабляцца пры Дарыі I (каля 516 да н.э.; назва ад імя Дарыя). Маса — 8,4 г золата. Д. быў асновай манетнай сістэмы. Чаканіўся на царскім манетным двары ў Персепалі (да заваёвы Персіі Аляксандрам Македонскім).

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́СІ,

вёска ў Зах. Бенгаліі (Індыя), каля якой 23.7.1757 атрад англічан і сіпаяў (3 тыс. чал.) на чале з Р.Клайвам перамог армію наваба (правіцеля) Бенгаліі. У выніку бітвы брыт. Ост-Індская кампанія ўсталявала кантроль над Бенгаліяй, што стала пачаткам брыт. заваявання Індыі.

т. 12, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)