Каю́к1 ’рачное вёслава-паруснае грузавое судна’ (ТСБМ); таксама ’лодка’. Рус. каю́к, укр. каю́к. Слова не вельмі яснага паходжання (прынамсі, што датычыцца фармальнага боку этымалогіі). Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў. Параўн. тат., тур., крым.-тат., казах. kajyk. Так у Фасмера, 2, 215 (гл. яшчэ Бернекер, 1, 469; Корш, AfslPh, IX, 507–508). Няясна, як узнікла форма каю́к, якая пашырана ва ўсх.-слав. мовах. Паводле Шанскага, 2, К, 107, упершыню назва каюк зафіксавана ў рус. дакументах у 1614 г. Адносна формы каю́к Шанскі, там жа, мяркуе, што гэта кантамінацыя слова кайык (kajyk ’лодка’ і чагат. каюк ’загнуты назад’.

Каюк2 ’канец, пагібель, смерць’ (ТСБМ, БРС, Шат., Бяльк.). Усх.-слав. утварэнне (параўн. рус. каю́к, укр. каю́к ’тс’). У слоўніках рус. мовы ўпершыню, як дыялектнае, адзначаецца ў 1909 г. Мяркуюць, што гэта назва ўзнікла на аснве ўжо існуючага слова каю́к ’лодка-душагубка’ (плаванне і такіх лодках было вельмі небяспечным) у выніку лексікалізацыі. Гл. Шанскі, 2, K, 107. Параўн. апісанне лодкі-каюка ў Даля: «долбушка, однодеревка без набоев или душегубка, лодченка, каючек» (т. II, 101).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баця́н, таксама боця́н, буця́н, буйця́н, бо́цюн і г. д. Ст.-бел. ботьян, боцян, боциян (Булыка, Запазыч.). Укр. боця́н, боцю́н і г. д., рус. ботья́н, ботя́н, батя́н, бача́н, бадья́н. У зах.-слав. мовах: польск. bocian, bocan, bociuń, bocek, bociek, bociąg, bocoń, в.-луж. baćon, н.-луж. bośon, палаб. büöťan (гл. Бернекер, 78, які лічыць, што польск. формы, магчыма, узніклі ў дзіцячай мове з жартаўлівай назвы бацяна — Wojciech). Усе ўсх.-слав. формы лічацца запазычаннем з польск. мовы (Бернекер, 78; Хрысціані, AfslPh, 34, 311; Слаўскі, 1, 38; Рудніцкі, 184–185; Рыхардт, Poln., 36). Агляд форм і версій гл. яшчэ Фасмер, 1, 201; Клепікава, ВСЯ, 5, 153–158, Клімчук, Бел.-польск. ізал., 57–61. Паходжанне польскага слова невытлумачана (Слаўскі, там жа). Гл., аднак, Мартынаў, SlW, 180–181, згодна з якім яно балтыйскага паходжання. Некаторыя версіі (Сабалеўскі, РФВ, 65, 418: сувязь з рус. забо́та; Ільінскі, PF, 13, 498: сувязь з бо́тькать ’стукаць’) не пераконваюць. Нідэрман (Balto-Sl., 29) лічыць, што блізкасць слав. форм аснавана не на роднасці, а на запазычанні з нейкай крыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абмішу́ліць, абмішульваць ’ашукаць, падмануць’ (Бяльк.), абмішуліцца ’прыкра памыліцца’ (Юрч. Сін.). Рус. мишуля ’дурань’ звязваецца з уласным імем Міхаіл. Фасмер (2, 631) аспрэчвае версію Ільінскага (ИОРЯС, 20, 3, 76) аб сувязі мишуля з рус. обмихнуться, якое, аднак, у сваю чаргу не мае яснай этымалогіі. Калі бел. абмішуліць утворана як абдзяжуліць, тады яно ўзыходзіць да аб‑міх кантамінацыйнай формы ад бел. абмах ’памылка’ і бел. абвіхнуцца ’памыліцца’ (гл.). Іншая версія можа быць звязана з літ. mišulỹs ’блытаніна думак’ да mìsti ’заблытацца, аканфузіцца’, ’страціць розум’. Тады абмішуліць балтыйскага паходжання. Як аб гэтым сведчыць фанетыка, запазычанне магло адбыцца толькі пасля падзення рэдукаваных. Гэта версія таксама не надзейная, бо застаецца неўдакладненай непасрэдная крыніца запазычання. Трэцяе рашэнне: рускі дублет обмишулить/обмишурить гаворыць аб л/р дублетнасці ў гэтых формах. Тады абмішурыцца, магчыма, да рус. (зах.) мишурис, польск. miszures ’слуга на пастаялым двары’ (< ідыш meszores ’слуга’). Нарэшце, параўн. абмішуліцца ’памыліцца’ і абмішэніцца ’не папасці ў цэль’ (Бяльк., Дабр., Этн.). Апошняе магло кантамінавацца з абакуліць ’ашукаць’. Магчымасць усіх гэтых версій стварае вялікія цяжкасці на шляху вырашэння пытання. Хутчэй за ўсё ў дадзеным выпадку мелі месца надзвычай складаныя кантамінацыйныя працэсы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́дны ’ніякі, ніводны’ (ТСБМ), жо́дны ’тс’ (Багушэвіч). Рус. дыял. смал., кур., варонеж., паўд., свярдл. жа́дный, укр. жо́ден, жо́дний, жа́дний, польск. żadny, чэш. žádný, славац. žiaden, żiadny, в.-луж. žadyn, žane, н.-луж. žeden ’тс’. Ст.-бел. жадный, жаденъ (з 1338 г.) ’ніякі’. Выказваецца думка, што ст.-бел. < польск. Гіст. лекс., 91–95; Булыка, Запазыч., 112; Трубачоў, ВЯ, 1959, 1, 28–33; Махэк₂, 721. Апошні лічыць польск. < чэш. у сувязі з адсутнасцю насавога галоснага. Брукнер (660) ставіў пры ўказанні на ўкр. < польск. пытальнік. Сяткоўскі (Bohemizmy Fonetyczne w języku polskim, II, 1970, 25–27) дапускае магчымасць узаемадзеяння ўнутраных і знешніх фактараў пры замацаванні польск. формы, паколькі насавыя засведчаны ў ст.-польск. і славін. Гл. яшчэ Булахаў, Прым., 3, 73–75. Існуюць дзве этымалагічныя версіі паходжання слова: з кораня *žęd‑ (гл. жада́ць, жадзён) або з выразу *ni‑že‑jedьnъ. Агляд іх даў Трубачоў, які прыводзіць шэраг фактаў і паралелей і абгрунтавана схіляецца да другой, звяртаючы ўвагу на ўкр. жо́ден (пра ўкр. слова гл. Бяўзэнка, Доповіді і повідомл., Ужг. ДУ, 4). Паводле Трубачова, безумоўна, характар польск. запазычання мае форма жа́дны. Літ. žė̃dnas ’жадны’ < бел., польск. (Фрэнкель, 1295).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каќорыце ’кукуруза, Zea mays’ (паўн., КЭС). Відаць, зб. форма ад какарыца (або какорыца?) ’кукуруза’. Падобныяформы адзначаны Віленскім слоўнікам: kokoryca і ў Ліндэ: kukuryca ’Zea mays’. Слаўскі (3, 337) адзначае, што яшчэ ў XVIII ст.-польск. назвы адчуваліся як усх.-слав. выраз. Укр. дыял. кукуріца, кукуриця, в.-луж., н.-луж. kukurica, чэш. kukurice, славац. kukurica, славен. kukuríca, kukoríca, kokorica, серб.-харв. кукурница. Вандроўны тэрмін не вельмі яснага паходжання, верагодпа, экспансія тэрміна разам з рэаліяй. На поўначы, магчыма, ад паўднёвых славян. Адносна этымалогіі Слаўскі (там жа) мяркуе, што, сапраўды, нельга, як аб гэтым пісаў Бернекер (1, 640–641 і інш.), выключыць паходжанне слова на слав. глебе. Ён звяртае ўвагу на тое, што найбольш частая ў слав. мовах форма kukurica праяўляе дзіўнае падабенства да слав. тэрмінаў для раслін з асновамі *kokor‑: *kukur‑. Галоўнай перашкодай да версіі аб слав. паходжанні слоў, якія абазначаюць кукурузу, з’яўляецца словаўтварэнне, і калі вышэй прыведзеныя формы можна неяк вытлумачыць на слав. глебе, то шырока прадстаўленне лексемы кукуруза, кукурудза нельга разглядаць у такім аспекце. Агляд версій пад кукуруза (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сле́га, сліга́, слігаві́на ‘лага; кладзь, доўгае бервяно, якое кладуць на сохі’ (Бяльк., Касп.), сле́гі ‘рэі’ (каліна, Арх. ГУ), слёгі ‘лагі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), слі́га ‘вясло для кіравання плытом’ (гродз., Сл. ПЗБ), ‘падваліна’ (в.-дзв., рас., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), слюгаві́на ‘падваліна’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘брус, якім замацоўваюць насціл маста’ (докш., там жа), ‘лагі’ (в.-дзв., там жа). Укр. слі́гі ‘тоўстыя перакладзіны’, рус. слега́ ‘брус, жардзіна’, дан. слёга ‘тонкая доўгая жардзіна’, сляга́ ‘тонкае доўгае бервяно, рычаг’. Словы няяснага паходжання. Аўтары Сл. ПЗБ (4, 481) выводзяць ад літ. slė̃gos ‘лагі’, што, ведаць, роднаснае літ. slė́gti ‘ціснуць’, slėktis ‘прэс’, з якімі параўноўвае словы Праабражэнскі (2, 321); формы на ‑я‑ ўзводзяць да *слѧг‑ і набліжаюць да літ. sleñksnis, sleñkstis ‘парог’, гл. Фасмер, 3, 681; ЕСУМ, 5, 298. Калі прыняць за асноўнае значэнне ‘лага’, то, хутчэй за ўсё, узыходзіць да прыставачнага дзеяслова *sъ‑legti ‘пакласці побач, легці разам, упасці’, каранёвая частка якога можа мець падаўжэнне ‑e‑ > ‑ě‑, параўн. Борысь, Czak. stud., 80; Etymologie, 601 (рэканструюе прасл. *sъlěga/*sъlęga). Гл. слюга, сліж3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сту́каць ‘удараць, грукаць; ляскаць’ (ТСБМ, Ласт., Варл.; астрав., ашм., Сл. ПЗБ), сту́гаць з азванчэннем к > г ‘стукаць, важка біць, збіваць’ (ТС), сту́кацца (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сюды ж стук ‘кароткі адрывісты гук’ (ТСБМ, ТС; мсцісл., Нар. лекс.), сту́кат ‘тс’, стуката́ць ‘бесперапынна стукаць’ (Нас., Касп., Байк. і Некр., Растарг.), стукаце́ць ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), стукаце́нь ‘груканне’ (чэрв., навагр., Сл. ПЗБ), стукаце́ць ‘грукатаць, ляпаць’ (ТС), стукуня́ць ‘тс’ (Пар. Том.). Параўн. укр. сту́кати, рус. сту́кать, стараж.-рус. стукъ, стукнути, серб.-ц.-слав. стоукъ ‘гук; шум, звон’, польск. stukać, н.-луж. stukaś, чэш. дыял. stukať, славац. stukať ‘тс’. Прасл. дыял. *stukati гукапераймальнага паходжання; параўн. лат. stukât ‘ісці маленькімі крокамі’, stuknît ‘штурхаць, прасоўвацца ўперад ударамі’, stucinât ‘стукацець, грукаць’ і інш.; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 1100, 1102; гл. яшчэ Міклашыч, 327; Брукнер, 523; Праабражэнскі, 2, 407; Атрэмбскі, LP, 1, 147; Шустар-Шэўц, 1370. Аналагічна чэш. ťukati ‘пастукваць’, франц. разм. toquer ‘пастукваць’, іт. tocco ‘стук’, тур., крым.-тат. taka, tuka ‘стук (сякеры, малатка)’. Гл. Фасмер, 3, 787; ЕСУМ, 5, 458 (узводзіцца да прасл. *stuk‑). Гл. таксама тукаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суп1 ’вадкая страва-адвар (з мяса, рыбы і пад.) з дабаўленнем гародніны, круп і пад.’ (ТСБМ, Сцяшк.; шальч., Сл. ПЗБ), ’булён’ (мёрск., Сл. ПЗБ), ’крупнік, крупеня’ (Бяльк.), су́пік памянш. (свісл., Сл. ПЗБ). Новае запазычанне з рус. суп ’тс’, дзе з франц. soupe ’суп’ (адкуль таксама англ. soup, гал. sоер, ням. Suppe ’тс’), што з гала.-раманск. suppa, якое, як мяркуюць, узыходзіць да германскіх моў, параўн. гоц. supôn ’прыпраўляць спецыямі’; гл. Фасмер, 3, 804.

*Суп2 ’каршун’, толькі ст.-бел. супъ, семпъ, сепъ ’сцярвятнік’ (Ст.-бел. лексікон), фіксуецца з 1518 г.; запазычанне са ст.-польск. sęp ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 143); але параўн. ц.-слав. сѫпъ ’тс’, адкуль магло быць запазычана ст.-бел. супъ. Укр., рус. суп, польск. sęp, в.-луж., н.-луж. sup, чэш., славац. sup, серб.-харв. су̑п ’тс’, балг. суп ’птушка Vulvur fulvus’. Прасл. *sǫpъ ’каршун’. Слова няяснага паходжання. Паводле Голуба–Копечнага (361), гэта варыянт з насавым галосным да *sop‑ (гл. сапці). Гл. Фасмер, 3, 804; Шустар-Шэўц, 1378–1379; Борысь, 542. Магчыма сувязь з насуплены, супіць (гл.) — з-за «насупленага» выгляду птушкі (Антропаў, Назв. птиц, 368).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіпе́ць ‘утвараць сіплыя гукі’, ‘гаварыць сіплым голасам’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб.), ‘шыпець’ (Сл. ПЗБ), ‘злавацца, сварыцца’ (маладз., Гіл.), ‘ціха шапацець (пра дробны дождж)’ (гродз., Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), ‘імжаць’ (гродз., лун., мазыр., ЛА, 2), ‘рассыпацца, раскісаць (пра снег)’ (ТС), сіпоцець ‘шумець, пеніцца (аб страве пры закісанні)’ (ТС), сіпа́ць ‘сіпець’ (ТСБМ, Шат., Бір. дыс.), сіпа́ты, сі́плы, сі́пы ‘сіплы’ (ТС), сіпа́ты ‘макраносы’ (калінк., Арх. ГУ), сюды ж назоўнік ст.-бел. сипанїе ‘шыпенне’: оукγсить змїе без’ сипанїа (Альтбаўэр). Рус. сипе́ть ‘сіпець’, укр. оси́плый, ц.-слав. остнѫти, польск. sipieć, чэш. sipěti, sípati ‘сіпець, хрыпець’, славац. sipieť ‘шыпець’, харв. sípiti, славен. sípati, sípljem ‘пыхкаць, фыркаць’, балг. оси́пвам, макед. осипнува ‘сіпнуць’. Гукапераймальнага паходжання; гл. Праабражэнскі, 2, 288; Фасмер, 3, 626. Параўноўваюць з лац. sībilus ‘свіст’, sībilō, ‑āre ‘шыпець, свістаць, асвістваць’, новаперс. siflīden ‘свістаць, шчабятаць’ (Вальдэ-Гофман, 2, 531 і наст.), з герм. *sip‑ ‘капаць, цурчэць’ (ст.-англ. sípisn, англ. seep, с.-в.-ням. sīfen, гал. sijpelen і інш., гл. Глухак, 548). Паралелі ў літ. šypauti ‘высмейваць, насміхацца’, лат. sĩpa ‘бура’ Фасмер (там жа) лічыць спрэчнымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарано́ўка ’вялікая шарсцяная хустка ў яркія кветкі, звычайна фабрычнай работы’ (Бел. нар. адзенне, Сцяшк. Сл.; слуц., Нар. словатв.; Мат. Гом., Сл. Брэс.), ’вялікая квяцістая хустка з махрамі’ (Жд. 2), ’вялікая квяцістая хустка ядвабнай работы’ (Паўл.), тарно́вка, тэрно́вка ’шарсцяная хустка ў кветкі’ (Сл. Брэс.), тарыну́ка ’невялікая хустка з воўны’ (навагр., З нар. сл.), церно́ўка ’шаліноўка’ (ТС), тарыно́ўка, терыну́ўка, терно́ўка, таріно́ўка, тарно́ўка, церно́ўка ’шарсцяная хустка са шлякам’ (Лекс. Бел. Палесся). Варыянтнасць сведчыць пра запазычанасць зыходнай формы. Звычайна звязваюць з імем французскага ўладальніка мануфактуры Тарно (Ternaux), адкуль ням. Ternauxwelle, рус. терно́ ’тонкая тканіна з шэрсці казы, кашамір’ (Фасмер, 4, 49; ЕСУМ, 5, 556). На ўтварэнне “поўнагалосных” форм і асабліва формы тарнатоўка (гл.), магло паўплываць збліжэнне са ст.-бел. тарантова́тый ’у яблыкі (конь)’ (Булыка, Лекс. запазыч., 124), таранта́вый ’белай масці з чорнымі або гнядымі плямамі’ (1565 г., КГС), што з польск. tarantowy ’стракаты, белы, з чорнымі плямамі’ (першапачаткова пра масць), параўн. укр. таранова́тий, таранкува́тий ’плямісты, стракаты, белы, з чорнымі або іншага колеру плямамі’, адносна паходжання якіх гл. Брукнер, 565; ЕСУМ, 5, 519.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)