Нару́га ’ўпартасць, свавольства, непаслухмянасць’ (Нас., Грыг., Гарэц.), ’здзек, насмешка’ (Гарэц., Бяльк., Яўс., Юрч., Сцяшк. Сл.), ’вупар’ (Нас.), ’назола’ (круп., Макар.), на нару́гу ’на зло, насуперак’ (Рам., Растарг.), укр. нару́га ’здзек, насмешка, ганьба’, рус. нару́га ’лаянка, здзек, абраза’, серб.-харв. дыял. nāruga ’пачвара, вырадак’. Назоўнік ад наругацца ’насміхацца, здзекавацца, дражніцца’, ’рабіць наперакор’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Жд. 2, Яўс., Сл. ПЗБ), ’надаядаць’ (мядз., ул. інф.), роднаснага укр. наругува́тися ’закранаць, зачапляць’, рус. наруга́ться ’здзекавацца; рабіць наперакор’, польск. narągać się ’наздзекавацца, насмяяцца’, славен. narȏgati se ’здзекавацца’, серб.-харв. нару́гати се ’здзекавацца, насміхацца, зневажаць’. Усё да *rǫgati ’сварыцца, здзекавацца’, гл. руга́цца, руга́ць, для якога Мяркулава (Этимология–1976, 97) дапускае першапачатковае значэнне ’абражаць, зневажаць словам і дзеяннем’, параўн. балг. наръ́гам ’парнуць, кальнуць’ і пад.