РЭМІНІСЦЭ́НЦЫЯ ў літаратуры,

свядомае ці міжвольнае ўзнаўленне паэтам маст. вобраза або вобразнай канструкцыі з твора інш. аўтара, уключэнне іх як своеасаблівага ідэйна-маст. кампанента ў свой твор. Напр., выразна адчуваецца арыентацыя на вядомы вобраз, упершыню ўжыты Ф.​Скарынай (прадмова да кн. «Юдзіф»), у вершы Р.​Барадуліна «Аплакалі вырай совы»:

Па граю першыя
Тужаць
Праталіны белабрысыя,
Ведаюць гнёзды птушкі.
I рыбы чуюць віры свае

Вядомы таксама выпадкі аўтарэмінісцэнцыі:

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе 1 часам спамяні пра
Яську свайго,
Што загінуў за праўду для дабра твайго.
А калі слова пяройдзе ў дзела,
Тады за праўду станавіся смела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэш, народзе, старасці свабодна.
(К.​Каліноўскі.«Пісьмо з-пад шыбеніцы»).

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФРЭ́Н (ад франц. refrain прыпеў),

1) у музыцы тэма інстр. або вак. муз. твора, якая праходзіць у ім не менш як 3 разы і замацоўвае яго кампазіцыйна. Характэрны для ронда і блізкіх да яго муз. форм. Часам Р. становіцца лейттэмай (гл. Лейтматыў) правядзенне якой звязана з увасабленнем найб. важных ідэй.

Тэрмін «Р.» уведзены ў 12—16 ст. для абазначэння паўтарэнняў заканчэння страфы ў песенных формах; у музыказнаўстве часцей карыстаюцца тэрмінам «прыпеў».

У вершаскладанні слова, радок або страфа, якія паўтараюцца праз пэўную колькасць радкоў у вершы. Р. нясе вял. сэнсавую нагрузку, звычайна ў ім увасоблена гал. ідэя твора. Так, у «Песні вольнага чалавека» Я.​Купалы кожнаму катрэну спадарожнічае наступны Р.:

Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!

В.​П.​Рагойша (у вершаскладанні).

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАФА́Н (цюрк., ад перс. серапа — ганаровае адзенне),

рускае нац. жаночае адзенне — сукенка, звычайна без рукавоў, якую апраналі паверх кашулі. У дапятроўскай Русі С. насілі ў баярскім асяродку, у 19 ст. — гал. чынам сялянкі ў паўн. і цэнтр. абласцях Расіі, у Паволжы, Сібіры, а таксама некат. гараджанкі. Найб. стараж. тып С. — без разрэзу спераду, з шырокімі проймамі, часам з несапраўднымі адкіднымі рукавамі. У сярэдзіне 19 ст. быў пашыраны С., сшыты з касых кліноў, які зашпільваўся спераду на гузікі; пазней — С. прамога крою на лямках, а таксама адразны С., які складаўся з ліфа і спадніцы. У пач. 20 ст. выйшаў з ужытку. На Беларусі адразны С. вядомы ў краснапольскім строі.

Касцюм маладой дзяўчыны з сарафанам. Архангельская губерня. Расія. Пач. 19 ст.

т. 14, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛАГІ́ЗМ,

метадалагічная і тэарэтычная пазіцыя ў сацыялогіі і сац. філасофіі, пры якой у тлумачэнні чалавека і яго асяроддзя першаступеннае значэнне надаецца сац. рэальнасці і сацыялагічным метадам. Развіваецца з канца 19 ст. як рэакцыя на натуралізм і псіхалагізм у грамадскіх навуках. Прынцыпы С. развівалі франц. сацыёлаг Э.​Дзюркгейм і яго паслядоўнікі ў даследаваннях маралі, рэлігіі і навукі, каставага ладу (С.​Бугле), этнічных працэсаў (М.​Мос), права (Ж.​Даві), эканомікі (Ф.​Сіміян) і інш. У метадалагічным плане С. — прызнанне сацыялогіі асобнай, незалежнай навукай і імкненне тлумачыць розныя з’явы рэчаіснасці выключна сац. прычынамі, а часам абсалютызацыя ролі сацыялагічнага падыходу ў трактоўцы культ.-гіст. працэсу (гл. Вульгарны сацыялагізм). У анталагічным плане С. — сцвярджэнне аўтаномнасці сац. рэальнасці і яе перавагі над індывідамі.

т. 14, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЫ́Я МЕ́СЦЫ,

месцы, звязаныя з падзеямі свяшчэннай гісторыі, наведваннямі багоў і святых, цудатворствамі; важны элемент культу ўсіх рэлігій (гл. Культ рэлігійны). У хрысціян асаблівай пашанай карыстаюцца святыні ў Палесціне, дзе жыў, прапаведаваў, прыняў пакутніцкую смерць і ўваскрэс Ісус Хрыстос. Да С.м. часам адносяць храмы і манастыры, дзе захоўваюцца мошчы святых, цудатворныя абразы і інш. святыні, а таксама цудатворныя крыніцы, месцы, дзе адбываліся з’яўленні абразоў і інш. цудатворствы. У каталіцызме адрозніваюць свяшчэнныя (асабліва адметныя ў культавай практыцы месцы, асвячоныя вышэйшымі царк. іерархамі, а таксама касцёлы, алтары і могілкі) і С.м. (вобласці Палесціны, звязаныя са старазапаветнымі падзеямі і жыццём Ісуса Хрыста, Дзевы Марыі). Паводле кананічнага права, свяшчэнныя месцы павінны быць унесены ў літургічныя кнігі і традыцыйна выключаны са свецкай юрысдыкцыі.

т. 14, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРБЕДА́РЫ,

сарбадары (перс. — іпыбенікі), удзельнікі нар. руху ў Цэнтр. Азіі і Усх. Іране ў 14 ст. Заснавальнік руху С. — шэйх Халіфэ, які выступіў у г. Харасан з пропаведдзю шыізму супраць правіцеляў-сунітаў. Пасля забойства ў 1335 Халіфэ яго справу працягваў шэйх Хасан Джуры. Ён заснаваў асобнае рэліг. брацтва (тарыкат), падтрыманае насельніцтвам Харасана. У выніку нар. паўстання ў Харасане С. захапілі г. Себзевар, які зрабілі сваёй сталіцай (1337), потым — Нішапур і Тус. Галава С. — Веджых-ад-дзін Масуд абвясціў сябе султанам. У 1353 С. разбілі войска апошняга правіцеля Хулагуідаў дзяржавы Туга Цімура. З часам дзяржава С. ператварылася ў звычайную феад. дзяржаву, якая была знішчана войскамі Цімура ў 1381. Паўстанні С. адбыліся таксама ў Самаркандзе (1365), Кермане (1373—74) і Себзевары (1383).

т. 14, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ЛАС (ісп. silos, мн. лік ад silo падземнае памяшканне, яма для захоўвання зерня),

кансерваваная без доступу паветра зялёная маса раслін, сакаўны корм. Сіласуюць сіласныя культуры, дзікарослыя травы, бацвінне, караняплоды і інш.

Расліны здрабняюць, закладваюць слаямі ў сіласасховішчы, утрамбоўваюць і ізалююць ад паветра зямлёй, глінай або сінт. плёнкай. У такіх умовах хутка размнажаюцца малочнакіслыя бактэрыі, якія раскладаюць цукры з утварэннем малочнай к-ты і прыгнечваюць анаэробныя маслянакіслыя і гніласныя працэсы. Гатуюць С. просты ці камбінаваны, часам з падвяленых (да 70% вільгаці) раслін. Якасны С. мае прыемны пах (квашанай капусты, мочаных яблык, фруктовы), кіславаты смак, жоўта-зялёны колер, рыхлую структуру, у ім зберагаюцца пажыўныя рэчывы (акрамя цукру) і вітаміны. Уваходзіць у кармавы рацыён с.-г. жывёл, паляпшае іх страваванне, засвойванне інш., асабліва грубых кармоў.

т. 14, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Га́ліцца ’галіцца’ (Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ), га́ліць ’выклікаць у каго-н. жаданне да чаго-н.’ (Нас.). Вельмі разгалінаванае семантычна сямейства слоў са шматлікай семантыкай. Не заўсёды нават вядома, ці ўсе словы з элементам гал‑ роднасныя этымалагічна. З рус. мовы, што датычыцца складанасці ўсёй семантычнай праблематыкі, гл. СРНГ, 6, 111–113. Ва ўсякім выпадку Слаўскі (1, 251–252) адносіць бел. лексемы да вялікай групы слоў, сярод якіх, напр., серб. дыял. gáliti сваёй семантыкай (’жадаць, прагнуць’) стаіць вельмі блізка да бел. фармацый. Фармальна карэктнай і семантычна абгрунтаванай была этымалогія Мейе (MSL, XIV, 373) аб сувязі з прасл. *želati, *želěti ’жадаць’. Агляд іншых, часам вельмі заблытаных этымалагічных канструкцый гл. у Слаўскага, 1, 251–252. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 387. Здаецца ўсё ж, што ў корані *gal‑ адбылося супадзенне розных па паходжанню лексем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клень ’рыба, падобная на язя’ (Жыв. сл.), ’галавень’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. клень, рус. клень ’тс’, балг. клен, серб.-харв. кле̏њ, славен. kleň, польск. kleń, славац. kleń, в.-луж. kleń ’тс’. Прасл. klenь ’тс’. Надзейнай этымалогіі няма. Супастаўленне з прасл. klinъ толькі тэарэтычна магчымае (гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 196). Больш верагодна супастаўленне з клён (гл.). Матывацыя наступная: час нерасту рыбы супадае з часам цвіцення клёна (Каламіец, Рыбы, 51–52). Аўтар прыводзіць іншыя назвы рыб, якія ўтварыліся ад назваў раслін. Апошнія цвітуць або пладаносяць у час нерасту рыб. Параўн. рус. земляничник, укр. березівка, бел. каласавік і інш. Прасл. klenь можна разглядаць як прыметнік klen‑jь, утвораны ад назоўніка klenъ пры дапамозе прадуктыўнага суфікса ‑jь з наступнай наміналізацыяй (Мартынаў, Дерив., 21–23). Тады klenъ ’клён’ > kleń‑jь ’кляновы’ > klenь ’галавень’ (кляновая рыба, кляноўка, параўн. укр. березівка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раст, мн. л. расты́, ’парастак’ (астрав., Жд. 1). Нульсуфіксальнае ўтварэнне ад расты́, параўн. расток, храсток (гл.). Сюды ж (калі гэта не запазычанне з украінскай) раст — “маленькія-маленькія, з галоўку шпількі, сінія, іншым часам белыя кветкі, вылазяць амаль адразу, як сыдзе снег” (Караткевіч, Маладосць, 1987, 1, 159). Параўн. укр. раст ’ключыкі, Primula veris L.; кураслеп, Anemona nemorosa L.’, макед. рас ’куст’, балг. раст ’дубчык’, ра́сте ’галінкі для тутавага шаўкапрада’. Параўн. таксама аналагічныя, але аддзеяслоўныя рус. дыял. раст ’лепшы час для росту зеляніны і пад.; для сенакосу, збору малака (на масла) і пад.’, ’маладая трава (на пашы)’, што, паводле БЕР, 6, 186, запазычаны са стараславянскай; а таксама славен. rȃst ’рост, расліннасць’, серб.-харв. ра̑ст ’расліна’, макед. раст ’рост’, ст.-слав. растъ ’рост, вырастанне’, якія з’яўляюцца рэгулярнымі адпаведнікамі прасл. *orstъ < orsti, гл. рост, расці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)