СВЯТЫ́Я БЕЛАРУ́СІ,

рэальныя гістарычныя асобы, якія, паводле паданняў, за сваю адданасць рэлігіі надзелены здольнасцю рабіць цуды, за што пасля смерці былі ўшанаваны царквой. У 1984 усталявана святкаванне Сабора беларускіх святых у 1-ю нядзелю пасля св. Тройцы (Сёмухі). У Сабор увайшлі 15 святых. Міна Полацкі(?—1116), епіскап полацкі. У час яго епіскапства прыняла пострыг Ефрасіння Полацкая. Ушаноўваецца правасл. царквой як адзін з першых архіпастыраў, які спрыяў распаўсюджванню хрысціянства на Беларусі. Дзень памяці 3 ліпеня; Марцін Тураўскі (?—1150), манах. Вядомы са «Сказання пра Барыса і Глеба» (канец 11 — пач. 12 ст.). Жыў адзін у пустыні. Калі захварэў, у келлю з’явіліся св. пакутнікі Барыс і Глеб і дапамаглі яму. Блажэннага пакутніка Тураўскага сталі шанаваць адразу пасля смерці. Дзень памяці 10 ліпеня; Расціслаў Мсціславіч (1100-я г. — 1167), князь смаленскі і кіеўскі. Заснаваў у Смаленску самастойную епіскапію. Дзень памяці 27 сакавіка; Ефрасіння Полацкая (каля 1101—1167); Дыянісій Полацкі(? — 1182), епіскап полацкі, манах Кіева-Пячэрскай лаўры. Лічыцца, што з яго бласлаўлення на св. зямлю адправілася Ефрасіння Полацкая, ён быў ініцыятарам яе кананізацыі. Дзень памяці ў 3-ю нядзелю пасля Пяцідзесятніцы; Кірыла Тураўскі (каля 1130 — каля 1182); Лаўрэнцій Тураўскі (каля 1113 — пасля 1190), манах. У 1182—94 узначальваў тураўскую кафедру. Праславіўся глыбокай верай і адданасцю царкве, сваёй здольнасцю вылечваць людзей. Дзень памяці 11 лютага; Елісей Лаўрышаўскі (?—1250), сын вял. князя ВКЛ Траняты, займаў высокую пасаду пры двары вял. князя ВКЛ Міндоўга. Потым пайшоў у пустэльню і разам з правасл. манахам заснаваў каля Новагародка лаўру. Мошчы яго тварылі цуды. Дзень памяці 5 лістапада; Сімяон Полацкі (1220—89), епіскап полацкі. Паходзіў з полацкіх князёў. Раздаў шмат угоддзяў цэрквам і манастырам; быў дабрадзейны да жабракоў, сірот, няшчасных і пакрыўджаных. Дзень памяці 6 лютага; Віленскія пакутнікі Іаан, Антоній і Яўстафій (?—1347). Дні памяці 27 красавіка і 26 ліпеня; Юльянія Альшанская (?—1550), дачка правасл. магната Рыгора Альшанскага. Культ Юльяніі Альшанскай адыграў значную ролю ва ўмацаванні рэліг. свядомасці правасл. жыхароў Беларусі. Дні памяці 6 ліпеня і 11 кастрычніка; Соф’я Слуцкая (1585—1612), апошняя княгіня з роду слуцкіх князёў Алелькавічаў, нашчадкаў вял. князя ВКЛ Альгерда. Дзякуючы дзейнасці княгіні Слуцк яшчэ пры яе жыцці меў асаблівае значэнне ў рэліг. жыцці Беларусі, быў цвярдыняй праваслаўя. Дзень памяці 1 красавіка; Афанасій Брэсцкі (каля 1595—15.9.1648); Макарый Канеўскі (1606—78), ігумен пінскі, загінуў пакутніцкай смерцю, абараняючы праваслаўе. Дні памяці 26 мая і 20 верасня; Гаўрыіл Беластоцкі (1684—90), дзіця; паводле падання, быў выкрадзены мясц. арандатарам, тайна вывезены ў Беласток і закатаваны. Заступнік хворых і гаротных дзяцей. Дзень памяці 3 мая; Георгій Каніскі (1717—95); Праведны Іаан Кармянскі (1893—1917), іераманах, вызначаўся дабрынёй, міласэрнасцю і празорлівасцю. Мошчы знаходзяцца ў Пакроўскай царкве ў в. Карма Добрушскага р-на. Дні памяці 31 мая і 9 верасня.

У Сабор не ўвайшлі асобы, пра якіх не захавалася дастаткова звестак або якія жылі на землях, што не ўваходзяць у тэр. сучаснай Беларусі. Але без іх немагчыма ўявіць сабе гісторыю бел. царквы: св. пакутнік Макарый, мітрапаліт кіеўскі; Меркурый, воін смаленскі; прападобныя Аўрамій і Яфрэм смаленскія; свяціцель Кіпрыян, мітрапаліт кіеўскі, літоўскі, маскоўскі і ўсяе Русі і інш. Нараджэннем або служэннем сваім апасродкавана з Беларуссю звязаны роўнаапостальскі Мікалай Японскі, свяціцель Ціхан, патрыярх маскоўскі, дабраверны князь Цімафей-Даўмонт і інш. 28.10.1999 на пасяджэнні Сінода Бел. правасл. царквы здзейснена кананізацыя «ў ліку мясцоваўшаноўваемых святых 23 новапакутнікаў», клірыкаў Мінскай епархіі 1-й пал. 20 ст. Дзень памяці 28 кастрычніка.

З каталіцкіх святых на Беларусі ўшаноўваюць Казіміра (5.10.1458—4.3.1484), сына караля Польшчы і вял. кн. ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка, патрона Вільні і Гродзенскай рымска-каталіцкай епархіі, апекуна зямель ВКЛ. Дзень памяці 4 сакавіка; Андрэя Баболю (30.11.1591—16.5.1657); Ю.А.Каліноўскага (1.9.1835—15.11.1907); М.М.Кольбе (8.1.1894—14.8.1941). Да уніяцкіх святых прылічаны Іасафат Кунцэвіч (1580—12.11.1623).

Літ.:

Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;

Акафист святому мученику младенцу Гавриилу Заблудовскому. Белосток, 1993;

Святыя зямлі Беларускай // Беларускі праваслаўны каляндар, 1994. Мн., 1993;

Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. давед. Мн., 2001.

А.​А.​Мельнікаў.

т. 14, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ка́ртка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прамавугольны лісток цвёрдай паперы або кардону для запісу на ім якіх‑н. звестак (звычайна як адзінка картатэкі). У картатэцы Івана Іванавіча акуратна, як кніжкі ў добрай бібліятэцы, стаяла шмат картак. Карпюк.

2. Разм. Фатаграфічны здымак. Цёмныя, крыху прыжмураныя, з доўгімі вейкамі вочы хітравата пазіралі на .. [Паходню] з карткі. Хадкевіч.

3. Пасведчанне, уліковы дакумент і пад. у выглядзе невялікага ліста цвёрдай паперы. Уліковая картка. Карэспандэнцкая картка. □ [Камендант] запісаў прозвішчы тых, чые літары супадалі, і завёў на іх крымінальныя карткі. Якімовіч.

4. Бланк з адразнымі талонамі, які дае права на атрыманне прадуктаў пры нарміраванай сістэме іх размеркавання. Прадуктовыя карткі. □ Калі хлеба па картках сям’і не ставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць. А. Вольскі.

•••

Візітная картка — картка з імем, імем па бацьку і прозвішчам, часам з адрасам і званнем асобы, якая ўручае яе пры візіце, знаёмстве і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́від, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Вобраз памёршай асобы, які ўяўляецца людзям забабонным або з хваравітай псіхікай; здань. Прывід Пятра Пятровіча не даваў Валі спакою. Шахавец. Не, гэта не прывід і не сон — гэта той Сцяпан, якога Талаўня даўно лічыў нябожчыкам. Гроднеў. // Вобраз каго‑, чаго‑н., які здаецца ва ўяўленні або ў сне. Прывід далёкага мінулага стаіць перада мной. Асіпенка. Пад раніцу Веньямін заснуў. Але і засынаючы баяўся, каб зноў не ўзнік страшны прывід белага горада пад чорным небам... Навуменка.

2. Тое, што ўявілася, здалося. Перад вачыма [Таццяны] з’явіўся жудасны прывід: гітлеравец трымае высока над галавой яе маленькага Віцю. Шамякін. Прывід гэта ці сапраўднасць? Канешне, сапраўднасць! Еў жа пасля таго чырвонаармеец Чыжык той хлеб і тыя каўбасы. Лупсякоў.

3. Няясныя, ледзь акрэсленыя рысы чаго‑н.; контуры. І потым, седзячы ў аўто.., Юткевіч глядзеў на аддаленыя прывіды вялікага грознага зарыва, і целам ішла дробная пякучая дрыготка. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ля, ‑і, ж.

1. Драматычны вобраз, які ўвасабляецца акцёрам на сцэне, у кінафільме і пад. Роля Паўлінкі ў аднаіменнай камедыі Купалы. □ Асабліва падабалася панежычанам, калі Цімошка выконваў у п’есах ролі дзядоў. Краўчанка.

2. Поўны тэкст выбраных з п’есы, спектакля слоў адной дзеючай асобы. Перапісаць ролю.

3. каго. Работа, занятак, праяўленне ў якасці каго‑н. Паколькі ў .. Арэста Адамавіча не было гаспадыні, яе ролю і абавязкі ўзялі на сябе жонкі гасцей. Лынькоў. Браты і сёстры таксама трымаліся здалёк ад яго, як бы чужаліся, .. і ён, нарэшце, пагадзіўся з роляю адгароджанага ад сям’і чалавека. Колас.

4. Значэнне, ступень удзелу, мера ўплыву ў якой‑н. справе, падзеі і пад. Кіруючая роля партыі ў пабудове камунізма. □ «Грамада» ў беларускім вызваленчым руху адыграла велізарную гістарычную ролю. Машара.

•••

Выхадная роля — роля з нязначнымі, невялікімі рэплікамі.

Іграць ролю гл. іграць.

Увайсці ў ролю гл. увайсці.

У ролі каго-чаго — у якасці каго-чаго.

[Фр. rôle.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

dowód, ~odu

dow|ód

м.

1. довад, доказ; сведчанне;

w ~ód przyjaźni — у доказ сяброўства;

na ~ód wdzięczności — у доказ удзячнасці;

~ód rzeczowy — рэчавы доказ;

~ody pośrednie — ускосныя доказы;

co służy za ~ód — што служыць доказам;

2. дакумент; пасведчанне;

~ód osobisty — пашпарт; пасведчанне асобы;

~ód odbioru — квіток (квітанцыя) аб атрыманні (тавару і да т.п.)

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

гра́мата, ‑ы, ДМ ‑мэце, ж.

1. Уменне чытаць і пісаць. Сельскі настаўнік павінен быў вучыць на сяле грамаце і дзяцей і дарослых. «Беларусь». Пайшоў Антось у армію цёмным хлопцам і вырас у барацьбе да камандзіра, навучыўся грамаце. Чарнышэвіч. // Пачатковыя звесткі з якой‑н. галіны ведаў. Музычная грамата. Палітычная грамата. Тэхнічная грамата.

2. Афіцыйны дакумент, якім узнагароджваюць за пэўныя поспехі. Пахвальная грамата. Ганаровая грамата.

3. Уст. Пісьмо, пасланне. □ Першае вядомае гісторыкам пісьмовае сведчанне, у якім адзначаецца роля Мінска ў Вялікім княстве Літоўскім, — гэта грамата вялікага князя літоўскага ад 1444 года. «Полымя».

•••

Ахоўная грамата — дакумент, які сведчыць, што асоба або яе маёмасць знаходзіцца пад асаблівай аховай дзяржаўнай улады.

Берасцяная грамата — старажытнарускія пісьмы і дакументы, напісаныя на бяросце.

Вярыцельная грамата — урадавы дакумент пра назначэнне пэўнай асобы дыпламатычным прадстаўніком у якой‑н. дзяржаве.

Кітайская грамата — пра што‑н. цяжкае для разумення; тое, у чым цяжка разабрацца.

Фількава грамата — непісьменны складзены дакумент; дакумент, які не мае юрыдычнай сілы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напе́радзе, прысл. і прыназ.

1. прысл. На нейкай адлегласці перад кім‑, чым‑н. Наперадзе быў фронт. □ Наперадзе, праз паўкіламетра, шлях браўся направа. Мележ. Дзед Астап ступіў колькі крокаў да невялічкай хвойкі, якая цямнелася наперадзе. Лынькоў. // Паперадзе іншых, перад кім‑, чым‑н. Перад апошнім домам машына, што ішла наперадзе, спынілася. Паслядовіч. // Сярод першых, першым у якой‑н. справе. Матцы хочацца бачыць сваё дзіця ў людскім авангардзе, наперадзе. Ермаловіч. Камуністы наперадзе ўсюды, заўсёды. Танк.

2. прысл. У будучым. Наперадзе цэлае жыццё. У яго ўсё наперадзе. □ Наперадзе многа дарог І шмат далячынь. Колас. // Аб тым, што яшчэ будзе. Наперадзе чакала работа цяжкая і доўгая: малацьба. Чарнышэвіч. Спяшацца асабліва не было чаго, бо прымчалі хутка і дзень быў яшчэ наперадзе. Кулакоўскі.

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. «наперадзе» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы ці прадмета, на некаторай адлегласці перад якімі хто‑, што‑н. знаходзіцца. Наперадзе палка над галовамі салдат плыў у паветры штандар. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плавун 1, плывун ’аер, Acorus calainus L.’ (Бейл.), ’мнаганожка, папараць звычайная, Polypodium vulgare’ (смал., Кіс.), рус. плавун, плаўн, чэш. plavim ’дзераза, Lycopodium clavatum’, серб.-харв. plavun ’тс’. Да плаваць, плысці (гл.). Матывацыя: гарызантальны корань раслін ці сцябло падобны да ’таго, што плыве’ — гл. плаву́н 4. Суфікс ‑ун утварае і інш. назвы раслін: паўзун, блішчу́н (Сцяцко, Афікс. наз., 69).

Плаву́н 2 ’кошык для лоўлі рыбы’ (свісл., Сл. рэг. лекс.), ’падвалока — снарад для лоўлі рыбы ў адкрытай вадзе; пры гэтым патрэбна сама мала дзве асобы’ (Касп.: Нік. Очерки), рус. валан плаўн ’невялікі невад’, славац. plavačka ’трохсценная падвалока’. Да плаваць (гл.). Лексемы звязаны са значэннем ’лавіць рыбу, плывучы (плаваючы)’. Параўн. рус. астрах, плавная (сеть) у процілегласць ставит (сеть) ’пастаўленая нерухома’.

Плаву́н 3 ’смецце, раслінныя рэшткі, напесеныя вадой на карэнне дрэў, на кусты, у заліў у час разводдзя’ (Нік. Очерки; Скарбы), ’цякучы пясок’ (ветк., Яшк.). Рус. плавун ’наносны, павыкіданы лес’, сіб. ’лес, што плавае ў рацэ’. Да плаваць (гл.). Суфікс -ун утварае словы са значэннем ’прадмет — вынік дзеяння’.

Плаву́н 4 ’човен’ (Яўс.), рус. наўг. плаву́н ’вялікая рыбацкая лодка, за якой ззаду ідуць (’плывуць’) рыбалоўныя сеткі’. Да прасл. *plavъ > *plaviti, гл. плавіць (Талстой, Геогр., 175), параўн. серб.-харв. дыял. плав ’судна, лодка’.

Плаву́н 5 дрыгва, зыбаўка на балоце, каля возера’ (полац., ЛА, 2), ’топкае балота’ (пін., ЛА, 2). Да плаў 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дакуме́нт м.

1. (дзелавая папера) Dokumént n -es, -e;

афармля́ць дакуме́нт ein Dokumént áusfertigen;

візава́ць дакуме́нт ein Dokumént visíeren [-vi-] завяра́ць дакуме́нт ein Dokumént begláubigen;

уруча́ць дакуме́нт ein Dokumént áushändigen;

заснава́льніцкі дакуме́нт konstituíerendes Dokumént, Gründungsurkunde f;

пацвярджа́льны дакуме́нт Belég m -(e)s, -e; Náchweis m -(e)s, -e;

суправаджа́льны дакуме́нт Begléitschein m;

юрыды́чны дакуме́нт Réchtsdokument n, jurístisches Dokumént;

2. (пасведчанне асобы) Áusweis m -es, -e;

3. (грамата) Úrkunde f -, -n;

4. (важная папера) Beschéinigung f -, -en; Schríftstück n -(e)s, -e; Schein m -(e)s, -e;

◊

ва́шы дакуме́нты, калі́ ла́ска! Íhre Papíere, bítte!

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

списа́ть сов.

1. в разн. знач. спіса́ць, мног. паспі́сваць;

списа́ть текст ру́кописи спіса́ць тэкст ру́капісу;

списа́ть все вы́писки в одну́ тетра́дь спіса́ць (паспі́сваць) усе́ вы́піскі ў адзі́н сшы́так;

списа́ть немно́го де́нег в расхо́д спіса́ць тро́хі гро́шай у расхо́д;

списа́ть отве́т у сосе́да школьн. спіса́ць адка́з у сусе́да;

а́втор списа́л геро́я произведе́ния с живо́го лица́ а́ўтар спіса́ў геро́я тво́ра з жыво́й асо́бы;

списа́ть с корабля́ спіса́ць з карабля́;

2. (срисовать) спіса́ць, змалява́ць;

списа́ть ко́пию с карти́ны спіса́ць (змалява́ць) ко́пію з карці́ны.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)