прывід, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Вобраз памёршай асобы, які ўяўляецца людзям забабонным або з хваравітай псіхікай; здань. Прывід Пятра Пятровіча не даваў Валі спакою. Шахавец. Не, гэта не прывід і не сон — гэта той Сцяпан, якога Талаўня даўно лічыў нябожчыкам. Гроднеў. // Вобраз каго‑, чаго‑н., які здаецца ва ўяўленні або ў сне. Прывід далёкага мінулага стаіць перада мной. Асіпенка. Пад раніцу Веньямін заснуў. Але і засынаючы баяўся, каб зноў не ўзнік страшны прывід белага горада пад чорным небам... Навуменка.
2. Тое, што ўявілася, здалося. Перад вачыма [Таццяны] з’явіўся жудасны прывід: гітлеравец трымае высока над галавой яе маленькага Віцю. Шамякін. Прывід гэта ці сапраўднасць? Канешне, сапраўднасць! Еў жа пасля таго чырвонаармеец Чыжык той хлеб і тыя каўбасы. Лупсякоў.
3. Няясныя, ледзь акрэсленыя рысы чаго‑н.; контуры. І потым, седзячы ў аўто.., Юткевіч глядзеў на аддаленыя прывіды вялікага грознага зарыва, і целам ішла дробная пякучая дрыготка. Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)