ДАРЭ́ЎСКАЯ (Апалонія) (вядома і як Дарота; 1767 ?—?),
танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза, выхаванка яго балетных школ у Гродне і Паставах. У 1778 выступіла як фігурантка ў школьным паказе «Сялянскага балета» Г.Петынеці ў Гродзенскім т-ры Тызенгаўза. Паводле завяшчання магната перайшла ва ўласнасць Станіслава Аўгуста Панятоўскага і з 1785 першая салістка трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве; гратэскавая танцоўшчыца на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Партыі: у балетах «Мірза і Ліндор», «Рыбакі», «Лукас і Калінета», «Па-дэ-дэ» Ф.Шлянцоўскага (у дуэце з аўтарам, 1788). У 1794—97 у прыватных антрэпрызах Варшавы і Гданьска (Польшча). У 1797 па ініцыятыве і за кошт Станіслава Аўгуста выехала ў Пецярбург.
Г.І.Барышаў.
т. 6, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕВА (Ганна Андрэеўна) (29.1.1930, г. Істра Маскоўскай вобл. — 19.4.1990),
бел. спявачка (драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1962). Працавала ў т-рах оперы і балета Новасібірска і Саратава. У 1968—87 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала добра пастаўленым голасам прыгожага тэмбру, драм. выразнасцю. Сярод партый на бел. сцэне: Жонка («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера), Наталля («У буру» Ц.Хрэннікава), Мзія («Міндыя» А.Тактакішвілі), Марыя («Кастрычнік» В.Мурадэлі; спявала ў спектаклі Вял. т-ра ў Маскве), Ліза («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Наташа («Русалка» А.Даргамыжскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Артруда («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Аіда, Леанора («Аіда», «Трубадур» Дж.Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Сантуца («Сельскі гонар» П.Масканьі).
Дз.М.Жураўлёў.
т. 9, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСЕ́ЕВА (Вольга Мікалаеўна) (н. 25.12.1928, С.-Пецярбург),
расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. Расіі (1973). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава). У 1947—72 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Яе творчасці характэрна экспрэсіўна-графічная манера выканання. Сярод партый: Нікія, Кітры і Вулічная танцоўшчыца («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адэта—Адылія, прынцэса Фларына («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Эгіна, Гаянэ («Спартак», «Гаянэ» А.Хачатурана), Сары («Сцежкаю грому» К.Караева), Крыўляка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Вакханка («Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.Гуно), Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.Мелікава). Яе творчасці прысвечаны тэлефільм-канцэрт «Танцуе Вольга Майсеева» (1971).
т. 9, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛЕНІКАВА (Леакадзія Ігнацьеўна) (8.3.1918, г. Саратаў, Расія — 18.6.1995),
расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана), педагог. Нар. арт. РСФСР (1961). Нар. арт. Расіі (1995). Скончыла Мінскае муз. вучылішча імя М.Глінкі (1941), Кіеўскую кансерваторыю (1946). З 1944 салістка Укр. т-ра оперы і балета (Кіеў), у 1946—69 — Вял. т-ра ў Маскве. З 1976 выкладала ў Рас. акадэміі музыкі (з 1983 дацэнт). Валодала моцным голасам прыгожага тэмбру, вял. муз. культурай, мастацтвам фразіроўкі. Сярод партый: Таццяна, Ліза, Іаланта («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Даша («Варожая сіла» А.Сярова), Вольга («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Графіня («Вяселле Фігара» ВА.Моцарта), Неда («Паяцы» Р.Леанкавала), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны). Дзярж. прэмія СССР 1949.
т. 10, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛАДЗІ́НСКАЯ (Ніна Фёдараўна) (10.8.1905, С.-Пецярбург — 3.6.1995),
расійская і бел. артыстка балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыла Петраградскае харэаграфічнае вучылішча (1923, клас А.Ваганавай). З 1923 салістка Ленінградскага імя Кірава, з 1941 Свярдлоўскага т-раў оперы і балета, у 1947—57 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1949—91 выкладала ў Бел. харэаграфічным вучылішчы. Танцоўшчыца лірычнага плана, валодала высокай культурай акад. танца, элегантнасцю, тонкім густам. Сярод партый: Ванда («Салавей» М.Крошнера), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Адэта («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Флёр дэ Ліс і Цар-дзяўчына («Эсмеральда» і «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні). Сярод яе вучаніц І.Душкевіч, Н.Філіпава, С.Масанёва.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983. С. 49, 51.
Ю.М.Чурко.
т. 10, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХО́МЕНКА (па мужу Казак) Валянціна Васілеўна
(н. 2.1.1956, в. Каменка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. спявачка (лірычнае сапрана). Засл. арт. Беларусі (1985). Скончыла Гомельскае муз. вучылішча (1975). З 1975 артыстка Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.Цітовіча, у 1981—92 салістка Бел. тэлебачання і радыё і ансамбля нар. музыкі «Жывіца». Шмат выступала ў дуэце з мужам А.Казаком. Голас прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону вылучае П. як адну з яркіх, своеасаблівых выканальніц бел. нар. песні. Збіральніца песеннага фальклору, знаўца асаблівасцей нар. выканання многіх рэгіёнаў Беларусі, інтэрпрэтатар лірычных песень бел. кампазітараў. Лаўрэат 7-га Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1983), міжнар. радыёконкурсу запісаў еўрап. муз. фальклору «Прыз Браціславы» (ЧССР, 1983). З 1992 жыве за мяжой.
Л.С.Мітаковіч.
т. 12, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТУ́НІНА (Тамара Міхайлаўна) (14.2. 1924, г. Гомель — 10.10.1981),
бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1955). Вучылася ў Маскоўскім муз.-пед. ін-це імя Гнесіных (1948—52), скончыла Бел. кансерваторыю (1956), з 1972 выкладала ў ёй. У 1945—48 салістка Ашхабадскага тэатра оперы і балета, з 1952 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1962—72 — Бел. філармоніі. Валодала рухомым голасам прыгожага цёплага тэмбру, яскравым артыстычным талентам. Сярод партый: Марфачка («Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Ганна («Страшны двор» С.Манюшкі), Антаніда («Іван Сусанін» М.Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Лакмэ («Лакмэ» Л.Дэліба).
І.В.Глушакоў.
т. 12, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБУ́ШКА (Людміла Іванаўна) (н. 15.6.1951, Мінск),
бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1969), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). З 1969 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, з 1970 у Бел. дзярж. муз. т-ры (з 1970 салістка балета, з 1990 заг. літ. часткі). У рэпертуары класічныя і характарныя партыі: Аўрора і танец Фіялкі ў класічных дывертысментах («Халопка» М.Стрэльнікава, «Фіялка Манмартра» І.Кальмана), вальс і полька («Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі), румба («Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна), Паненка («Паненка і хуліган» Дз.Шастаковіча), Ева, вальс («Ноч у Венецыі», «Лятучая мыш» І.Штрауса), усх. танец («Фраскіта» Ф.Легара), Марго («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Балерына («Стойкі алавяны салдацік» С.Баневіча) і інш.
А.Я.Ракава.
т. 13, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́БСКАЯ (Надзея Аляксандраўна) (н. 3.2.1947, в. Стары Каўрай Чаркаскай вобл., Украіна),
бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1975). У 1966—77 працавала на Украіне і ў Расіі. З 1977 салістка Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам вял. напаўнення, багатай і высакароднай тэмбравай афарбоўкі. Сярод партый: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Яраслава («Князь Ігар» А.Барадзіна), Графіня, Паміна («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Аіда, Леанора, Лізавета, Амелія («Аіда», «Трубадур», «Дон Карлас», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Чыо-Чыо-сан, Тоска ў аднайм. операх Дж.Пучыні, Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І.Глінкі (1973).
А.А.Саламаха.
т. 5, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́ЕВА (Нагіма Хамідулаўна) (н. 9.9.1949, С.-Пецярбург),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1980). З 1980 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі (з 1996 Нац. акад. т-р оперы Беларусі). Індывідуальнасці Галеевай найб. адпавядаюць партыі драм. і псіхал. плана: Любаша, Вясна («Царская нявеста», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Амнерыс, Эбалі, Ульрыка, Мадалена («Аіда», «Дон Карлас», «Баль-маскарад», «Рыгалета»; саліруючае мецца-сапрана ў «Рэквіеме» Дж.Вердзі), Канчакоўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Графіня і Паліна, Любоў («Пікавая дама», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Сузукі («Чыо-Чыо-сан» Дж.Расіні). З інш. партый: Ахросімава, Элен («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Ганна («Новая зямля» Ю.Семянякі. Дыпламант 9-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1979).
Г.Р.Куляшова.
т. 4, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)