ЗЕ́МБРЫХ (Sembrich) Марчэла [сапр. Каханская (Kochańska) Марцаліна; 18.2.1858, Вішнёўчык, Галіцыя, цяпер Украіна — 11.1.1935], польская спявачка (каларатурнае сапрана). У 1869—73 вучылася ў Львоўскай, у 1875—77 удасканальвалася ў Венскай кансерваторыі па класе фп. Спевам вучылася (па парадзе Ф.​Ліста) у Дж.​Б.​Ламперці ў Мілане. Гастраліравала ў Еўропе і ЗША. Карысталася сусв. вядомасцю. Яе голас вылучаўся вял. дыяпазонам, рэдкай выразнасцю. У 1898—1909 салістка т-ра «Метраполітэн-опера». Выканала больш за 40 партый у операх В.​А.​Моцарта, Дж.​Расіні, В.​Беліні, Дж.​Вердзі, Р.​Вагнера. З 1924 выкладала ў Муз. ін-це Кёртыс у Філадальфіі і ў Джульярдскай школе ў Нью-Йорку.

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)