гарадскі пасёлак, цэнтр Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. (з 1989), на р. Проня, на скрыжаванні аўтадарог на Магілёў, Горкі. Цэнтр Міхееўскага с/с і саўгаса. За 22 км на ПдУ ад Горак, 64 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 2580 ж., 1103 двары (1997).
У 16 ст. ў Мсціслаўскім ваяв.ВКЛ. Пацярпеў у час Паўн. вайны 1700—21. З 1772 у Рас. імперыі ў Магілёўскай губ. У 1784 цэнтр маёнтка Цеханавецкіх (да 1864), 657 ж., 181 двор, 25 крам, млын, царква. У 1830 заснавана вінакурнае прадпрыемства. У 1845 адбылося выступленне сялян супраць прыгоннага права. У 1880 цэнтр воласці Чавускага пав., 1080 ж., 250 дамоў, 30 крам, царква, валасное праўленне, лячэбніца, 2 млыны, школа, штогод праводзіўся кірмаш. З 1919 у Гомельскай губ., з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, у 1924—31 і ў 1935—59 цэнтр Дрыбінскага раёна, потым у Горацкім р-не, цэнтр сельсавета. У ліп. 1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія стварылі тут лагер смерці, дзе загубілі 2469 чал. У 1943 спалілі 300 двароў, загубілі 380 жыхароў. Пасля вайны вёска адноўлена. У 1971—1817 ж, 531 двор. З 1989 зноў цэнтр Дрыбінскага р-на.
Маслазавод. Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, бальніца, аптэка, паліклініка, аддз. сувязі. Царква, малітоўны дом. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі 2 стаянкі каменнага веку. Вядзецца буд-васац. інфраструктуры раённага цэнтра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАБО́ДКА,
вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., паміж азёрамі Поцех, Недрава і Ільмёнак, на аўтадарозе Браслаў—Друя. Цэнтр сельсавета. За 9 км на ПнУ ад г. Браслаў, 220 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Друя. 860 ж., 387 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, абл. псіхіятрычная і ўчастковая бальніцы, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Лабараторыя азёразнаўства БДУ, турысцкая база нац. парку Браслаўскія азёры, летнія базы адпачынку. Помнік архітэктуры — Слабодкаўскі касцёл Сэрца Ісуса. Каля вёскі 2 гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры.
У гіст. крыніцах вядома таксама пад назвамі Слабада, Слабодка Заверская, Быхаўка, Юзафова. Упершыню ўпамінаецца ў 1618 як паселішча Друйскага двара. У інвентары Браслаўскага староства за 1649 згадваецца як мяст. Слабада. У 18—19 ст. адносілася да маёнтка Завер’е, што належала Мірскім. У 1806 С.Мірскі фундаваў буд-ва мураванага касцёла. У сярэдзіне 19 ст. С. — мястэчка, цэнтр воласці Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., 303 ж., 27 двароў, валасное праўленне, пазыковая каса, касцёл. У 1865 адкрыта нар школа. 643 ж., 124 двары (1897). У 1-ю сусв. вайну побач з мястэчкам пабудавана вузкакалейка, якая ў 1920—60-я г дзейнічала як пасажырская лінія. Летам 1919 С. была адным з цэнтраў антыбальшавіцкага паўстання «зялёных». З 1920 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. У 1931 у С. 848 ж., 146 двароў, чыг. станцыя, школа, пошта, аптэка, карчма, крамы. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
брыга́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Вайсковае злучэнне, якое складаецца з некалькіх палкоў, батальёнаў або батарэй, а ў флоце — з некалькіх аднатыпных ваенных суднаў. Танкавая брыгада. Брыгада тарпедных катэраў. Партызанская брыгада.
2. Група работнікаў, якая выконвае пэўнае вытворчае (або спецыяльнае) заданне на заводзе, у калгасе, ва ўстанове і пад. Паляводчая брыгада. Трактарная брыгада. Будаўнічая брыгада. Брыгада камуністычнай працы. Рэйдавая брыгада.//Разм. Месца, дзе размяшчаецца і працуе гэты калектыў. Праўленне і канцылярыя, і наогул увесь калгасны цэнтр быў у першай брыгадзе.Васілевіч.У чацвёртую брыгаду, у вёску Зарэчча, пабег з праўлення пасланец.Бялевіч.
•••
Комплексная брыгада — вытворчая брыгада, у склад якой ўваходзяць людзі розных спецыяльнасцей.
[Фр. brigade.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПТАЛАМЕ́І (грэч. Ptolemaioi),
Лагіды, грэка-македонская дынастыя цароў эліністычнага Егіпта ў 3—1 ст. да н.э.Найб. значныя прадстаўнікі: П. I Сатэр («выратавальнік»; каля 366—283 да н.э.), цар у 305—283 да н.э. Адзін з палкаводцаў Аляксандра Македонскага. З 323 да н.э. сатрап. Ператварыў Егіпет у арганізаваную і цэнтралізаваную дзяржаву. Пры ім сталіца Александрыя стала гасп. і духоўным цэнтрам Егіпта (засн.Александрыйскі мусеян, б-ку). Аўтар гісторыі паходаў Аляксандра Македонскага (не захавалася). П. II Філадэльф («які любіць сястру»; 308—246 да н.э.), цар у 285—246 да н.э. Стварыў моцны флот, далучыў шэраг тэр., умацаваў паліт. і эканам. становішча Егіпта. У адпаведнасці з егіп. традыцыямі ўзяў шлюб з уласнай сястрой. П. III Евергет («дабрадзей»; каля 284—221 да н.э.), цар у 246—221 да н.э. Пры ім Егіпет дасягнуў найб. памераў і валодаў найвыш. аўтарытэтам сярод эліністычных дзяржаў. У час праўлення П. VI Філаметара («які любіць маці»), цара ў 180—145 да н.э., пачаліся працяглыя дынастычныя войны. Пры яго пераемніках Егіпет (з 168 да н.э.) трапіў пад рым. ўплыў.
Стаўленік Рыма П. XI Аляксандр II [80 да н.э.] забіты паўстаўшымі александрыйцамі. П. XII Філапатар Новы Дыяніс [80—51 да н.э.] вярнуўся на прастол з дапамогай рым. легіянераў. Цэзар падтрымаў Клеапатру VII у барацьбе за трон з яе братам і мужам П. XIV. У 30 да н.э.праўленне П. скончылася, Егіпет стаў рым. правінцыяй.
Літ.:
Кравчук А. Закат Птолемеев: Пер. с пол. М., 1973;
Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛУЧЭ́ННЕ ЗЯМЕ́ЛЬ БЕЛАРУ́СІ ДА РАСІ́ЙСКАЙ ІМПЕ́РЫІ.
Ажыццёўлена ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772, 1793 (без Аўстрыі) і 1795 (пра кожны падзел гл. асобны арт.). Расія набыла пераважна землі Беларусі, Левабярэжнай Украіны Правабярэжнай Украіны, Літвы пл. 41 млн.дзес. з 3,8 млн.чал.Бел. землі ў 1802 атрымалі ўстойлівы адм.-тэр. падзел: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. (пра кожную губ.гл. асобны арт.). Вышэйшую ўладу на месцах узначальвалі губернатары і ген.-губернатары. Калегіяльным органам пры губернатару было губернскае праўленне. Сістэма суд. органаў улады будавалася адпаведна Устанаўленню для кіравання губернямі 1775 з захаваннем саслоўнасці іх прадстаўніцтва. Паліт. правы паноў (памешчыкаў-прыгоннікаў) і шляхты размяжоўваліся і абмяжоўваліся. З 1772 праводзіўся разбор шляхты. З 1773 да выбараў на судовыя пасады дапускаліся толькі асобы, якія мелі больш за 20 прыгонных; пазней былі забаронены самавольныя шляхецкія сходы (ранейшыя сеймікі). Антырус. настроі шляхты прывялі да паўстання 1794. У ходзе рэвізіі 1772, 1782, 1795 і інш. былі запрыгонены катэгорыі раней вольных людзей (выбранцы, зямяне і інш.). У рэліг. палітыцы быў дэклараваны прынцып талерантнасці, захаваны ордэн езуітаў (скасаваны ў 1773 ва ўсім астатнім свеце), у 1782—83 створана Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія. Спробы ў 1780—82 і 1795 перавесці уніятаў у праваслаўе мелі толькі частковы поспех з-за непадрыхтаванасці і матэр. незабяспечанасці гэтай акцыі. Уніяты пераведзены ў праваслаўе у выніку Полацкага царкоўнага сабору 1839. У 1791 далучаныя тэрыторыі ўключаны ў мяжу яўр. аселасці; яўрэям забаранялася пакідаць гэтыя тэрыторыі для пасялення і гандлю ў глыбі Расіі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 у склад Рас. імперыі ўвайшла Беласточчына (у ліп. 1808 утворана Беластоцкая вобласць). Я.К.Анішчанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁЗНА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Лёзненскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Мошна. Чыг. станцыя на лініі Віцебск—Смаленск. За 40 км на ПдУ ад Віцебска. Аўтадарогамі звязаны з Віцебскам, Смаленскам, Оршай, Янавічамі, Арэхаўскам. 7,6 тыс.ж. (1998).
У канцы 16 ст. сяло Л. ў складзе Мікулінскай вол. Віцебскага пав. З 1625 — уласнасць кн. Агінскіх. У 1654 Л. ўпамінаецца як мястэчка. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у Рас. імперыі. цэнтр воласці Аршанскага пав. Магілёўскай губ. У 1786 Агінскія заснавалі тут мураваную правасл. царкву (знішчана ў 1961). У пач. вайны 1812 у Л. 2 тыдні стаяў 3-і франц. корпус маршала М.Нея. З 1831 у Л. штогод праводзілася 4 кірмашы, былі развіты рамёствы. З адкрыццём у 1866—67 руху па Рыга-Арлоўскай чыгунцы на ўскраіне Л. пабудавана чыг. станцыя. У 1870 Л. перайшло да Храпавіцкіх, потым да А.І.Шабекі. У 1865 адкрыта нар. вучылішча, у 1875 (пры чыг. станцыі) — царк.-прыходская школа (у 1887 пераўтворана ў 4-класнае нар. вучылішча). У 1880 у Л. 1536 ж., 216 дамоў, 25 крам, валасное праўленне, бальніца. У 1897—2473 ж. З 1924 цэнтр Лёзненскага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 17.7.1941 да 8.10.1943 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. 1200 чал. У 1972—5,7 тыс. чал.
Працуюць малочны, хлебны з-ды, Лёзненскі кансервава-агароднінасушыльны завод, ільнозавод, аграпрамтэхніка, сельгасхімія. 2 сярэднія і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа мастацтваў, 4 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, 2 б-кі, Дом піянераў і школьнікаў, кінатэатр, Лёзненскі ваенна-гістарычны музей, бальніца, паліклініка, аптэка. Могілкі сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму; помнік Вызвалення. Радзіма мастака М.Шагала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРА́ТЫЯ КАРАЛЕ́ЎСТВА ПО́ЛЬСКАГА І ЛІТВЫ́ (СДКПіЛ; Socjaldemokracja Krdlestwa Polskiego i Litwy),
сацыялістычная рабочая партыя ў Польшчы, на Беларусі і ў Літве ў 1893—1918. Узнікла пад назвай Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (СДКП) у выніку аб’яднання Саюза польскіх рабочых і левых, інтэрнац. элементаў партыі «Пралетарыят» (2-і). У студз. 1900 на з’ездзе ў Мінску СДКП аб’ядналася з Рабочым саюзам Літвы ў адзіную СДКПіЛ. Стваральнікі і кіраўнікі: Б.Весалоўскі, Ф.Дзяржынскі, М.Каспшак, Р.Люксембург, Ю.Мархлеўскі, Я.Тышка, С.Трусевіч, Т.Уластоўскі і інш. Друкаваныя органы: газ. «Sprawa Robotnicza» «Рабочая справа», 1893—96), «Czerwony Sztandar» («Чырвоны сцяг», 1902—18) і інш.; час. «Przegląd Robotniczy» («Рабочы агляд», 1900—05), «Z pola walki» («З поля барацьбы», 1905). Асн. мэты — звяржэнне самадзяржаўя і заваяванне паліт. свабод, пабудова сацыялізму. У крас. 1906 уступіла ў РСДРП на правах аўт. арг-цыі. Адстойвала пазіцыі інтэрнацыяналізму ў рабочым руху. У рэвалюцыю 1905—07 адыгрывала кіруючую ролю ў студзеньска-лютаўскіх забастоўках 1905, Лодзінскім паўстанні 1905, падзеях Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905. У 1908 выступіла за захаванне і ўмацаванне нелегальных парт. арг-цый і максімальнае выкарыстанне магчымасцей для легальнай барацьбы. У 1916 СДКПіЛ пераадолела ўнутр. раскол (адбыўся ў 1911—12) на «зажандоўцаў» (прыхільнікаў Гал. праўлення) і «разломаўцаў», якія стварылі сваё Краявое праўленне і супрацоўнічалі з бальшавікамі. Падтрымала Лют. і Кастр. рэвалюцыі 1917. У 1917—18 групы СДКПіЛ дзейнічалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Маладзечна і інш. У снеж. 1918 разам з ППС-лявіцай утварыла Камуністычную партыю Польшчы.
Літ.:
Бич М.О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг.Мн., 1973;
Cimek H. Komuniści a Polska (1918—1939). Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НЕ́КА (Луцый Аней) (Lucius Annaeus Seneca; каля 4 да н.э., г. Кордава, Іспанія — 65 н.э.),
старажытнарымскі філосаф, пісьменнік і дзярж. дзеяч. У 49—54 выхоўваў Нерона, пасля ўзыходу якога на прастол у 54 аказваў уплыў на праўленне імперыяй. Абвінавачаны Неронам у змове супраць імператара і па яго загадзе скончыў жыццё самагубствам. Філасофія С. эклектычная: заснавана на сінтэзе стаіцызму і вучэнняў Эпікура, кінікаў і інш. У асн.філас. працах «Маральныя лісты да Луцылія», «Аб дабрадзействах», «Аб міласэрнасці» прапанаваў праграму маральнага самаўдасканалення асобы, дасягнення стану незалежнасці ад знешніх абставін. Лічыў, што для дасягнення асабістага шчасця неабходна валодаць маральнай мудрасцю і такімі якасцямі, як пагарда да смерці і ўстрыманне. Прызнаваў наяўнасць дабратворнай божай волі і лічыў пакуты чалавека пры жыцці выпрабаваннямі Бога. Адстойваў ідэю роўнасці ўсіх людзей, у т. л. і рабоў. Верыў у бязмежны прагрэс чалавечых ведаў. У аснове натурфілас. поглядаў С. вучэнні стоікаў пра цялеснасць усяго існага і сусв. пажар як пакаранне за зямное зло. Яго светапогляд адлюстраваны ў 9 трагедыях («Медэя», «Эдып», «Фіест», «Федра», «Геркулес Вар’яцкі», «Агамемнан», «Траянкі», «Фінікіянкі», «Геркулес Этэйскі») на міфалагічныя сюжэты, дзе праводзіў думкі аб згубнасці моцных пачуццяў, вар’яцкім свавольстве дэспатыі, смерці як сродку выратавання ад зямнога зла. Трагедыі С. паўплывалі на далейшае развіццё драматургіі (У.Шэкспір, франц. класіцызм). На Беларусі ідэі С. развівалі Ф.Скарына, М.Гусоўскі, С.Будны, Сімяон Полацкі і інш. Сугучныя С. ідэі выказвалі Г.Каніскі, які прызнаваў магчымасць дасягнення шчаслівага жыцця на зямлі, М.К.Сарбеўскі, С.Лаўксмін, Т.Брылевіч, якія гал. задачу філасофіі бачылі ў фарміраванні высокамаральнай асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ме́ншы, ‑ая, ‑ае.
1.Выш. ст.дапрым. малы (у 1–3 і 5 знач.). Пасля таго як у Руднічах арганізаваўся калгас, сяляне пастанавілі меншую палавіну дома аддаць пад праўленне, а большую — абсталяваць пад клуб.Курто.Маленькі, шчуплы стараста раптам зрабіўся яшчэ меншым, сціснуўся, утуліў галаву ў плечы.Шамякін.
2. Са словам «самы» азначае найвышэйшую ступень да прым. малы. Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты, без болю, без трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна: на чалавека, на звера, на птушку, на самую меншую мушку.Колас.
3. Якому менш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы малады сярод іншых. Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвітку, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў.Колас.
•••
Па меншай мерыгл. мера.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штаб, ‑а; мн. штабы, ‑оў; м.
1. Орган кіравання войскам у часцях, злучэннях усіх відаў узброеных сіл, а таксама асобы, якія ўваходзяць у склад гэтага органа. Здаралася, што на адным дні штаб атрада мяняў некалькі месц.Кулакоўскі.Старыцу Паходня ўяўляў — ён разы два — тры быў у ёй, палі тут адзін час стаяў штаб партызанскай брыгады.Хадкевіч.// Памяшканне, збудаванне, у якім размяшчаецца такі орган. Новы камісар палка Яфім Фамін жыў тым летам у крэпасці. Начаваў у штабе.Кухараў.
2.перан. Кіруючы орган чаго‑н. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі.Грахоўскі.На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб.Колас.
•••
Генеральны штаб — цэнтральны орган кіравання ўзброенымі сіламі.
[Ням. Stab.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)