СТАРАСЕ́ЛЛЕ,
вёска ў Старасельскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса. За 20 км на ПнЗ ад г. Шклоў, 50 км ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Копысь. 478 ж., 192 двары (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, ацтэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. За 2 км на ПнУ ад вёскі магіла сав. ваеннапалонных і мірных жыхароў.
Вядома з 16 ст. як маёнтак у Аршанскім пав. Віцебскага ваяв. ВКЛ; уладанне Сапегаў. У 1606 у С. быў касцёл. З 1656 уладанне Нерушэвічаў, потым пратэстанцкай царквы. Вёска спалена ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З 1772 у Рас. імперыі, у Копыскай акрузе, у 19 ст. ў Аршанскім пав. Магілёўскай губ.; смалакурна-шкіпінарнае прадпрыемства (1859), Троіцкая царква і царк.-прыходская школа (1862). У 1868 уладанне Л.Цітова; 2 крупадзёрныя, вінакурны і цагельны з-ды, сукнавальня, 2 млыны, карчма. З 1886 мястэчка, цэнтр воласці Аршанскага пав.; 242 ж., 33 двары, валасное і мяшчанскае праўленне, 2 царквы, касцёл, сінагога, 2 кірмашы на год. У 1909—450 ж., 88 двароў. З 1919 у Гомельскай, з 1920 у Віцебскай губ., з 1924 у БССР. З 1924 цэнтр сельсавета Копыскага, з 1931 — Талачынскага, Шклоўскага р-наў, з 1938 у Магілёўскай вобл.
В.В.Віталёва.
т. 15, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)