РА́ЗІН (Сцяпан Цімафеевіч) (каля 1630, б. станіца Зімавейская на Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 16.6.1671),
кіраўнік Сялянскай вайны 1670—71 у Расіі, данскі казак. Вызначаўся розумам, энергіяй, ваен. і дыпламат. здольнасцямі, валодаў 8 мовамі. У 1661—62 удзельнічаў у перагаворах дэлегацыі Войска Данскога і афіц. маскоўскага пасольства з калмыкамі пра сумесныя дзеянні супраць нагайскіх татар. У 1662—63 камандзір атрада данскіх казакоў у паходах супраць крымскіх татар. Удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1667 узначаліў грабежніцкі паход казацкай беднаты на рэкі Волгу і Яік (Урал), у 1668—69 — паход казацкай флатыліі па Каспійскім м.: разрабаваны прыбярэжныя гарады і правінцыі Ірана, вызвалены рас. нявольнікі. Новы яго паход на Волгу вясной 1670 перарос у сял. вайну. Выступаючы нібыта ў абарону правоў царэвіча Аляксея Аляксеевіча і б. патрыярха Нікана, Р. абяцаў простаму народу «свабоду і збаўленне» ад «дрэнных» баяр, у занятых гарадах усталёўваў кіраванне на казацкі ўзор, распраўляўся з прадстаўнікамі царскай адміністрацыі. Пасля паражэння пад Сімбірскам (кастр. 1670) паранены вярнуўся на Дон, дзе ў крас. 1671 схоплены казацкай старшынай і выдадзены царскім уладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве. Р. — герой нар. паданняў і песень, яму прысвечаны творы л-ры і мастацтва.
Літ.:
Сахаров А.Н. Степан Разин. 2 изд. М., 1987;
Чистякова Е.В., Соловьев В.М. Степан Разин и его соратники. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
nail2[neɪl]v.
1. забіва́ць (цвікі), прыбіва́ць (цвікамі);
He was nailed to the cross. Ён быў прыбіты да крыжа/распяты на крыжы; (таксама перан.AmE Ён быў жорстка пакараны.)
2. прыко́ўваць, прыця́гваць (увагу, позірк)
3.infml хапа́ць, хвата́ць, ца́паць, арышто́ўваць
4. выкрыва́ць (чыю-н. хлусню)
♦
nail one’s colours to the mast адкры́та абараня́ць/адсто́йваць свае́ по́гляды (да канца́), займа́ць непрыміры́мую пазі́цыю; не здава́ць пазі́цыі
nail down[ˌneɪlˈdaʊn]phr. v.
1. прыбіва́ць
2. прыстава́ць; прыпіра́ць да сце́нкі; прымуша́ць; лаві́ць на сло́ве
3. дакла́дна вызнача́ць;
nail down some facts удакладня́ць, правяра́ць некато́рыя/пэ́ўныя фа́кты
nail up[ˌneɪlˈʌp]phr. v.
1. забіва́ць (дзверы, вокны)
2. прыбіва́ць
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
МЮ́НЦЭР (Müntzer, Münzer) Томас (каля 1490, г. Штольберг, Германія — 27.5.1525), рэлігійны дзеяч, адзін з ідэолагаў Рэфармацыі і кіраўнікоў Сялянскай вайны 1524—25 у Германіі. Вучыўся ва ун-тах Лейпцыга і Франкфурта-на-Одэры. Адзін з найб. адукаваных тагачасных ням. тэолагаў. З 1518 прыхільнік М.Лютэра. Паводле яго рэкамендацыі ў 1520—21 быў святаром у г. Цвікаў (Саксонія), дзе зблізіўся з сектай анабаптыстаў, але ідэйна разышоўся з лютэранамі. У 1521 наведаў Чэхію, у т. л. Прагу, дзе прапаведаваў радыкальную Рэфармацыю (т.зв. «Пражская адозва») і абвясціў сябе прыхільнікам вучэння Я.Гуса. З 1523 святар у г. Альштэт (Цюрынгія), дзе арганізаваў «Саюз выбраных» — тайнае т-ва, якое мела на мэце звяржэнне ўлады князёў; канчаткова адышоў ад супрацоўніцтва з лютэранамі. Выступаў супраць «мёртвай літары» царк. вучэння, развіваў уяўленне пра ўнутр. веру, якая дазваляе мысліць і дзейнічаць у адпаведнасці з божым прадвызначэннем. Гал. задачу Рэфармацыі разумеў у абвяшчэнні блізкага сац.-паліт. перавароту, які павінен быць здзейснены масай сялян і гар. беднякоў. Прапагандаваў ідэю ўстанаўлення «царства божага на зямлі», адмаўляў прыватныя інтарэсы, але выступаў за ўмацаванне дробнасялянскай працоўнай уласнасці. У час Сял. вайны з лют.—сак. 1525 кіраваў паўстанцамі Цюрынгіі, спрабаваў стварыць у Мюльгаўзене адзіны цэнтр кіраўніцтва вайной. Пасля паражэння свайго атрада 15.5.1525 каля г. Франкенгаўзен трапіў у палон і пакараны смерцю.
Літ.:
Ивонин Ю.Е. «Вся власть должна быть отдана простому народу» // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987;
Лазарев В.В. Становление философского сознания нового времени. М., 1987;
Ревуненкова Н.В. Ренессансное свободомыслие и идеология Реформации. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ПАЎСТА́ННЕ Ў РУМЫ́НІІ 1989,
паўстанне (Снежаньская рэвалюцыя) рум. народа ў снеж. 1989, якое прывяло да звяржэння дыктатуры Н.Чаўшэску. Выклікана абвастрэннем у краіне сац., нац. і паліт. праблем, у т. л. харчовай, энергет. і інш.эканам. (з-за інтэнсіўнай выплаты ўрадам Чаўшэску знешніх даўгоў, праследавання ўладамі венг.нац. меншасці, задушэння апазіцыі і дэмакр. свабод, самавольства службаў бяспекі — секурытатэ). Пачалося 15—16 снеж. ў г. Тымішаара з выступленняў у абарону свабоды царк. службаў і пропаведзі венгерскага святара Л.Цёкёша і сутыкненняў дэманстрантаў 16—17 снеж. з узбр. атрадамі сіл бяспекі. 22 снеж. пашырылася на Бухарэст, дзе на мітынгу народ запатрабаваў ад Чаўшэску дэмакр. свабод і яго адстаўкі. У Бухарэсце разгарнуліся жорсткія вулічныя баі (ішлі некалькі дзён) паміж паўстанцамі, якіх падтрымала армія, незадаволеная тым, што Чаўшэску паставіў яе пад кантроль сіл бяспекі, і вернымі Чаўшэску сіламі паліцыі і бяспекі. Узбр. сутыкненні адбыліся таксама ў Тымішаары, Брашове, Сібіў. Пасля ўцёкаў Чаўшэску і яго жонкі (неўзабаве схоплены і 25 снеж.пакараны смерцю паводле прыгавору спец.ваен. трыбунала «за злачынствы перад народам») уладу 26 снеж. ўзначаліў Савет Фронту нацыянальнага выратавання пад кіраўніцтвам І.Іліеску, які распачаў дэмакратызацыю паліт. ладу Румыніі і мерапрыемствы па пераадоленні цяжкай сац.-эканам. спадчыны. Быў сфарміраваны ўрад на чале з П.Романам, на пач. 1990 былі прызначаны парламенцкія выбары. У ходзе паўстання забіты 1104 чал., з іх каля 260 ваеннаслужачых, паранены 3352 чал.
Літ.:
Румыния. 1989. № 12;
1990. № 1;
Революции 1989 г. в странах Центрально-Восточной Европы: взгляд через десятилетие // Славяноведение. 1999. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫ́ЗМ, нацыянал-сацыялізм,
германская разнавіднасць фашызму, паліт. рух, ідэалогія і дзярж. рэжым Германіі ў 1933—45. Узнік пасля 1-й сусв. вайны ва ўмовах усебаковага крызісу Веймарскай рэспублікі на базе фаш. руху, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі дробнай буржуазіі, былыя вайскоўцы, беспрацоўныя, частка моладзі і інтэлігенцыі. Узначальвалі рух А.Гітлер і Нацыянал-сацыялісцкая партыя. Праграма руху створана ў 1920 Г.Федэрам, выкладзена Гітлерам у кн. «Мая барацьба» (1925) і А.Розенбергам у кн. «Міфы 20 стагоддзя» (1930). Пасля прыходу фашыстаў да ўлады у 1933 пашырыўся створаны на прускі ўзор бюракратычны дзярж. апарат за кошт тэрарыстычна-паліцэйскіх фарміраванняў, органаў кіравання эканомікай і арміяй, структур для вядзення нацысцкай прапаганды, уздзеяння на культуру і асвету ў адпаведнасці з догмамі нацысцкай ідэалогіі. Прыхільнікі нацыянал-сацыялізму, якія на словах апелявалі да гіст. вопыту, нац.-культ. традыцый германскага народа, абвясцілі культ грубай фіз. сілы, падпарадкавання, паслушэнства. У аснову адносін з народамі свету была пакладзена расавая тэорыя (гл.Расізм), паводле якой некаторыя народы (яўрэі, цыганы, б.ч. славян) падлягалі фіз. знішчэнню, што, на думку гітлераўцаў, з’яўлялася перадумовай стварэння «ідэальнай Германіі». Пад уплывам сваіх ідэалаг. догмаў Н. развязаў 2-ю сусв. вайну. Унутры Германіі псеўданац. фразеалогія нацыянал-сацыялістаў прыкрывала ўсталяванне сістэмы жорсткага дзярж.-манапалістычнага рэгулявання эканомікай і ўсім грамадскім жыццём, палітыкай мілітарызацыі краіны, падрыхтоўкай і вядзеннем захопніцкіх войнаў. Былі скасаваны аўтаномныя правы суб’ектаў герм. федэрацыі — зямель, а Германія ператворана ва унітарную дзяржаву; караліся любыя праяўленні апазіцыі нацысцкаму рэжыму. Пасля ўстанаўлення нацысцкай дыктатуры былі забаронены паліт. партыі і дэмакр. аб’яднанні, у т. л. прафсаюзы; створана сетка канцэнтрацыйных лагераў. З канца 1930-х г.фаш. агрэсія прывяла да распаўсюджвання нацысцкіх парадкаў і дзейнасці рэпрэсіўнага апарата на акупіраваныя краіны. Паражэнне фаш. Германіі ў 2-й сусв. вайне (1945) паклала канец панаванню Н. Былі пакараныгал. гітлераўскія злачынцы, прынята рашэнне пра ажыццяўленне дэнацыфікацыі. Праява адраджэння крайне нацыяналістычных рухаў, ідэалагічна звязаных з Н., атрымала назву неанацызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЛЬКАВІЧЫ (Алелькі, Слуцкія),
княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ, адна з галін Гедзімінавічаў. Яго прадстаўнікі ў 15—16 ст. адыгрывалі значную ролю ў грамадскім і дзярж.-паліт. жыцці Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы. Найб. вядомыя Алелькавічы:
Аляксандр (Алелька, ? — 1454), заснавальнік роду, сын кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча. Князь капыльскі, слуцкі з 1394, кіеўскі з 1441. Вёў войны супраць татараў. Як военачальнік і дыпламат карыстаўся вял. аўтарытэтам у бел., літ. і ўкр. знаці, пасля смерці Вітаўта яго кандыдатура была вылучана на велікакняжацкі пасад. Удзельнічаў у міжусобнай барацьбе паміж прэтэндэнтамі на велікакняжацкі пасад Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам (напачатку падтрымліваў першага, потым другога). Жыгімонт Кейстутавіч, атрымаўшы перамогу, адабраў у Аляксандра Слуцкае княства, а яго самога зняволіў у астрог. Вял.кн. Казімір IV у 1441 вярнуў яму Слуцк і даў Кіеўскае княства. Сямён (1420—3.12.1470), старэйшы сын Аляксандра, князь кіеўскі. Прэтэндаваў на велікакняжацкі пасад у 1454 і 1456, шукаў падтрымкі ў Маскве. Яго ўдава Марыя Гаштольд атрымала ад вял.кн. Пінскае княства ўзамен за Кіеўскае. Міхал (каля 1425—30.8.1481), малодшы сын Аляксандра, князь слуцкі і капыльскі. У 1470—71 намеснік вял.кн.ВКЛ у Вял. Ноўгарадзе. З мэтай скінуць Ягелонаў і стаць вял.кн.ВКЛ стварыў групоўку магнацкіх родаў. Пры няўдачы намерваўся аддзяліць ад ВКЛусх. землі Беларусі і Украіны і перайсці з імі пад апеку вял. князя маскоўскага. За арганізацыю змовы супраць вял.кн. Казіміра IV пакараны смерцю. Васіль (каля 1425—4.6.1495), сын Сямёна, князь пінскі. Сямён (каля 1460—14.11.1505), сын Міхала, князь слуцкі. У 1502 і 1503 разбіў татараў у бітвах на р. Уза і Прыпяць. Юрый (1492—17.4.1542), сын Сямёна, князь слуцкі. Удзельнік абароны Слуцка ў час Глінскіх мяцяжу 1508, бітвы з татарамі ў 1511, Аршанскай бітвы 1514. Юрый (каля 1531—9.11.1578), сын Юрыя, князь слуцкі. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Юрый (17.8.1559 — 6.5.1586), сын Юрыя Юр’евіча, князь слуцкі, адзін з апошніх Алелькавічаў па мужчынскай лініі. Яго дачка Соф’я ў 1600 выйшла замуж за Я.Радзівіла. Пасля яе смерці (1612) Слуцкае і Капыльскае княствы перайшлі да Радзівілаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛГАРУ́КІЯ, Далгарукавы,
расійскія ваен. і дзярж. дзеячы, прадстаўнікі стараж. княжацкага роду. Родапачынальнік — Міхаіл Усеваладавіч Чарнігаўскі. Мянушку Д. атрымаў яго патомак Іван Андрэевіч Абаленскі. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Юрый Аляксеевіч (? — 15.5.1682), баярын, ваявода. Блізкая асоба цара Аляксея Міхайлавіча. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у заняцці Мсціслава, Дуброўны і Шклова, у паходзе ў Бел. Панямонне (1665). У 1658 прызначаны ваяводам у Мінску, Вільні. З 1660 галоўнакаманд. рас. войскамі на Беларусі. У 1671 кіраваў задушэннем паўстання на чале з С.Разіным у Паволжы. Забіты ў час Стралецкага паўстання 1682. Якаў Фёдаравіч (1639, Масква — 19.11.1720), баярын. Паплечнік, саветнік і давераная асоба Пятра I. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96. З 1712 сенатар, з 1717 прэзідэнт Рэвіз. калегіі. Рыгор Фёдаравіч (1656—26.8.1723), дыпламат. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96, Палтаўскай бітвы 1709. Пасол у Рэчы Паспалітай (1701—21). З 1721 сенатар. Васілій Уладзіміравіч (студз. 1667 — 22.2.1746), ген.-фельдмаршал (1728). Удзельнік Паўн. вайны 1700—21. У 1708 на Украіне кіраваў задушэннем Булавінскага паўстання. З 1721 сенатар. З 1730 чл.Вярх. тайнага савета. У 1731 арыштаваны па справе царэвіча Аляксея, у 1739 сасланы ў Салавецкі манастыр. З 1741 вернуты са ссылкі, прызначаны прэзідэнтам Ваен. калегіі. Васіль Лукіч (каля 1670 — 19.11.1739), дыпламат. З 1706 пасол, пасланнік, паўнамоцны міністр у Рэчы Паспалітай, Даніі, Францыі, Швецыі. З 1728 чл.Вярх. тайнага савета. У 1730 сасланы ў Салавецкі манастыр за ўдзел у змове «вярхоўнікаў». Пакараны смерцю. Юрый Уладзіміравіч (13.11.1740—20.11.1830), ген.-аншэф (1774). Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, рус.-тур. войнаў (1768—74 і 1787—91) і інш. У 1789—90 каманд. корпусам на Беларусі, у 1793—94 нач. войск у далучаных да Расіі зямель Рэчы Паспалітай. Аўтар мемуараў. Іван Міхайлавіч (18.4.1764—16.12.1823), тайны саветнік (1804). Скончыў Маск. ун-т (1780). У 1791—97 віцэ-губернатар Пензы, у 1802—12 губернатар ва Уладзіміры. Аўтар мемуараў. Васіль Андрэевіч (7.3.1804—17.1.1868), ген.-ад’ютант (1845), ген. ад кавалерыі (1856). Удзельнік задушэння Наўгародскага паўстання ваен. пасялян (1830) і паўстання 1830—31. Ваен. міністр (з 1853), адначасова чл.Дзярж. савета. у 1856—66 гал.нач. «Трэцяга аддзялення» і шэф корпуса жандараў. З 1866 обер-камергер двара. Пётр Уладзіміравіч, гл.Далгарукі П.У.
нацыянальна-вызв. рэвалюцыя ў Манголіі за аднаўленне нац. дзяржаўнасці і паскарэнне развіцця манг. грамадства. У 1919 кіт. войскі ген. Сюй Шучжэна занялі Манголію Знешнюю і ўстанавілі там жорсткі акупац. рэжым. У гэтых умовах манг. патрыёты (прадстаўнікі інтэлігенцыі, духавенства, арыстакратыі, пастухоў-аратаў) стварылі ў г. Урга 2 падп. гурткі, якія ў чэрв. 1920 аб’ядналіся ў Манг.нар. партыю (МНП, з 1925 Манг. нар.-рэв. партыя). У сярэдзіне 1920 МНП накіравала ў Маскву дэлегацыю ў складзе Д.Бода, С.Данзана, Д.Сухэ-Батара і інш. па дапамогу ад РСФСР. Зачэпкай для ўмяшання Сав. Расіі ў справы Манголіі паслужыла ўварванне сюды восенню 1920 рус. белагвардзейскай дывізіі ген. Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга, якая 4.2.1921 заняла Ургу і да крас. выгнала кіт. войскі са Знешняй Манголіі. Унгерн афіцыйна абвясціў незалежнасць краіны і аднавіў уладу богда-гэгэна (кіраўніка ламаісцкай царквы, з 1911 свецкага і духоўнага правіцеля манг. дзяржавы), фактычна ж стаў правіць сам і сваім тэрарыст. рэжымам хутка выклікаў нянавісць насельніцтва. 1—3.3.1921 у г. Кяхта (Расія) адбыўся 1-ы з’езд МНП, на якім старшынёй партыі выбраны Данзан. 13.3.1921 утвораны Часовы нар. ўрад на чале з Бода. Пачалося фарміраванне Манг. нар.-рэв. арміі (МНРА, галоўнакамандуючы — Сухэ-Батар). Пасля звароту Часовага нар. ўрада ў чэрв. 1921 урад Сав. Расіі накіраваў на дапамогу манг. рэвалюцыянерам экспедыцыйны корпус войск Чырв. Арміі пад камандаваннем К.А.Неймана, які сумесна з МНРА вызваліў 6.7.1921 Ургу і да жн. ліквідаваў атрады Унгерна. 10.7.1921 ва Урзе створаны Нар. ўрад на чале з Бода. Паводле дагавора з богда-гэгэнам (ліст. 1921) Нар. ўрад пакінуў за ім пасаду намінальнага кіраўніка дзяржавы і засяродзіў у сваіх руках рэальную ўладу. У працэсе выбару шляхоў далейшага развіцця ў кіраўніцтве МНП разгарнулася жорсткая барацьба, на якую аказвалі моцны ўплыў прадстаўнікі сав. кіраўніцтва. У 1922 ад улады адхілены і пакараны смерцю Бода, у 1924 — Данзан (пасля смерці ў лют. 1923 Сухэ-Батара таксама каманд. МНРА). У выніку перамаглі прыхільнікі прасав. лініі. У 1921—24 у М. праведзена нацыяналізацыя зямлі, ліквідавана прыгонніцтва, адменены феад. званні і прывілеі, анулявана запазычанасць працоўных купцам і ліхвярам, рэфармавана мясц. самакіраванне. 3-і з’езд МНП (жн. 1924) афіцыйна прыняў курс на некапіталіст. развіццё краіны. 26.11.1924 (пасля смерці богда-гэгэна) абвешчана Манг.Нар. Рэспубліка.
Літ.:
Рощин С. Они возглавили революцию // Азия и Африка сегодня. 1995. № 9;
Грайворонский В. Исторический выбор // Там жа. 1996. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБЕСП’Е́Р ((Robespierre) Максімільен Франсуа Мары Ізідор дэ) (6.5.1758, г. Арас, Францыя — 28.7.1794),
дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99. Вучыўся ў Калежы Людовіка Вялікага ў Парыжы, скончыў юрыд. факультэт Сарбоны (1780). З 1781 адвакат у Арасе. З 1783 чл. Араскай акадэміі навук і мастацтваў, з 1788 яе прэзідэнт. У 1789 дэпутат Генеральных штатаў ад трэцяга саслоўя. Актыўна ўдзельнічаў у іх працы і ў дзейнасці створанага на іх аснове Нац. сходу, з ліп. 1790 яго сакратар. Абараняў інтарэсы шырокіх нар. мас, насуперак ліберальнай большасці сходу, выступаў супраць замацаваных канстытуцыяй 1791 каралеўскага права вета, падзелу грамадзян на актыўных і пасіўных, маёмаснага цэнзу на выбарах, захавання рабства ў калоніях і г.д. У 1791—92 працаваў у секцыях камуны Парыжа, выдаваў штотыднёвік «Défenseur de la constitution» («Абаронца канстытуцыі»), на старонках якога выказваў свае погляды. Меў падтрымку шэрагу дэмакр. арг-цый: Якабінскага клуба, Клуба кардэльераў, паліт. клубаў Марселя, Версаля, Тулона і інш. гарадоў. Асуджаў агітацыю жырандыстаў за рэв. вайну супраць феад.-абсалютысцкіх манархій Еўропы. Пасля пачатку вайны Францыі з Аўстрыяй і Прусіяй (крас. 1792) агітаваў за рэв. метады вядзення вайны. Р. не прыняў непасрэднага ўдзелу ў паўстанні 10.8.1792, якое скінула караля, але на наступны дзень быў абраны чл. камуны Парыжа. У вер. 1792 абраны дэпутатам ад Парыжа ў Нац.Канвент, дзе стаў адным з найб. уплывовых дзеячаў якабінцаў. Узначаліў барацьбу супраць панавання жырандыстаў, быў сярод рашучых прыхільнікаў смяротнага пакарання караля Людовіка XVI. Як і Ж.П.Марат, быў адным з паліт. кіраўнікоў нар. выступлення 31.5—2.6.1793, якое скончылася арыштам дэпутатаў-жырандыстаў і пераходам улады да якабінцаў. Р. — адзін з ініцыятараў рэв. палітыкі якабінскага ўрада (агр. заканадаўства, якое ліквідавала феад. землеўладанне, прыняцце радыкальнай канстытуцыі 1793 і інш.). 27.7.1793 Р. абраны чл.К-таграмадз. выратавання (КГВ), фактычна кіраваў ім. Пры Р. КГВ ператварыўся ў гал. орган рэв. дыктатуры, якая змяніла канстытуцыйнае кіраванне (гл.Якабінская дыктатура). Канцэнтрацыя ўлады і ўсіх сіл спрыяла перамозе франц. армій да лета 1794 над унутр. і знешняй контррэвалюцыяй. Ў гэты час абвастрылася барацьба ў рэв. кіраўніцтве. Пачаліся рэпрэсіі супраць б. паплечнікаў Р., не згодных з яго палітыкай — прыхільнікаў Ж.Ж.Дантона, Ж.Р.Эбера і інш. Гэта прывяло да змовы супраць Р. ў Канвенце і Тэрмідарыянскага перавароту 27.7.1794. Р. быў арыштаваны і без суда пакараны смерцю разам з групай сваіх бліжэйшых паплечнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ ВО́ЛЯ»,
найбольш значная тайная рэв. народніцкая арг-цыя (партыя) у Расіі ў 1879—86. Узнікла ў выніку расколу «Зямлі і волі». Узначальваў выканаўчы к-т (Пецярбург), члены: А.І.Жалябаў, С.Л.Пяроўская, В.М.Фігнер, М.І.Кібальчыч, М.А.Марозаў, А.Дз.Міхайлаў і інш. У 1879—83 падп. сетка «Н.в.» ў 50 гарадах налічвала 80—90 мясц., 100—120 рабочых, 30—40 студэнцкіх, 20—25 гімназічных, каля 50 афіцэрскіх (былі аб’яднаны ў Ваен. арг-цыю «Н.в.») гурткоў; колькасць членаў да 500 чал., са спачуваючымі да 5 тыс., з іх 1,5 тыс. рабочыя. Друкаваныя органы: газ. «Народная воля» (1879—85), «Листок «Народной воли» (1880—86), час. «Вестник Народной воли» (1883—86) і інш. «Н.в.» прытрымлівалася тэорыі утапічнага «сялянскага сацыялізму». Яе праграмныя дакументы прадугледжвалі рэв. знішчэнне самадзяржаўя, перадачу зямлі сялянам, увядзенне дэмакр.дзярж. ладу з усеагульным выбарчым правам, раўнапраўе нацый і іх права на самавызначэнне і г.д. Практычная дзейнасць па падрыхтоўцы паліт. перавароту ў Расіі падзялялася на прапагандысцкую і разбуральную (індывід. тэрор як гал. метад барацьбы з урадам). Члены «Н.в.» разлічвалі, што група рэвалюцыянераў-змоўшчыкаў шляхам знішчэння вышэйшых чыноўнікаў і імператара здолее дэзарганізаваць дзярж. кіраванне, выклікаць масавыя нар. паўстанні і захапіць уладу. «Н.в.» ажыццявіла шэраг тэрарыст. актаў супраць буйных чыноўнікаў і агентаў паліцыі і забойства (пасля некалькіх няўдалых замахаў) імператара Аляксандра II (яго ажыццявіў 13.3.1881 ураджэнец Беларусі І.Я.Грынявіцкі), але сваёй мэты — выклікаць у краіне сацыяліст. рэвалюцыю — не дасягнула.
У Беларусі дзейнічалі прадстаўнікі выканкома «Н.в.» М.Ф.Грачэўскі, М.М.Рагачоў, М.П.Аўчыннікаў і інш. У Мінску, Магілёве, Гродне, Віцебску, Пінску існавалі яе ваен. і вучнёўскія гурткі. У пач. 1882 ваен. гурткі ўвайшлі ў нарадавольскую арг-цыю Віленскай ваен. акругі, астатнія — у Паўн.-Зах. краявую арг-цыю «Н.в.». У Пецярбургу існавала бел. фракцыя ў «Н.в.», на базе якой у 1884 узнікла рэв. група «Гоман». Пасля забойства Аляксандра 11 пачаліся масавыя арышты ўдзельнікаў «Н.в.». Жалябаў, Пяроўская, Кібальчыч і інш.пакараны смерцю, сотні нарадавольцаў асуджаны на катаргу і турэмнае зняволенне. Да вясны 1883 паліцыя разграміла выканком і асн. арг-цыі «Н.в.». Адначасова нарастаў ідэйны і арганізац. крызіс партыі. «Н.в.» як арганізаваная сіла фактычна спыніла існаванне пасля арышту кіраўніка яе Распарадчай камісіі Г.А.Лапаціна (кастр. 1884). Спробы яе аднаўлення, пачатыя ў 1880-я г. (у т. л. А.І.Ульянавым у 1886—87) поспеху не мелі. Асабістая самаахвярнасць і высакародныя памкненні нарадавольцаў сталі натхняльным прыкладам для наступных пакаленняў рэвалюцыянераў. Аднак тэрарыст. тактыка «Н.в.» справакавала ўрад на ўзмацненне паліт. рэакцыі і згортванне рэформ. Традыцыі і праграмныя ўстаноўкі «Н.в.» ў пач. 20 ст. імкнулася адрадзіць партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў).
Літ.:
Волк С.С. Народная воля, 1879—1882. М.; Л., 1966;
Багдановіч А. Да гісторыі партыі «Народная воля» ў Мінску і Беларусі (1880—1892) // Маладосць. 1995. № 11—12.