ЧАЦВЕРЫКО́Ў Віталь Паўлавіч (16.8.1933; г. Алматы, Казахстан — 26.8.1983),
бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1974). Нар.арт. Беларусі (1979). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1962). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Для яго творчай манеры характэрна імкненне да маст. асэнсавання дакумент. фактаў, эпічнага адлюстравання рэчаіснасці, выкарыстанне экспрэсіўных маст. сродкаў. Зняў дакумент. фільмы «Высокае напружанне» (1964), «Беларуская рапсодыя» (1965), «Пакараны смерцю ў сорак першым» (1967), «Мне хацелася расказаць» (1969) і інш. Стварыў маст. эпічныя фільмы пра падзеі Вял.айч. вайны «Руіны страляюць...» (1971, тэлевізійны) і «Полымя» (1974, гал. прэмія 8-га Усесаюзнага кінафестывалю ў Кішынёве 1975), у якіх ігравыя эпізоды спалучаны з кадрамі кінахронікі і архіўных дакументаў. Сярод інш. фільмаў: «Саша-Сашачка» (1967), «Час-Не-Чакае» (1976), «Чорная бяроза» (1978), «Паводка» (1981), «Зацішша» (1982, тэлевізійны), «Сад» (1983). Дзярж. прэмія Беларусі 1974.