ЭСКІ́З (франц. esquisse) у выяўленчым мастацтве, папярэдні накід, маст. твор дапаможнага характару, які з’яўляецца падрыхтоўчым да больш значнай работы, фіксуе яе задуму і асн. кампазіцыйныя сродкі. Рабоце над буйным творам часта папярэднічае серыя Э., дзе распрацоўваюцца агульная структура, кампазіцыя і прасторавыя планы, колеравыя суадносіны і прапорцыі. На розных этапах работы над будучай кампазіцыяй Э. могуць мець розную псіхал., эмацыянальную, сюжэтную ўстаноўку, розныя суадносіны творчага ўяўлення і характару ўспрыняцця натуры, розную ступень завершанасці — ад накідаў да дакладна выкананых кампазіцый. Некат. Э. маюць самаст.маст. значэнне і гіст.-маст.каштоўнасць. У тэатральна-дэкарацыйным, кіна- і тэлемастацтве Э. — закончаная графічная ці жывапісная кампазіцыя з выявай прапанаванага мастаком-пастаноўшчыкам варыянта маст. афармлення тэатр. пастаноўкі, фільма, тэлеперадачы і інш. На аснове Э. ствараюцца дэкарацыі, касцюмы тэатральныя, лялькі да спектакляў і мультфільмаў і інш. Э. выкарыстоўваецца таксама ў афармленчым мастацтве (Э. выстаўкі ці музейнай экспазіцыі, інтэр’ера і інш.), у архітэктуры, у л-ры (вершы-замалёўкі, засн. на адной зрокава-нагляднай дэталі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
капіта́л
(ням. Kapital, ад лац. capitalis = галоўны)
1) сукупнасць сродкаў (маёмасць, грошы), якая прыносіць прыбытак;
2) вялікая сума грошай;
3) перан. тое, што ўяўляе сабой вялікую каштоўнасць, важны здабытак (напр. навуковы к., маральны к.).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
jewel[ˈdʒu:əl]n.
1. кашто́ўны ка́мень
2.кашто́ўнасць
♦
the jewel in the crown што-н. як са́мая ле́пшая або́ найбо́льш кашто́ўная рэч;
His new book is the jewel in his crown. Яго новая кніга – найлепшая з напісаных ім.
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
ІНФАРМА́ТЫКА,
навука, якая вывучае структуру і агульныя ўласцівасці інфармацыі, а таксама заканамернасці яе стварэння, пераўтварэння, перадачы і выкарыстання ў розных галінах дзейнасці чалавека з дапамогай ЭВМ. Даследуе карыстальніцкія аспекты апрацоўкі інфармацыі, уплыў інфарм. працэсаў на эканоміку, навуку, сац. развіццё грамадства; аналізуе інфармацыю ў выглядзе ведаў, а таксама яе семантычныя аспекты (сэнс, каштоўнасць і інш.) і сістэмы забеспячэння інтэлектуальнага ўзаемадзеяння людзей.
Узнікла на мяжы бібліятэказнаўства, кібернетыкі, лінгвістыкі, матэм. логікі, навуказнаўства і інш. Уключае тэарэт. І. (прадмет і метады, змест, структура і ўласцівасці навук. інфармацыі), навук. камунікацыі, інфарм. пошук, распаўсюджванне і выкарыстанне навук. інфармацыі, а таксама групу дысцыплін, якія вывучаюць розныя аспекты распрацоўкі і выкарыстання ЭВМ (прыкладная матэматыка, праграмаванне, праграмнае забеспячэнне, дыскрэтная матэматыка, архітэктура ЭВМ і інш.). З 1970-х г. пачала фарміравацца як навук. база распрацоўкі, стварэння і выкарыстання ЭВМ у кіраванні, планаванні і праектаванні, навук. даследаваннях, адукацыі і інш. і азначала пераход ад аўтаматызацыі дапаможных аперацый да выкарыстання ЭВМ у якасці інтэлектуальных памочнікаў людзей. Гл. таксама Інтэлект штучны, Інфармацыйна-вылічальны цэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАБО́ДКАЎСКІ КАСЦЕ́Л СЭ́РЦА ІСУ́СА,
помнік архітэктуры неараманскага стылю ў в. Слабодка Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1903 з цэглы на невялікім узгорку. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая базіліка з апсідай, трансептам і сакрысціямі. Гал. фасад сфарміраваны 2 высокімі 5-яруснымі вежамі з вострымі шатровымі вярхамі і параўнальна невял. фасаднай плоскасцю цэнтр. нефа паміж імі. Сцены прарэзаны паўцыркульнымі, лучковымі і круглымі аконнымі праёмамі з вітражамі (каляровае шкло захавалася часткова). Над гал. уваходам і на фасадных плоскасцях трансепта размешчаны вял. вокны-ружы. Сцены раскрапаваны ступеньчатымі контрфорсамі, якія на бакавых фасадах злучаны з дэкар. аркбутанамі. Уваходы ў выглядзе аднатыпных парталаў з паўцыркульнымі праёмамі. Вял.маст.каштоўнасць маюць жалезныя акоўкі дзвярэй касцёла, выкананыя мясц. кавалём. Пры кампазіцыйным адзінстве аковак усіх дзвярэй дэталі не паўтараюцца, што сведчыць пра свабодную імправізацыю майстра. Арыгінальную, багатую па форме і складаную па малюнку кампазіцыю маюць акоўкі дзвярэй цэнтр. ўвахода, вырашаныя як пышныя букеты з арнаментальных элементаў, якія паўтараюцца ў кампазіцыях дэкору бакавых дзвярэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЫЕНТЫ́ЗМ (ад лац. scientia веды, навука),
светапоглядная пазіцыя, заснаваная на ўяўленні пра навук. веды як найвышэйшую каштоўнасць культуры і ўмову арыентацыі чалавека ў свеце. Характарызуецца абсалютызацыяй ролі вынікаў і метадаў прыродазнаўча-навук. пазнання. Аформіўся ў канцы 19 — пач. 20 ст. як антытрадыцыяналісцкая ідэалогія, накіраваная на мадэрнізацыю і інавацыі, што развівалі асн. прынцыпы еўрап. прагрэсізму і рацыяналізму. На ўзроўні масавай свядомасці выявіўся ва ўяўленнях пра навук. падыход як універсальную праграму паводзін людзей, прытрымліванне якой гарантуе паспяховасць ва ўсіх сферах дзейнасці. У галінах гуманіт. ведаў характарызуецца імкненнем развіваць гуманіт. дысцыпліны ў адпаведнасці з асн. прынцыпамі прыродазнаўчых навук.Філас. абгрунтаванне С. прапанавалі прадстаўнікі шэрагу кірункаў неапазітывізму, тэхнал. дэтэрмінізму; асобныя аспекты С. характэрны для філас. дактрыны марксізму. Супрацьлеглая С. светапоглядная пазіцыя (антысцыентызм) падкрэслівае абмежаванасць магчымасцей навукі і разглядае яе як прычыну ўзнікнення шматлікіх сац. і экалагічных праблем. Антысцыентысцкія пазіцыі характэрны для экзістэнцыялізму, франкфурцкай школы, для экалагічнага грамадскага руху, фемінізму і часткова неакансерватызму.
Літ.:
Юдин Э.Г., Юдин Б.Г. Наука и мир человека. М., 1978;
Методологические проблемы научного знания. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВЯДЗЕ́НСКІ (псеўд.Басаргін) Аляксей Іванавіч
(26.5.1861, г. Серпухаў, Расія — 8.3.1913),
расійскі філосаф. Д-р багаслоўя (1902). Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1886), з 1887 працаваў у ёй (з 1892 узначальваў кафедру). У працы «Пра задачы сучаснай філасофіі ў сувязі з пытаннем пра магчымасці і кірункі філасофіі самабытна-рускай (pia desideria)» (1893) разглядаў праблемы спецыфікі рус. філасофіі і магчымых шляхоў яе развіцця. Сцвярджаў, што гал. месца ў рус.філас. светасузіранні належыць пытанню пра сэнс і каштоўнасць жыцця, якое, на яго думку, складае перадумову аналізу ўсіх інш.філас. пытанняў. Лічыў, што рус. філасофія звяртаецца да розных праблем, але і ў яе аснове ляжыць рэліг.-царк. пачатак ці «саборнасць свядомасці». У вырашэнні праблемы суадносін матэрыяльнага і ідэальнага светаў зыходзіў з прынцыпу дуалізму матэрыі і духу; выступаў супраць матэрыяліст. і ідэаліст. манізму, абмежаванасць якіх, на яго думку, пераадольваецца трансцэндэнтальным манізмам, што аб’ядноўвае матэрыяльны і духоўны пачаткі. Лічыў, што спасціжэнне ісціны даступна не індывід., а калект. розуму; ступень разумення ісціны ў грамадстве звязваў са стварэннем умоў для зладжанай калект. працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫТО́ВІЧ Іосіф Парфіравіч (1811 ? — 7.8.1870),
бел. публіцыст і педагог. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. З 1835 настаўнік моў у Віцебскім і Полацкім духоўных вучылішчах, з 1844 — у дваранскім вучылішчы і гімназіі, наглядчык пав. вучылішча ў Панявежы (цяпер г. Паневяжыс, Літва). У 1843 надрукаваў у пецярбургскім час. «Маяк» арт. «Словы два пра мову і пісьменнасць Белай Русі», дзе, згадваючы росквіт айчыннай кніжнасці ў часы Літоўскага статута і Ф.Скарыны, ставіў пытанне пра неабходнасць развіцця бел. л-ры, у якасці прыкладу «гнуткасці і паслухмянасці» бел. мовы апублікаваў верш «Чалом, чалом, ацец, татулька!..». У нарысе «Адзін дзень у Беларусі» (1845) падкрэсліваў каштоўнасцьстараж.бел. мовы для навукі, заклікаў да вывучэння гісторыі і фальклору Беларусі. Аўтар працы «Некалькі слоў адносна развіцця рускай мовы ў Жмудзі або Самагіціі» (1851, рукапіс зберагаецца ў архіве Рус.геагр.т-ва, С.-Пецярбург). У пытаннях грамадскага жыцця прытрымліваўся кансерватыўных поглядаў.
Тв.:
У кн.: Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977.
Літ.:
Киселёв Г. Разыскивается классик... Мн., 1989. С. 61—67;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кашто́ўны ’які дорага каштуе, мае вялікую цану’, ’які мае важнае, істотнае значэнне; вельмі патрэбны’ (ТСБМ), кашто́ўнасць ’важнасць, значнасць чаго-н.’; ’каштоўная рэч’, ’з’ява, прадмет, якія маюць вялікае грамадскае значэнне’ (ТСБМ). Асноўным словам, ад якога ўтвораны шматлікія дэрываты, з’яўляецца кошт, вядомае ўжо ў ст.-бел. мове з XVI ст. Таксама з XVI ст. засведчаны (гл. Булыка, Запазыч., 174) і вытворныя каштовный, коштовность. Хоць гэтыя дэрываты чыста тэарэтычна маглі ўтварыцца ў ст.-бел. мове ад асноўнага слова кошт, верагодна лічыць, што і яны з’яўляюцца непасрэднымі паланізмамі (тым больш, што для іх ёсць дакладныя прататыпы ў польск. мове; параўн. польск.kosztowny, kosztowność).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мена ’абмен’ (ТСБМ), укр.мі́на, рус.ме́на, ст.-польск.miana, польск.zmiana, в.-луж.měna, чэш.měna, славац.mena, славен.męna, серб.-харв.мијѐна, макед.мена, балг.мя́на, мена́, ст.-слав.мѣна. Прасл.měna. Роднаснымі да яе з’яўляюцца літ.maĩnas, ãtmainas ’тс’, atmaina ’перамена’, лат.maîna, maĩņa ’тс’, гоц.ge‑mains, лац.commūnis ’агульны’, ірл.móin, máin ’каштоўнасць’, ст.-інд.máyatē ’мяняе’, — і.-е.*moi‑nā (Бернекер, 2, 48; Фасмер, 2, 598; Махэк₂, 359; Скок, 2, 421; Аткупшчыкоў, Из истории, 148; Мартынаў, Лекс. взаим., 164). Сюды ж мяня́ць (гл.). Бязлай (2, 177) мяркуе, што прасл.mena ўзнікла з дзеяслова měniti ’мяняць’.