СЦЫЕНТЫ́ЗМ (ад лац. scientia веды, навука),

светапоглядная пазіцыя, заснаваная на ўяўленні пра навук. веды як найвышэйшую каштоўнасць культуры і ўмову арыентацыі чалавека ў свеце. Характарызуецца абсалютызацыяй ролі вынікаў і метадаў прыродазнаўча-навук. пазнання. Аформіўся ў канцы 19 — пач. 20 ст. як антытрадыцыяналісцкая ідэалогія, накіраваная на мадэрнізацыю і інавацыі, што развівалі асн. прынцыпы еўрап. прагрэсізму і рацыяналізму. На ўзроўні масавай свядомасці выявіўся ва ўяўленнях пра навук. падыход як універсальную праграму паводзін людзей, прытрымліванне якой гарантуе паспяховасць ва ўсіх сферах дзейнасці. У галінах гуманіт. ведаў характарызуецца імкненнем развіваць гуманіт. дысцыпліны ў адпаведнасці з асн. прынцыпамі прыродазнаўчых навук. Філас. абгрунтаванне С. прапанавалі прадстаўнікі шэрагу кірункаў неапазітывізму, тэхнал. дэтэрмінізму; асобныя аспекты С. характэрны для філас. дактрыны марксізму. Супрацьлеглая С. светапоглядная пазіцыя (антысцыентызм) падкрэслівае абмежаванасць магчымасцей навукі і разглядае яе як прычыну ўзнікнення шматлікіх сац. і экалагічных праблем. Антысцыентысцкія пазіцыі характэрны для экзістэнцыялізму, франкфурцкай школы, для экалагічнага грамадскага руху, фемінізму і часткова неакансерватызму.

Літ.:

Юдин Э.Г., Юдин Б.Г. Наука и мир человека. М., 1978;

Методологические проблемы научного знания. Мн., 1983.

А.​Б.​Савеня.

т. 15, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)