драть шку́ру(с кого-л.) драць шку́ру (з каго-небудзь).
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ЛЕСО́ТА (Lesotho),
Каралеўства Лесота (сесута ’Muso oa Lesotho, англ. Kingdom of Lesotho), краіна на Пд Афрыкі, анклаў на тэр.Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Пл. 30,35 тыс.км². Нас. 2007,8 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — сесута і англійская. Сталіца — г.Масеру. Краіна падзяляецца на 10 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 кастрычніка).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы заканад. орган — парламент, які складаецца з Сената (верхняя палата) і Нац. Асамблеі (ніжняя палата). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Большую частку краіны займае базальтавае нагор’е Басута, выш. 2000—3000 м, парэзанае глыбокімі далінамі рэк. На У і Пд яго абмяжоўваюць Драконавы горы (г. Тхабана-Нтленьяна, 3482 м), на Пн — горы Малуты (г. Шампейн-Касл, 3276 м). Карысныя выкапні: алмазы, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны субтрапічны. Сярэдняя т-ра на нагор’і студз. 25 °C, ліп. 15 °C. Зімой бываюць замаразкі, у гарах выпадае снег. Ападкаў за год у гарах на У каля 1000 мм, на астатняй тэрыторыі каля 700—500 мм. Гал. рака Аранжавая з прытокам Каледан. Пераважае сухая стэпавая расліннасць, у гарах — сухалюбныя хмызнякі, альпійскія лугі. Нац. парк Сехлабатэбе.
Насельніцтва. 99,7% складае народ басута. Ёсць еўрапейцы (каля 1,6 тыс.) і выхадцы з краін Азіі (каля 0,8 тыс.). Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (80%, католікі і пратэстанты), астатнія вызнаюць традыцыйныя мясц. вераванні. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,4%. Сярэдняя шчыльн. 66,1 чал. на 1 км². Большая шчыльнасць на З і ў цэнтры краіны. У гарадах жыве 23% насельніцтва. У г. Масеру 400,2 тыс.ж. (1995). У сельскай гаспадарцы занята 86,2% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 7%. Сезонна (ад 6 да 9 месяцаў за год) 60% мужчын працуе на шахтах і фермах ПАР.
Гісторыя. Старажытнымі насельнікамі Л. былі бушмены і кой-коіны (гатэнтоты), якіх у 17 ст. выцеснілі плямёны басута з групы банту. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў басута Машэш I аб’яднаў разрозненыя плямёны ў адзіную дзяржаву. Пад пагрозай заваявання бурамі ён заключыў у 1868 з Вялікабрытаніяй дагавор аб пратэктараце. У 1871—84 Л. ў складзе брыт. Капскай калоніі, з 1884 пратэктарат Басуталенд. У 1952 створаны Афр. кангрэс Басуталенда (з 1959 партыя кангрэса Басута, ПКБ), цесна звязаны з Афрыканскім нацыянальным кангрэсам, у 1959 — Нац. партыя Басута (НПБ), якая адлюстроўвала інтарэсы племянных вярхоў. Паводле канстытуцыі 1965 Л. атрымала ўнутр. самакіраванне. На першых усеагульных парламенцкіх выбарах у 1965 перамагла НПБ, яе лідэр Л.Джонатан стаў прэм’ер-міністрам урада.
4.10.1966 абвешчана незалежнасць Басуталенда, які атрымаў назву каралеўства Л. (кароль Машэш II). Пасля перамогі ПКБ на парламенцкіх выбарах у студз. 1970 Джонатан ануляваў іх вынікі і ўвёў надзвычайнае становішча (адменена ў 1973). У выніку перавароту ў студз. 1986 улада перайшла да Ваен. савета, які забараніў усе паліт. партыі, а ў 1990 скінуў караля Машэша II і абвясціў каралём яго сына Летсі III. Пасля перавароту ў крас. 1991 дзейнасць паліт. партый адноўлена. На парламенцкіх выбарах у сак. 1993 перамагла ПКБ, а яе кіраўнік Н.Махеле стаў прэм’ер-міністрам. Л. — чл. Садружнасці, ААН (з 1966), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Партыя кангрэса Басута, Нац. партыя Басута, Партыя свабоды Марэматлу.
Гаспадарка. Л. — агр. краіна, у ліку 25 найменш эканамічна развітых краін свету. Знаходзіцца ў поўнай эканам. залежнасці да ПАР. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва складае каля 580 дол. за год. Сельская гаспадарка дае каля 80% даходу краіны, прам-сць — каля 10%. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,3 млн.га (76% тэрыторыі), пераважаюць натуральныя лугі і паша (каля 2 млн.га). Апрацоўваецца каля 300 тыс.га зямлі. Пераважаюць дробныя натуральныя і паўнатуральныя сялянскія гаспадаркі на абшчынных землях. На рынак паступае толькі частка прадукцыі — воўна і высакаякасны махер. Найб. развіта жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 640, авечак — 1500, коз — 1000; ёсць коні, мулы, аслы. Вырошчваюць кукурузу (займае палавіну пасяўной плошчы), сорга, пшаніцу, ячмень, агародніну. Значныя пасевы гароху і фасолі. З тэхн. культур вырошчваюць джут. У перадгор’ях цэнтр.ч. краіны развіта земляробства, у гарах — адгонна-пашавая жывёлагадоўля. У горных раёнах пашырана тэраснае земляробства. У нязначнай ступені развіты горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць; здабыча алмазаў (каля 50 тыс. каратаў у год, значна вагаецца ў асобныя гады, кантралюецца канцэрнам «Дэ Бірс», ПАР), буд. матэрыялаў. Уся электраэнергія паступае з ПАР. Вядзецца апрацоўка воўны і скур, вытв-сць махеру, тканін, дываноў, адзення і абутку. Шмат дробных паўсаматужных прадпрыемстваў харч. прам-сці. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 5,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2,1 тыс.км. Адзінае чыг. адгалінаванне (1,6 км) звязвае г. Масеру з чыгункамі ПАР.
У г. Масеру міжнар. аэрапорт. Гандл. баланс адмоўны. У 1992 экспарт склаў 109 млн.дол., імпарт — 964 млн. долараў. Краіна экспартуе воўну, махер, буйн. раг. жывёлу, скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары, паліва і інш. Асноўны гандл. партнёр — ПАР (42% экспарту і 94% імпарту). Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР (каля 40% даходу краіны) і замежны турызм (штогод краіну наведвае каля 200 тыс. турыстаў пераважна з ПАР). Л. атрымлівае дапамогу і субсідыі ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Грашовая адзінка — лоці.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЭ́МА (ад грэч. poiema стварэнне),
буйны вершаваны твор, у якім адлюстроўваюцца духоўна высокія праявы жыцця і абуджаныя імі моцныя аўтарскія пачуцці. Цеснае спалучэнне падзейнага (эпічнага) і эмацыянальнага (лірычнага) планаў вызначае ліра-эпічны характар П. як асноўную яе жанравую разнавіднасць; перавага эпічных ці лірычных уласцівасцей дыктуе адпаведна эпічны або лірычны яе жанр. Радзей практыкуецца драматычная паэма. У адрозненне ад рамана або аповесці П. пазбягае падрабязных апісанняў, узнімаецца над паўсядзённасцю, імкнецца да філас. асэнсавання жыцця.
Бярэ пачатак з эпапеі. Эпічная прырода П. тлумачыць такія яе сутнасныя рысы, як гераічнасць, гістарычнасць, патэтычнасць. Вядома шмат жанравых разнавіднасцей П.: гераічная, дыдактычная, рамантычная, сатырычная, бурлескная, іранічная, лірыка-драматычнай. Вядучай галіной жанру доўгі час была П. на гіст.-гераічную тэму («Вызвалены Іерусалім» Т.Таса, «Песня пра Раланда»). Адначасова ўплывовай з’яўлялася П. з рамант. асаблівасцямі сюжэту («Віцязь у тыгровай скуры» Ш.Руставелі), звязаная з традыцыяй пераважна рыцарскага рамана. Паступова ў П. на першым плане сцвярджаецца асобасная, маральна-філас. характарыстыка, асвойваецца фалькл. традыцыя (паэмы В.Скота). Росквіт жанру адбываецца ў эпоху рамантызму (творы Дж.Байрана, А.Пушкіна, М.Лермантава, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш.). На змену рамант. прыйшла рэаліст. П., з большай увагай да штодзённага жыцця, пастаноўкай сац. праблем рэчаіснасці («Каму на Русі жыць добра» М.Някрасава). Вял. поспехаў П. дасягнула ў л-ры 20 ст. (паэмы А.Блока, С.Ясеніна, У.Маякоўскага, А.Твардоўскага, Я.Еўтушэнкі і інш.).
Бел. П. мае сувязь з агульнай усх.-слав. традыцыяй («Слова аб палку Ігаравым»), творчасцю паэтаў-лаціністаў («Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага). Як жанр стала ўваходзіць у бел. л-ру ў новы час. Новая бел.л-ра пачыналася бурлескна-травесційнымі П., у якіх узнёсла-гераічная пафаснасць класічных канонаў пераносілася са значнай іроніяй на нар.-быт. аснову (ананімныя «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»), Паступовая пераакцэптацыя ўвагі з учынкаў на ідэі і пачуцці садзейнічала ўзмацненню лірычнай плыні П., актуалізацыі маральна-этычнай праблематыкі, актыўнай замене эпічнай дакладнасці суб’ектыўнасцю аўтарскіх ацэнак. Сутыкненне лірычнага і эпічнага пачаткаў, барацьба выключнай асобы з лёсавызначальнымі сіламі свету пакладзена ў аснову рамант. П., узнікненне якой на Беларусі звязана з імёнамі Адэлі з Устроні («Мачыха») і В.Дуніна-Марцінкевіча («Ідылія», «Вечарніцы»). Рамант. П. ў сваёй эвалюцыі набывае паглыблены этыка-філас. змест, трансфармуючы рэальныя малюнкі ў сімвалічныя («Бандароўна», «Магіла льва» Я.Купалы, «Новая зямля», «Сымон-музыка» Я.Коласа). З развіццём рэаліст. манеры пісьма ў П. замацоўваецца комплексны эстэт. аналіз духоўных і грамадска-сац. аспектаў рэчаіснасці ў іх цэласнасці. У выніку ў П. 20 ст.ўнутр. сканцэнтраванасць герояў на прыватных, інтымных праблемах спалучаецца з маштабнасцю гіст. канцэпцыі эпохі. Значная ўвага да эпічных момантаў у сучаснай П. тлумачыцца глабальнымі зрухамі ў грамадска-гіст. жыцці чалавецтва (навук.-тэхн. прагрэс, рэвалюцыі, сусв. войны, экалагічныя катастрофы), пры гэтым апісальна-апавяд. плынь абавязкова спалучаецца з узрушана-лірычнымі каментарыямі аўтара, які часцей сам з’яўляецца ўдзельнікам згаданых падзей (паэмы П.Броўкі, А.Куляшова, М.Танка і інш.). На сучасным этапе П. — папулярны жанр у бел. паэтаў розных пакаленняў. Адметнасць стылю і метаду, спецыфіка вобразна-выяўленчай палітры пісьменнікаў, характар герояў і сюжэтных сітуацый абумоўліваюць наяўнасць унутрыжанравых мадыфікацый П.: эпапея («Новая зямля» Я.Коласа), героіка-рамант. («Курган» Я.Купалы), філас. («Яго Вялікасць» Русецкага), сатыр. («Хвядос, Чырвоны нос» К.Крапівы), патрыят. («Беларусь» Броўкі), гіст. («Хамуціус» Куляшова), П.-рэквіем («Бабчын» М.Мятліцкага) і г.д. Пры значным узбуйненні эпічных момантаў, ускладненых глыбокім сац.-псіхал. аналізам, узнікае П.-раман («Родныя дзеці» Н.Гілевіча). П. зрэдку называюць празаічны твор («Чазенія» У.Караткевіча), што абумоўлена высокай паэтычнасцю адлюстравання ці (радзей) адвольнымі аўтарскімі асацыяцыямі, што не маюць адносін да жанравай характарыстыкі твора.
2) П. ў музыцы — інстр. п’еса, лірыка-драм. або лірыка-апавяд. характару свабоднай будовы, часам праграмнага зместу. Узнікла ў муз. мастацтве ў выніку сінтэзу літ. і муз. жанраў. Звычайна пішуць для фп. або стр. смычковых інструментаў у суправаджэнні фп., зрэдку аркестра. Сярод узораў класічнай П.: П. для скрыпкі з фп. З.Фібіха, П. для фп. «Да полымя», «Трагічная паэма», «Сатанічная паэма» А.Скрабіна. У бел. музыцы П. стварылі для фп. П.Падкавыраў («А зязюля кукавала»), для віяланчэлі і фп. А.Бандарэнка («Славянская старажытнасць»), для скрыпкі з фп. М.Русін, Тырманд, У.Чараднічэнка і інш. Жанравае ўзбагачэнне рэпертуару для нар. інструментаў адбілася ў стварэнні П. для домры і фп., для цымбалаў і фп. М.Літвіна, сюіты-П. для цымбалаў і фп. Тырманд. У бел. камерна-інстр. музыцы пашыраны жанравыя сінтэзы, прадстаўленыя квартэтам-П. у Падкавырава, Н.Усцінавай, санатай-П. у К Цесакова. П. называюць таксама буйны адначасткавы, часцей праграмны, аркестравы твор (гл.Сімфанічная паэма), і вакальна-сімф. твор разгорнутай будовы, звычайна заснаваны на прынцыпе скразнога развіцця (гл.Вакальна-сімфанічная паэма). П. для голасу і фп. стварылі Л.Абеліёвіч, Я.Глебаў, А.Сонін; для хору а капэла — Абеліёвіч, М.Васючкоў, Л.Шлег.
Літ.:
Лазарук М.А. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968;
Яго ж. Беларуская паэма ў другой палавіне XIX — пачатку XX ст.Мн., 1970;
Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;
Жаков А.Г. Современная советская поэма. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ла́та1, ла́тка ’лапік’ (Нас., Гарэц., Яруш., ДАБМ, к. 324, Касп., Сцяшк., Зн., Мал., ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Ян., КЭС, лаг.), ла́ціна, латачка, латочка (ДАБМ, Нар. словатв., Сл. паўн.-зах.), ’старая адзежына’, ’недарэзкі, акраўкі’, ’бялізна’, ’пляма іншай афарбоўкі ў жывёліны’ (Сл. паўн.-зах.), ’пустое, голае месца, на якім нічога не расце’ (Жд. 1, Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’прагаліна’ (Мат. Гом.), ’невялікі зямельны надзел’ (Выг.), ’кішэня’ (Ян.). Укр.лата, латка, харк.лат, рус.бран., смал., кур., арл., тамб.лата, ст.-польск.łata, польск.łatka, чэш., славац.lata ’лапік’, серб.-харв.ла̀тица, ла̏тица, latȉca ’трохкутны кавалак тканіны, цвікля’, макед.алтица ’латка, клін з сукна’, алтица ’цвікля’, балг.латица, рум.altită ’падшыўка’, ’вышываная ўстаўка ў кашулі’. Прасл.ȍlta ’кавалак тканіны, скуры’ з суф. ‑ta (Слаўскі, 5, 34–37; Слаўскі, SP, 2, 41) генетычна звязана з і.-е *ēlē ’шыла’: *elh‑ ’шыць, прашываць, прышываць’, параўн. ст.-в.-ням.ála, ст.-інд.ā́ra ’шыла’ (Ваян, BSL, 44, 2, с. 143–144). Іншыя версіі малаімаверныя (гл. Фасмер, 2, 464; Скок, 2, 274 і інш.).
Ла́та2, ла́ты, ла́тэ ’паплеціна, жэрдкі, на якія насцілаецца страха’ (Нас., ТСБМ, Янк. I, Мядзв., Шн. 3, Мат. Гродз., Яруш., Шушк., Бес., Касп., Бяльк., Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг.), паст. ’жэрдка, якою прымацоўваюць салому зверху на страсе’, пін.ла́тіна ’тс’, віл. ’бервяно, якім змацоўваюць плыт’ (Сл. паўн.-зах.), паўд.-усх. ’прыклад стрэльбы’ (КЭС), ст.-бел.лата, латва ’лата’ (XVI ст.), ла́ціна ’жэрдка’ (Нас., Касп., Шат.; беш., Нар. сл.). Запазычана са ст.-польск.łata, якое з с.-в.-ням.latte, late ’доўгая вуглаватая лацвіна’ (Кюнэ, Poln., 73; Слаўскі, 5, 38; Фасмер, 2, 464 і інш.). Сюды ж ла́ціць (гл.).
Ла́та3 ’сярэдняя перасоўная аднасценная сетка з заходам’ (Крыв.), ’невад без матні’ (Помн. этнагр., 66), ’сеткавае палатно невада, якое ў час руху прымае выгляд жолаба’ (брэсц., гродз., Браім), лельч. ’круглы сак з дубовых дубцоў’ (ЛАПП). Ст.-польск.łatnica ’сетка для лоўлі рыбы’, в.-луж.łata ’вялікая сетка, невад’. Да прасл.lat‑(iti) ’схапіць’ (Брукнер, 307). Параўн. серб.-харв.ла̏тити ’тс’. Гл. таксама ла́тацца.
Лата́ ’жулік’ (Бяльк.), польск., каш.łata ’абадранец, нягоднік, хуліган, гультай’, ляш.łata, чэш.lata (з польск.). Слаўскі (5, 37) суадносіць польск. лексему з łata ’лапік’ (гл. ла́та1) > ’палапленае адзенне’, якое перайшло на асобу ў такім адзенні. Націск на канцы слова пад уплывам лексем ⁺латай (параўн. латайстваваць), ⁺латуй (лацу́й).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Апрача́, апро́ч ’акрамя’, апро́ч ’асобна’ (Янк. Мат., Янк. I, Яруш.), апры́ч ’апрача’ (Касп.), апрі́ч ’апрача, асобна’ (Бяльк., Яруш.), опричёнки (Мядзв.), апрічо́ннік, апрічо́ння ’асобніна, прыгатаванае асобна’ (Бяльк.). Ст.-рус.опрочь, опроче ’апрача; асобна’, опричь ’апрача’, адкуль у старабеларускую мову ўжо ў XV ст. (Карскі, 1, 69). Рус.опри́чь ’апрача’, дыял.опричи́, опро́чь, опрочи́, укр.опрі́ч, опрі́че, дыял.опро́че ’апрача’, ’асобна’. Польск.oprócz, prócz ’апрача’, памор.proč ’тс’, ст.-польск.oprócz ’без’, ’акрамя’. Магчыма, славен.opríčen, ’сучасны’, pròč ’прэч’. Формы з карэнным о/а і і/ы маюць, напэўна, рознае паходжанне, прычым першасна апроч, апрача азначала ’акрамя, апрача’, апрыч і пад. ’асобна’; пазней адбылася кантамінацыя значэнняў, у выніку чаго цяпер абодва гэтыя значэнні ёсць у абедзвюх формах. Апроч, апрача — роднасныя з рус.прочий ’іншы’, прочь ’прэч’ і пад., якія Фасмер (3, 386) слушна выводзіць з кораня *prok‑ услед за Міклашычам, Младэнавым, Брукнерам, Праабражэнскім. Ст.-слав.прокъ азначала ’астатак’, а прочей тлумачылася як параўнальная форма да прыметніка прокъ, прокыи ’лішні’, а‑ трэба лічыць хутчэй за ўсё пратэзай. Заходнеславянскія формы з ‑е‑ (польск.precz > бел.прэч) тлумачаць як рэфлекс форм з ‑ъ‑ (адкуль і ‑о‑ ў рус.прочь) (Голуб-Копечны, 298). Формы апрыч і пад., магчыма, роднасныя з чэш.pryč ’прэч’; тлумачэнне вакалізму як звязанага з ъ, o, а тут сустракаецца з пэўнымі цяжкасцямі (гл. Праабражэнскі, 1, 654; Брукнер, 437). Старажытнарускія формы опришь, опрись, оприсьнъ (побач з опричьнъ), укр.опришок ’разбойнік’ (< ’чужы’, ’асобны’?) указваюць на магчымасць трактаваць ч як замену былога ш ці c, якія ў сваю чаргу звязаны з х; і.-е. коранем слова магло б быць *preu̯s (Покарны, 809–810, 845), параўн. прыскаць, прышч (тое, што выскачыла з-пад скуры’); для значэння ’разбойнік’ параўн. выскачка той, хто выскаквае з агульнай групы’, для значэння ’асобна’ — ’тое, што выскаквае з адзінай групы’. Гэта гіпотэза паходжання нявытлумачанага слова патрабуе, аднак, пэўных удакладненняў у сувязі з ст.-бел.опришный (XV ст., Карскі, Труды, 313), опршине (XV ст., Карскі, 1, 389), опричьный ’асобны, спецыяльны, уласны’ (1562, Карскі, Труды, 206). Параўн. Хрэст. гіст., 1, 483; Гіст. мовы, 1, 107, 196. Булахаў (Працы IM, 7, 142) няўпэўнена сцвярджае, што ў такіх прыкладах шн на месцы чьн фанетычна. Але Карскі (1, 389) адзначаў, што ў старажытных помніках такая з’ява вельмі рэдкая, а прыклады даў толькі са словам опришный, опришне; Гіст. лекс., 92, адносіць опришный да паланізмаў, запазычаных у XV ст., аднак у польскай мове таго часу такое слова не адзначаецца.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Плі́ска1, плісі́ца, плісі́чка, плі́сачка, плі́саўка, плі́шка, плі́скаўка, плі́стаўка, сліска́ха ’птушка з доўгім хвастом, сітаўка, Motacilla alba L.’ (ТСБМ, Гарэц., Мік., Маш., Касп., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ, Мат. Маг., Нас., ТС, Шат., Юрч. Вытв., Сцяшк. МГ; ЛА, 1); укр.пли́ска, бли́ска, рус.пли́ска, пли́сица, плисивка, пли́згавица: польск.pliszka, pliszczka, plistwa, pliskwa, pluszka, pluskwa, н.-луж.spliska, в.-луж.pliška, чэш., славац.pliska, blyska, bleska, blíska, bliskva, славен.plíska, plȋkavica, серб.-харв.пли̏ска, fliska, kliska, pliskuša. Прасл., відаць, *plisьka. Махэк₂ (460) мяркуе, што назва паходзіць з гукапераймання голасу птушкі pis‑pis; Скок (2, 684) бачыць тут вытворнае ад дзеяслова pliskati ’плёхацца ў вадзе’, гэтаксама Праабражэнскі, 2, 75, Младэнаў, 430, Струтынскі, Nazwy, 91, Голуб-Копечны (278) звязваюць назву птушкі з сівым, шэрым колерам; Фасмер (3, 283) лічыць роднасным са ст.-слав.плишть ’шум’, чэш.plišť, н.-луж.plišć ’плач’. Бел.плі́ссаўка — гэта кантамінаваная назва з плі́ска і сітаўка (літарат. назва пліскі). Гэтаксама пліскаўка, плістаўка.
Плі́ска3 ’раска’ (бяроз., Сл. Брэс.). У выніку кантамінацыі лексем пле́сня і плі́ска2 (гл.).
Плі́ска4 ’драбіны ў возе’ (лун., Сл. Брэс., Шатал.). Да паплі́ска (гл.).
Плі́ска5 ’падшыўка (напр., у спадніцы)’ (мазыр., Шатал.). Да пліс2 (гл.).
Плі́ска6, плі́скі, пліскі́, пліскы́, плы́ска, плы́скы, плыскы́ ’грыб лісічка, Cantharella cibarius’ (беласт., кам., кобр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ; Бес.; кам., жабін., Сл. Брэс.), параўн. польск.дыял.pliska, pliszka ’тс’. З плі́ска ’птушка сітаўка’ > плі́саўка (гл.) — лісічкі названы паводле падабенства іх колеру з колерам жоўтых ці жоўтаспінных сітавак, параўн. літ. назвы лісічак: voveruškà — першаснае ’вавёрка’, gaidẽlis ’пеўнік’, чэш.kouřatko ’куранятка’. Этымалогія польскай назвы ў Тарнацкага — “od pliszki żółtej (Motacilla flava)” (Тарн., 58); гл. таксама Лабко (Бел.-польск. ізал., 70) пра сувязь з укр.дыял.плі́ска ’шапачка жолуда або арэха”, суадноснае з літ.pléiskanos ’лусачка скуры’; паводле Німчука (Давньорус., 246), аснова ўкраінскага слова звязана з (за)плішка < (за)плісчка ’невялікі драўляны клін’ ад (за)пліскити < (за)плісчити, гл. плішч, што малаверагодна. Махэк зыходзіць з першапачатковага *plucha ’луска’ (< і.-е.*plou‑sā, параўн. старажытнанардыйскае frosa ’скурка’), што ўрэшце дало б pljuska, параўн. палес.плюсы ’грыбы, падобныя на лісічкі’; яшчэ раней так Голуб-Копечны, якія ўзводзяць *plu‑cha да прасл.*pelva, з аблаўтам *pel‑u, што, на думку Гаўлавай (Etym. Brun., 1978, 23), найбольш праўдападобна, бо грыбы пакрыты лускавінкамі. Магчыма, але тады зыходная назва адносілася, хутчэй за ўсё, да іншых грыбоў, а не да лісічак.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БУРУ́НДЗІ (Burundi),
Рэспубліка Бурундзі (République du Burundi), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Руандай, на У і Пд з Танзаніяй, на З з Заірам, на ПдЗ абмываецца водамі воз. Танганьіка. Падзяляецца на 15 правінцый. Пл. 27,8 тыс.км². Нас. 6,026 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Бужумбура. Афіц. мова кірундзі і франц., пашырана мова суахілі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Бурундзі — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1992 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Нац. асамблея), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які фарміруе прэзідэнт.
Прырода. Амаль уся краіна занята пласкагор’ем (выш. 1500—200 м), падзеленым некалькімі глыбокімі далінамі, складзеным гал.ч. з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод. Зах. край яго — мерыдыянальны хрыбет выш. 2000—2600 м. Асобныя невысокія горы ёсць на У. На крайнім Зтэр. Бурундзі ўваходзіць ва Усх.-Афр. рыфтавую зону. Карысныя выкапні: золата, уран, волава, кобальт, медзь, вальфрам, берыліевая руда, касітэрыт, торф і інш. Клімат субэкватарыяльны, умерана вільготны, акрамя сухога сезона (чэрв.—вер.), у паніжаных раёнах гарачы (у Бужумбуры на выш. каля 780—800 м над узр. м. сярэднямесячныя т-ры паветра 23—25 °C), на выш. 1500—2000 м (б.ч. краіны) умерана цёплы (сярэднямесячныя т-ры паветра 15—20 ºС). Ападкаў ад 800—1000 мм да 1400—1600 мм за год. Больш як палавіна тэр. краіны належыць да бас. вытокаў р. Ніл (рэкі Рувуву і Аканьяру), на З рэкі ўпадаюць у воз. Танганьіка (бас.р. Конга). Прыродныя трапічныя лясы амаль усе вынішчаны (займаюць 2% тэр.), пераважаюць паўторныя саванны і культ. расліннасць. Нац. паркі: Ківіра, Рузізі, Рувуву; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Больш за 98% складае народнасць барундзі, належыць да групы паўн. банту. Этнасацыяльна яна падзяляецца на групы жывёлаводаў-тутсі (каля 14%), земляробаў-хуту (каля 85%) і пігмеяў-тва (каля 1%). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна бельгійцы), выхадцы з Паўд. Азіі (у асн. індыйцы). Каля 67% вернікаў — хрысціяне, у т. л. 62% католікаў, 5% пратэстантаў, 32% прытрымліваюцца мясц.традыц. вераванняў, ёсць мусульмане (каля 1%). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва адна з самых высокіх у Афрыцы — 216,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 15% насельніцтва. Найб. з іх (1993, тыс.ж.): Бужумбура — 300, Гітэга — 101,8, Муінга — 79,3, Нгозі — 74,2.
Гісторыя. Тэр. Бурундзі заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У пач. 1-га тыс.н.э. тут з’явіліся земляробчыя бантумоўныя плямёны хуту, у 12—13 ст. — качэўнікі-жывёлаводы тутсі. Заснаваная ў 17 ст. тутсі-бурундзійская дзяржава на чале з мвамі (каралём) пасля заключэння Гельгаландскага дагавора 1890 паміж Германіяй і Вялікабрытаніяй аб падзеле сфер уплыву ва Усх. Афрыцы стала аб’ектам герм. каланізацыі. Разам з суседняй Руандай Бурундзі, кароль якой супраціўляўся каланізацыі да 1903, у 1908—12 аб’яднаны ў адзіную калан.тэр. пад назвай Руанда-Урундзі. Апошняя ў 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Бельгіі (1916), у 1923 паводле рашэння Лігі Нацый перададзена ёй у падмандатнае кіраванне, у 1946 прызнана ААН падапечнай тэр. Бельгіі. З канца 1950-х г. узмацніўся нац.-вызв. рух бурундзійцаў, якім кіравала Партыя адзінства і нац. прагрэсу на чале з Л.Рвагасорэ (забіты ў 1961). 27.6.1962 спец. сесія ААН ліквідавала бельг. апеку над Руанда-Урундзі. 1.7.1962 абвешчана незалежнасць Каралеўства Бурундзі. Пасля ваен. перавароту 1966, які прывёў да звяржэння манархіі і ўстанаўлення рэспублікі, краінай кіравалі ваенныя (перавароты 1976, 1987). Паліт. і сац. нераўнапраўе этнічна пераважных хугу ў параўнанні з кіруючай меншасцю тутсі выклікала крывавыя сутыкненні паміж імі (1972, 1988). У 1991 прэзідэнт маёр П.Буёя распачаў працэс дэмакратызацыі краіны. У 1993 прэзідэнтам рэспублікі ўпершыню выбраны хуту М.Ндадзье (забіты афіцэрамі-тутсі ў кастр. 1993). Этн. канфлікты спарадзілі праблему бежанцаў (каля 700 тыс.чал. у 1994). З 1994 прэзідэнт рэспублікі хуту С.Нтыбантунганья, кіраўнік урада тутсі А.Ндуваё. У выніку перавароту 1996 кіраўніком дзяржавы зноў стаў П.Буёя. Дзейнічаюць Фронт за дэмакратыю ў Бурундзі, Партыя адзінства за нац. прагрэс, Партыя народа, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац.-эканам. развіццё, Канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў Бурундзі і інш. Бурундзі — член ААН з 1962, Арг-цыі афр. адзінства і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой занята 93% насельніцтва (у прам-сці і гандлі 1,5%). Апрацоўваецца 43% тэр. краіны, у т. л. 2,6% арашаецца, пад лугамі і пашай 35%. Пераважае матычнае земляробства. Вырошчваюць бананы, маніёк, батат, бульбу, фасолю, кукурузу, сорга, проса, рыс, арахіс, тытунь. Пасадкі алейнай пальмы. Гал. экспартныя прадукты: высакаякасная кава гатунку арабіка (збор 30—45 тыс.т штогод), бавоўна (6—7 тыс.т), чай (2—3 тыс.т), кара хіннага дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўнага кірунку, адсталая. Гадуюць буйн. раг. жывёлу — каля 1 млн. галоў (1990), авечак, козаў. Рыбалоўства ў воз. Танганьіка (каля 10 тыс.т штогод). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (кавы, чаю, бавоўны, рысу і інш.). Прадпрыемствы: піваварныя, безалкагольных напіткаў, цукр., малочныя, мукамольныя, алейныя, мылаварныя, гарбарныя; цэментныя, цагельныя, лесапільныя з-ды, тэкст., сеткавязальная, коўдравая і абутковая ф-кі. Дробныя ЦЭС і ГЭС, б.ч. электраэнергіі Бурундзі атрымлівае з Заіра. Невял. здабыча золата, алавянай і танталаніобіевых руд. Традыц. рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 5,9 тыс.км, у т. л. 400 км з цвёрдым пакрыццём. Знешні гандаль ідзе пераважна па воз. Танганьіка паміж партамі Бужумбура і Кігома (Танзанія). 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Бужумбуры. Экспарт: кава (больш за 80% па кошце), бавоўна, чай, скуры. Імпарт: прамысл., харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Бельгія, ФРГ, Японія. Некат. ролю ў гандл. балансе краіны адыгрываюць грашовыя пераводы бурундзійцаў, якія працуюць у суседніх краінах, найб. у горнай прам-сці Заіра. Грашовая адзінка — бурундзійскі франк.
Літ.:
Соколова Р.Б. Республика Бурунди: Справ. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Кайстра́1 ’кастра, адходы, якія атрымліваюцца ў выніку перацірання адзеравянелых частак сцябла пры мяцці і трапанні валакністых раслін (лёну, канапель і інш.)’ (Бяльк., Мат. Гом., Яўс.), койстра (петрык., Шатал.), кайстрыца (Маш., Радч., Янк. 2, Янк. 3.), кайстрыйка, кайстрычка (Бяльк.), кайстрысты ’з кастрыцай’ (Яўс.). Геаграфія слова ўсх.-бел. толькі н.-зыбк., усх.-бран.койстра ’тс’. Мясцовая (усх.-бел.) інавацыя на базе кастра (гл.), фанетыку вытлумачыць з упэўненасцю цяжка. Магчыма, ‑й‑ «узнаўляецца» па аналогіі з лексікай, дзе адзначаюцца формы з ‑й‑ і без; не выключана, што тут уплыў слова кайстра2, якое магло ўспрымацца як ананімічнае, аб фанетыцы апошняга гл. кайстра2.
Кайстра́2 ’дарожная торба, заплечны мяшок’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., касцюк., КЭС; Серж., Некр., Чуд., Шн. 3; Эр. Очерки; Яўс.), ’торба, мех; кошык’ (Мат. Гом.), ’торба’ (Янк. 1), ’торба з палатна’ (мін., Карскі 1, 2; Маш.), ’торба са скуры’ (Грыг.), кайстры ’мяшкі ў выглядзе кішэнь з палатна, якія носяць старцы’ (Радч.), кайстрачка (Сержп.), кайсцерка (Мат. Гом.). Укр.кайстра ’мяшок’ усх.-палес. ’торба’, спарадычна кастра і тайстра, рус.смал. і бран.кайстра ’мяшок, торба, аброчная торба’, СРНГ прыводзіць яшчэ памету «паўдн.-усх.» у форме кастра — курск.Брукнер (564) адзначае: «…kajstra ў гаворках, хаця звычайная польск. форма — tajstra». Слова лічыцца запазычаннем з лац. мовы. Фасмер (2, 162), аднак, не ўказвае шляхоў запазычання. Геаграфія слова ва ўсх.-слав. мовах сведчыць аб пранікненні або запазычанні з польск. мовы. У польск.Брукнер (там жа) меркаваў аб непасрэднай крыніцы чэш.tanistra. Гэта для польск.tajstra; формы з ‑к‑, аднак, бліжэй да лац.canistrum (з грэч.) ’кошык, пляцёнка’. Разглядаемая форма з’яўляецца, відаць, зыходнай для палес.тайстра, польск.tajstra; Фасмер (2, 162) тлумачыў з’яўленне дыстантнай дысіміляцыяй; працэс, як у гумага < бумага. Фанетыку слова (кайстра < canistrum) вытлумачыць цяжка, хутчэй за ўсё тут нерэгулярныя трансфармацыі, «апрацоўка» ў гаворках. На гаворкавы (кантактны) шлях распаўсюджання ўказвае шырокая вядомасць нелітаратурнай для польскай мовы формы слова. Неабходна, аднак, звярнуць увагу на тое, што бел. слова — усходняе па геаграфіі. Сімптаматычна, што Сл. паўн.-зах. адзначае формы кайстра і кэйстра толькі з Рагачоўскага і Калінкавіцкага раёнаў, што сведчыць аб запазычанні з польск. перыферыйнага дыялекту. Рус. гаворкі атрымалі слова за бел. пасрэдніцтвам; кур.кастра або з усх.-палес.кастра, або вынік незалежнай карэкцыі формы па блізкай у гукавым плане костра ’кастрыца’. Аб распаўсюджанні слова на ўкр. тэрыторыі дакладных звестак няма; не выключана, што ёсць два арэалы пранікнення: з польск. мовы і бел. Параўн. яшчэ тайстра (гл.).
Кайстра́3 ’агонь, полымя’ (Мат. Гом.). Мясцовая трансфармацыя слова касцёр. Магчыма, спачатку з формы кайсцёр, аналагічна і не без уплыву кайстра1 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ра́мень ’вялікі балотны лес’ (Яшк.). Параўн. з рус.дыял.ра́мень ’суседні з ворнай зямлёй лес’, ’лес, які акаймляе поле’, ра́менье ’густы лес, што прымыкае да палеткаў’, ра́менка/обра́менье ’край, акраіна поля, абрамленне’, ’клін, паласа аднароднага лесу’, рям ’ельнік вакол балота’, рама ’акраінная вобласць’, ст.-рус.рама ’мяжа’, ’поле, што прымыкае да лесу’, рамение ’лес па краі ворнай зямлі, ускраек лесу’. Відаць, не звязана з рамя́ный ’вялізны, моцны, багаты’, як падае Фасмер (3, 440 з ранейшай літ-рай). Аткупшчыкоў (Из истории₂, 193–194) звязвае рус.дыял.ра́менье з *orati ’араць’, вызначаючы архаічную семантыку *orati як ’раздзяляць’. Адсюль першаснае значэнне не было звязана з лесам, і зыходнай базай з’яўляецца і.-е.*orə‑ ’араць, *er‑ ’зямля’, што ўзыходзіць да і.-е.*er‑/*or‑/*ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’ з набыццём значэння ’пракопваць разоры’, параўн. літ.arti ’араць’, ardýti ’раздзяляць’ (Куркіна, Этимология–1997–1999, 82; там жа, 84–85, пра магчымую сувязь з раме́нь/рэ́мень, гл.). Паводле Аткупшчыкова (Из истории₂, 194) форма чляніцца на ра‑мень і стаіць у адным шэрагу з ра‑ло, ра‑тай (гл.), структурна падобная да рус.зна‑мень, ка‑мень і пла‑мень. Адсюль рамень < *ar‑mōn з семантыкай ’адараны ад лесу’ альбо ’узараны кавалак зямлі, пазбаўлены лесу’. Сной (гл. Бязлай, 3, 149) звязвае з славен.ramica ’мыта з тавару, пасланага праз мяжу’ і рэканструюе прасл.*ormy, *orma ’мяжа’ (= поле або лес) < і.-е.*orH‑men‑, *órH‑mā, да якіх узыходзіць прасл.*oriti (гл. разарыць). Беларускі матэрыял узяты з “другіх рук” (гл. Яшкін, Слоўнік, 573) і на фоне пераважна паўночнарускага ўжывання слова падаецца маланадзейным.
Раме́нь ’паласа вырабленай скуры’, ’скураны пояс, папруга’, рэ́мень ’тс’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян.), ра́мень ’тс’ (ПСл), раму́шак ’папружка’ (свісл., Сл. рэг. лекс.), рэмушо́к ’тс’ (ТС), рэме́нь ’тс’ (ТС), рамі́нык ’тс’ (Сл. Брэс.), раме́нны, рамя́ны ’зроблены з рэменя, скураны’ (ТСБМ, Бяльк.; астрав., Сл. рэг. лекс.), параўн. укр.ремі́нь, ре́мінь, ст.-рус.ремык, рус.реме́нь ’тс’, польск.rzemień/rzemyk ’тс’, чэш.řernen ’рамень’, славац.remeň, в.-луж., н.-луж.rjemjeń, серб.ре̏мен, харв.rȅmēn, славен.jérmen, rȇmen, балг.ре́мък, ре́мен ’тс’, ст.-слав.ремень. Прасл.*remy, Р. скл. *remene. Далейшае паходжанне цьмянае. Мяркуецца, што першаснае значэнне ’папруга да ярма’ узыходзіць да і.-е.*or(ə)men‑ (гл. ярмо, яром). Малаверагодна запазычанне з ням.Riemen ’рэмень’ (Брукнер, 475). Шустар-Шэўц (2, 1226) лічыць іх роднаснымі. Лявіцкі (2, 89) вызначае германскую лексічную базу *rium‑ з семантыкай ’звязваць’ < і.-е.reum ’тс’, ст.-в.-ням.riomo ’скураная павязка, пояс, рэмень’. Гл. таксама Фасмер, 3, 468; Махэк₂, 530; Сной₂, 240; Глухак, 524.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БЯЛКІ́, пратэіны,
прыродныя высокамалекулярныя арган. рэчывы, малекулы якіх складаюцца з астаткаў амінакіслот. Адзін з асн.хім. кампанентаў абмену рэчываў і энергіі жывых арганізмаў. Абумоўліваюць іх будову, гал. адзнакі, функцыі, разнастайнасць і адаптацыйныя магчымасці, удзельнічаюць ва ўтварэнні клетак, тканак і органаў (структурныя бялкі), у рэгуляцыі абмену рэчываў (гармоны), з’яўляюцца запасным пажыўным рэчывам (запасныя бялкі). Складаюць матэрыяльную аснову амаль усіх жыццёвых працэсаў: росту, стрававання, размнажэння, ахоўных функцый арганізма (гл.Антыцелы, Імунаглабуліны, Таксіны), утварэння генет. апарату і перадачы спадчынных прыкмет (нуклеапратэіды), пераносу ў арганізме рэчываў (транспартныя бялкі), скарачэнняў мышцаў, перадачы нерв. імпульсаў і інш.; ферменты бялковай прыроды выконваюць у арганізме спецыфічныя каталітычныя функцыі, выключна важнае значэнне ў рэгуляцыі фізіял. працэсаў маюць бялкі.-гармоны. Сінтэзуюцца бялкі з неарган. рэчываў раслінамі і некат. бактэрыямі. Жывёлы і чалавек атрымліваюць гатовыя бялкі з ежы. З прадуктаў іх расшчаплення (пептыдаў і амінакіслот) у арганізме сінтэзуюцца спецыфічныя ўласныя бялкі, дзе яны няспынна разбураюцца і замяняюцца зноў сінтэзаванымі. Біясінтэз бялкоў ажыццяўляецца па матрычным прынцыпе з удзелам ДНК, РНК, пераважна ў рыбасомах клетак і інш. Паслядоўнасць амінакіслот у бялках адлюстроўвае паслядоўнасць нуклеатыдаў у нуклеінавых к-тах. Паводле паходжання і крыніц атрымання бялкоў падзяляюцца на раслінныя, жывёльныя і бактэрыяльныя, паводле хім. саставу — на простыя (некан’югіраваныя) — пратэіны і складаныя (кан’югіраваныя) — пратэіды. Простыя складаюцца з астаткаў амінакіслот, што злучаны паміж сабою пептыднай сувяззю (—NH—CO) у доўгія ланцугі — поліпептыды, складаныя — з простага бялку, злучанага з небялковым арган. ці неарган. кампанентам непептыднай прыроды, т.зв.прастэтычнай групай, далучанай да поліпептыднай часткі. Сярод складаных бялкоў паводле тыпу прастэтычнай групы вылучаюць нуклеапратэіды, фосфапратэіды, глікапратэіды, металапратэіды, гемапратэіды, флавапратэіды, ліпапратэіды і інш. У састаў бялкоў уваходзіць ад 50 да 6000 і больш астаткаў 20 амінакіслот, што ўтвараюць складаныя поліпептыдныя ланцугі. Амінакіслотны састаў розных бялкоў неаднолькавы і з’яўляецца іх важнейшай характарыстыкай, а таксама мерай харч. каштоўнасці. Паслядоўнасць амінакіслот у кожным бялку вызначаецца паслядоўнасцю монануклеатыдных буд. блокаў у асобных адрэзках малекулы ДНК. Вядома амінакіслотная паслядоўнасць некалькіх соцень бялкоў (напр., адрэнакортыкатропнага гармону чалавека, рыбануклеазы, цытахромаў, гемаглабіну і інш.). Парушэнні амінакіслотнай паслядоўнасці ў малекуле бялку выклікаюць т.зв.малекулярныя хваробы. Амінакіслотную паслядоўнасць поліпептыднага ланцуга для малекулы гармону інсуліну ўстанавіў англ. біяхімік Ф.Сэнгер (1953). Звесткі пра колькасць адрозненняў у амінакіслотных паслядоўнасцях гамалагічных бялкоў, узятых з розных відаў арганізмаў, выкарыстоўваюць пры складанні эвалюцыйных картаў, якія адлюстроўваюць паслядоўныя этапы ўзнікнення і развіцця пэўных відаў арганізмаў у працэсе эвалюцыі.
Агульны хім. састаў бялкоў (у % у пераліку на сухое рэчыва): C — 50—55, O — 21—23, N — 15—18, H — 6—7,5, S — 0,3—2,5, P — 1—2, і інш. Малекулярная маса ад 5 тыс. да 10 млн. Большасць бялкоў раствараецца ў вадзе і ўтварае малекулярныя растворы. Па форме малекул адрозніваюць бялкі фібрылярныя (ніткападобныя) і глабулярныя (згорнутыя ў кампактную структуру сферычнай формы); па растваральнасці ў вадзе, растворах нейтральных соляў, шчолачах, кіслотах і арган. растваральніках вылучаюць альбуміны, гістоны, глабуліны, глютэліны, праламіны, пратаміны і пратэіноіды. Бялкі маюць кіслыя карбаксільныя і амінныя групы, таму ў растворах яны амфатэрныя (маюць уласцівасці асноў і к-т). Пры гідролізе яны распадаюцца да амінакіслот; пад уплывам розных фактараў здольныя да дэнатурацыі і каагуляцыі, уступаюць у рэакцыі акіслення, аднаўлення, нітравання і інш. Пры пэўных значэннях pH у растворах бялкоў пераважае дысацыяцыя тых ці інш. груп, што надае ім адпаведны зарад і выклікае рух у электрычным полі — электрафарэз. Структура бялкоў характарызуецца амінакіслотным саставам, парадкам чаргавання амінакіслотных астаткаў у поліпептыдных ланцугах, іх даўжынёй і размеркаваннем у прасторы. Адрозніваюць 4 парадкі (узроўні) структуры бялкоў: першасную (лінейная паслядоўнасць амінакіслотных астаткаў у поліпептыдным ланцугу), другасную (прасторавая, найчасцей спіральная прасторавая канфігурацыя, якую прымае сам поліпептыдны ланцуг), трацічную (трохмерная канфігурацыя, якія ўзнікае ў выніку складвання або закручвання структур другаснага парадку ў больш кампактную глабулярную форму) і чацвярцічную (злучэнне некалькіх частак з трацічнай структурай у адну больш буйную комплексную праз некавалентныя сувязі). Найб. устойлівая першасная структура бялкоў, іншыя лёгка разбураюцца пры павышэнні т-ры, рэзкім змяненні pH асяроддзя і інш. уздзеяннях (дэнатурацыя бялкоў), што вядзе да страты асн.біял. уласцівасцяў. Фарміраванне прасторавай канфігурацыі малекул бялку вызначаецца наяўнасцю ў поліпептыдных ланцугах вадародных, дысульфідных, эфірных і салявых сувязяў, сіл Ван дэр Ваальса і інш. Уласцівасці бялкоў залежаць ад іх хім. будовы і прасторавай арганізацыі (канфармацыі). Наяўнасць некалькіх узроўняў арганізацыі Б. забяспечвае іх вял. разнастайнасць у прыродзе (напр., у клетках бактэрыі Escherichia coli каля 3000 розных бялкоў, у арганізме чалавека больш за 50 000). Кожны від арганізмаў мае ўласцівы толькі яму набор бялкоў, па якім ён можа быць індэнтыфікаваны. Органы і тканкі жывых арганізмаў маюць розную колькасць бялкоў (у % да сырой вагі); 6,5—8,5 у крыві, 7—9 у мозгу, 16—18 у сэрцы, 18—23 у мышцах, 10—20 у насенні злакаў, 20—40 у насенні бабовых, 1—3 у лісці большасці раслін. Па харч. каштоўнасці бялкі падзяляюць на паўнацэнныя (маюць усе амінакіслоты, неабходныя жывёльнаму арганізму для сінтэзу бялкоў сваіх тканак) і непаўнацэнныя (у складзе малекул няма некаторых амінакіслот). Сутачная патрэба дарослага чалавека ў бялках 100—120 г. Арганізм расходуе ўласныя бялкі, калі ў ежы іх менш за норму. Многія прыродныя бялкі і бялковыя ўтварэнні выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., для вырабу скуры, шэрсці, натуральнага шоўку, казеіну, пластмасаў і інш.), медыцыне і ветэрынарыі (як лек. сродкі і біястымулятары, напр., інсулін пры цукр. дыябеце, сываратачны альбумін як заменнік крыві, гама-глабулін для прафілактыкі інфекц. захворванняў, бялкі-ферменты для лячэння парушэнняў абмену рэчываў, гідралізатары бялкоў для штучнага жыўлення). Для атрымання пажыўных і кармавых бялкоў выкарыстоўваюць мікрабіял. сінтэз. Вядуцца даследаванні па штучным сінтэзе бялковых малекул (штучна сінтэзаваны фермент рыбануклеаза і інш.). Бялкі — адзін з гал. аб’ектаў даследаванняў біяхіміі, імуналогіі і інш. раздзелаў біял. навукі.
Літ.:
Бохински Р. Современные воззрения в биохимии: Пер. с англ.М., 1987;
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Гершкович А.А. От структуры к синтезу белка. Киев, 1989;
Овчинников Ю.А. Химия жизни: Избр. тр.М., 1990.
У.М.Рашэтнікаў.
Да арт.Бялкі. Малекула бялку міяглабіну: 1 — агульны выгляд; 2 — структурная схема.