СЕНАЕ́ДЫ (Psocoptera, або Copeognatha),

атрад насякомых. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць у лясах на дрэвах, у гнёздах насякомых і птушак, на глебе, пад камянямі, у лясным подсціле, жылых памяшканнях, бібліятэках, музеях. На Беларусі адзначаны кніжная вош (Liposcelis divinatorius), С. хатні, або пылавая вош (Trogium pulsatorium), С. двухпалосы (Amphigerontia bifasciata) і інш.

Даўж. цела 1—5 мм. Афарбоўка бледна-бурая, белая. Вусікі ніткападобныя. Ротавы апарат грызучы і сысучы. Большасць маюць перапончатыя бясколерныя або з цёмнымі плямамі і перавязямі крылы. У шэрагу відаў крылы ўкарочаныя ці адсутнічаюць. Ногі бегальныя, лапкі 2—3-членікавыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год даюць некалькі пакаленняў. Кормяцца жывымі і адмерлымі расліннымі тканкамі (адсюль назва), некат. грыбамі, водарасцямі, лішайнікамі, псуюць бат. і энтамалагічныя калекцыі, паперу, кнігі, сухія кармавыя запасы.

Сенаеды: 1 — амфігеронтыя кантаміната; 2 — хатняя, або пылавая вош; 3 — кніжная вош; 4 — каэцыліус флавідус.

т. 14, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СІ́НЯЯ БЛУ́ЗА»,

савецкі тэатр малых форм; від агітацыйнай эстрады ў 1923 — пач. 1930-х г. Узнікла ў Маскоўскім ін-це журналістыкі на базе «жывой газеты»; першапачаткова тэатр.-эстрадны калектыў (удзельнікі выступалі ў сіняй рабочай блузе — адсюль назва). Ініцыятар стварэння і кіраўнік Б.​С.​Южанін. Выступалі ў клубах, цэхах фабрык і заводаў. Выкарыстоўваўся агітацыйна-паліт. рэпертуар з надзённай тэматыкай; у паказах спалучаліся героіка і патэтыка, сатыра і гумар. Праграмы будаваліся на калект. дэкламацыі, прыпеўках, фізкультурных танцах і інш. «С.б.» паслужыла асновай для стварэння шэрагу прафес. т-раў і дала штуршок да пошукаў новых форм тэатр. і эстрадных прадстаўленняў, паўплывала на развіццё маст. самадзейнасці, на рабочы т-р за мяжою. На Беларусі інтэнсіўны рух «С.б.» пачаўся ў 1924—25 пасля гастролей у Мінску «С.б.» Маскоўскага гар. савета прафсаюзаў. Гурткі «С.б.» існавалі амаль пры кожным клубе рабочых прадпрыемстваў Мінска, Віцебска, Гомеля, Магілёва, Полацка, Барысава, Бабруйска і інш.

т. 14, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НАЎ Іван Арцем’евіч (3.6.1882, Масква — 19.9.1945),

рускі акцёр. Нар. арт. Расіі (1938). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, вучыўся на акцёрскім аддзяленні Маскоўскай філармоніі. На сцэне з 1903 (запрошаны ў Віцебскі т-р). З 1904 у Т-ры В.​Камісаржэўскай у Пецярбургу, у 1906—15 у правінцыяльных тэатрах, вядучы акцёр тэатраў Адэсы і Кіева. З 1915 у Саратаўскім т-ры, на развіццё якога значна паўплываў. Акцёрскае мастацтва С. вылучалася майстэрскім спалучэннем пачуццяў з тонкім псіхал. аналізам. Сярод роляў; Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Арбенін («Маскарад» М.​Лермантава), Гай («Мой сябар» М.​Пагодзіна), Швандзя («Любоў Яравая» К.​Транёва), Мікалай 1, Пушкін («Дзекабрысты», «Паэт і цар» М.​Лернера) і інш. Выступаў як рэжысёр. Займаўся пед. дзейнасцю (з 1916).

Літ.:

Слонова Н.И. Честь актерская: И.​А.​Слонов на сцене и в жизни. М., 1966.

т. 15, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТО́ЛІНСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Створаны ў 1954 па ініцыятыве і на базе збораў краязнаўца Б.​В.​Міралюбава, адкрыты ў 1955 у г. Столін Брэсцкай вобл. Пл. экспазіцыі 206 м², больш за 11,7 тыс. экспанатаў асн. фонду (2002). Мае 4 аддзелы: археалогіі, гісторыі, этнаграфіі, прыроды. Сярод экспанатаў ляпная і ганчарная кераміка, каменная сякера, жал. наканечнікі коп’яў і стрэл, бронзавыя жаночыя ўпрыгожанні, зброя 12—13 ст. з археал. помнікаў Велямічы, Дубай, Рубель, Хотамель і інш., прадметы сял. побыту 19—20 ст., матэрыялы пра дзейнасць падполля і партыз. рух у Вял. Айч. вайну, пасляваеннае развіццё раёна. Аддзел прыроды знаёміць з жыццём буйнейшай у Еўропе калоніі шэрай чаплі, гісторыяй спецыялізаванага балотнага запаведніка, экспанатамі расліннага і жывёльнага свету рэгіёна. У этнагр. аддзеле калекцыі традыц. ганчарнага промыслу, нар. ткацтва, адзення, вышыванак, карціны мясц. мастакоў, вырабы разьбяроў па дрэве, саломапляцення, вязання і макрамэ, калекцыя муз. інструментаў.

З.​К.​Юхневіч.

т. 15, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУ́ЖАЧНЫЯ ЧЭ́РВІ, цэстоды (Cestoda),

клас тыпу плоскіх чарвей. 9—10 атр., больш за 3 тыс. відаў. Небяспечныя паразіты кішэчніка, радзей інш. органаў пазваночных жывёл і чалавека (канчатковыя гаспадары), узбуджальнікі цэстадозаў. На Беларусі найб. адзначаюцца прадстаўнікі атр. стужачнікаў і цэпеняў.

Даўж. ад 0,5 мм да 30 м. Цела доўгае, пляскатае, стужкападобнае; маюць галоўку (сколекс) з апаратам прымацавання (батрыдыі, ботрыі, кручкі, прысмоктвальныя ямкі, прысоскі, хабаткі), шыйку (зона росту) і стробілу, якая мае ад аднаго да некалькіх тысяч членікаў (праглатыдаў). Ёсць нерв. і выдзяляльная сістэмы; органаў дыхання, кровазвароту і стрававання няма. Пажыўныя рэчывы ўсмоктваюцца паверхняй цела. Гермафрадыты. Развіццё з ператварэннем і зменай гаспадароў. Прамежкавыя гаспадары — беспазваночныя (малюскі, насякомыя, ракападобныя) і пазваночныя ўсіх класаў, у якіх зародак ператвараецца ў лічынку.

Да арт. Стужачныя чэрві. Тыпы будовы сколексаў: 1 — похва, у якую ўцягваецца хабаток; 2 — прысмоктвальныя ямкі; 3 — хабаткі з кручкамі; 4 — кручкі; 5 — прысоскі.

т. 15, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНЫЯ ФЕСТЫВА́ЛІ МО́ЛАДЗІ І СТУДЭ́НТАЎ,

традыцыйныя масавыя міжнар. святы прадстаўнікоў дэмакр. моладзі і студэнтаў, накіраваныя на развіццё дружбы і ўзаемаразумення паміж моладдзю і народамі розных краін, на ўмацаванне міру. Асн. арганізатар — Сусветная федэрацыя дэмакратычнай моладзі. Праграмы фестываляў разнастайныя: сустрэчы дэлегацый, семінары, дыспуты, маніфестацыі, спарт. спаборніцтвы, маст. конкурсы, выстаўкі і інш. У 1947—2001 адбылося 15 фестываляў: у Празе (1947), Будапешце (1949), Берліне (1951), Бухарэсце (1953), Варшаве (1955), Маскве (1957), Вене (1959), Хельсінкі (1962), Сафіі (1968), Берліне (1973), Гаване (1978), Маскве (1985), Пхеньяне (1989), Гаване (1997), Алжыры (2001). Алжырскі фестываль 2001 праходзіў пад лозунгам «За ўсеагульную салідарнасць, мір і дружбу»; абмяркоўваліся найважн. сусв. праблемы (наступ неалібералізму і глабалізму, расавая дыскрымінацыя, рэліг. фундаменталізм, маладзёжнае беспрацоўе і адукацыя і інш.), ставіліся пытанні аб узмацненні антыімперыяліст. барацьбы і міжнар. салідарнасці моладзі. Моладзь Беларусі ўдзельнічала ва ўсіх С.ф.м. і с., акрамя Алжырскага.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 15, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́РСКІ (Tarski) Альфрэд (14.1.1901, Варшава — 26.10.1983),

польска-амерыканскі логік і матэматык, адзін з заснавальнікаў семантыкі лагічнай. Скончыў Варшаўскі ун-т (1924), з 1926 яго дацэнт. З 1939 у ЗША, з 1942 у Гарвардскім ун-це, з 1946 праф. Каліфарнійскага ун-та. Лічыў логіку асновай усіх навук, гал. задача якой — вызначэнне дакладнага сэнсу тэрмінаў і выяўленне агульных заканамернасцей. Зрабіў значны ўклад у распрацоўку алг. метадаў вылічэння прэдыкатаў, тэорый мностваў, мадэлей, матэм. логіку, логіку выказванняў. Сфармуляваў вызначэнне паняцця ісціны для большасці фармалізаваных моў. Аўтар прац па метадалогіі дэдуктыўных навук. Даследаванні Т. паўплывалі на развіццё семіётыкі і паслужылі ўзорам выкарыстання фармальных метадаў для аналізу змястоўных праблем і тэорый.

Тв.:

Рус. пер. — Обоснование научной семантики // Филос. и социол. мысль. 1996. № 1—2;

Понятие истины в языках дедуктивных наук // Философия и логика Львовско-Варшавской школы. М., 1999;

Введение в логику и методологию дедуктивных наук. Биробиджан, 2000.

т. 15, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАСКАНІ́НІ (Toscanini) Артура (25.3.1867, г. Парма, Італія — 16.1.1957),

італьянскі дырыжор; адзін з буйн. дырыжораў 20 ст. Скончыў кансерваторыю ў Парме (1885). З 1887 оперны і сімф. дырыжор у Італіі. У 1898—1903, 1906—08 і 1921—29 узначальваў т-р «Ла Скала» ў Мілане, у 1908—15 дырыжыраваў у «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку, з 1928 узначальваў аркестры Нью-Йоркскай філармоніі, Нац. радыёвяшчальнай кампаніі. Яго выканаўчае мастацтва вылучалі тэмперамент, дакладнасць раскрыцця аўтарскай задумы. Рэпертуар уключаў творы розных стыляў і эпох.

Паўплываў на развіццё сучаснага дырыжорскага мастацтва. Упершыню пад кіраўніцтвам Т. выкананы ў Італіі 6-я сімф. П.​Чайкоўскага (1898), у ЗША — 7-я сімф. Дз.​Шастаковіча (1942) і пастаўлена опера «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1913).

Літ.:

Искусство А.​Тосканини: Воспоминания, биогр. материалы. Л., 1974;

Вальденго Д. Я пел с Тосканини: Пер. с итал. 2 изд. Л., 1989.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 15, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАСЦЫЁЛЫ (Fasciola),

род чарвей кл. трэматод. 2 віды: двухвуснаўка пячоначная, або смактун пячоначны, або лісцвяніца, або Ф. пячоначная (F. hepatica), і Ф. гіганцкая (F. gigantica). Паразіты жоўцевых праток печані, жоўцевага пузыра авечак, буйн. раг. жывёлы і інш. траваедных, радзей чалавека.

Даўж. цела 2—7,6 см, шыр. 0,5—1,2 см. Цела лістападобнае, укрытае шыпікамі. Маюць 2 прысоскі. Кішэчнік і палавыя залозы моцна разгалінаваныя. Нерв. сістэма складаецца з каляглотачнага кальца і 3 пар нерв. ствалоў. Гермафрадыты. Развіццё з удзелам прамежкавых гаспадароў — прэснаводных малюскаў, у двухвуснаўкі пячоначнай — балацяніка малога. Заражэнне выклікаюць лічынкі (мірацыдыі), якія трапляюць у малюска, дзе ператвараюцца ў спарацысты, якія даюць пакаленне лічынак — рэдыі, унутры якіх развіваюцца цэркарыі, што выходзяць з малюска, інцыстуюцца і ператвараюцца ў адалескарыі. Канчатковыя гаспадары (жывёлы) заражаюцца, калі паядаюць траву з адалескарыямі, якія ў кішэчніку вызваляюцца ад цыстаў, трапляюць у жоўцевыя пратокі печані, жоўцевы пузыр і выклікаюць фасцыялёзы.

Фасцыёла пячоначная.

т. 16, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рух, ‑у, м.

1. У філасофіі — усеагульная і неабходная ўласцівасць матэрыі, асноўная форма яе існавання.

2. Змяненне становішча прадмета ці яго частак, перамяшчэнне; стан, супрацьлеглы нерухомасці, спакою. Вярчальны рух. Рытмічна рух. // Дзеянне, работа якога‑н. механізма. Вялізная аграмадзіна прыйшла ў рух і загрукатала, як каменедрабілка. Карпаў.

3. Перамяшчэнне ў прасторы ў якім‑н. кірунку. Вайсковы рух на гасцінцы ў тую ноч, можна сказаць, не спыняўся. Чорны. // Дзейнасць таго ці іншага віду транспарту. Трамвайны рух. □ Увесь таварны і пасажырскі рух спыніўся. Лынькоў. На вуліцы быў вялікі рух. Ішлі таксі, аўтобусы, тралейбусы. Няхай. // Язда і хада ў розных кірунках (на вуліцах, дарогах і пад.). З кожным днём рух на дарозе ўзмацняўся. Маўр. Пасля паўдня рух па шашы ажыўляецца. Васілевіч. Вясенняе сонца .. залаціла гарадскія вуліцы. У гэты ранні час, ды яшчэ ў нядзелю, рух быў малы. Корбан.

4. Змяненне становішча цела ці яго частак; жэст. Танцавала Зіна лёгка, папярэджваючы кожны рух партнёра. Шыцік. Яны сачылі за кожным рухам настаўніка. Якімовіч.

5. перан. Унутраны штуршок да якога‑н. дзеяння. Цяжка сказаць, чаму я даверыўся ёй у той момант. Бываюць душэўныя рухі, якія немагчыма растлумачыць. Шамякін.

6. перан. Грамадская дзейнасць, масавыя выступленні, якія ставяць пэўныя мэты. Рух прыхільнікаў міру. Нацыянальна-вызваленчы рух. Рэвалюцыйны рух. Партызанскі рух.

7. Колькаснае ці якаснае змяненне; рост, развіццё. Рух народанасельніцтва.

8. Развіццё дзеяння (у якім‑н. літаратурным творы). Драматычны рух апавядання.

•••

Паступальны рух — рух, пры якім усе пункты цела перамяшчаюцца паралельна адзін аднаму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)