СЛО́НАЎ Іван Арцем’евіч (3.6.1882, Масква — 19.9.1945),
рускі акцёр. Нар. арт. Расіі (1938). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, вучыўся на акцёрскім аддзяленні Маскоўскай філармоніі. На сцэне з 1903 (запрошаны ў Віцебскі т-р). З 1904 у Т-ры В.Камісаржэўскай у Пецярбургу, у 1906—15 у правінцыяльных тэатрах, вядучы акцёр тэатраў Адэсы і Кіева. З 1915 у Саратаўскім т-ры, на развіццё якога значна паўплываў. Акцёрскае мастацтва С. вылучалася майстэрскім спалучэннем пачуццяў з тонкім псіхал. аналізам. Сярод роляў; Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Арбенін («Маскарад» М.Лермантава), Гай («Мой сябар» М.Пагодзіна), Швандзя («Любоў Яравая» К.Транёва), Мікалай 1, Пушкін («Дзекабрысты», «Паэт і цар» М.Лернера) і інш. Выступаў як рэжысёр. Займаўся пед. дзейнасцю (з 1916).
Літ.:
Слонова Н.И. Честь актерская: И.А.Слонов на сцене и в жизни. М., 1966.
т. 15, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)