Кло́мля ’рыбацкая снасць, лавушка з адкрытым заходам’ (ТСБМ, Мат. Гом., Янк. I, Сл. паўн.-зах., Крыв., Сцяшк., Нар. лекс., Сцяц.). Укр. кімля, климля, кломля, рус. (зах.) кломля ’тс’, серб.-харв. кло̏ња ’пастка для птушак’, славен. klȏnja ’тс’, польск. kłomia, kłonia ’тс’, славац. kloňa ’кошык для квахтухі’. Пералічаныя паралелі можна аб’яднаць у адзін архетып klomьnja, які лічыцца роднасным з гоц. hlamma ’пастка’ (Махэк₁, 206). Бернекер (1, 522) звязвае гэту групу слоў з прасл. kloniti, што неверагодна як з фанетычнага боку (дублет польск. kłomia/kłonia), так і з семантычнага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клоп ’насякомае-паразіт, якое корміцца кроўю жывёл і чалавека’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Бяльк.). Укр. клоп, рус. клоп ’тс’, серб.-харв. кло̏п ’клешч’, славен. klòp ’тс’. Прасл. klopъ не мае надзейнай этымалогіі. Цікавае супастаўленне з балг. клопам ’кішэць’ (БЕР, 2, 467). Параўн. Якабсон, Word, 8, 388. Нельга рашуча аспрэчваць і метатэзу klopъ < *plokъ, маючы на ўвазе балтыйскія паралелі літ. blãkė ’клоп’, лат. blakts ’тс’ (параўн. вядомае прасл. pektiліт. kèpti). Можна меркаваць таксама аб klopъklapati ’біць, плюшчыць’, параўн. польск. pluskwa, ploszczyca ’клоп’. Іншыя версіі зусім неверагодныя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клы́паць ’марудна ісці, накульгваючы, перавальваючыся з нагі на нагу’ (ТСБМ, Нас., Мат. Гом., ТС, Др.-Падб., Нік. Посл., Сцяшк., Бір., Юрч., КЭС, лаг.). Лічыцца балтызмам. Рус. клыпаць ’тс’. Параўн. літ. klỹpti ’кульгаць’ (гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 54 з літаратурай). Але, як адзначыў Трубачоў (Эт. сл., 10, 81–82), наяўнасць серб.-харв. кли̏пати(се) ’цяжка ісці, калываючыся ад стомы’, якое можна разглядаць як адпаведнік бел. клыпаць, укр. клипати, пярэчыць версіі аб балтыйскім паходжанні апошніх слоў і робіць верагоднай гіпотэзу аб прасл. klypati, якое адпавядае літ. klū́poti ’стаяць на каленях’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Багла́й ’гультай, абібок, лежабок, непаваротлівы чалавек’ (Нас., Бяльк., Інстр. лекс., Др.-Падб., параўн. Гарэц.). Рус. дыял. багла́й ’гультай, дармаед’, укр. багла́й, баглі́й. Фасмер (1, 102) лічыць, што зыходзіць трэба з *багла́й ’кавалак дрэва’ (адносна семантыкі параўн. дуб ’дрэва; дурны чалавек’), і параўноўвае гэта слова з баго́р, рус. бага́й, бага́н ’жардзіна з кручком; доўгая жардзіна’ і г. д. Але ўся гэта група слоў не мае надзейнай этымалогіі. Анышкевіч (Словарь, 64) параўноўвае з серб.-харв. ба̏гља ’звязак сена, саломы’, рум. а se bâhlí ’псавацца, гнісці’. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бахо́р (травы і г. д.), бахо́р ’кветка васілёк сіні’, бахрі͡е ’кветкі’ (Бесар.). Цёмнае слова. Ці няма сувязі з ба́хур (гл.), параўн. асабліва польскую форму bachor ’бахур’ (яна ўжываецца і ў назвах прадметаў, напр., ’дручок з жалезным кручком’). Прынамсі для спалучэння бахо́р травы ’ахапка травы’ метафарычнае ўжыванне слова *бахор ’бахур’ зразумелае. З іншага боку, можа, ёсць сувязь з такімі словамі, як чэш., славац. bachor, серб.-харв. ба̏хор ’бруха’ і пад. (’бруха’ → ’штосьці выпуклае’ → ’ахапка’). Аб слав. групе слоў bachorъ, bachorъ, bachurъ гл. Ляскоўскі, RS, 26, 51–56.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́іць ’гаварыць, пускаць чуткі; малоць глупства, пустасловіць; расказваць казкі’ (Нас., Бяльк.), ба́яць (Шат., Касп.). Рус. ба́ить, ба́ять, укр. ба́яти ’апавядаць; вядзьмарыць’, польск. bajać, чэш. bájiti ’гаварыць’, балг. ба́я ’вядзьмару’, серб.-харв. ба̏јати ’тс’ і г. д. Прасл. bajati bajǫ да і.-е. *bhä‑ (: *bhō‑) ’гаварыць’: ст.-грэч. φημί, φᾱμί ’гавару’ φήμη, φᾱ́μα ’голас, чуткі’, φωνή голас’, лац. fāri ’казаць’, fāma ’слава, чуткі, апавяданне і г. д.’ Бернекер, 39; Фасмер, 1, 140; Кюнэ (Poln., 42) лічыць паланізмам (польск. bajanie) і аддзеяслоўнае ба́енне (Касп., Нас.). Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бе́дны, бяда́. Рус. беда́, укр. біда́, польск. biada (ст.), чэш. bida, ст.-слав. бѣда, балг. беда́, серб.-харв. бијѐда і г. д. Прасл. běda (з рознымі вытворнымі — bědьnъ і г. д.). Параўн. літ. bėdè, лат. bę̀dą ’клопаты, гора’; далей гоц. baidjan ’прымусіць’, грэч. πείθω ’пераконваю, угаварваю’. Бернекер, 54; Развадоўскі, RS, 2, 105; Траўтман, 23. Прасл. *běda, гоц. baidjan, магчыма, далей звязаны з кельт. мовамі. Параўн. ст.-ірл. bibdu ’вінаваты’ (< пракельт. *bibid(u̯)ūs < і.-е. *bhibhidh‑u̯ōt‑s, корань *bhei̯dh‑). Гл. Зомер, Зб. Стоўксу, 25.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Боб. Рус. боб, укр. біб, польск. bób, чэш. bob, серб.-харв. бо̏б і г. д. Прасл. bobъ. Роднасныя формы: прус. babo, лац. faba. І.‑е. *bhab‑. Астатнія і.-е. формы стаяць фармальна значна далей (і тут няма пэўнасці): параўн. яшчэ грэч. φακός ’чачавіца’, ням. Bohne ’боб’. Думаюць таксама, што боб — слова «праеўрапейскай» культуры. Бернекер, 65; Траўтман, 23; Махэк, LP, II, 158; Махэк₂, 58; Слаўскі, 1, 40; Фасмер, 1, 180; Курыловіч, L’apophonie, 194 (тут адносна вакалізму). Ці сюды бо́бка ’зерне; гарошынка; шарык і да т. п.’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бок1 ’бок’. Рус. бок, укр. бік, польск. bok, серб.-харв. бо̑к і г. д. Прасл. bokъ ’тс’. Надзейнай этымалогіі няма. Найбольш верагодным з’яўляецца параўнанне з герм. мовамі: англ. back ’спіна’ (Махэк₂, 60, лічыць слав. і герм. слова «праеўрапейскім»). Іншыя версіі не пераконваюць. Бернекер, 68; Фасмер, 1, 185; Махэк₂, 60; Слаўскі, 1, 39.

Бок2 ’маўляў’: Што, бок, ты ляжыш цэлае ранне? (Некр., 218); Ці твая, бок, шапка знашлася? (Янк. I, 43). Частка гэта, мабыць, тая самая, што і ўкр. бак, пак, польск. bak.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ча ’маленькія рыбкі’ (бых., Мат. АС). Скарочаны варыянт з мале́ча (гл.).

Мача́ ’вадкасць, якая выдзяляецца ныркамі’ (ТСБМ), ’слата, макрэча’ (Нас.). Укр. міч, рус. моча, ст.-рус. моча ’дажджлівае надвор’е’, ц.-слав. моча ’балота’, мочь ’мача’, польск. mocz, в.-луж. moč, чэш., славац. moč, славен. móća ’вільгаць; мача; нягода’, серб.-харв. мо́ча ’макрэча’, ’мокрадзь’, ’вільготнае надвор’е, золь’, ’намочаны кавалак хлеба’, макед., балг. моч ’мача’. Прасл. mokja > moča. Да мокры (гл.). Сюды ж мачавы́ (ТСБМ), мачаві́к ’мачавы пузыр’ (навагр., Сл. ПЗБ), мачаві́на ’прадукт бялковага абмену’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)