Каро́ва1, укр.карова, рус.корова, чэш.kráva, в.-луж.krowa, палаб.korvo, польск.krowa, балг.крава, макед.крава, серб.-харв.кра̏ва, славен.kráva (прасл.korva). Пошукі этымону для гэтага слова заўсёды былі цяжкімі. Што датычыць старажытнасці, то відавочным з’яўляецца яго яшчэ балта-славянскае паходжанне. Параўн. літ.kárve ’тс’, ст.-прус.curwis ’вол’ (апошняе, магчыма, каш.-слав. паходжання: каш.karw ’стары вол’). Усе іншыя паралелі не з’яўляюцца надзейнымі, бо аўтары адпаведных этымалогій прымаюць за пастулат унутраную форму ’рагатая’, што трэба абгрунтаваць. Перш за ўсё, паколькі лац.cornu ’рог’, ст.-грэч.χέρας (χέρσας) і ст.-іран.srū, srva (Бернекер, 557) узыходзяць да k̑or‑u̯/kor‑n, мы б чакалі на балта-славянскім моўным грунце s‑пачатак, але прасл.korva не мае такіх паралелей ні ў адной з індаеўрапейскіх моў (нават калі лічыць паралелямі назвы сарны і лані). Так, ст.-прус.sirwis ’лань’ хутчэй, генетычна тоесна літ.šir̃vis ’шэры конь, заяц’ (яўная назва па колеру), šir̃vas ’шэры’. Прасл.sьrna ’сарна’ можна параўнаць са ст.-слав.срѣнъ ’белы’ (іншыя славянскія паралелі абазначаюць ’іней, шэрань’). Мы падтрымліваем іншую версію з унутранай формай не ’рагатая’, а ’жвачная’. Тады прасл.korva суадносіцца са ст.-інд.cárvate ’жуе’ (Махэк, KZ, 64, 262; Мартынаў, Слав. акком., 163). Сюды ж прасл.červo ’чэрава’ (адно са значэнняў — ’страўнік’). Спроба супаставіць korva з сапсаванай глосай Гесіхія χάρτην τήν βοῡν (χάρτην замяняецца на χάρτην) не пераконвае (Параўн. Трубачоў Эт. сл. 11, 108–109).
Каро́ва2 ’назва грыба гаркуха, кароўка’ (Жыв. сл.). Гл. кароўка, кароўяха.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Келб ’пячкур’ (Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Яруш., Нар. лекс., Сцяц.). Польск.kielb ’Gobio fluviatilis’, рус.колб (паўдн. і зах.) колб ’тс’. Паводле Трубачова (ЭИРЯ, 2, 38), польск. і рус. формы ўзводзяцца заканамерна да прасл.⇉Якое запазычана з гоц.*kalbo ’бычок (назва рыбы)’ < kalbo ’бычок (назва жывёлы)’. Гэта версія не ўлічвае, аднак, больш складаныя адносіны паміж славянскімі словамі, якія можна ўзвесці да *kъlbъ ’назва рыбы’. Па-першае, яны маюць больш шырокі арэал распаўсюджання (польская, беларуская, руская і ўкраінская тэрыторыі) (гл. Герд, Лекс. балтызмы, 10–11). Па-другое, версія Герда аб балтыйскім паходжанні гэтых слоў у сваю чаргу датычыцца толькі некаторых вытворных форм. Па-трэцяе, гоц.*kalbo дало б прасл.*kolbъ (польск.*kłob, усх.-слав.*колоб). Па-чацвёртае, няма, як здаецца, ніводнай германскай назвы рыбы, роднаснай гоц.kalbo. Мы б аддалі перавагу іншай гіпотэзе (таксама ад гоцкай крыніцы kъlbъ) (гл. Мартынаў, Бел.-польск. ізал., 94–95). Але перш за ўсё трэба ўдакладніць некаторыя даныя. Літ.kėlbas запазычана з польск.kielb (Фрэнкель, 236). На літоўскай моўнай глебе ўзніклі вытворныя kelbukas (kilbukas), якія сталі крыніцай бел.кялбук, кяльбук. Бел.келб — запазычанне з польск.kielb. Формы кялбочак і келбунок вытворныя ў беларускіх гавор-ках. Прасл.kъlbъ, якое можна рэканструяваць на падставе польск.kielb, рус.колб і ўкр.колб, ковб — запазычанне з гоц.*kulbo. Параўн. ням.Kolbe — назва некаторых булавападобных рыб (Грым., 1607). Дарэчы, ням.Kaulkopf ’Cottus gobio’, якое таксама адносіцца да сямейства бычкоў (Gobiidae), названа так па прызнаку булавападобнасці (Keulenförmigkeit).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асе́тр, асяцё́р ’від рыбы Acipenser’ (БРС), асё́тр (Жук., 99). Рус.осётр, осётер, осете́р, укр.осете́р, осе́тр, польск.jesiotr, паморск.i̯asotär, i̯esotär, в.-луж.jasotr, н.-луж.jesotr, чэш., славац.jesètr, балг., макед.есетра, серб.-харв.јѐсетра, славен.jesèter, ст.-рус.осетръ. Зважаючы на выкарыстанне ў дапаўненні да Смален. граматы 1150 г. (XVI ст.) слова осетръ, няма патрэбы лічыць бел.асетр запазычаным з рускай мовы, як Крукоўскі, Уплыў, 71–73. Ст.-прус.ešketras ’асетр’, ст.-літ.ešketras ’кіт’, літ.eršketas і пад. ’асетр’ пераўтворана пад уплывам erškẽtis ’цёран, калючка’ (Фрэнкель, 122–123), літ.asẽtras з беларускай (Скарджус, Slav., 34; Фрэнкель, 122). Этымалогія не зусім ясная. Найбольш верагодна, хаця, як лічыць Фасмер, не даказана сувязь з і.-е. коранем *ak̑‑, праслав.*ostrъ ’востры’ (Лёвенталь, BB, 55, 317; Гараеў, Доп., 1, 31; Развадоўскі, Wybór, 2, 338; Ільінскі, Slavia, 2, 256 і наст.; Машынскі, JP, 37, 299), з гэтым звязана і сцвярджэнне пра роднасць кораня слоў асетр і акунь (Буга, 1, 328; Брукнер, 26; Бернштэйн, Очерк, 153), якое выклікала засцярогі ў Ваяна, RÉS, 41, 168. Сувязь назвы асятра са словам востры праз тыпы, якімі пакрыта рыба. Недастаткова высветлена сувязь з нямецкай назвай асятра Stör, франц.esturgeon. Неверагодна супастаўленне Бецэнбергера (BB, 27, 163) з грэчаскай назвай дробнай рыбы ἴχταρ, а таксама супастаўленне Траўтмана (Altpreuß., 331) з лац.excetra ’змяя’, на што ўказвалі ў першым выпадку Бернекер, 1, 265; Фасмер, 3, 158, у другім — Вальдэ-Гофман, 1, 426; Фасмер, там жа. Махэк₂ (223) адносіў слова да «праеўрапейскіх».
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жур ’негусты аўсяны кісель’ (ТСБМ), журы́ха ’тс’, журэнька ’ўха’ (Касп.), жур ’назвы розных рэдкіх страў’ (Сл. паўн.-зах.). Рус.смал., пск., цвяр.жур ’тс’, укр.жур ’тс’ (Жэлях.), польск.żur ’суп на аўсянай ці жытняй заквасцы або такая закваска’, серб.-луж.žur ’кіслае цеста, квас’, чэш.дыял.žur ’гразь, асадак’ < ’кісель’ (Махэк), славен.žȗr ’сыроватка’. Ст.-рус.журъ ’рэдкая страва’ (з XVI ст.). Паводле Брукнера, 669, Більфельдта, Die deutsche Lehnwörter im Obersorbischen, Leipzig, 1933, 297; Махэка₂, 731; Трубачова, Slavia, XXIX, 1960, с. 16, зах.-слав. < с.-в.-ням.sûr ’кіслае цеста’ (суч. ням.sauer ’кіслы’). Лідэн (IF, 19, 344), Бернекер (IF, 10, 156) прымаюць слав. паходжанне, да гэтага асцярожна схіляецца Фасмер, 2, 67. Супрун (Бюлетин за съпоставително изеледване на българския език с други езици, 1976, 5, 78–79) звяртае ўвагу, з аднаго боку, на наяўнасць у н.-луж. (паводле Мукі) у словах гэтага кораня паралельна са значэннем ’кіслаты’ значэння ’цяжкасці’, напр., žuriś se ’скісаць; гневацца’ і г. д., а з другога боку, на наяўнасць слоў са значэннем ’едкі’ ў чэш. мове на базе кораня žír < *žur‑ і слова журавіна ’кіслая ягада’. Магчыма, хаця і не абавязкова, што ў некаторых слав. семантычных адгалінаваннях слова жур адбываецца семантычнае ўзаемадзеянне запазычанага і слав. кораня. Для параўнання Фасмер прыводзіць нарв.køur ’вязкая сырная маса’, kjōre ’сыр у першай стадыі, калі малако яшчэ не закіпела’. Параўн. журэць, журыцца. Калекцыю дыял. значэнняў дае Козыраў, Очерки по сравнительно-исторической лексикологии русского і белорусского языков, 1970, с. 154.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жы́гала1 ’востры металічны прут, якім прапякаюць дзіркі ў дрэве, косці’ (ТСБМ), жага́ла (Янк. II, Нар. сл., 225). Рус. дыял.сіб., пск., смал., самар., валаг.жига́ло, жага́ло, укр.жигало, польск.żegadło, в.-луж.žahadło ’тс’, н.-луж.уст.żegadło, žygadło ’шып, восць, джала’, славен.žigálo ’металічны прут для выпальвання’. Параўн. балг.жѐгъл (жьо̑галь) ’жыгала’, ’кол’, макед.жегла, жегол ’жыгала’. Ст.-рус.жигало, жегало ’кадзільніца’ (XII ст.), ’жыгала’ (XVI ст.). Відаць, яшчэ прасл. утварэнне ад *žigati, *žegati з суфіксам *‑dlo, мяркуючы па рус., укр., польск., в.-луж., славен. паралелях, ужо ў прасл. мела знач. ’прут для прапякання’ (магчыма, побач з іншымі значэннямі). Зыходнае значэнне дзеяслова ’абпальваць, апякаць’ адлюстроўваецца і ў суч. бел.жыгаць (гл.), суфікс меў інструментальнае значэнне (Мейе, Études, 315–318).
Жы́гала2 ’джала’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял.смал., пск., цвяр., наўг., ленінгр., кастр., ярасл., валаг., арханг., паўн. дзвін, жи́га́ло, цвяр., пск.жага́ло ’тс’, укр.жига́л ’ўсё вострае’ (Жэлях.), н.-луж.уст.žegadło, žygadło ’шып, восць, джала’, в.-луж.žahadło ’джала’, чэш., славац.žihadlo ’джала’. Прасл. інструментальны назоўнік з суф. *‑dlo ад дзеяслова *žigati, *žegati, як і жыгала1. Зважаючы на пашырэнне ў бел., рус., серб.-луж., чэш., славац., значэнне мела паўн.-слав. распаўсюджанне і магло асноўвацца на значэннях дзеяслова жыгаць (гл.) ’апякаць > калоць > кусаць’, адлюстраваных і ў сум.бел. Нельга, аднак, выключаць магчымасць пераносу яшчэ ў паўн.-слав. з назвы металічнага інструмента на джала, але гэта здаецца менш верагодным. Жыгадла (Сл. паўн.-зах.) з польск.żegadłoдыял. ’джала’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скрыпі́цы: pan… kajdanoszy hotuje, a skrypicy na ruczycy (Зянк.). Кольберг (Kolb., 385) тлумачыць ‘пастронкі’, што недакладна, параўн. тлумачэнне Шымкевічам укр.скрипни́ци ‘драўляныя клешчы, якія надзявалі на ногі злачынцам’ (Шымк. Сл., 127), параўн. таксама скрипи́ца, скрепи́ца ‘драўляныя кайданы або калодка’. З іншай суфіксацыяй укр.дыял.скри́пці ‘блокі ў кроснах’, польск.skrzypic, skrzypce ‘кайданы, калодка’, чэш.skřipec ‘блок у кроснах’, ‘дыба, прыстасаванне для катавання’, славац.škripec ‘тс’, в.-луж.skřipk ‘блок у кроснах’, серб.-харв.шкрипац ‘блок’, славен.škrípec ‘блок’, ‘клешчы’, балг.скрипе́ц ‘частка кроснаў; блок’, макед.скрипец ‘блок’. Прасл.*skripьcь. Трубачоў (Ремесл. терм., 135) адносіць да *skripěti ‘скрыпець’. Варбат (Этимология–1981, 17–18) у сувязі з апошняй версіяй падкрэслівае, што ўсе вышэйпамянёныя рэчы маюць паз, шчыліну, адкуль ‘прыстасаванне з пазам, жолабам для змацавання, сціскання, сцягвання’ і г. д., што дэманструе сувязь з зыходным дзеясловам. Гл. таксама БЕР, 6, 798 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 288 (слова не звязана з гукапераймальнай асновай *skrip‑, а непасрэдна выводзіцца ад і.-е.*sker‑ ‘рэзаць, калоць’ з семантычным развіццём ‘раскол’ — ‘кляшчотка, клешчы’, ‘дыба’, ‘блок’). Борысь (Etymologie, 666–669) выводзіць назвы рознага тыпу дэталяў, сярод іх каш.skřëpk ‘бэлька, у якой паварочваюцца вароты; калодка, ступа з гняздом для восі варот’, з прасл.*skripъ, *skripa, фармальна тоеснага прасл.*skripъ, *skripa ‘скрып, трэск, скрыгат’, якое ў познепраславянскую эпоху набыло спецыфічнае (тэхнічнае) значэнне. Паводле Басая і Сяткоўскага (Słownik, 668), польск.skrzypiec ‘прылада для катаванняў’ можа быць багемізмам, але не выключаецца і захаванне ўласнага архаізма.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тру́ха1 ‘жанчына, якая трэ лён’ (Сцяшк.). Да церці (гл.). Суфікс ‑уха, які ўтварае назвы асоб па прафесіі, узыходзіць да прасл.*‑uxa, прадуктыўнага ў паўночных славян і ў славенскіх гаворках (Слаўскі, SP, 1, 75).
Тру́ха2 ‘картачная гульня’ (ТС). Няясна.
Труха́ ‘пацяруха, перацёртае сена, салома’ (ТСБМ; Некр. і Байк., Сл. ПЗБ; бялын., ЛА, 2), ‘дробныя сухія рэшткі чаго-небудзь’, ‘што-небудзь нікчэмнае, бескарыснае’ (ТСБМ; Сержп. Прык.), ‘трухлявая драўніна’ (Мат. Гом.), ‘старая драўляная будыніна’ (Вушац. сл.). Укр.труха́ ‘пацяруха’, трухва ‘гніль у дрэве’, рус.труха́ ‘пацяруха’, ‘парахня’, стараж.-рус.трухъ ‘прэлы, трухлявы’, ‘змрочны’, чэш.troucha, trouch ‘што-небудзь спарахнелае’, славац.trúch ‘тс’, серб.тру̏ва ‘пацяруха’, трух, тру̀шни хле̏б ‘хлеб з мякінай’, харв.truha ‘адкіды’, славен.trûšje зборн. ‘гніль’. Прасл.*truxa, *truxъ — зборныя назоўнікі, суадносныя з і.-е.*trou̯‑s‑ ‘раскрышаны’, ‘струхлелы’, ‘састарэлы’ (Борысь, 643; Арол, 4, 110). Фасмер (4, 114) у якасці роднасных падае лат.tràusls ‘ломкі, крохкі’, trusls ‘гнілы, прэлы’, trusêt, trust ‘гніць, прэць’, літ.traušùs ‘ломкі, крохкі’, traũšti ‘крышыцца’. Сной (Бязлай, 4, 231) мяркуе, што праславянская аснова мела *‑ǫ, магчыма, другаснае (Новое в рус. этим., 240). Гл.: Буга, Rinkt., 1, 489; 2, 632; Зубаты, Studie, 1(2), 120–121; Каруліс, 2, 453; Скок, 3, 515; Бязлай, 4, 230–231; Шустар-Шэўц, 1536, 1540; ЕСУМ, 5, 661. Меркаванні пра варыянтнасць асноў прасл.*trux‑/*trus(k)‑, што дае магчымасць ідэнтыфікацыі *truxa з *truska, *truskъ, гл. Куркіна, Этимология–1994–1996, 50–51 (гл. труск).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БАГУШЭ́ВІЧ (Францішак Бенядзікт Казіміравіч) (21.3.1840, б. фальварак Свіраны, Вільнюскі р-н, Літва — 28.4.1900),
бел. паэт, празаік, публіцыст, перакладчык. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1861 паступіў на фіз.-матэм.ф-тПецярб. ун-та; выключаны з 1-га курса за адмаўленне прыняць новыя універсітэцкія правілы. Працаваў настаўнікам у Доцішках (Воранаўскі р-н). Удзельнік паўстання 1863—64, у баях у Аўгустоўскіх лясах паранены. З-за пагрозы рэпрэсій тайна жыў пад Беластокам, у Вільні, пасля перабраўся на Украіну. Пры дапамозе Я.Карловіча паступіў у Нежынскі юрыд. ліцэй, які скончыў у 1868. Працаваў судовым следчым на Украіне і ў Расіі. З 1884 у Вільні, адвакат судовай палаты; вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. З 1898 жыў у Кушлянах (Смаргонскі р-н), пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н). Багушэвіч — рэв. дэмакрат, пачынальнік крытычнага рэалізму ў бел. л-ры. Вытокі яго творчасці ў грамадскім жыцці Беларусі, цесна звязаны з фальклорам, а таксама з лепшымі эстэт. традыцыямі слав. паэзіі. У зб-ках «Дудка беларуская» (пад псеўд. Мацей Бурачок; Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (пад псеўд. Сымон Рэўка з-пад Барысава; Познань?, 1894) паказаў селяніна, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі. У ім Багушэвіч бачыў не проста пагарджанага доляй, прыгнечанага мужыка, а чалавека, які крытычна ўспрымае свет, не баіцца «з’ехаць урадніку тройчы меж вушоў». Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе!»), Петрука Пантурка («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш.Сац. пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зб. «Смык беларускі») — узор выкарыстання бел.нар. песні і насычэння яе сац. і філас. зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы «на зямельку, слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй». У яго творчасці на ўвесь голас загучалі і матывы нац. адраджэння. У прадмове да зб. «Дудка беларуская» ён абгрунтоўваў права бел. народа на развіццё сваёй мовы і заклікаў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Шмат рабіў Багушэвіч для фарміравання бел.літ. мовы, узбагачэння і ўдасканалення бел. паэтыкі. Ён узнімаў некранутыя моўныя пласты, карыстаўся сілабікай, каб надаць вершу гутарковае гучанне, смела ўводзіў сілаба-танічны памер, народна-песенныя прыёмы. Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыст. маналог («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона»), філас. роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка нар. казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Багушэвічу належаць і першыя ў бел. л-ры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» (усе апубл. 1907) зместам і формай цесна звязаны з нар. гумарэскай, быт. анекдотам. Апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892) бліжэй да літ. традыцыі; у ім яскрава ўвасоблены расслаенне бел. вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам. У 1886—91 пад псеўд. Demos, B.Huszicz, Ten і інш. друкаваў у польскім пецярбургскім час. «Kraj» («Край») допісы і артыкулы, у якіх пісаў пра цяжкае жыццё працоўнага люду, крызіс сельскай гаспадаркі, нізкія ўраджаі, цемнату і непісьменнасць народа. Лісты Багушэвіча да Я.Карловіча і Э.Ажэшкі (датуюцца 1868—97) — важныя дакумент. сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця. Не ўсе творы Багушэвіча дайшлі да нас. Няма пэўных звестак пра змест зб. «Скрыпка беларуская», які меўся выйсці пасля смерці аўтара, не знойдзены ў архівах зб. «Беларускія апавяданні Бурачка», падрыхтаваны ў 1899 і не прапушчаны цэнзурай, не збярогся слоўнік бел. мовы, які Багушэвіч складаў па прапанове Карловіча. Яму прыпісваецца пракламацыя без назвы (пачынаецца словамі «Гаспадары, для вас пішу гэта апавяданне»), выдадзеная па-беларуску ў Кракаве і прысвечаная падзеям у літоўскім мястэчку Крожы ў 1894. Імя Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, у Кушлянах створаны Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба. Помнікі паэту ў в. Жупраны і на яго магіле.
Тв.:
Творы. Мн., 1967;
Вершы. Мн., 1976;
Творы. Мн., 1991.
Літ.:
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;
Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Мн., 1957;
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1969;
Яго ж. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;
Навуменка І. Пісьменнікі-дэмакраты. Мн., 1967;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Майхрович А. Белорусские революционные демократы. Мн., 1977;
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Янушкевіч Я. «Чалавек, які нарадзіўся не ў сваю эпоху...»: Новае з перапіскі Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам // Шляхам гадоў. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАБЕ́ЛЬ ВАЕ́ННЫ,
баявы або спец. прызначэння карабель, які ўваходзіць у склад ваенна-марскога флоту. Мае ўзбраенне, інш.тэхн. сродкі для рашэння баявых і забяспечвальных задач, ваен. экіпаж і нясе ваенна-марскі флаг.
Першыя К.в. з’явіліся ў стараж. Егіпце, Фінікіі, Грэцыі, Рыме: яны былі драўляныя, рухаліся з дапамогай вёслаў. У 5 ст. да н.э. пачалі будаваць К.в. з некалькімі радамі вёслаў (напр., з трыма — трырэмы). Зброяй на іх былі тараны, кідальныя машыны, экіпаж да некалькіх соцень чалавек. У 7 ст. ў Венецыі створана галера, якая акрамя вёслаў мела ветразі. У 16—17 ст. набыў пашырэнне галеас. Пераход ад грабнога да ветразевага флоту адбываўся да 17—18 ст., гал. зброяй К.в. стала артылерыя. У 17 ст. К.в. пачалі дзяліць на 6 разрадаў (рангаў); караблі 1—3-га рангаў прызначаліся для вядзення артыл. бою і наз.лінейнымі караблямі (лінкоры), 4—5-га рангаў — для вядзення разведкі (фрэгаты), 6-га рангу — пасыльныя. З 2-й пал. 18 ст. для дзеянняў у прыбярэжных водах і на мелкаводдзі сталі выкарыстоўвацца кананерскія лодкі. На працягу стагоддзяў у ваен. мэтах выкарыстоўваліся таксама брандэры, брыгі, брыганціны, карветы, кліперы, шхуны і інш. У 1807 пабудаваны першы параход (Р.Фултан, ЗША); пачаўся пераход ад ветразевых суднаў да паравых — напачатку колавых, а з вынаходствам у 1840-я г.грабнога вінта — да грабных з парасілавымі ўстаноўкамі. У 19 ст. з’явіліся мінная зброя (міны), тарпеды, а з канца 19 ст.асн. ударнай сілай флоту сталі браняносцы. Для іх баявога забеспячэння створаны крэйсеры і мінаносцы. У канцы 19 — пач. 20 ст. сталі будаваць мінныя загараджальнікі, падводныя лодкі, эскадраныя мінаносцы (эсмінцы), дрэдноўты. З 1910-х г. распачата буд-ватральшчыкаў. У 1-ю сусв. вайну з’явіліся авіяносцы, вартавыя караблі, тарпедныя катэры. У 2-ю сусв. вайну лінкоры страцілі ранейшае значэнне і разам з крэйсерамі сталі сіламі забеспячэння авіяносцаў. Вырасла роля падводных лодак, пашырыліся процілодачныя караблі. З 1950—70-х г. К.в. аснашчаюць ядзернымі сілавымі ўстаноўкамі, ракетна-ядзернай зброяй, найноўшымі радыёэлектроннымі сістэмамі, сродкамі навігацыі і сувязі; будуюцца судны на паветранай падушцы і судны на падводных крылах. На тэр. Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. ў складзе рачных ваен. флатылій (Дняпроўскай, Заходнядзвінскай, Прыпяцкай, польскай і сав. Пінскіх) былі вартавыя караблі, кананерскія лодкі, маніторы, мінныя загараджальнікі, тральшчыкі, бранякатэры, катэры-тральшчыкі і інш.
Сучасныя К.в. падзяляюцца на надводныя і падводныя, на атамныя і са звычайнай энергет. устаноўкай. Аснашчаюць іх ракетнай, тарпеднай, артыл., бомбакідальнай, процілодачнай, мінна-тральнай зброяй, сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. На караблях устанаўліваецца звычайна некалькі відаў зброі: галоўны — для рашэння асн. задач і дапаможныя — для выканання дадатковых задач і самаабароны. Некаторыя К.в. з’яўляюцца авіянясучымі — маюць самалёты і верталёты як асн. від зброі. У залежнасці ад прызначэння, узбраення, водазмяшчэння і інш. тактыка-тэхн. даных К.в. падзяляюцца на класы, падкласы, тыпы (праекты) і рангі (1—4-ы). Да асн. класаў адносяцца: ракетныя, тарпедныя і ракетна-тарпедныя падводныя лодкі; караблі авіянясучыя (мнагамэтавыя, ударныя і процілодачныя авіяносцы, процілодачныя крэйсеры, дэсантныя і процілодачныя верталётаносцы); ракетна-артыл. (ракетныя крэйсеры, вял. і малыя ракетныя караблі, эсмінцы, ракетныя катэры і інш.); процілодачныя (процілодачныя крэйсеры-верталётаносцы, вял. і малыя процілодачныя і вартавыя караблі); мінна-тральныя (мінныя і сеткавыя загараджальнікі і тральшчыкі); дэсантныя (спец. пабудовы, з апарэлямі; узброены ракетнымі комплексамі і артыл. гарматамі для агнявой падтрымкі дэсанта і самаабароны); спец. прызначэння (караблі кіравання, радыёлакацыйнага дазору, разведвальныя, рэтранслятары сігналаў сувязі, навучальныя, караблі сачэння, спец. забеспячэння — плывучыя базы і інш.). Да 1-га (вышэйшага) рангу адносяцца атамныя падводныя лодкі і буйныя падводныя караблі (крэйсеры, авіяносцы і інш.), да 4-га — катэры, базавыя і рэйдавыя тральшчыкі. Класіфікацыі К.в. у розных краінах звычайна адрозніваюцца. К.в. з’яўляюцца ўласнасцю дзяржавы, падпарадкоўваюцца яе законам і ў замежных водах валодаюць правам экстэрытарыяльнасці.
Літ.:
Шершов А.П. История военного кораблестроения с древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994.
В.І.Вараб’ёў, А.А.Калмакоў.
Некаторыя тыпы караблёў ваенных (ад старажытнасці да 19 ст.): 1 — баявы карабель Егіпта (1200-я г. да н. э.); 2 — асірыйска-фінікійскі (1000—1500-я г. да н. э.); 3 — рымская пентэра (пентэкатэра, з 5 радамі вёслаў; 3 ст. да н. э.); 4 — паўночнаеўрапейскі драмон (6—12 ст.; мелі назвы холк, нейв, неф, буза, кілс); 5 — дракар вікінгаў (8—10 ст.; паказаны дракар Вільгельма Заваёўніка); 6 — карака (14—16 ст.; паказана невялікая 4-мачтавая карака, пабудаваная ў Францыі ў 1535); 7 — галіён (16—17 ст.; паказаны 3-мачтавы іспанскі галіён, 1567).Некаторыя тыпы караблёў ваенных 20 ст.: 1 — кананерская лодка «Карэец», якая разам з крэйсерам «Вараг» удзельнічала ў баі з японскай эскадрай у 1904, 2 — першы лёгкі крэйсер, пабудаваны ў СССР (1938); 3 — ракетны катэр на падводных крылах (ЗША, 1975); 4 — эскадраны мінаносец (СССР, 1980-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТЫКА (італьян. gotico літар. гоцкі ад назвыгерм. племя готаў),
гатычны стыль, мастацкі стыль, пашыраны ў краінах Зах., Цэнтр., часткова Усх. Еўропы паміж сярэдзінай 12 і 15—16 ст. Вылучаюць перыяды готыкі: ранняй (12 ст.), сталай (13—14 ст.) і позняй («палымянай») з моцнымі дэкар. тэндэнцыямі (15 ст.). Прыйшла на змену раманскаму стылю, ад якога ўнаследавала вяршэнства архітэктуры ў сістэме мастацтваў і традыц. тыпы культавых будынкаў. Развіццё мастацтва готыкі адлюстравала змены ў структуры сярэдневяковага грамадства: пачатак фарміравання цэнтралізаваных дзяржаў, рост і ўзмацненне гарадоў, якія сталі буйнымі заказчыкамі арх. твораў, больш высокі ўзровень развіцця рамёстваў і тэхнікі, аслабленне асноў сярэдневяковых рэліг.-дагматычных светапоглядаў і інш.
Стыль готыкі ўзнік на Пн Францыі. Найб. спецыфічная готыка ў Італіі (зберагліся моцныя ант. традыцыі) і Іспаніі. Канструкцыйны прынцып культавага дойлідства готыкі — каркас з каменю, які пазбавіў пабудовы грувасткасці раманскіх сабораў. Унутр. слупы гатычных сабораў накшталт пучка тонкіх калон пераходзілі ўверсе ў стральчатыя аркі нясучых рэбраў (нервюраў) вельмі тонкага крыжовага скляпення. Вонкавыя паўаркі — аркбутаны перадавалі распор скляпення на спец. апорныя вонкавыя слупы — контрфорсы. Гатычныя саборы вылучаліся вял. вышынёй і былі добра асветлены вокнамі з каляровымі вітражамі (Шартрскі сабор). Гал. фасады сабораў звычайна ўпрыгожвалі карункамі рознага разнога дэкору, ажурнымі вежамі, глыбокімі «перспектыўнымі» парталамі, у цэнтры часта рабілі вял. круглае акно (ружу). Гал. відам выяўл. мастацтва готыкі была скульптура, якой упрыгожвалі фасады сабораў і іх інтэр’еры (скульптура «Коннік» у кафедральным саборы ў г. Бамберг, 1235, Германія). Найб. значныя помнікі царк. готыкі: Парыжскай Божай Маці сабор, Рэймскі сабор, Кёльнскі сабор, саборы ў Ам’ене, Страсбуры (Францыя), Кентэрберы, Уэльсе, Вестмінстэрскім абацтве ў Лондане, капэла Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы (Англія), саборы ў Фрайбургу, Ульме, Вене (Цэнтр. Еўропа), Мілане, Сіене (Італія), Бургасе (Іспанія), Кракаве, Гнезна, Познані, Гданьску (Польшча), Празе (Чэхія), касцёлы св. Ганны і бернардзінцаў у Вільнюсе, Рыжскі Домскі сабор і інш. Сярод грамадз. і абарончых збудаванняў: ратушы ў гарадах Арас і Камп’ень (Францыя), Бруге і Брусель (Бельгія), шэраг ісп.феад. замкаў, італьян. палацца, гар. умацаванні Таліна. У творах выяўл. мастацтва пабольшала цікавасць да складанага духоўнага свету чалавека, багацця яго перажыванняў, свету прыроды.
На Беларусі готыка адлюстравана пераважна ў архітэктуры 15—16 ст. Але тут сфарміраваўся своеасаблівы стыль, характэрны гарманічным спалучэннем рыс готыкі і рэнесансу, традыцый стараж.-рус.манум. дойлідства і ўплываў рус.-візант. стылю, што ўзбагаціла бел. готыку, надало яе помнікам непаўторны каларыт і маст. каштоўнасць. Аб’ёмы пабудоў тут вырашаны скульптурна, з мяккай прарысоўкай ліній, арх. дэкор адыгрывае другарадную ролю (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). Асн.дэкар. элементы — абрамленні парталаў і аконных праёмаў, разнастайныя па малюнку нішы і аркатура (Навагрудская Барысаглебская царква). Нярэдка завяршэнні праёмаў і парталаў мелі не спецыфічную для готыкі спічастую, а паўцыркульную форму. Маляўнічасць будынкам надавала 2-колернае вырашэнне фасадаў: заглыбленыя часткі бялілі, а выступы не атынкоўвалі, пакідалі натуральны колер чырв. цэглы (Мураванкаўская царква-крэпасць). Тэндэнцыю развіцця культавых абарончых збудаванняў у 16 ст. яскрава адлюстроўвае Сынковіцкая царква-крэпасць, якая мае стройную і гарманічную арх. кампазіцыю, створаную з гатычных, рэнесансавых і стараж.-рус. формаў. Інш. кампазіцыйныя прыёмы развіваліся ў 1-нефавых храмах з вежай-званіцай на гал. фасадзе. Манум.-кампактныя аб’ёмы, умацаваныя контрфорсамі, кантраставалі з высокімі яруснымі верт. вежамі, якія надавалі будынкам рысы дынамічнай асіметрыі (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла архангела, Дзераўноўскі касцёл Благавешчання). Арх. формы, канструкцыі і буд. тэхніка готыкі найб. характэрны для замкавага дойлідства 16—17 ст. (Гродзенскі Стары замак, Навагрудскія замкі, Мірскі замкава-паркавы комплекс). У драўляным дойлідстве асобныя элементы готыкі захоўваліся да 18 ст. У канцы 18 — пач. 20 ст. канструкцыйныя прыёмы, формы і элементы готыкі сталі аб’ектам пераймання і стылізацыі, што выявілася ў архітэктуры неаготыкі.
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;
М., 1966;
Всеобщая история искусств. Т. 2, кн. 1. М., 1960;
Лясковская О.А. Французская готика, XII—XIV вв. М., 1973;
Кушнярэвіч А.М. Культавае дойлідства Беларусі XIII—XVI стст. Мн., 1993;
Svoboda K.M. Die Spätgolik. Wien, 1978;
Rüdiger W. Die gotische Kathedrale: Architektur und Bedeutung. Köln, 1979.
Ю.А.Якімовіч.
Да арт.Готыка. Сабор Нотр-Дам у Парыжы. 1163—1257. Бакавы фасад.Да арт.Готыка. Партал сабора ў Шартры (Францыя). 1145—70.Да арт.Готыка. Нервюрныя скляпенні трансепта сабора ў Ам’ене (Францыя). 13 ст.Да арт.Готыка. Джэнтыле да Фабрыяна. Пакланенне вешчуноў. 1423.Да арт.Готыка. Міланскі сабор. 1386—1856.Да арт.Готыка. Скульптура конніка ў кафедральным саборы ў Бамбергу (Германія). 1235.Да арт.Готыка. Скульптура партала сабора ў Страсбуры (Францыя). 1220.Да арт.Готыка. Сабор у Сіене (Італія). Будаўніцтва пачата ў 12 ст., завершана ў 1284—99. Праект Дж. і Н.Пізана.Да арт.Готыка. Дэталь вітража сабора ў Шартры (Францыя). 13 ст.Да арт.Готыка. Троіцкі касцёл у вёсцы Ішкалдзь Баранавіцкага раёна 1472.