ГРО́ДЗЕНСКІЯ КАРАЛЕ́ЎСКІЯ МАНУФАКТУ́РЫ,

прамысловыя прадпрыемствы, заснаваныя ў 2-й пал. 18 ст. ў Гродзенскай эканоміі і Берасцейскай эканоміі па ініцыятыве гродзенскага старосты А.Тызенгаўза. Налічвалася 21 прадпрыемства, у т. л. 8 у Гродне — па вырабе метал. прадметаў, ігральных картаў (абодва з 1760), пацерак, карункаў; збройнае, гарматнае, камлотнае і паркаленабіўное; 8 на Гарадніцы (цяпер у межах Гродна) — залататкацкае (1779—83, 30 работнікаў), карэтнае (1770—83, 50 работнікаў), гарбарня (1777—1860, 50 работнікаў), па вырабе палатна (1770—1845, 30 работнікаў), фарбавальнае (1770—94), па вытворчасці сукна (1770—94, 150 работнікаў), панчох (1768—83, 50 работнікаў) і шаўкаткацкае (1770—1888, 150 работнікаў). Суконна-капялюшная мануфактура знаходзілася ў Азёрах (да 1845), тонка-суконная (1766—1860, 30 работнікаў) — у Ласосне (3 км ад Гродна, пры ўпадзенні р.Ласосна ў Нёман), астатнія — у Брэсцкай эканоміі. У 1766 заснавана «Кампанія шарсцяных мануфактур», якая адкрыла суконныя мануфактуры ў Гарадніцы, Ласосне, Брэсце. Буйнейшая ў Гарадніцы мануфактура мела прадзільнае, ткацкае, валяльнае, стрыгальнае, варсавальнае і фарбавальнае аддзяленні, прадзільні з ням. і галандскімі верацёнамі, 40 ткацкіх станкоў і інш. абсталяванне. У 2-й пал. 18 ст. Гродна стала буйным цэнтрам маст. ткацтва ў Беларусі (ткалі дываны, шаўковыя, «літыя» паясы). На карэтнай мануфактуры выраблялі дарагія экіпажы і збрую; на залататкацкай — тонкія залатыя і сярэбраныя ніткі, ордэны, галуны, ювелірныя вырабы; на мануфактуры метал. вырабаў — жалезныя і медныя цвікі, замкі, рыдлёўкі, дзвярныя завесы, напільнікі, іголкі, шпількі інш.; на панчошнай — шарсцяныя і шаўковыя шкарпэткі і інш. Усяго на мануфактурах працавала каля 1500 чал. і столькі ж было падручных рабочых і надомных прадзільшчыц. Рабочых пераважна набіралі прымусова з сем’яў прыпісных дзярж. сялян, існавала практыка вольнага найму. Кіравалі мануфактурамі кваліфікаваныя майстры, часцей наёмныя з Францыі, Швейцарыі, Германіі, Расіі і інш. (каля 70 чал.). У 1780—90-я г. большасць прадпрыемстваў закрылася (прадукцыя не мела збыту, 1790 дэфіцыт мануфактур склаў 190 тыс. злотых). Пасля далучэння зах. часткі Беларусі да Рас. імперыі дзейнасць некат. мануфактур адноўлена з выкарыстаннем наёмнай працы.

т. 5, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЭНЕРГЕ́ТЫКА (ад гідра... + энергетыка),

галіна энергетыкі, звязаная з выкарыстаннем мех. энергіі воднага патоку пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі. Аснова гідраэнергетыкі — гідраэнергетычныя рэсурсы, якія адносяцца да ўзнаўляльных. Электраэнергія выпрацоўваецца на гідраўлічных электрастанцыях (ГЭС), акумулятыўных і прыліўных ГЭС. Гідраэнергетыка значна менш за інш. віды энергетыкі забруджвае навакольнае асяроддзе, аднак гідратэхн. збудаванні, асабліва плаціны, нярэдка выклікаюць парушэнне экалагічнай раўнавагі.

Са старажытнасці чалавек выкарыстоўвае энергію цякучай вады для прывядзення ў рух вадзянога кола на млынах — першых гідрасілавых установак, якія захаваліся да нашых дзён. Да вынаходства паравой машыны вадзяное кола было асн. рухавіком у вытв-сці на металургічных, лесапільных, ткацкіх і інш. прадпрыемствах. Новае значэнне набыла гідраэнергетыка ў 1-й пал. 19 ст., калі былі вынайдзены гідраўлічная турбіна, электрамашына і спосабы перадачы эл. энергіі на вял. адлегласці. У канцы 19 ст. пачалося асваенне гідраэнергіі на ГЭС у ЗША, Расіі, Германіі, гідраэнергетыка аформілася ў самаст. галіну энергетыкі. У 1913 устаноўленая магутнасць усіх ГЭС Расіі (іх было 78) не перавышала 35 МВт; у ЗША працавала ГЭС Адамс на Ніягарскім вадаспадзе магутнасцю 37 МВт. У 1-й пал. 20 ст. доля гідраэнергетыкі ў сусв. выпрацоўцы электраэнергіі хутка расла, але з 1960 пачала сістэматычна скарачацца.

У 1994 у свеце выпрацавана 12,1 трлн. кВтгадз электраэнергіі, з іх 17% на ГЭС. У некат. краінах доля воднай энергіі ў выпрацоўцы электраэнергіі можа быць значнай. Паводле некаторых даных яна можа быць большай за 90% у Парагваі, Нарвегіі, Гане, Бразіліі і інш. Сярод краін СНД адносна высокую долю ГЭС у вытв-сці электраэнергіі маюць Таджыкістан (97%) і Кіргізія (91%). На Беларусі гідраэнергетыка дае менш за 0,1% выпрацоўкі электраэнергіі (1995). Устаноўленая магутнасць 11 буйных ГЭС у сярэдзіне 1970-х г. дасягала 10 МВт, аднак з развіццём Беларускай энергетычнай сістэмы частка іх закансервавана і перастала дзейнічаць. Найб. значныя з дзеючых ГЭС: Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт), Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт), Гезгальская на р. Моўчадзь (550 кВт), Лукомская на р. Лукомка (500 кВт). Устаноўленая магутнасць 9 дзеючых ГЭС 6,8 МВт, яны выпрацоўваюць 20 млн. кВтгадз электраэнергіі (1995).

В.​М.​Сасноўскі.

Да арт. Гідраэнергетыка. Чарвакская ГЭС на р. Чырчык у Узбекістане.

т. 5, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́ЛІЗНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

адна з галін мікрабіялагічнай прамысловасці. Спецыялізуецца на перапрацоўцы нехарчовых раслінных матэрыялаў метадам гідролізу для атрымання этылавага спірту, кармавых дражджэй, глюкозы і ксіліту, фурфуролу, арган. кіслот, лігніну і інш. прадуктаў. Сыравінай служаць адходы лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, перапрацоўкі с.-г. сыравіны (салома, сланечнікавае шалупінне, кукурузныя храпкі, сцёблы бавоўніку, мелес з цукр. буракоў і інш.). Пры гідролізе раслінных тканак вугляводы пераходзяць у раствор (пад уздзеяннем вады і цяпла ў прысутнасці каталізатараў), а лігнін застаецца. У гэтым працэсе нерастваральныя поліцукрыды ператвараюцца ў растваральныя монацукрыды (гексозы і пентозы), якія хім. і біяхім. шляхам перапрацоўваюцца ў крышт. манозы (глюкозы, ксілозы), этылавы спірт, гліцэрын, ксіліт, сарбіт і інш., у альдэгіды і іх вытворныя (фурфурол, фуран і інш.), арган. кіслоты (воцатную, лімонную, яблычную і інш.), бялкова-вітамінныя дрожджы і антыбіётыкі. З 1 т сухой сыравіны ў залежнасці ад тэхналогіі можна атрымаць да 150 кг фурфуролу, або 140 кг першасных спіртоў, або 300 кг крышт. глюкозы, або 250 кг кармавых дражджэй і каля 300 кг гідролізнага лігніну.

Гідролізная прамысловасць развіваецца з пач. 20 ст. У б. СССР з 1935 наладжана вытв-сць этылавага спірту, з 1940-х г. — кармавых дражджэй і фурфуролу. На Беларусі гідролізную прадукцыю вырабляюць з 1936 на Бабруйскім гідролізным заводзе, з 1963 на Рэчыцкім доследна-прамысловым гідролізным заводзе, шматлікіх спіртавых і крухмальных з-дах. Выпускаецца тэхн. рэктыфікаваны этылавы спірт і этылавы спірт-сырэц, кармавыя дрожджы, фурфурол, вуглякіслы газ. У 1994 выраблена (разам з прадпрыемствамі мікрабіял. прам-сці) 49 тыс. т таварнай прадукцыі кармавых дражджэй (найб. у 1990 — 508 тыс. т). Значную гідролізную прамысловасць, якая спецыялізуецца пераважна на вытв-сці фурфуролу і этылавага спірту, маюць ЗША (найб. вытворца фурфуролу), Францыя, Італія, Японія, Фінляндыя; развітая вытв-сць этылавага спірту, кармавых дражджэй і фурфуролу ў Расіі, Германіі і інш. краінах. Гідролізная прамысловасць — перспектыўная галіна біятэхналогіі, здольная вырашаць праблемы, звязаныя з вытв-сцю харч. прадуктаў, лекавых прэпаратаў, энергет. паліва і сыравіны для хім. і біяхім. Вытв-сці.

Т.​П.​Цэдрык.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РДЭР ((Herder) Іаган Готфрыд фон) (25.8.1744, г. Морунген, цяпер г. Моранг, Польшча — 18.12.1803),

нямецкі філосаф, літаратуразнавец, пісьменнік. Ідэолаг літ. руху «Бура і націск». У 1764—69 пастар у Рызе, з 1776 — у Веймары. Сябар І.В.Гётэ. Яго філас. дзейнасць — новы этап асветніцтва ў Германіі, яго літ. дзейнасць паўплывала на ням. рамантызм. Абагульніўшы дасягненні прыродазнаўчых навук і філасофіі 18 ст., абгрунтоўваў ідэю пра адзінства матэрыі і формы пазнання, крытэрыі прасторы і часу выводзіў з вопыту, сфармуляваў і адстойваў прынцып гуманізму. Ідэі прагрэсу надаваў усеагульны змест і выводзіў з арганічнага адзінства прыроды і грамадства. У творы «Ідэі да філасофіі гісторыі чалавецтва» (т. 1—4, 1784—91) выклаў сваё вучэнне, паводле якога паступальнае развіццё ўласціва ўсёй прыродзе, у т. л. і чалавеку. Паводле Гердэра, пасля смерці чалавека жыццё душы працягваецца і набывае формы вышэйшага быцця, недасягальныя для чалавечага розуму. Гердэр указваў на разнастайнасць творчых праяў чалавека ў розных народаў, падкрэсліваў нац. самабытнасць, раўнацэннасць розных культур. Палеміцы з І.​Кантам «крытычнага перыяду» прысвечаны «Метакрытыка крытыкі чыстага розуму» (1799) і «Калігона» (ч. 1—3, 1800). У трактаце «Даследаванне пра паходжанне мовы» (1772) крытыкаваў тэалагічныя погляды на грамадскія з’явы і развіў вучэнне пра мову як прадукт чалавечага розуму. У літ.-крытычных працах «Пра найноўшую нямецкую літаратуру. Фрагменты» (1767—68) і «Крытычныя лясы» (1769) сфармуляваў гіст. падыход да мастацтва. Асаблівае значэнне для шцюрмерскай эстэтыкі мела яго праца «Шэкспір» (выд. 1773). У зб. «Народныя песні» (1778—79; 2-е выд. «Галасы народаў у песнях», 1807) змясціў пераклады нар. песень свету. Аўтар зб. «Раскіданыя лісткі» (1785—97), «Старых баек з новым выкарыстаннем» (1795—96), драматызаваных аповесцей «Брут» (1774), «Эон і Эоніс» (1801), «Раскаваны Праметэй» (1802), пералажэнняў рамансаў пра Сіда (1803) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Сид. Пб., 1922;

Избр. соч. М.; Л., 1959;

Идеи к философии истории человечества. М., 1977.

Літ.:

Гайм Р. Гердер, его жизнь и сочинения: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1888;

Гулыга А. В.​Гердер. 2 изд. М., 1975;

Банникова Н.П. Гердер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2;

Herder-Bibliographie. Berlin;

Weimar, 1978.

В.​І.​Боўш, Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБАСТО́ЎКА, стачка,

калектыўнае спыненне працы рабочымі з мэтай задавальнення сваіх патрабаванняў. Праводзіцца ў розных формах: папераджальная, салідарнасці, на адным прадпрыемстве, агульная і інш. Агульная З. — спыненне працы большасцю прадпрыемстваў у розных галінах прам-сці, на транспарце і інш. у горадзе, рэгіёне, краіне.

Першая ў гісторыі Еўропы З. адбылася ў 1345 у Фларэнцыі. Спачатку стачкі мелі эканам. характар, былі стыхійнымі і неарганізаванымі. У 16—18 ст. эканам. З. спалучаліся з паліт. патрабаваннямі, часам суправаджаліся ўзбр. барацьбой (Ліёнскія паўстанні 1831, 1834; Сілезскае паўстанне ткачоў 1844 і інш.). У 1-й пал. 19 ст. забастовачны рух набыў найб. размах у Вялікабрытаніі (масавая паліт. З. ў крас. 1820). У кастр. 1835 адбылася адна з першых буйных З. у Расіі (на фабрыцы Асокіна ў Казані). Забастовачная барацьба садзейнічала ўзнікненню рабочых арг-цый (прафсаюзы, паліт. партыі). Ва ўпартай барацьбе з буржуазіяй на працягу 19 ст. працоўныя большасці капіталіст. дзяржаў дабіліся легалізацыі права на стачку. У канцы 19 ст. рэзка абвастрыўся стачачны рух у ЗША (у 1896—1905 — 21 950 З.), Францыі (1896—1905 — 4925 З.), Германіі (1900—07 — 14 790 З.), Расіі (1895—1904 — 1765 З.).

У Беларусі першыя стачкі адбыліся ў 19 ст., мелі лакальны і абарончы характар. У пач. 20 ст. яны набываюць наступальны, часам паліт. характар. У 1903 адбылося 20 паліт. З., на працягу 2 месяцаў 1904—17 З. Асабліва часта паліт. З. адбываліся ў 1905. У кастр. 1905 працоўныя Беларусі прынялі ўдзел у агульнарас. паліт. стачцы (у Мінску баставалі ўсе прадпрыемствы, пошта, тэлеграф; паліт. стачкі адбыліся ў Гомелі, Брэсце, Оршы, Лунінцы, Баранавічах, Пінску; у 25 з 35 паветаў Беларусі прайшлі З. с.-г. рабочых). У 1927—28 зарэгістравана 370 З. у Зах. Беларусі. Адбываліся масавыя выступленні працоўных Брэста, Ліды, Беластока, Пінска, Маладзечна, Навагрудка і інш. Эканам. патрабаванні спалучаліся з барацьбой за нац. вызваленне. Супраць сац. палітыкі ўрадаў БССР і СССР былі скіраваны забастоўкі ў Гомелі (крас. 1990), Мінску (крас. 1991). Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс законаў аб працы Рэспублікі Беларусь» ад 15.12.1992 працоўныя Беларусі маюць права на З.

М.​А.​Сакалова (З. ў Беларусі).

т. 6, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для сан. ачысткі населеных пунктаў, рамонту і ўтрымання гар. дарог і будынкаў, догляду за зялёнымі насаджэннямі.

Для збору і вывазу цвёрдых быт. адходаў (ЦБА) прызначаны машыны на шасі аўтамабіляў і трактароў: збіральныя з бакавой або тарцовай загрузкай (абсталёўваюцца захопамі-маніпулятарамі для падняцця і выгрузкі кантэйнераў у герметычны кузаў, дзе ЦБА ушчыльняюцца спец. плітой ці ротарам); транспартныя, закрытыя кузавы якіх маюць люкі для загрузкі ЦБА у пунктах перагрузкі або сарціроўкі. Для ачысткі калодзежаў ліўневай каналізацыі выкарыстоўваюць глеясосныя машыны з герметычнай цыстэрнай, помпавай устаноўкай і шлангам для забору глею; для прачысткі труб гар. каналізацыі — машыны гідрадынамічнай ачысткі (складаюцца з цыстэрны з вадой, помпавай устаноўкі, напорных шлангаў з насадкамі для прамыўкі). Рамонт гар. дарог (ямачны рамонт, ускрыццё асфальтабетоннага пакрыцця, укладка асфальту або брусчаткі) робіцца машынамі на шасі аўтамабіляў або трактароў з выкарыстаннем спец. абсталявання для рэзкі асфальту або грунту, прыгатавання і размеркавання пакрыццяў (бітумных масцік), укладкі і прыкочвання асфальту ці брусчаткі (гл. Дарожныя машыны). Для ўтрымання дарог у летні перыяд выкарыстоўваюць машыны паліва-мыечныя (маюць цыстэрну для вады і прыстасаванні для яе распылення) і падмятальна-ўборачныя (маюць шчотачнае абсталяванне, мех. або вакуумны вузел загрузкі пылу і смецця ў герметычную цыстэрну і прыстасаванне пылаўлоўлівання), у зімовы перыяд — снегаўборачныя машыны, універсальныя пагрузчыкі, пескараскідальнікі (абсталяваны бункерам для пясчана-саляной сумесі, механізмам раскідвання і плужна-шчотачным абсталяваннем), лёдасколвальнікі. Пры рамонце фасадаў будынкаў выкарыстоўваюць спец. вышкі і пад’ёмнікі, падвясныя люлькі, малагабарытныя ўстаноўкі для рамонту мяккіх дахаў і прыгатавання бітумных масцік непасрэдна на даху. Для догляду за газонамі і зялёнымі насаджэннямі выкарыстоўваюць газонакасілкі, апырсквальнікі, ямабуры, машыны для выдалення пнёў і здрабнення галінак і інш.

На Беларусі асн. распрацоўшчыкі К.м. — канструктарскія аддзелы НВА «Жылкамунтэхніка», вытворцы — Асіповіцкі з-д «Каммаш» і ВА «Белкамунмаш». Асобныя віды К.м. вырабляюць прамысл. прадпрыемствы (МАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш», «Амкадор», «Белдартэхніка»), а таксама імпартуюцца з Расіі, Германіі, Францыі.

В.​А.​Бажэнаў, Л.​З.​Вакс.

Камунальныя машыны: 1 — смеццявоз з бакавой загрузкай (Асіповіцкі завод «Каммаш»); 2 — глеясосная машына (Германія); 3 — пескараскідальнік («Каммаш»); 4 — уборачная машына (Францыя); 5 — паліва-мыечная машына («Каммаш»); 6 — газонная касілка (Францыя).

т. 7, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСІКАГРА́ФІЯ музычная,

1) раздзел музыказнаўства, які распрацоўвае тэарэт. аснову і практычныя методыкі стварэння муз. слоўнікаў, энцыклапедый, даведнікаў.

2) Сукупнасць падобных выданняў, а таксама адбор, упарадкаванне і тлумачэнне спец. муз. тэрмінаў і лексікі. Змест і макраструктура артыкулаў у муз. даведніках залежаць ад тыпу выдання, аб’ёму навук. інфармацыі, узроўню развіцця муз. тэорыі, гіст.-культ. кантэксту пэўнай эпохі.

Вытокі муз. Л. ўзыходзяць да практыкі сярэдневяковых гласарыяў (заўваг на палях трактатаў) і вакабуларыяў (навуч. дапаможнікаў). Першым муз.-тэрміналаг. слоўнікам у сучасным разуменні слова лічаць трактат франка-флам. вучонага-музыканта І.​Тынкторыса «Вызначэнне музычных тэрмінаў» (каля 1474, апошняе выд. 1963). У эпоху Асветніцтва паявіліся муз.-энцыкл. слоўнікі ў Францыі, Чэхіі, Германіі (С. дэ Брасар, Ж.​Ж.​Русо). Да канца 19 ст. склаліся 2 асн. тыпы навук.-даведачных муз. выданняў. універсальны даведнік (муз. энцыклапедыя, муз.-энцыклапедычны слоўнік) і спецыялізаваны слоўнік: біяграфічны, біябібліяграфічны, галіновы (оперны, харавы, харэаграфічны), тэрміналагічны і інш. Найб. значныя замежныя выданні 19 ст. — энцыклапедычныя слоўнікі «Музычны лексікон» Г.​Рымана (1882) і «Слоўнік музыкі і музыкантаў» Дж.​Грова (т. 1—4, 1879—1889).

У 20 ст. з пашырэннем аб’ёму навук. ведаў і бурным развіццём сродкаў масавай інфармацыі кола выданняў па муз. Л. пашырылася (слоўнікі і энцыклапедыі муз. персаналій, конкурсаў, устаноў, інструментаў, двух- і шматмоўныя перакладныя муз. слоўнікі, слоўнікі-даведнікі, у т. л. для дзяцей і юнацтва, і інш.). У 1973—82 выдадзена першая сав. «Музычная энцыклапедыя» (т. 1—6), у 1985 — «Энцыклапедычны слоўнік юнага музыканта», у 1990 — «Музычны энцыклапедычны слоўнік», у 1981 і 1997 адпаведна энцыклапедыі «Балет» і «Рускі балет». На Беларусі выдадзены спецыялізаваныя слоўнікі і даведнікі «Музычныя тэрміны» Ю.​Дрэйзіна (1926, серыя «Беларуская навуковая тэрміналёгія»; перавыд. ў 1989 з прадмовай М.​Шыманскага), даведнікі біябібліяграфічны «Саюз кампазітараў БССР» Дз.​Жураўлёва (1978) і навук.-папулярны «Кампазітары Беларусі» Т.​Мдывані і Р.​Сергіенка (1997), перакладныя «Слоўнік музычных тэрмінаў» В.​Антаневіч (1994), «Музычны слоўнік» (1999); выдаецца нотаграфічны паказальнік «Музычная літаратура Беларусі» (з 1975); да муз.-лексікаграфічных выданняў у вял. ступені набліжаецца «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87).

Т.​А.​Цітова.

т. 9, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІЯ ПЕРАГАВО́РЫ 1939 аб заключэнні дагавора пра ўзаемадапамогу. Адбыліся ў Маскве 12—25.8.1939 паміж ваен. дэлегацыямі

(місіямі) СССР (кіраўнікі дэлегацыі нарком абароны К.Я.Варашылаў і нач. Генштаба РСЧА Б.М.Шапашнікаў),

Вялікабрытаніі (адм. Р.​Дракс) і Францыі (ген. Ж.​Думенк) ва ўмовах пагрозы развязвання 2-й сусв. вайны нацысцкай Германіяй. Ініцыіраваны сав. урадам пасля акупацыі герм. войскамі Чэхаславакіі (сак. 1939), папярэднія кансультацыі бакоў праходзілі ў крас.ліп. 1939. Да лета 1939 брыт. ўрад адмаўляўся заключыць прапанаваны Сав. Саюзам Траісты пакт аб узаемадапамозе, гарантаваць у выпадку герм. агрэсіі бяспеку прыбалт. дзяржаў, якія межавалі з СССР, не прымаў інш. сав. праекты; франц. ўрад у асн. пагадзіўся з сав. прапановамі. У чэрв.жн. Вялікабрытанія адначасова вяла тайныя перагаворы з Германіяй (гл. Лонданскія перагаворы 1939). У канцы ліп. 1939 брыт. і франц. ўрады пагадзіліся на перагаворы ў Маскве сваіх ваен. прадстаўнікоў (прыбылі 11 жн.) для выпрацоўкі канкрэтных захадаў па ўзаемадзеянні ўзбр. сіл бакоў. На перагаворах ключавым было пытанне аб праходжанні сав. войск для ўдзелу ў адбіцці магчымай герм. агрэсіі праз тэр. саюзных Вялікабрытаніі і Францыі Польшчы і Румыніі, бо СССР не меў агульнай мяжы з Германіяй. Брыт. і франц. ўрадам не ўдалося атрымаць згоду польск. і рум. ўрадаў на пропуск сав. войск. 21 жн. Думенк атрымаў радыёграму Э.Даладзье аб прызнанні Францыяй права на праходжанне войск СССР праз Польшчу, аб чым ён 22 жн. паведаміў Варашылаву. Сав. ўрад з-за адсутнасці рэакцыі Вялікабрытаніі і Польшчы палічыў франц. адказ малазначным, 23 жн. прыняў прапанову Германіі і заключыў з ёй дагавор аб ненападзе (гл. Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Узаемныя падазронасць і недавер бакоў перагаворнага працэсу завялі М.п. ў тупік (апошняя сустрэча трох дэлегацый адбылася 25 жн.), што ў значнай меры садзейнічала развязванню Германіяй другой сусветнай вайны 1939—45.

Літ.:

Ширер У. Англо-французские переговоры с Советским Союзом летом 1939 г. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992.

т. 10, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА ЗА МЯЖО́Й.

Станаўленне бел. школьніцтва за мяжой звязана з арганізацыяй нац.-культ. жыцця і прысутнасцю свядомай нац. інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленні беларусаў (канец 19 — пач. 20 ст.) не былі адзначаны дзейнасцю бел. школ. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі ў Латвіі пры Мін-ве асветы дзейнічаў Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай бел. школ займаліся т-ва «Беларуская хатка», Беларускіх вучыцялёў таварыства, працавалі бел. гімназіі ў Дзвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 бел. школ у Дзвінскім, Люцынскім пав. і Рызе. У Літве справы школьніцтва вялі Мін-ва бел. спраў, Беларускі прафесіянальны вучыцельскі саюз і т-ва «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне і інш.

Дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю кіравала Беларуская школьная рада (да пач. 1921 было закладзена каля 200 бел. пач. школ), на аснове якой у крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзесяткі школ. У 1921—39 у Зах. Беларусі ў выніку палітыкі паланізацыі бел. школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польск. акупацыі, да 1936 засталося 16, у 1939 не стала ніводнай. Былі закрыты бел. гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, а Віленская рэарганізавана ў Бел. філіял польск. гімназіі.

У 2-ю сусв. вайну па розных прычынах у Германіі і Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў (гл. Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1945—50 пры Беларускіх лагерах для перамешчаных асоб працавалі дзіцячыя сады, пач. школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дашкольным выхаваннем былі ахоплены дзеці ад 3 да 6 гадоў, у Зах. Германіі сады існавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945—48), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остэргофен (1947), Гібельштат (1948), Бакнанг і Розенгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, спевы, дэкламаванне вершаў, чытанне і пераказ апавяданняў. Пач. школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лагерах, дзе былі значныя бел. асяродкі. Першыя адкрыліся восенню 1945 у лагерах Гослар, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лагерах Мітэнвальд (1947—49), Віндзішбергердорф (1947—49), Міхельсдорф (1946—49), Остэргофен (1946—49), Гановер (1946—50), Бакнанг (1949—50). Выкладаліся бел. і ням. мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэт. і фіз. развіццю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.​Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.​Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49). У Аўстрыі на ваен. ф-цы ў Швадорфе ў 1944 працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 бел. школы — у Кірхсгайме і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701-А Рыд. У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражывання, у пач. 1950-х г. у асн. завяршыўся выезд беларусаў у інш. краіны свету. На новых месцах пасялення пры бел. грамадска-культ. цэнтрах і дамах ствараліся суботнія і нядзельныя школы. Найб. былі ў ЗША (гарады Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Йорк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лондан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для бел. дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысц. аб’яднанні бел. работнікаў; у 1961—75 у Лондане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Бел. каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў г. Мельбурн пры дапамозе Бел. цэнтр. к-та нядзельная школа была адчынена ў 1957, некат. час працавалі школы ў гарадах Сідней, Адэлаіда, Перт. Для падтрымкі школ пры грамадскіх арг-цыях існавалі школьныя фонды, у т. л. Бел. школьны фонд у ЗША (1956), фонд бел. падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літ-ру для бел. дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі з песнямі, нотамі, граматычныя практыкаванні і інш. школьныя канспекты) выдавалі ў Нью-Йорку Бел. выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф.​Скарыны, бел. парафіі св. Кірылы Тураўскага, св. Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансуік) і інш. З 1970-х г. беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасці, зменшылася іх колькасць, новае пакаленне беларусаў у асн. стала англамоўнае. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працэсы адраджэння выклікалі цікавасць беларусаў да нац. традыцый, культуры, і дзейнасць школы зноў актывізавалася. Працуюць (1996): бел. ліцэі ў Гайнаўцы і імя Б.​Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім, Вілеская беларуская гімназія, бел. класы ў г. Рыга, Даўгаўпілс (Латвія), Вісагінас (Літва), нядзельныя школы для дарослых і дзяцей у Маскве, Рызе, Ташкенце, Новасібірску, Таліне, Кішынёве і інш.; у дзесятках школ Беласточчыны (Польшча) выкладаюць бел. мову як прадмет.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНАРЫ́Я (ад лац. veterinarius той, хто даглядае, лечыць жывёлу),

ветэрынарная медыцына, галіна навукі і практычнай дзейнасці, накіраваная на прадухіленне і лячэнне хвароб жывёлы, ахову людзей ад хвароб, агульных для чалавека і жывёл, выпуск дабраякасных у вет.-сан. адносінах прадуктаў жывёлагадоўлі і вет.-сан. ахову навакольнага асяроддзя. Аб’ядноўвае эпізааталогію, паразіталогію, ветэрынарную санітарыю, зоагігіену і шэраг інш. вет. і біял. дысцыплін; цесна звязана з заатэхніяй.

Найб. стараж. звесткі пра лячэнне жывёл адносяцца да 4-га тыс. да н. э. (Егіпет, Індыя). У сярэднія вякі лячэннем свойскай жывёлы займаліся пераважна яе гаспадары, а таксама пастухі і кавалі, якія выкарыстоўвалі выпадковыя, звычайна нар. сродкі. Узнікненне прафес. ветэрынарыі на Русі адносіцца да 10—13 ст. Як навука пачала фарміравацца ў 1511, калі быў створаны Канюшневы прыказ, які займаўся пытаннямі ўзнаўлення, трэніроўкі, вывядзення новых парод коней і іх лячэння ў «лекавых канюшнях» (вет. лячэбніцах). У 2-й пал. 18 ст. адкрыліся вет. школы ў Францыі, Германіі, Аўстрыі, з’явіліся першыя выданні па ветэрынарыі. Вял. ўплыў на развіццё ветэрынарыі зрабілі працы франц. вучоных К.​Буржэлы, Л.Пастэра, англ. ўрача Э.​Джэнера, рус. вучоных У.​І.​Усеваладава, К.І.Скрабіна і інш.

На Беларусі першыя працы па ветэрынарыі з’явіліся ў 17—18 ст.; пры Віленскім ун-це дзейнічаў вет. ін-т (з 1818). У пач. 20 ст. былі адкрыты 2 земскія вет. лабараторыі (у Мсціславе і Горках), 31 вет. ўчастак, вет. лячэбніца ў Мінску і вет. бактэрыялагічная лабараторыя ў Віцебску. У 1924 арганізаваны Віцебскі вет. ін-т (з 1994 Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны). Навукова-даследчая работа праводзіцца ў БелНДІ эксперым. ветэрынарыі (з 1956 каардынуе даследаванні па ветэрынарыі на Беларусі), БелНДІ жывёлагадоўлі, с.-г. ВНУ. Найб. вядомыя ў галіне ветэрынарыі бел. вучоныя: Я.П.Алонаў, С.М.Вышалескі, Х.С.Гарагляд, А.І.Фёдараў, Я.Р.Губарэвіч, І.Я.Дземідзенка, В.Ф.Пятроў, П.С.Іванова, Р.С.Чабатароў, І.А.Шчарбовіч, М.К.Юскавец. Распрацоўваюцца найноўшыя метады аховы жывёлы ад узбуджальнікаў хвароб (асабліва ад вірусных інфекцый і гельмінтозаў), людзей — ад антрапазаанозаў. Вывучаюцца вет. геаграфія, пытанні эпізааталагічнага прагназавання, вет. абслугоўванне жывёл у жывёлагадоўчых комплексах і інш. У рэспубліцы ліквідаваны шэраг небяспечных хвароб жывёлы (сап, мыт, лімфангіт, чума, інфекц. анемія і кароста коней, павальнае запаленне лёгкіх і злаякасная катаральная гарачка буйн. раг. жывёлы і інш.), значна зменшылася колькасць захворванняў на сібірскую язву, фасцыялёз, дыктыякаўлёз, трыхінелёз, кровапаразітарныя і інш. хваробы.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)