АДА́МКУС (Adamkus) Валдас (да 1955 Адамкявічус Вальдэмарас; н. 3.11.1926, г. Каўнас, Літва),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Літвы. Скончыў Ілінойскі тэхнал.ін-т (г. Чыкага, ЗША, 1960). У гады ням.-фаш. акупацыі Літвы (1941—44) вучыўся ў Каўнаскай гімназіі «Аўшра». З 1944 у Германіі, з 1949 у ЗША (у 1955—98 амер. грамадзянін). З канца 1950-х г. уваходзіў у кіраўніцтва шэрагу грамадскіх і грамадска-паліт. арг-цый літоўцаў ЗША. З 1970 на кіруючых пасадах у федэральнай службе ЗША па ахове прыроды, у т. л. ў 1981—97 кіруючы адміністратар 5-га рэгіёна краіны (6 штатаў). З 1972 удзельнік перагавораў ЗША з СССР па пытаннях аховы прыроды (часта наведваў Літву), у 1980—97 — старшыня амер. дэлегацыі ў Міжнар. аб’яднанай камісіі (ЗША і Канада) па Вял. Азёрах. З 1988 удзельнічаў у паліт. і грамадскім жыцці, падтрымліваў рух «Саюдзіс». У 1996 у час выбарчай кампаніі ў сейм Літвы арганізаваў блок памяркоўных цэнтрыстаў. У 1998—2003 прэзідэнт Літвы. Праводзіў курс на «хуткую мадэрнізацыю» краіны і яе паскораную інтэграцыю ў зах.-еўрап.паліт. і эканам. структуры і НАТО.