ЭРЫО́ (Herriot) Эдуар (5.7.1872, г. Труа, Францыя — 26.3.1957),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі. Чл. Франц. акадэміі (1946). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1894), выкладаў л-ру ў навуч. установах г. Ліён. Мэр Ліёна (1905—40, 1945—55), старшыня партыі радыкалаў і сацыялістаў (1919—57, з перапынкамі), сенатар (1912—19), дэп. парламента (1919—40, 1946—57), міністр грамадскіх работ, транспарту і забеспячэння (1916—17). У 1920-я г. адзін са стваральнікаў Левага блока. Прэм’ер-міністр Францыі (1924—25, 19—21.7.1926, 1932). Урад Э. здзейсніў у 1924—25 шэраг дэмакр. і сац. рэформ, вывеў франц. войскі з Рура (Германія), устанавіў дыпламат. адносіны з СССР (1924) і заключыў з ім дагавор аб ненападзенні (1932). Старшыня палаты дэпутатаў (1925—26, 1936—40), дзярж. міністр (1934—36). У 2-ю сусв. вайну выступаў супраць рэжыму «Вішы», у 1942 зняволены ў герм. канцлагеры (вызвалены ў 1945). Старшыня (1947—54), ганаровы старшыня (з 1954) Нац. сходу Францыі. У 1950-я г. выступаў супраць рэмілітарызацыі Германіі і планаў стварэння Еўрап. абарончай супольнасці. Аўтар прац па гісторыі л-ры. Міжнар. прэмія міру 1955.

т. 18, кн. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)