ЦЫ́ТРА (ням. Zither ад грэч. kithara кіфара),

струнны шчыпковы муз. інструмент. Мае плоскі драўляны корпус накшталт скрынкі ў форме прамавугольніка з адным фігурна выразаным бокам; уздоўж другога боку змешчаны грыф з метал. ладамі, 4—5 метал. струн — меладычныя, астатнія (25—40) — жыльныя, нацягнуты па-за грыфам над дэкай і служаць для акампанементу. Пры ігры кладзецца на калені або на падстаўку. Гук здабываецца з дапамогай плектра, а таксама зашчыпваннем іх пальцамі.

Вядома са старажытнасці. Карысталася папулярнасцю ў Аўстрыі, Германіі (Баварыя), у 19 ст. існавалі суполкі, клубы, акадэміі цытрыстаў. Сярод яе разнавіднасцей: прыма, тэнар, альт, бас.

На Беларусі пашырылася ў 2-й пал. 19 ст. Бытавала сярод музыкантаў-аматараў. Выйшла з ужытку ў пач. 20 ст. У сялянскім муз. побыце выкарыстоўвалася самаробная Ц., канструкцыя якой спалучала элементы стараж.-рус. гусляў і зах.-еўрап. струнна-клавішных інструментаў. На Ц. ігралі на вяселлях, бяседах, ігрышчах (сола ці ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі) і для суправаджэння прыпевак. Сустракалася ў 1930-я г. ў Чэрвеньскім, Стаўбцоўскім (Мінская вобл.), Пастаўскім (Віцебская вобл.) і Навагрудскім (Гродзенская вобл.) р-нах.

І.​Дз.​Назіна.

Цытра.

т. 17, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)